Вы тут

Круглы стол. Мір, суверэнітэт, сацыяльны характар дзяржавы і высокія тэхналогіі


Мір, суверэнітэт, сацыяльны характар дзяржавы і высокія тэхналогіі. Неблагі падмурак для дыскусіі аб будучыні краіны ў Год народнага адзінства.

Першы Указ Прэзідэнта ў бягучым годзе — аб аб'яўленні 2021-га Годам народнага адзінства — закранае паняцці, без якіх немагчымае існаванне дзяржавы ўвогуле, — згоду і лад у грамадстве. Указ досыць лаканічны — змяшчае ўсяго тры пункты. Але беларусам як ніколі неабходны яскравы і дакладны пасыл да яднання, і справа тут зусім не ў колькасці радкоў і слоў.

Як дасягнуць адзінства нацыі і наколькі важная для беларусаў гэта тэма? Аб гэтым у фармаце круглага стала «Звязды» разважалі палітычныя аглядальнікі Аляксей ДЗЕРМАНТ і Аляксандр ШПАКОЎСКІ, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй КАРОЛЬ і дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім ГІГІН.


Год народнага адзінства і нацыянальная ідэя

Аляксей Дзермант.

Аляксей Дзермант: Год народнага адзінства — гэта нагода звярнуцца да тэмы нацыянальнай ідэі, без якой немагчыма ўявіць адзінства нацыі. Яе звычайна аб'ядноўвае ўяўленне аб мінулым, аб сучасным свеце, вобраз будучыні... Часам кажуць: маўляў, нацыянальная ідэя — паняцце састарэлае, бо сучасны свет фрагментарны. Ён жыве дамовамі паміж грамадзянамі, і няма аднаго вызначанага шляху для краіны. Але гэта наіўнае мысленне. Кірунак развіцця заўсёды ёсць, яго вызначаюць палітычныя эліты, інстытуцыі ў выглядзе «фабрыкі думак», ён папулярызуецца СМІ і падхопліваецца палітыкамі.

Пастаноўка пытання пра нацыянальную ідэю актуальная, сучасная. Гэты год павінен быць выкарыстаны для пошуку адказаў на выклікі і ідэі, якая яднае. Неабходныя дыскусіі, кнігі, даклады, пастаянная прысутнасць у інфармацыйнай прасторы прапаноў з боку дзяржавы. Бо апаненты ўлады заўсёды прапануюць нейкія мадэлі.

Я разглядаю гэты год як аснову пачатку агульнанацыянальнай дыскусіі з актыўнай роляй у ёй прадзяржаўных грамадскіх арганізацый, партый, якія прасоўваюць свае прапановы вобраза будучыні. У выніку абмеркавання павінна стварыцца агульная канцэпцыя і праект.

Нацыянальная ідэя беларусаў даволі нетыповая, звязана са спецыфікай нацыі. Ідэнтычнасць большасці беларусаў складвалася вакол пытанняў мовы, старажытнай гісторыі, а не вакол пытання адштурхоўвання ад магутнага суседа, якім з'яўляецца Расія. Амаль усе нашы суседзі ішлі іншым шляхам — паглыблення ў этнічнае, у карані, гіпертрафіраванай увагі нацыянальнай мове, у іх ідэалогіі пануе ўяўленне, што чым далей адштурхнуцца ад Расіі і пайсці на Захад, тым лепш будзе для народа. Розныя прыклады паказваюць, што гэта прыводзіць да нацыянальных канфліктаў, напружанасці ў грамадстве, што бачна ў краінах Балтыі, ва Украіне.

Наша нацыянальная ідэя іншая, на мой погляд, яна заключаецца ў жаданні быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць свой лёс, каб не было нейкіх абраных колаў, а ўсе былі роўныя. То-бок ад пачатку беларускі нацыянальны рух быў звязаны з сацыяльнымі ідэямі. Яны застаюцца і сёння нацыянальным стрыжнем. Такую сацыяльнасць, мне здаецца, і варта класці ў падмурак нашай нацыянальнай ідэі. Мы не пайшлі бяздумна на Захад, а прытрымліваемся сваёй лініі. Мы накіраваны на інтэграцыю з еўразійскай прасторай. Гэты выбар таксама трэба класці ў падмурак нацыянальнай ідэі. Мы з'яўляемся краінай на памежжы, таму варта разглядаць прыкметай нацыянальнай ідэі імкненне да міру, згоды, суіснавання заходняй і ўсходняй цывілізацый.

