Вы тут

«Ідзе каляда, калядуючы»


Удзельнікі народнага фальклорнага калектыва «Жывіца» пачалі абрадавае шэсце ў Гродзенскім раёне.


Калядаванне праходзіць у рамках абласной акцыі «Новы год у кожны двор». У першы дзень маршрут стаў даволі працяглым — святочнае шэсце сустракалі ў дзесятках дамоў аддаленых вёсак. Калядоўшчыкі спявалі беларускія абрадавыя песні, жадалі кожнаму моцнага здароўя, дабрабыта, добрага настрою на ўвесь год. Прыкметна, што музычны калектыў унёс новае гучанне ў старажытныя песні, якія яны прывезлі з фальклорных экспедыцый. 

«Стары год канчаем — Новы пачынаем, на цеплае лета, на буйнае жыта ідзём мы кругом света і казу з сабой вядзем», — вітаюць гаспадароў калядоўшчыкі. 

Найперш наведалі Яўгенію Пятроўскую і Марыю Богдзель у вёсцы Лікоўка. 

—Ой, каза упала, хіба есці хоча, дайце козаньке што паесці, — суправаджаюць жартамі сваё выступленне ўдзельнікі калектыву. —Каза у вас пахадзіла — будзе у вас усё добра. Хай вам усяго даволі, а бяды ніколі! 

Каза — персанаж абавязковы і самы камічны. Гэта сімвал урадлівасці. «Дзе каза рогам — там жыта стогам, дзе каза ходзіць- там пшаніца родзіць» — дэкламіруюць калядоўшчыкі. У музычным ансамблі роля дасталася работніку культуры Паўлу Цыбовічу. У гэтым амплуа ён ажно 25 гадоў і замены яму няма. Кажа, што роля не складаная, хоць і бывае імправізацыя. Тут галоўнае смешна паваліцца на падлогу, нібы самлеўшы ад голада і падрыгаць нагамі. Гаспадары нясуць пачастункі. 

Вось і Яўгенія Пятроўская кладзе ў мяшок свае прысмакі. Жанчыына на пенсіі, раней працавала на ферме. Святочную традыцыю памятае яшчэ з маладосці — тады калядавалі часта, прымалі гасцей з радасцю, клалі ў мех спецыяльна прыгатаваную ежу. 

—Мы заўсёды адорвалі калядоўшчыкаў, і зараз падрыхтавалі для іх пачастункі. Я спецыяльна спякла вафельныя трубачкі, — расказвае Яўгенія. — Здаўна так павялося — калі каляда ходзіць, шчасце ў дом носіць, Мне вельмі прыемна, што да мяне завіталі. Так і хочацца падпяваць, хоць слоў не ведаю. 

Па ўсім бачна, што жанчына не хоча адпускаць вясёлую каляду, але ўдзельнікі шэсця ўжо ідуць да яе суседкі. Абедзве жанчыны жывуць у былым панскім маёнтку, які пабудаваны 120 гадоў таму. Дом захаваў былы знешні воблік, мае ўсе неабходныя камунікацыі. Марыі Богдзель сустракае гасцей на высокім ганку. 

—Добры дзень, гаспадарам! Ці дазволіце вам пасяпваць, са святам павіншаваць?- пытаюцца калядоўшчыкі. 

Гаспадыня і тут гатова падкарміць казу, каб тая была дужэйшая. Яна ўспамінае, што падчас працы ў сферы культуры не аднойчы выязджала ў вёскі з канцэртамі, вельмі прыемна, што зараз завіталі і да яе. Жанчына не сумуе, хоць і на пенсіі. У доме часта збіраецца яе вялікая сям’я — сёстры, дзеці, унукі. Нямала клопатаў і ў грамадскім жыцці, бо Марыя — стараста вёскі. Хутка пачне абход падворкаў для ўліку падсобнай гаспадаркі. Таксама яна сочыць за парадкам у вёсцы. 

...А тым часам бубянцы абвяшчаюць аб новым маршруце калядоўшчыкаў. Ён прывёў у вёску Свломенка да Любові Кітурка. Гаспадыня кажа, што і ў мінулым годзе яе дом з жартаўлівай шыльдай «Ранча ў Любы» таксама не абышлі бокам. Яна вельмі ўражана і не хавае сваёй радасці. Пасля таго, як каза павалілася на падлогу, жанчына хуценька нясе ёй пачастунак. 

—Прыемна, што нас не забываюць, і летам работнікі культуры прыязджаюць з канцэртамі, аўталаўка ходзіць, вёска наша жывая, тут нават новыя дамы будуюцца, прыязджаюць на бацькоўскія сядзібы дзеці, даглядаюць іх. Лічу, што ў нас усё добра. І ўсім жадаю міру і дабрабыту, — эмацыйна выказваецца гаспадыня. 

У планах калядоўшчыкаў — наведаць да 30 дамоў. У асноўным маршрут складаецца з вёсак Квасоўскага сельскага Савета, але калектыў можа выяхаць і ў іншыя мясціны, калі іх просяць. 

—Нашаму калектыву «Жывіца» дзесяць гадоў, пяць з іх прадстаўляем сваю калядную праграму. Стараемся ў першую чаргу наведваць сталых адзінокіх жыхароў. Спяваем велічальныя песні, якімі праслаўляем Хрыста. Гэта вельмі старадаўнія песні, яны распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, але адрозніваюцца па манеры выканання. Мы карыстаемся традыцыямі нашых мясцін, перанялі гэту манеру ад нашых носьбітаў падчас фальклорных экспедыцый па Гродзенскаму раёну. Такім чынам аднаўляем і іншя абрады. Нядаўна ездзілі у вёску Няцечы, там запісалі старадаўні абрад Валоканне, які праводзіцца на Вялікдзень, а ў аграгарадку Азёры перанялі абрад Багач, яго рэканструкцыю мы ўпершыню правялі ў мінулым годзе,— расказвае загадчык Квасоўскага дома кульутуры і народнагй творчасці, кіраўнік фальклорнага гурта Дзяніс Балабуеў. 

За дзень работнікі культуры прайшлі з абрадам «Ідзе каляда, калядуючы».па вёсках Навасёлкі, Баранава, Лікоўка, Саломенка, Дайлідкі і аграгарадку Квасоўка. Святочныя шэсці прадоўжацца да 18 студзеня. 

— У Гродзенскім раёне гэта традыцыя даволі распаўсюджана, усе дамы культуры рыхтуюць такі абрад, людзі з задавальненнем сустракаюць калядоўшчыкаў, каб паслухаць калядныя песні. Кожны цэнтр культуры мае сваю адметнасць, напрыклад, тут група ходзіць з буслом, які ўвасабляе сабой пасланніка Хрыста. У іншых ёсць персанаж — мядзведзь. Хтосьці ходзіць з Дзедам Марозам і Снягуркай. А вось пастаянныя атрыбуты — гэта калядная зорка і каза як сімвал урадлівасці, — паясняе дырэктар Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Аксана Грынцэвіч.

Па ўсім відавочна, што людзі вельмі рады калядоўшчыкам, бо, па старажытным павер’і яны павінна прынесці радасць у дом.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.