Вы тут

Новыя падыходы да разгляду зваротаў


Першую сёлета прамую лінію правёў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй БУГРОЎ.


Што хвалявала людзей? Скардзіліся на пралікі гарадской службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў зімовы перыяд, у прыватнасці, на несвоечасовую і недастаковую ўборку снегу ў дварах і на вуліцах, зацягнутыя капітальныя рамонты шматкватэрных жылых дамоў, недахопы ў рабоце іншых гарадскіх службаў.

Выказваліся і канкрэтныя прапановы пра далейшае стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў Мінску, больш камфортнае ўладкаванне прыпынкаў грамадскага транспарту, нават пра барацьбу з такой небяспечнай інвазіўнай і агрэсіўнай раслінай, як баршчэўнік. І гэта ўзімку. Гаварылі пра павышэнне пенсій для шматдзетных маці, ільготы для людзей з інваліднасцю, вырашэнне іншых сацыяльных пытанняў.

Зразумела, усе звароты разгледзяць, іх аўтарам будуць дадзены канкрэтныя адказы.

Дарэчы, літаральна напярэдадні гэтай прамой лініі Андрэй Бугроў удзельнічаў у выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. Яно прайшло на базе адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, дзе размова таксама ішла і аб выніках работы дэпутатаў Мінгарсавета са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у мінулым годзе. Тады старшыня гарсавета казаў пра эфектыўнасць разгляду праблемных па змесце пісьмаў з выездам на месца, абавязковай сустрэчай з дзеючымі асобамі непаразуменняў ці канфліктаў, бо інакш складана атрымаць аб'ектыўную інфармацыю.

— А ці былі падчас гэтай прамой лініі падобныя звароты? — цікаўлюся ў старшыні.

— Такіх, якія б запатрабавалі тэрміновага ўмяшання з выездам на месца, дык не. Але нагода наведаць адзін адрас з'явілася. Жанчына паскардзілася на асацыяльныя паводзіны жыхароў суседняй кватэры. Там амаль штодзень лаянка, скандалы, п'янкі, бойкі. Нейкі прытон утварыўся. На заўвагі змяніць паводзіны жанчына чуе ад суседзяў пагрозы ў свой бок. Яна кажа, што некалькі разоў звярталася ў міліцыю, але дзеянні яе супрацоўнікаў пакуль не далі выніку — часовае зацішша і зноў за старое. Я паабяцаў у найбліжэйшы час асабіста прыехаць і вывучыць сітуацыю на месцы,— гаворыць Андрэй Бугроў.

У час пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі прагучалі заўвагі ў бок адміністрацыі Маскоўскага раёна і гарсавета, сенатарамі былі выказаны парады і рэкамендацыі па паляпшэнні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Андрэй Бугроў лічыць гэтыя прэтэнзіі справядлівымі, а сустрэча была карысная, насіла дзелавы і канструктыўны характар. Пашыранае пасяджэнне Прэзідыума ў пэўным сэнсе дало імпульс членам гарсавета шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з жыхарамі сталіцы.

Па яго словах, з той размовы гарсаветам зроблены адпаведныя высновы. У практыку разгляду зваротаў насельніцтва плануецца ўкараненне новых падыходаў. Ужо ў лютым мяркуецца распачаць так званы «Адзіны дзень дэпутата»: у пэўны дзень усе дэпутаты гарсавета ў сваіх выбарчых акругах будуць праводзіць прыёмы людзей. На думку Андрэя Бугрова, гэта дазволіць палепшыць работу са зваротамі, больш аператыўна разам з раённымі адміністрацыямі Мінска разбірацца ў сутнасці пытанняў і адпаведна хутчэй прымаць канкрэтныя рашэнні.

Леанід ТУГАРЫН

Прэв’ю: klichew.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата.