Вы тут

Як паводзіць сябе з блізкім, калі ў яго псіхічнае расcтройства?


Навіна пра тое, што ў блізкага чалавека псіхічнае захворванне, можа прывесці да шоку. Узнікаюць збянтэжанасць і адмаўленне — «з намі такога здарыцца не магло», нават калі захварэў чалавек вельмі сталага веку. Звыклы свет руйнуецца, насоўваецца новая рэальнасць, і прыходзіцца вучыцца ў ёй жыць. Адметна, што псіхічнае захворванне прыносіць пакуты не толькі хвораму, але і яго родным, у большай ці меншай ступені закранаючы ўсіх членаў сям'і, змяняючы іх жыццё і планы на будучыню. Відавочна, пацыенту неабходныя дапамога і падтрымка ўсёй сям'і. Вельмі часта сваякі хочуць дапамагчы, але не ведаюць і не разумеюць, як. Урач — псіхіятр-нарколаг, намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ірына ВАКУЛЬЧЫК дала ўніверсальныя рэкамендацыі, якія дазволяць аблегчыць жыццё як хворага, так і яго блізкіх.


Першае: паспрабуйце больш даведацца пра хваробу і пра яе праявы.

Веды дапамогуць вам правільна ставіцца да, можа быць, часам «дзіўных» паводзін і больш паспяхова спраўляцца з праблемамі, што ўзнікаюць з-за хваробы.

Другое: ведайце, чаго можна чакаць ад вашага блізкага, які мае псіхічнае расстройства.

Псіхічна хворы чалавек не зусім адэкватна ўспрымае рэчаіснасць і мае адхіленні ў паводзінах. Зносіны з такімі людзьмі таксама могуць адхіляцца ад нормаў. Галоўнае пры гэтым — памятаць, што чалавек не проста паводзіць сябе ненармальна, ён з'яўляецца хворым. Адна з асаблівасцяў заключаецца ў тым, што такія пацыенты маюць патрэбу ў працяглым назіранні і лячэнні. У працэсе лячэння сімптомы могуць то ўзнікаць, то знікаць. Вы, як і астатнія члены сям'і, павінны ведаць, чаго варта чакаць ад сваяка падчас выканання дамашніх спраў або пры зносінах з іншымі людзьмі.

Трэцяе: бярыце ўдзел у лячэнні.

Даведайцеся, якія лячэбныя праграмы лепш за ўсё дапамагаюць пры дадзеным захворванні, і пераканайце роднага чалавека ўзяць у іх удзел. Сачыце за тым, каб ён прымаў прызначаныя яму лекі, і, калі перастае прымаць іх, праінфармуйце ўрача. Паведамляйце таксама, якія лекі найлепш дапамагаюць.

Чацвёртае: дапамагайце пазбягаць стрэсаў.

Людзям, якія пакутуюць ад псіхічных расстройстваў, цяжка пераносіць сітуацыі, калі на іх крычаць, раздражняюцца або патрабуюць зрабіць тое, што яны не ў стане выканаць. Вы можаце дапамагчы блізкаму пазбягаць стрэсаў, калі будзеце прытрымлівацца простых правіл:

— размаўляйце з ім спакойна, не кажыце таго, што можа вывесці яго з сябе, заслужана хваліце за добрыя справы;

— не спрачайцеся і не спрабуйце адмаўляць існаванне праяў хваробы, якія вы, магчыма, не бачыце ці не чуеце;

— майце на ўвазе, што звычайныя падзеі — пераезд на новае месца жыхарства, шлюб ці нават хатняя ўрачыстасць — могуць выводзіць з раўнавагі пацыентаў з псіхічнымі расстройствамі.

Пятае: звыклы распарадак.

Важным момантам, які стабілізуе стан хворага чалавека, з'яўляецца захаванне звыклага, простага жыццёвага распарадку ў доме, напрыклад, стабільнага часу пад'ёму па раніцах, часу сну, гадзін прыёму ежы. Неабходна стварыць спакойнае, паслядоўнае, максімальна прадказальнае жыццё. Гэта дасць магчымасць хвораму чалавеку справіцца з пачуццём трывогі, разгубленасці, зразумець, што і ў які час вы ад яго чакаеце.

Шостае: паводзьце сябе спакойна.

Вы павінны памятаць, што чалавек, які мае псіхічнае захворванне, можа адчуваць моцныя перажыванні, думкі яго могуць блытацца, цячы занадта павольна або, наадварот, хутка. Размаўляючы з ім, асабліва ў перыяды пагаршэння стану, важна навучыцца паводзіць сябе спакойна і стрымана. Гэта спрыяе стабілізацыі псіхічнага стану, а ў некаторых выпадках нават дапамагае хвораму супакоіцца і справіцца з трывогай.

Сёмае: навучыцеся распазнаваць сімптомы хваробы.

