Вы тут

«Калядны вечар» стаў ужо добрай традыцыяй


«Калядны вечар» міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы» стаў ужо добрай традыцыяй. У гэтым годзе ён быў прысвечаны памяці мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Менавіта ён быў заснавальнікам і першым старшынёй хрысціянскага адукацыйнага цэнтра.


Цяперашні форум узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін:

— Гэты год у нас абвешчаны Годам адзінства, і ў калядныя дні мы гаворым пра адзінства беларусаў на духоўнай падставе. Усё, што мы маем добрага і станоўчага вакол сябе сёння, вызначаецца верай і жыццём нашых бацькоў і прадзедаў, якія жылі адпаведна з верай хрысціянскай, прычым з верай жывой і ўвасобленай. Калі ж ёсць нейкія недахопы, то гэта вынік нашых памылак і забыцця тых ісцін, якія нам перадалі нашы продкі, — упэўнены мітрапаліт Веніямін.

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы» з'яўляецца грамадскай арганізацыяй, cтворанай па ініцыятыве Беларускай праваслаўнай царквы з мэтай сумеснай рэалізацыі царкоўна-дзяржаўных, эканамічных, сацыяльных, культурных і рэлігійных ініцыятываў як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і іншых краін. Членамі аб'яднання з'яўляюцца святары і свецкія людзі, прадстаўнікі культурнай і навуковай грамадскасці, кіраўнікі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, вытворчых прадпрыемстваў. Кірункамі дзейнасці аб'яднання з'яўляецца хрысціянская асвета, дабрачыннае, сацыяльнае і адукацыйнае служэнне сучаснаму грамадству праз рэалізацыю і падтрымку розных культурных, адукацыйных, сацыяльных і навуковых праграм.

У гэтым годзе за асаблівы ўнёсак у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, дбайнае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі калядныя прэміі цэнтра ўручаны протаіерэю Андрэю Смольскаму, клірыку Віцебскай епархіі, кіраўніку аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі, а таксама Галіне Нікалаенка, старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускае педагагічнае таварыства», прарэктару па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прафесару кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі, доктару педагагічных навук.

Завяршыўся «Калядны вечар» канцэртнай праграмай «Музычнае прынашэнне», арганізаванай сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У канцэрце ўзялі ўдзел заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум, мітрапаліцкі хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага, а таксама камерны хор Беларускага саюза музычных дзеячаў «Salutarіs».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота і відэа Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: На духоўнай падставе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.