Вы тут

Чаму гродзенцы аддаюць перавагу закрытым лядовым каткам


Сёлетняя зіма паспрыяла таму, каб у горадзе з'явіліся нарэшце адкрытыя лядовыя пляцоўкі. Актыўная работа па заліўцы каткоў пачалася ў сярэдзіне студзеня, калі прыйшлі маразы. Праўда, часовая адліга і даволі частыя снегапады ўносяць карэктывы ў сістэму іх работы — каткі прыходзіцца чысціць і зноў заліваць. А ў той час у крытых катках сапраўдны аншлаг. Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, які «лёд» у жыхароў абласнога цэнтра ў прыярытэце.


Прапанова ёсць...

Напачатку наведала адкрытыя лядовыя пляцоўкі. У горадзе заліта некалькі дзясяткаў каткоў і лядовых каробак. Некаторыя пры фізкультурна-спартыўных установах, нямала — на тэрыторыі школ і гімназій. Наколькі я памятаю, вулічныя каткі заўсёды былі папулярныя ў школьнікаў. Часцей за ўсё тут хлопцы гулялі ў хакей. Цяпер такой дваровай традыцыі няма. Аматары гэтага спорту, а іх нямала, арганізавана ходзяць займацца ў спартыўны клуб.

Нядрэнны каток месціцца ў гарадскім двары на бульвары Ленінскага камсамола. Пад вечар на катку літаральна 2-3 чалавекі. На лаўцы хлопец і дзяўчына завяршылі катанне і ідуць здаваць канькі. Знаёмімся. Аказалася, Анэлія і Кірыл жывуць непадалёку, але сюды прыходзяць рэдка. Часцей наведваюць крытыя каткі, хоць тут лёд амаль што бясплатны. Калі свае канькі — можаш катацца хоць увесь дзень. Плата толькі за арэнду канькоў — 4 рублі за гадзіну.

Праўда, не ўсюды бясплатна. Побач, на катку таварыства «Дынама» падчас майго наведвання таксама нешматлюдна. Юлія і Аляксей з дзецьмі першы раз прыйшлі на каток, лічаць, што цана даступная. Пракат канькоў тут каштуе 4 рублі для дарослых і 2,5 рубля для дзяцей. Яшчэ па 2 рублі — арэнда катка. Здаецца, умовы спрыяльныя, але пляцоўкі пустуюць. Міжволі ўзнікае пытанне: дзе ж яны, аматары лядовага адпачынку?

Лёд плюс інфраструктура

Аказваецца, гродзенцы аблюбавалі закрытыя каткі. І самы «круты» ў горадзе — у новым гандлёва-забаўляльным цэнтры. Аб чэргах сюды ведаюць амаль усе аматары актыўнага зімовага адпачынку, і не толькі яны. Асабліва складана трапіць на каток у выхадныя дні і падчас школьных канікул. Пры тым, што пляцоўка працуе кожны дзень з 11 гадзін да 23. Мабыць, справа ў тым, што гэта адзіны крыты каток у горадзе з такім спрыяльным рэжымам работы. Да таго ж аб'ект новы, ён пачаў дзейнічаць у канцы мінулага года і многіх цікавіць, як тут і што. Дарэчы, ідэя катка была адразу закладзена ў праект гандлёвага цэнтра.

Я трапіла сюды не ў самы напружаны час. Алена Сяліцкая, якая займаецца ўпраўленнем і абслугоўваннем лядовага катка, правяла мяне да пляцоўкі. Трапіць сюды магчыма толькі праз турнікет з набытым білетам, кошт якога 6 рублёў у будны дзень і 7 — у выхадны. Дзіцячага білета, адпаведна 4 і 5 рублёў. Яшчэ 4 рублі — за канькі, можна і са сваімі. Сэрвіс тут сапраўды даволі цывілізаваны — кабінкі, лаўкі, ёсць дадатковы інвентар, апорная прылада, каб трымацца для навічкоў. Ды і сам каток прыгожы — лёд ззяе, святло камфортнае, гучыць музыка... Побач — развітая інфраструктура грамадскага харчавання.

Гродзенцы, як аказалася, актыўна карыстаюцца камфортнымі ўмовамі адпачынку. Многія прыходзяць сем'ямі. Давялося сустрэцца з жыхаркамі Ваўкавыска, якія прыехалі з дзецьмі. Праўда, жанчыны сталі на канькі ўпершыню і ўжо хацелі пакінуць лёд, але інструктар дапамог ім асвоіцца.

Бацькі 6-гадовай Софіі прывялі дачку на каток у дзень нараджэння, каб гэты дзень ёй запомніўся нечым асаблівым. Бывае, што каток арандуюць для правядзення свят, карпаратываў, іншых падзей.