Аляксандр Шпакоўскі: Відавочна, што няпросты час патрабуе ад інтэлектуальных колаў Беларусі актывізацыі работы ў кірунку стварэння сэнсаў, якія могуць стаць асновай для новай формулы нацыянальнага кансэнсусу. Гэта формула з'яўляецца неабходнай умовай для далейшага суверэннага развіцця нашай дзяржавы.

Сацыяльна-эканамічны і палітычны крызіс ва ўсім свеце, які быў запушчаны пандэміяй каранавіруса, на жаль, не абмінуў і Беларусь. Нашу краіну, што чарговы раз выбрала самастойны шлях і адмовілася ад самагубства эканамічнага лакдаўну, паспрабавалі пахіснуць палітычна. Агрэсіўная кампанія знешняга ціску падчас прэзідэнцкіх выбараў і пасля абвяшчэння рэзультатаў, спробы арганізацыі «каляровай рэвалюцыі» негатыўна адбіліся на стане беларускага грамадства. Многія грамадзяне апынуліся ў дэзарыентаваным становішчы, таму, сутыкнуўшыся з па-майстэрску падрыхтаванай хлуснёй, выступілі супраць сваёй дзяржавы, а фактычна супраць уласнай будучыні.

Кіраўніцтву Беларусі, у адрозненне ад многіх іншых дзяржаў, што сталі ахвярамі падобных аперацый, удалося ўтрымаць сітуацыю пад кантролем, захаваць канстытуцыйны лад. Але нанесеныя беларускаму грамадству траўмы трэба лячыць, неабходна разбірацца не толькі з замежным уплывам, але і з унутранымі памылкамі, што дазволілі варожай да Беларусі прапагандзе так лёгка завалодаць свядомасцю многіх грамадзян, асабліва моладзі.

Менавіта з гэтай нагоды кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваёй навагодняй прамове аб'явіў 2021-ы Годам народнага адзінства. Гэта значыць, што Беларусі не патрэбна «паляванне на ведзьмаў», як тое было ў ЗША ў 50-х гадах ХХ стагоддзя. Хутчэй інтарэсы нашай краіны патрабуюць аналізу грамадства, пошуку шляхоў дыялогу ў прававым полі, правядзення рэформаў, але, перш за ўсё тых, што будуць накіраваны на ўмацаванне, а не разбурэнне беларускай дзяржавы.

Андрэй Кароль: Сёння глабальныя працэсы постындустрыяльнага свету вядуць да паскоранага тэмпу жыцця, страты ўнутранай прасторы, сэнсаў чалавека. Наступствам гэтага з'яўляецца павышэнне ступені аднастайнасці і аднолькавасці людзей у грамадстве, фарміраванне масавага («аднолькавага») чалавека. Такі чалавек схільны да ўплыву меркаванняў іншых людзей, перавагі ў яго свядомасці знешніх фактараў над унутранымі, ён становіцца больш маніпулятыўным і менш крытычны ва ўспрыманні з'яў навакольнага свету. А «сэнсы» заключаюцца менавіта ў разнароднасці — разнароднасці дзяржаў і грамадстваў, людзей. І таму роля Года народнага адзінства складаецца ў здабыцці сэнсаў, у першую чаргу — унутраных сэнсаў беларускага грамадства.

Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін: Увогуле, нацыянальная ідэя як з'ява магчыма толькі пры наяўнасці яе ўспрымання ўсёй нацыяй альбо пераважнай большасцю. Інакш цяжка казаць пра сапраўднасць такой ідэі. Што датычыцца народнага адзінства, то гэта яшчэ не нацыянальная ідэя. Тут не варта блытаць два паняцці. Разам з тым, сама такая прапанова — абвясціць Год народнага адзінства — вельмі своечасовая. У нас склалася свая традыцыя з назвамі гадоў. На мой погляд, не ўсе яны былі ўдалыя. А зараз — проста трапілі ў дзясятку! Мінулы год быў вельмі цяжкі. Грамадства стамілася, завіравала. Падзел прыйшоў у калектывы, сем'і. У пэўны момант мы апынуліся літаральна ля мяжы грамадзянскай вайны. І трэба падкрэсліць годнасць нашага народа, бо мы гэту мяжу не перайшлі. Настаў час загаіць раны, дараваць адно аднаму, агледзецца і рухацца далей. Бо зараз такі час, калі не тое што нельга таўчыся на адным месцы, нават павольны рух — гэта адставанне. Пасля перамогі над каранавірусам, якой усе чакаюць, краіны свету пачнуць гонку за аднаўленне эканомікі, перадзел рынкаў. Нельга дапусціць, каб Беларусь апынулася сярод адстаючых.

Я зараз нават не казаў бы пра нацыянальную ідэю асобна. Столькі вакол гэтага паняцця валтузні і пустаслоўя. Калі мы дарэчы і не вельмі згадваем нацыянальную ідэю, то часам нават не разумеем, што гэта такое. І гутарка набывае прыкметы дыскусіі «пікейных камізэлек». І ўсё ж здаецца, што мы сапраўды набліжаемся да асэнсавання беларускай нацыянальнай ідэі. У гэтым рэчышчы вельмі ўдалым выглядае наш знакаміты слоган «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!» Тут сапраўды можна заўважыць рысы ідэі, што аб'ядноўвае і натхняе нацыю. Моцная краіна, дзяржава здолее гарантаваць сваім грамадзянам годнае і бяспечнае жыццё, умовы для ўласнага развіцця, самарэалізацыі. Цяпер урад прапаноўвае новую мадэль узаемадзеяння з грамадствам — дзяржава-партнёр. Фактычна гэта эвалюцыя яшчэ аднаго вядомага беларускага палітычнага брэнда — «Дзяржава для народа».

Філасофія яднання

Аляксей Дзермант: Народнае адзінства не бывае абсалютам. Больш за 9 мільёнаў беларусаў не будуць трымацца адной думкі і падтрымліваць аднаго палітыка. Такога нідзе не бывае. Адзінства павінна існаваць у нейкім стратэгічным поглядзе.

То-бок ёсць разуменне ў эліт, якія прымаюць рашэнне ў дзяржаве. Эліты выбіраюцца з народа, яны яго частка. Вакол гэтага маналіту павінна адбывацца дыскусія аб прапанаваных варыянтах шляхоў. Нават з гэтай дыскусіі можа стварацца адзінства. Далей для адзінства павінна быць заснавана грамадзянская падтрымка эліты. Так мы зможам збудаваць супольнасць народа, больш-менш адзінага ў сваіх мэтах, сэнсах.

Натуральна, што заўсёды будзе існаваць апазіцыя, якая кардынальна не згодная з магістральным кірункам і можа намагацца яго абвергнуць. З такімі апанентамі, калі яны адэкватныя і нерадыкальныя, магчыма ўключацца ў дыскусію, іх выслухоўваць карысныя парады.

Адзінства нараджаецца ў канцэптуальным сэнсе з існавання ў грамадстве нейкага ўяўлення пра наш шлях, дыскусіі, да якой прыцягваюцца шырокія масы, гэта тлумачыцца простаму чалавеку з дапамогай інфармацыйных сродкаў. Я ўяўляю адзінства такім чынам. Галоўнае, каб людзі існавалі ў рамках нейкага кансэнсусу, калі ты з яго выпадаеш, задача дзяржавы — цябе падцягваць, падаваць руку. Важна мець мэтанакіраванае ядро, якое вядзе за сабой большасць і спрыяе адзінству.

Андрэй Кароль: Сучасныя сацыяльныя праблемы сталі вынікам стэрэатыпнасці і шаблоннасці мыслення «аднолькавага» чалавека ў грамадстве. З педагагічнага пункту гледжання, прычыны хаваюцца ў інфармацыйным падыходзе ў адукацыі, калі інфармацыя як вопыт чалавецтва перадаецца ад «дасведчанага» настаўніка да вучня. І тады вучань вымушаны ў сваім адказе на «выхадзе» трансляваць тое, што яму дадзена на «ўваходзе». Але чалавек і свет вакол яго — не лінейны, а перадача — лінейная. Яна вядзе да стэрэатыпнасці ў мысленні, паводзінах і зносінах чалавека. І тут адбываецца падмена паняццяў «веданне» і «інфармацыя». Гэта не адно і тое ж. Інфармацыя — усеагульная, чужая, а веданне з'яўляецца выключна ўласным. Адукацыя — гэта не сума навук або вопыт, які перададзены чалавеку. Нельга перадаць веды або досвед — іх можна вырасціць знутры. Адукацыя чалавека павінна быць накіраваная на тое, што трэба чалавеку, — на выяўленне, раскрыццё і рэалізацыю яго патэнцыялу адпаведна яго місіі і прызначэнню.

У гэтай сувязі ўспамінаюцца словы Германа Гесэ: «Мудрасць, якую мудрэц спрабуе камусьці паведаміць, заўсёды гучыць як глупства». Чаму? Ці заўсёды тое, што нам даюць, мы бяром? Ці заўсёды тое, што мы ўзялі, становіцца па-сапраўднаму нашым? Ці не замяшчаем чужым сваю ўнутраную прастору — нашы сэнсы, інтэнцыі і пытанні? Такая перадача інфармацыі без уліку асобасных асаблівасцяў вучня вядзе да асноўнай праблемы ў адукацыі — адчужэння вучня ад перадаванага яму чужога кантэнту. Гэта цягне за сабой і страту матывацыі да навучання.

Здавалася б, якая сувязь гэтых тэзаў з заяўленай тэмай нашага абмеркавання. Самая непасрэдная. Паводле адной з вядомых сацыялагічных тэорый Габрыэля Тарда, гісторыя ёсць сутыкненне колаў перайманняў, калі кожны творчы чалавек акружаны людзьмі, якія пераймаюць. Гэтыя колы сутыкаюцца, у выніку з'яўляюцца канфлікты, войны, катаклізмы. Такім чынам, чым вышэй на выхадзе любой ступені адукацыі шкала тых, якія пераймаюць і стэрэатыпных людзей, тым хутчэй будзе «ляцець гісторыя», аддаляючы нас ад унутранай прасторы нацыі — гістарычнай памяці. Нават вынікі сучаснай гуманітарнай навукі кажуць пра тое, што гісторыя як рух адмаўляе гістарычную памяць.

Як зрабіць грамадства адзіным?

Аляксей Дзермант: Я прапанаваў бы серыю дыскусій, інфармацыйных нагод, мерапрыемстваў, звязаных з асэнсаваннем беларускіх каштоўнасцяў, вакол якіх гуртуюцца людзі. Каб каштоўнасці асэнсаваць, неабходна збіраць людзей з рознымі поглядамі. Сама практыка абмеркавання і давядзення свайго пункту гледжання ў дыскусіі — гэта важна. На мой погляд, неабходна моцна зацвердзіць дзяржаўную пазіцыю. Апошнія некалькі гадоў працягнутую апанентам руку ўспрынялі не як жэст добраахвотнай мэты, а як слабасць. Зараз мы павінны зрабіць крыху па-іншаму. Сцвярджаць, што нашы каштоўнасці, сімвалы, шлях — такі і такі. Мы на гэтым стаім, а вы, апаненты, калі можаце нешта дапоўніць і прапанаваць, — калі ласка. Калі так будзе адбывацца, тады зрушыцца справа і можна ўключаць розныя апазіцыйныя групы ў дыскусію. Гэта складаная справа, бо нямногія з іх гатовыя пайсці насустрач, адмовіцца ад радыкальных патрабаванняў, але такія людзі ёсць, і з імі неабходна працаваць. Прысутнічаць яны павінны і на Усебеларускім народным сходзе, магчыма, у парламенце, каб была разнастайнасць поглядаў.

