Вы тут

Студэнты-замежнікі працягваюць прыязджаць, нягледзячы на пандэмію


Сярэдзіна красавіка 1917 года. Пры канцылярыі штаба мінскай міліцыі ствараецца чацвёртая секцыя, якая адказвае за выдачу пашпартоў і відаў на жыхарства. У лістападзе таго ж года міліцыю надзялілі правам афармлення віз і рэгістрацыі дакументаў грамадзян, што прыязджалі з-за мяжы. У Народным камісарыяце ўнутраных спраў (НКУС) ствараюцца іншаземныя аддзелы, якія займаюцца дазволамі на выезд за мяжу. Другім усебеларускім з'ездам Саветаў 17 снежня 1920 года фарміруецца НКУС БССР, на базе якога ствараецца пададдзел іншаземных падданых. Гэтая дата лічыцца днём стварэння сучасных падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі, якія сёлета святкуюць свой 100-гадовы юбілей. Пра асаблівасці ўезду і выезду беларусаў за мяжу, змену грамадзянства і цяжкасці перамяшчэння па свеце ў пандэмічны 2020-ы карэспандэнт «Звязды» пагаварыла з прадстаўніком гэтай службы.


На ПМЖ, работу, вучобу

Беларусаў-эмігрантаў можна падзяліць па двух асноўных крытэрыях. Гэта тыя, хто бескантрольна выязджае на працу, адпачынак ці жыццё ў іншую дзяржаву па турыстычнай візе, праз шлюб з іншаземцам, наведванне сваякоў, што жывуць у замежжы (такіх шмат, напрыклад, у Ізраілі). І тыя, хто абірае афіцыйны спосаб адбыць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства (ПМЖ) праз атрыманне пашпарта серыі РР.

— Калі чалавек сабраўся і паехаў у іншую краіну працаваць ці жыць, то пракантраляваць, што ён ужо не жыве ў краіне, вельмі складана. У яго тут застаецца пастаянная рэгістрацыя і беларускае грамадзянства. Часам мы даведваліся, што чалавек ужо 20 гадоў як не жыве ў нашай краіне. Асабліва відавочным стала, што такіх людзей досыць шмат, калі ў краіне ў 2015-м выйшаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Пасля пачалася дактыла-скапія ваеннаабавязаных мужчын і жанчын. Мы выходзілі па ўказаным адрасе, і родныя чалавека казалі, што ён ужо колькі гадоў жыве і працуе ў Расіі, Германіі, Аўстрыі, ЗША ці яшчэ дзе, хоць зарэгістраваны ў Беларусі, — расказала Галіна АСАДЧАНКА, намеснік начальніка аддзела грамадзянства і міграцыі (АГІМ) Кастрычніцкага РУУС Мінска. — Іншая справа — тыя, хто атрымлівае пашпарт серыі РР для ПМЖ за мяжой. Такіх, зразумела, мы можам улічыць.

Сёлета ў Кастрычніцкім раёне сталіцы такі пашпарт аформіў 51 чалавек, а летась — 134. Так што мэтанакіравана з краіны выехала значна менш людзей. І гэта беларусы, якія ўжо дакладна ведаюць, што яны збіраюцца атрымаць грамадзянства дзяржавы, дзе намерваюцца жыць або хочуць праходзіць там тэрміновую службу ці стаць дзяржслужачым. Яны атрымліваюць пашпарт і лісток убыцця і здымаюцца з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі, пры гэтым звычайны беларускі пашпарт у іх таксама застаецца. Беларусы, якія вырашаюцца на ПМЖ, робяць гэта не знянацку. Амаль заўжды гэты абдуманы крок робяць тыя, хто ўжо шмат гадоў працуе за мяжой і вырашыў афіцыйна аформіць там свой статус.

Перашкодай для атрымання пашпарта серыі РР можа быць запазычанасць або нязгода другога з бацькоў, калі ў таго, хто хоча выехаць з краіны, ёсць непаўналетнія дзеці. Каштуе такі дакумент дзесяць базавых велічынь (280 рублёў).

