Вы тут

Больш за 40 зваротаў ад жыхароў Гомельшчыны прыняў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей


Больш за 40 зваротаў ад жыхароў Гомельшчыны прыняў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей падчас прамой тэлефоннай лініі.


Так, пенсіянер, жыхар аграгарадка Чырвонае, што ў Гомельскім раёне, паскардзіўся на неналежную чыстку вуліцы ў снегапады: — Высыпалі пад вароты коўш снегу, а ў мяне няма сіл яго прыбраць, я інвалід, хаджу з кіем, — прызнаўся мужчына. На тое, што дзеці ў школу вымушаны з-за гурбаў ісці паўскрай ажыўленай шашы, наракала таксама жыхарка аграгарадка Чырвонае:

— Там няма агароджы. Гэта небяспечна, — звярнула ўвагу жанчына. — А пасля снегападу ўвесь прыбраны снег згрузілі на дарожку, і цяпер школьнікам даводзіцца рабіць сцяжынкі па высокіх гурбах.

Жыхар аграгарадка Васільеўка Добрушскага раёна распавёў, што ў яго населеным пункце ад снегу прыбраныя толькі цэнтральныя вуліцы, па тых жа, што на ўскраіне, цяжка праехаць машынам. Не ўсе вуліцы ачышчаны ад снегу і ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна, звярнуў увагу мясцовы жыхар. У некаторых месцах не могуць праехаць машыны для вывазкі смецця.

Генадзь Салавей даручыў адказным службам ацаніць і выправіць сітуацыю па ўсіх адзначаных населеных пунктах.

Адразу шэсць званкоў паступіла ад гамяльчан — жыхароў аднаго з дамоў па вуліцы Воськіна.

— Наш мікрараён малады. Інфраструктура яшчэ не развітая, і многія бацькі возяць дзяцей у садкі, школы ў іншыя мікрараёны, самі ездзяць на работу. Таму аўтамабіль для нас — не раскоша, а неабходнасць. Але сутыкнуліся з праблемай, што наш двор тупіковы, паўнавартаснай паркоўкі няма. На 144 кватэры ўсяго 50 парковачных месцаў, — растлумачылі сітуацыю грамадзяне. Яны адзначылі, што іх дом кааператыўны і парковачныя месцы павінны быць прадугледжаны пад кожную кватэру.

— Чаму гэта не было зроблена, у чым прычына — трэба разабрацца. Будзем вывучаць, — адказаў на зварот гамяльчан Генадзь Салавей.

Між тым, жыхароў аграгарадка Яроміна Гомельскага раёна хвалюе якасць вады.

— Пабудавалі станцыю абезжалезвання. Але вада ўсё роўна пахне жалезам. Пасля нашых званкоў нешта рэгулююць, наладжваюць, але хапае максімум тыдні на два, — адзначыла ў сваім звароце мясцовая жыхарка.

На прамую лінію да губернатара звярнуліся фермеры з аграгарадкоў Урыцкае Гомельскага раёна і Судкова Хойніцкага раёна. Яны пацікавіліся магчымасцю выдзялення зямлі.

— Мы разгледзім работу фермераў, ацэнім эфектыўнасць іх дзейнасці, каб прыняць канкрэтныя рашэнні, — адзначыў Генадзь Салавей.

Таксама магчымасцю пакінуць свой зварот на прамой лініі кіраўніка рэгіёна скарысталіся жыхары Хойніцкага і Брагінскага раёнаў. Грамадзяне папрасілі скарэктаваць маршруты або расклад руху грамадскага транспарту. Падчас тэлефоннай лініі былі агучаны і падзякі ад жыхароў у адрас кіраўніцтва аблвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Выслухаць і дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.