— Каток ніколі не пустуе, — кажа Алена Сяліцкая. — Кожную гадзіну запускаем па 50 чалавек. Вечарам прыходзіць шмат моладзі, студэнтаў, у тым ліку замежных. Дарэчы, каток часта наведваюць кіроўцы-міжнароднікі. Вечарам і ў выхадныя заўсёды аншлаг. Многія купляюць абанемент, можна набыць білет на тыдзень наперад на любы час. Будзе даступная пакупка білетаў анлайн.

Утрыманне катка, прызнаецца Алена, нятаннае. Кожную гадзіну спецыяльная машына раўняе лёд. Таксама тут працуе прафесійная група інструктараў з ліку былых хакеістаў. Закуплена шмат інвентару. Але пакуль усё акупляецца. Мяркуецца, што каток будзе працаваць і летам. Такі расклад ужо зараз задавальняе аматараў лёду. Напрыклад, супрацоўніца турагенцтва Марыя катаецца ажно тры разы на тыдзень. Наведвае толькі крыты каток. Новае захапленне зацягнула, кажа, што ходзіць, каб атрымаць сваю долю адрэналіну.

Між тым адрэналін тут не самы танны. Для сям'і з чатырох чалавек без сваіх канькоў гадзіна на лёдзе абыдзецца ў выхадны прыкладна ў 40 рублёў. Дадатковыя прылады — інвентар, заточка, апорнае крэсла — яшчэ плюс у расходы.

Крыху таннейшы лёд у крытым манежы фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Пышках. Комплекс пачаў працаваць сем гадоў таму і ўяўляе сабой надзіманы купал. Праўда, масавае катанне тут толькі па выхадных і вельмі непрацяглы час. Гэта звязана са шчыльным графікам трэніровак дзіцячых хакейных камандаў. Бывае, тут займаецца і знакаміты гродзенскі клуб «Нёман», хоць асноўныя трэніроўкі яны праводзяць на базе Лядовага палаца. Тут, дарэчы, масавае катанне таксама толькі па выхадных. Пры мне жанчына прыйшла з канькамі, але даведалася, што масавага катання ў будныя дні няма. Вырашыла замяніць лёд лыжным шпацырам.

Па словах намесніка дырэктара фізкультурна-аздараўленчага комплексу Віктара Клімука, аматараў лёду на манежы нямала. У дзень звычайна 300—400 чалавек. У мінулыя гады было ў два разы больш. Магчыма, адбіваецца канкурэнцыя гандлёвага цэнтра. Затое тут білеты таннейшыя. Дарослы білет — 5 рублёў і 3 — дзіцячы. Значна таннейшы і пракат канькоў — 2,5 рубля.

Як відаць, многія гатовы плаціць менавіта за адпачынак з камфортам. А бясплатны каток вабіць нямногіх.

А тут яшчэ і надвор'е...

Увогуле вулічныя каткі праходзяць самае сапраўднае выпрабаванне. Хоць мароз і трымае іх «у тонусе», снежныя цыклоны, што раз-пораз абрушваюцца на рэгіён, літаральна выводзяць пляцоўкі са строю. Не аднойчы даводзілася чысціць і аднаўляць лёд і на катку фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Алімпія».

— Калі была адліга, не працавалі, потым заваліла снегам, пачысцілі, выклікалі тэхніку, потым зноў залівалі вадой са шланга, — расказвае пра свае клопаты намеснік дырэктара цэнтра Аляксей Козел. — Па цэнтры каробкі праходзіць цеплатраса, і гэта адбіваецца на якасці лёду, ён падтайвае. Утрымліваць каток нятанна, больш выльеш вады, чым заробіш. Да таго, для расчысткі трэба наймаць спецыяльную тэхніку і аплачваць.

А калі ўлічваць, што снег сёлета ідзе часта, адкрытыя каткі наўрад ці будуць адпавядаць патрэбнай кандыцыі. Хутчэй за ўсё яны так і будуць стаяць, занесеныя снегам. Такая сітуацыя і на катку ў цэнтральным гарадскім парку, які раней быў вельмі папулярны ў гараджан.

У такім выпадку, можа, ёсць сэнс наогул адмовіцца ад адкрытых лядовых пляцовак, якія прастойваюць амаль пустыя і патрабуюць значных затрат у эксплуатацыі? З гэтым пытаннем я звярнулася ў гарадскі аддзел спорту і турызму. Намеснік начальніка Сяргей Кулакоў упэўнены, што адмаўляцца ад адкрытых каткоў яшчэ рана. У чалавека павінен быць выбар, куды ісці. Іншая справа, што надвор'е павялічвае затраты і час, каб прывесці іх у належны стан. Магчыма, колькасць каткоў варта аптымізаваць, — лічыць Сяргей Кулакоў, — зараз іх у горадзе каля 30. Многія жыхары аддаюць перавагу лыжам, горкам, цюбінгу. Наколькі запатрабаваныя адкрытыя каткі, пакажа час. Калі меркаваць па прагнозах, нас чакае доўгая зіма.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: rutage.ru

Загаловак у газеце: Адрэналін з камфортам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.