— Цяжкасцю для многіх беларусаў, якія працуюць далёка за мяжой, можа быць і тое, што падаць дакументы на атрыманне пашпарта і пасля забраць яго можа толькі сам уладальнік. Ніякія даверанасці тут не працуюць. Такім чынам, для яго атрымання трэба шмат часу (прыехаць, сабраць дакументы, дачакацца, пакуль будзе гатовы пашпарт, вярнуцца назад), — падкрэсліла спецыяліст. — Існуе, праўда, магчымасць зрабіць гэта ў пасольстве нашай краіны на тэрыторыі іншых дзяржаў. Але гэта даўжэй і даражэй. Зроблены пашпарт серыі РР можна забраць на працягу года, пасля яго знішчаюць. Без праблем яго можна і вярнуць, калі раптам патрэба выехаць на ПМЖ адпала, або аформіць часовае знаходжанне на тэрыторыі краіны.

«Пастаяншчыкі-замежнікі»

Пераважная большасць (90 %) нашых суайчыннікаў з'язджаюць на працу ў Расію, дзе, дарэчы, дапускаецца двайное грамадзянства. Наша ж краіна, хоць і прызнае яго, але не дапускае — у Беларусі ты можаш быць толькі грамадзянінам РБ, нават калі маеш яшчэ і грамадзянства іншай краіны. За мяжу, як сведчыць статыстыка, выязджаюць, як правіла, нашы суайчыннікі з вышэйшай адукацыяй і ўладкоўваюцца на працу ў сферы абслугоўвання.

Беларусы з замежнымі пашпартамі, якім у Беларусі трэба вырашыць нейкія пытанні — перааформіць права ўласнасці ці памяняць правы на кіраванне аўто — могуць аформіць рэгістрацыю на паўгода ці тры месяцы. На гэты час дзейнічаюць ранейшыя правы грамадзяніна краіны: можна абслугоўвацца ў паліклініцы, карыстацца ўласнасцю, вадзіць аўто і іншае.

Многія з тых, хто лічыцца ў Беларусі іншаземцамі, насамрэч беларусы, якія з'ехалі на працу ў тую ж Расію, атрымалі тамашняе грамадзянства, а пасля вярнуліся на радзіму, аднак пашпарт мяняць не сталі. Цяпер жывуць тут, маюць пастаянную рэгістрацыю, атрымліваюць замежную пенсію. У Кастрычніцкім раёне сталіцы такіх «пастаяншчыкаў-замежнікаў» 2000 чалавек.

Заложнікі каранавіруса?

2020 год стаў вельмі неспрыяльным для падарожжаў і пераездаў па свеце, таму лічбы тых, хто хоча з'ехаць з Беларусі, значна паменшыліся. Летась са сталіцы выехала на ПМЖ за мяжу 1738 чалавек, сёлета — 820.

Многія, наадварот, не могуць прыехаць у Беларусь, бо закрытыя межы на выезд з краін, дзе яны працуюць. А з 20 снежня закрываюцца межы на наземны выезд аўтобусам, аўто, чыгункай і рачным транспартам і з Беларусі, у тым ліку для саміх беларусаў і іншаземцаў, якія пражываюць у краіне часова ці пастаянна. Выключэнне застаецца адно для дыпламатаў, членаў афіцыйных дэлегацый, дальнабойшчыкаў, экіпажаў цягнікоў, самалётаў і караблёў, камандзіровачных асоб. Усе астатнія змогуць выехаць з краіны толькі раз за паўгода на пахаванне сваякоў ці да тых з іх, хто цяжка захварэў. Выпусцяць і таго, хто едзе на вучобу, працу ці каму патрэбна меддапамога. Усе прычыны трэба будзе пацвярджаць адпаведнымі дакументамі.

Забараніць уезд у краіну беларусам з-за сітуацыі з каранавірусам, згодна з законам, немагчыма. Усе, хто выехаў за мяжу, цяпер і раней, калі адкрыты межы дзяржавы, дзе яны знаходзяцца, могуць вярнуцца назад. Выключэнні датычацца толькі асоб, якім забаронены ўезд у краіну і выезд з яе. Праўда, ёсць яшчэ адзін нюанс.

— Усе грамадзяне Беларусі маюць канстытуцыйнае права вярнуцца ў краіну сваёй грамадзянскай прыналежнасці, — сцвярджае Галіна Асадчанка. — Аднак існуе такая працэдура, як праверка прыналежнасці асобы да грамадзянства Беларусі. Яна можа праводзіцца па заяве грамадзяніна або па рапарце і цягнуцца да паўгода. Згодна з законам, асобы, якія да 2002 года з'ехалі з Беларусі і атрымалі пашпарт іншай дзяржавы, згодна з айчынным заканадаўствам, аўтаматычна страчваюць беларускае грамадзянства. Тыя ж, хто выехаў з Беларусі пасля жніўня 2002-га і атрымаў грамадзянства іншай краіны, беларускае грамадзянства не страчваюць. Вярнуўшыся сюды, яны будуць прызнавацца грамадзянамі Беларусі.