Ёсць некалькі характэрных асаблівасцяў хворых, на якія трэба правільна рэагаваць. Калі ў блізкага цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, вы павінны гаварыць коратка, паўтараць сказанае. Калі ў яго ўзнікаюць раздражняльнасць, гнеў, не трэба спрачацца, абвастраць дыскусію, варта на нейкі час абмежаваць зносіны. Калі вы чуеце неадэкватныя меркаванні і выказванні, не разлічвайце на рацыянальнае абмеркаванне і не спрабуйце пераканаць. Калі чуеце ўвогуле вар'яцкія перакананні, не спрачайцеся, але і не падтрымлівайце іх.

Характэрныя для такіх людзей і ваганні эмоцый — не прымайце іх на свой рахунак, памятайце, што гэта не капрызы, а праявы хваробы. Адчуваеце з боку такога блізкага мала спагады да іншых і эмацыянальную холаднасць — зноў-такі, разглядайце іх як сімптом псіхічнага захворвання. Калі ваш блізкі праяўляе замкнёнасць, пачынайце размову першым, старайцеся ўцягнуць яго ў гутарку. Калі ён адчувае страх, захоўвайце спакой і пастарайцеся супакоіць хворага. У выпадку няўпэўненасці ў сабе і нізкай самаацэнкі стаўцеся паважліва, падтрымлівайце пазітыўны настрой.

Восьмае: адзначайце нават невялікія поспехі.

Важна ставіць сапраўды рэальныя мэты. Устаць з ложка, апрануцца, пачысціць зубы, памыць за сабой посуд — гэта не так мала. Адзначайце нават такія поспехі, бо з гэтых цаглінак будуецца самаацэнка. Трэба навучыцца знаходзіць тыя ці іншыя станоўчыя прыкметы, а часам і проста словы падтрымкі ў крызісныя перыяды хваробы. І калі хворы чалавек сам звярнуў увагу на набліжэнне сімптомаў абвастрэння стану і вырашыў легчы ў бальніцу, вельмі карысна будзе падтрымаць яго.

Дзявятае: ніколі не страчвайце надзеі на выздараўленне, будзьце аптымістычныя.

Вельмі важна і адначасова вельмі цяжка не траціць надзеі на выздараўленне. Часта хранічна хвораму чалавеку даводзіцца нялёгка, хваравіты стан можа доўжыцца месяцы і гады, адбіраючы надзею на выздараўленне ці хоць бы на істотнае аблягчэнне стану.

Таму заахвочвайце актыўнасць хворага чалавека, яго самастойнасць, імкненне да дзейнасці, старайцеся выбудаваць адносіны такім чынам, каб ён не прыняў у жыцці пасіўную ролю, абвясціўшы сябе інвалідам і адмовіўшыся ад выканання сваіх абавязкаў. Вельмі важна, каб чалавек, які пакутуе ад псіхічнага расстройства, імкнуўся да максімальна незалежнага жыцця.

Дзясятае: праяўляйце любоў і павагу.

Не забывайце, што ваш блізкі часта трапляе ў непрыемныя сітуацыі і часам дрэнна ставіцца да самога сябе з-за хваробы. Сваімі штодзённымі паводзінамі паказвайце, што ён нягледзячы ні на што застаецца для вас паважаным і любімым членам сям'і. Стаўцеся да хворага чалавека з павагай і любоўю, нават калі вы некалькі разоў за раніцу нагадваеце яму аб тым, што трэба пачысціць зубы, падмесці ў пакоі, пераапрануцца, прыбраць за сабой посуд. Ніколі не абражайце пачуццё ўласнай годнасці хворага чалавека!

Здаровым членам сям'і варта памятаць, што іх уласны дабрабыт прынцыпова важны: чым лепш яны сябе адчуваюць, тым лепш жывецца не толькі ім самім, але і хвораму. Таму варта засцерагчы сябе ад «выгарання». Чым больш клопату патрабуецца хвораму, тым больш падтрымкі трэба блізкім членам сям'і.

Можна паспрабаваць размеркаваць клопат аб хворым паміж некалькімі сваякамі. Можна знайсці дапамогу ў групах падтрымкі: падтрымліваць зносіны і абменьвацца вопытам з іншымі сем'ямі, што сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі.

Памятайце, што аптымальныя паводзіны сям'і ў адносінах да хворага прадугледжваюць захаванне балансу паміж неабходнай дапамогай і клопатам, з аднаго боку, і пакіданнем хвораму дастатковай самастойнасці і незалежнасці, з іншага. Падобны баланс павінен быць заснаваны на добрым разуменні магчымасцяў і абмежаванняў, якія накладвае хвароба. Дапамагчы ў гэтым сям'і зможа цярпенне, а веды пра хваробу і лячэнне, падтрымка спецыялістаў і навакольных з'явяцца паступова.

Алена КРАВЕЦ

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: З любоўю і павагай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.