Самае важнае, што кожны звычайны грамадзянін можа зрабіць для гэтага адзінства, — не выяўляць варожыя памкненні да сваіх суайчыннікаў. У твайго суседа, калегі могуць быць іншыя погляды, але самая апошняя справа ціснуць на яго. Раскол, грамадзянскі канфлікт пачынаюцца не з сутычак паміж міліцыяй і пратэстуючымі, а калі ў адным двары людзі групуюцца па палітычных прыкметах. Прадухіліць гэта можна толькі, калі ў нашай свядомасці будзе: «Так, тыя іншыя, але мы не пераступаем мяжу закону. Ніякіх пагроз, гвалту». Гэта мінімальнае патрабаванне, з якога пачынаецца адзінства.

Андрэй Кароль.

Андрэй Кароль: Калі мы хочам фундаментальна, а не імгненна і павярхоўна вырашыць гэтае пытанне, трэба абапірацца на больш глыбокія канстанты. А гэта ў першую чаргу — адукацыя, якую часта называюць «мяккай сілай» у кіраванні любой дзяржавай. Сёння велізарны патэнцыял у эўрыстычнай тэхналогіі навучання. Яна накіравана на адкрыццё чалавекам сваіх уласных сэнсаў, вучыць глядзець на сябе з боку, ставіць пытанні, аналізаваць, параўноўваць, супастаўляць, бачыць свет і глядзець на сябе з розных бакоў, развіваць здольнасць унутранага дыялогу. Толькі навучыўшыся камунікаваць з самім сабой, можна навучыцца камунікаваць і з іншымі людзьмі і чуць адзін аднаго.

Сувязь паміж дыдактычнай сістэмай навучання, праблемай гістарычнай памяці і народнага адзінства вельмі глыбокая. Навучыўшы чалавека адкрываць самога сябе, мы адкрыем яго ўнутраную прастору і тым самым будзем садзейнічаць чутнасці і бачнасці адзін аднаго, аб'яднанню вакол свайго родавага дрэва, якое і стане крыніцай адзінства. Калі мы не адкрыем дзверцы да сябе, мы будзем бяздумна прытрымлівацца інстынктаў натоўпу. Таму сучасная адукацыя павінна быць накіравана не на перадачу сумы ведаў, уменняў і навыкаў, а на здабыццё чалавекам самога сябе.

Аляксандр Шпакоўскі: Вялікая агульнанацыянальная дыскусія па пытаннях будучага развіцця краіны, рэформы Канстытуцыі Беларусі, палітычнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў разгорнецца на палях Усебеларускага народнага сходу, які запланаваны для правядзення 11—12 лютага гэтага года з удзелам 2700 дэлегатаў. Падаецца, што фундаментальнымі каштоўнасцямі, вакол якіх патрэбна будаваць нацыянальны кансэнсус, мусяць быць мір у грамадстве і суверэнітэт Беларусі. Гэтыя базавыя прынцыпы падзяляюцца большасцю грамадства і павінны быць дапоўнены іншымі ідэямі, мэтамі і ўстаноўкамі.

Аналізуючы прапановы да Усебеларускага народнага сходу, якія дасылаюць найбольш актыўныя грамадзяне, трэба адзначыць, што найважнейшым для людзей з'яўляецца пытанне захавання сацыяльнай ролі дзяржавы. Гэта характэрна не толькі для беларусаў сталага веку, але і для моладзі. Праблематыку рэалізацыі пенсійнай рэформы, дэкрэтнага водпуску, пашырэння практыкі выплаты сямейнага капіталу трэба вырашаць вельмі ўзважана, каб у пагоні за рынкавым эфектам, на чым настойваюць асобныя «рэфарматары», не пакрыўдзіць найбольш безабаронныя слаі грамадства.