Тыя, каго па нейкіх прычынах дэпартавалі з краіны, могуць напісаць хадайніцтва ў дэпартмент па грамадзянстве і міграцыі на змяншэнне тэрміну забароны ўезду або хадайнічаць аб разавым уездзе, аднак ён павінен матывавацца важкімі прычынамі, накшталт тых, па якіх з 20 снежня будзе адбывацца і выезд з Беларусі для звычайных грамадзян.

У плане непрымання на радзіме сваіх грамадзян сёлета вызначыўся Туркменістан. Яго грамадзяне-студэнты, якія вучыліся ў нас, апынуліся ў цяжкай сітуацыі: іх родная краіна даўно закрыла межы на ўезд, і цяпер нават тыя, каго адлічылі, вымушаны знаходзіцца ў Беларусі і рабіць дазвол на часовую рэгістрацыю. Пасля адлічэння ВНУ паведамляюць пра гэта, і студэнты страчваюць права знаходжання ў краіне, дзе вучыліся. Шмат у нас і кітайскіх студэнтаў, якія маюць цяжкасці з вяртаннем на радзіму, бо білеты «ўзляцелі» ў цане, таму многія таксама часова застаюцца ў Беларусі. Пры гэтым, каб мець сродкі на жыццё, працаваць яны не могуць (толькі калі працадаўца возьме на сябе цяжар афармлення спецыяльнага дазволу на працу). Інтэрната пазбаўляюцца, даводзіцца здымаць жыллё, а быў момант, што не маглі атрымаць грашовыя валютныя пераводы ад родных. Аднак яны неяк выкручваюцца і рэгулярна прыходзяць працягваць дазвол, кажуць у Кастрычніцкім АГіМ. Дарэчы, тыя замежныя грамадзяне, хто скончыў беларускую ВНУ, на працягу года могуць прэтэндаваць на працу нароўні з беларусамі, а наймальніку не трэба рабіць для іх спецыяльны дазвол на гэта.

Беларусь зацікаўлена ў мігрантах

Каб зацікавіць людзей прыязджаць у рэспубліку, летам 2020-га для замежных студэнтаў, якія скончылі ВНУ ў Беларусі і хочуць застацца тут жыць і працаваць, спрасцілі ўмовы для атрымання права на пастаяннае пражыванне. Цяпер яго можна набыць не праз сем гадоў знаходжання ў краіне, а праз пяць. Фактычна адразу пасля завяршэння вучобы замежнікі-студэнты могуць заставацца ў Беларусі працаваць, а з часам, пры жаданні, і прэтэндаваць на беларускае грамадзянства.

— Для гэтага мігрантам трэба жыць у Беларусі сем гадоў (гэты тэрмін таксама думаюць зменшыць да пяці), мець працу, пражытковы мінімум на кожнага члена сям'і (калі яна тут ёсць), не прыцягвацца да адказнасці, не мець запазычанасцяў. Аднак адсутнасць у Беларусі двайнога грамадзянства многіх спыняе ад жадання адмовіцца ад свайго ранейшага статусу і стаць беларусам, — удакладніла Галіна Асадчанка. — Што датычыцца мігрантаў, якія працуюць у нас, то яны застаюцца на такіх жа ўмовах, як і студэнты, калі губляюць працу. Каб прыцягнуць працоўных у Беларусь, у раёнах ім прапаноўваліся пэўныя прывілеі. Так, многія бежанцы з Украіны атрымлівалі ў карыстанне хаты ў вёсцы, пад'ёмныя грошы і паскораны від на жыхарства (за месяц, а не тры). Прычым прыязджалі не толькі рабочыя, але і ўрачы ды настаўнікі.

Толькі ў сталіцы сёлета атрымалі дазвол на часовае пражыванне 24 600 іншаземных грамадзян, 95 % з якіх студэнты. Летась такіх было 25 986. Значыць, як мінімум студэнты-замежнікі працягваюць прыязджаць, нягледзячы на пандэмію, упэўнены спецыялісты. У Кастрычніцкім АГіМ часовае пражыванне выдалі 2508 людзям, 300—400 з якіх працаўнікі. У асноўным гэта людзі рабочых спецыяльнасцяў без вышэйшай адукацыі, але ёсць і шмат праграмістаў з Кітая, якія працуюць у Вялікім камені.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.