Вадзім Гігін: Пытанне пра тое, як ажыццявіць мэту народнага адзінства, — сапраўды самае складанае. Мы бачым, што пакуль групоўкі з рознымі палітычнымі меркаваннямі досыць непрымірымыя. Нават тыя з ліку апанентаў улады, хто гатовы пайсці на дыялог, адразу пасля канкрэтных крокаў трапляюць пад шквал крытыкі і траўлі з боку сваіх больш радыкальных паплечнікаў. Тым не менш ёсць і пэўныя пазітыўныя зрухі. Напрыклад, нядаўні зварот кіраўнікоў асноўных рэлігійных канфесій нашай краіны. Вельмі важная роля персон, каго звычайна адносяць да маральных аўтарытэтаў. Паглядзіце, як развітвалася літаральна ўся краіна з ганаровым Патрыяршым Экзархам Філарэтам, што пайшоў ад нас. Прычым незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці. Так, гэта сумная падзея, але яна прадэманстравала, што значыць асоба. Мітрапаліт Філарэт здолеў сваім жыццём, сваімі ўчынкамі набыць павагу ўсяго народа. Мы ведаем, што ён да апошняга маліўся аб дабрабыце нашага народа. Вось менавіта такія людзі, якія застаюцца сярод нас, павінны сказаць свае словы. Дзейсны мітрапаліт Веніямін заклікаў усіх да пакаяння, каб не дапусціць новага супрацьстаяння. Прычым дзейснага пакаяння — праз добрыя справы і выпраўленне няправільных дзеянняў. Упэўнены, што і без гэтага нельга абысціся, каб знайсці выхад з той сітуацыі, якая склалася. Тым больш што наперадзе ў нас шмат працы. Трэба ажыццяўляць канстытуцыйную рэформу і, нарэшце, далей будаваць эканоміку.

Суверэнітэт і незалежнасць як ідэі згуртаванасці

Аляксей Дзермант: Я думаю, што людзі збольшага ўжо асэнсавалі каштоўнасць паняццяў «суверэнітэт» і «незалежнасць». Па вялікім рахунку суверэнітэт — гэта магчымасць самастойна прымаць рашэнні аб сваім лёсе і шляху развіцця. Разважлівы чалавек разумее, што самастойна гэта зрабіць лепш, чым слухаць некага. З іншага боку, спрэчкі ідуць вакол таго, у якіх кантэкстах і саюзах нам лепш суверэнітэт рэалізаваць. Вось тут могуць быць сур'ёзныя разыходжанні, але таксама ёсць падстава для нейкага адзінства. Калі нехта лічыць, што суверэнітэт у нас на Захадзе закапаны, хай тады працуе, каб не было санкцый і былі больш разнастайныя кантакты з гэтымі краінамі. А тым, хто мяркуе, што Расія нам бліжэй, трэба з ёй больш актыўна дзейнічаць.

Аляксандр Шпакоўскі.

Аляксандр Шпакоўскі: Асобнае пытанне — міжнароднае становішча, роля Беларусі ў свеце, дзе ўсё большую моц набывае геапалітычная барацьба, калі некаторым заакіянскім гульцам надта карціць вярнуць планету да аднапалярнага парадку. Беларусь, якая мае стратэгічнае значэнне ў сістэме абароны Расіі, заўжды будзе ў полі зроку праціўнікаў Масквы, і на правакацыю розных «зменаў» у нашай краіне ўжо не першы раз накіроўваюцца сур'ёзныя інтэлектуальныя, тэхнічныя і матэрыяльныя рэсурсы.

У гэтых умовах Мінску трэба ўмацоўваць еўразійскую інтэграцыю, Саюзную дзяржаву з Расіяй, але так, каб у гэтым працэсе не забыцца пра свае ўласныя інтарэсы, бо часам буйны расійскі капітал паводзіць сябе як слон у пасуднай краме ва ўласнай краіне, не кажучы ўжо пра СНД і Беларусь у тым ліку.

Навукова-тэхнічны прагрэс, маштабныя праекты развіцця, такія як Беларуская АЭС, развіццё электранспарту могуць не толькі забяспечыць імпульс, неабходны для рыўка айчыннай эканомікі, але і стаць фактарам яднання грамадства вакол ідэі маладой высокатэхналагічнай Беларусі будучыні.

Калі размова ідзе аб новым грамадскім дагаворы, то патрэбна адзначыць, што мір, суверэнітэт, сацыяльны характар дзяржавы і высокія тэхналогіі — неблагі падмурак для дыскусіі аб будучыні Рэспублікі Беларусь у Год народнага адзінства.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.

Грамадства

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Сон — адна з асноўных патрэб чалавечага арганізма.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.