Вы тут

Галоўны крытык для мастака


На мінулым тыдні Нацыянальны мастацкі музей Беларусі парадаваў адразу двума буйнымі і непадобнымі адзін да аднаго праектамі. Гэта выстаўкі «Лёс мастака» Міхася Філіповіча і «Надпіс на адвароце» Алега Прусава. Яны жылі ў розныя эпохі, працавалі ў розных кірунках, светапогляд творцаў вельмі адрозніваецца, але, несумненна, выклікае цікавасць.


Міхась Філіповіч. Як можа выглядаць натхненне…

Міхась Філіповіч «Карагод Ляльнік», паміж 1921—1922 гг

У дзвюх сярэдніх залах першага паверха асноўнага корпуса працуе выстаўка твораў жывапісца, графіка, этнографа Міхася Філіповіча, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння майстра. Экспазіцыя ўтрымлівае каля 150 твораў жывапісу, графікі, скульптуры з мінскіх музеяў і прыватных збораў, фотаздымкі і выданні.

Міхась Мацвеевіч Філіповіч — найярчэйшы, своеасаблівы і нацыянальны, выключна пладавіты, шмат у чым унікальны беларускі мастак, асноўны перыяд творчасці якога прыпаў на 1920-я — першую палову 1930-х гадоў. Дзясяткі работ майстра ў розных музеях — малая частка створанага ім, адзначаюць арганізатары выстаўкі, але для беларускага мастака тых часоў спадчына яго захавалася на рэдкасць поўна і разнапланава, што дазваляе непасрэдна бачыць развіццё і перыпетыі складанага, як ва ўсіх у той час, творчага лёсу.

Ураджэнец Мінска, Міхась Філіповіч стаў сіратой з  ранняга дзяцінства. Ён знайшоў другі дом у сям’і свайго дзядзькі-каваля Фадзея Гурскага. Вучыўся ў мінскім рэальным вучылішчы, якое было падчас Першай сусветнай вайны эвакуіравана ў Яраслаўль. Першымі настаўнікамі малявання сталі К. Ермакоў і Д. Полазаў. Потым вучоба ў Маскве — у прыватнай студыі А. Хатулёва, у Свабодных мастацкіх майстэрнях (пазней ВМАТЭМАЙС) у К. Каровіна. Тады галеча не дазволіла атрымаць адукацыю, і ў 1921 годзе юнак вяртаецца ў  Мінск, дзе распачынае вельмі актыўную творчую, выставачную, музейную дзейнасць. У той час ён — загадчык мастацкага аддзела БДМ (Беларускі дзяржаўны музей). У 1925—1930 гадах атрымалася працягнуць навучанне ў ВМАТЭМАСе / ВМАТЭІНе. Так паміж Мінскам і Масквой і праходзіла ўсё яго жыццё. Нават сухі пералік далёка не ўсіх біяграфічных звестак (а шлях мастака не вельмі вывучаны) сведчыць пра складаны лёс, у тым ліку творчы, калі, напрыклад, у пачатку 1930-х ён быў абвінавачаны тутэйшай крытыкай у адрыве ад «новай сацыялістычнай рэчаіснасці».

Творца — адзін з першых беларускіх савецкіх мастакоў, хто звярнуўся да адлюстравання ў жывапісе фальклорных сюжэтаў, падзей беларускай гісторыі; аўтар аформленых у 10 альбомаў замалёвак беларускага народнага мастацтва, якія былі зроблены падчас этнаграфічных экспедыцый, у першую чаргу па Случчыне і Бабруйшчыне. Як адзначаюць даследчыкі, колеравы строй народных арнаментаў аказаў значны ўплыў на фарміраванне жывапіснай манеры мастака. Міхась Філіповіч скарыстоўваў розныя стылі і кірункі ў сваёй творчасці, актыўна працаваў. Толькі для нацыянальнага мастацтва самымі значнымі сталі тыя работы, якія былі створаны на пачатку творчага шляху.

У іх ліку — «На Купалле», «Казачны сюжэт», «Карагод», «Духаў манастыр», «Бітва на Нямізе», «Жанчына ў намітцы», «Стары пастух з трубой», «Народнае гулянне» ды іншыя.

У гісторыю беларускага жывапісу Філіповіч увайшоў перш-наперш фігуратыўнымі кампазіцыямі і некаторымі партрэтамі, сярод якіх — манументальнае палатно «Стары беларус з люлькай», вобраз гордага і мудрага чалавека: насупленыя бровы, пранізлівы позірк, белая сарочка пад бардовай безрукаўкай, невялікая магерка, з-пад якой выбіваюцца сівыя валасы, рука з люлькай.

Дарэчы, паказаны ў экспазіцыі і творы іншых аўтараў, звязаных з лёсам Міхася Філіповіча. Скульптар Меер Айзенштат у 1939 годзе стварыў бюст мастака, які прадстаўлены на выстаўцы нараўне з творам «Севастопаль. Парад войск» (1910-я гг.) Канстанціна Каровіна, педагога Філіповіча. Сярод экспанатаў — партрэт мастака — карціна Міхаіла Станюты, напісаная ў 1925 годзе. Між тым свой расповед пра творцу пакінула Стэфанія Станюта: «Ён выглядаў значна старэйшым, чым быў на самай справе <…>, быццам даўно ўжо махнуў рукой на ўсё і на сябе самога. І раптам — як зусім іншы чалавек перад табой: ён пачынаў працаваць. <…>Вочы жывыя, маладыя, позірк пранізлівы, цэпкі, а рухі лёгкія, быстрыя! <…>Ён рабіўся проста прыгожым. Калі б хто мяне запытаў, як можа выглядаць натхненне, я, напэўна, адразу б убачыла ў памяці Міхаіла Філіповіча за работай…»

Выстаўка, прысвечаная Міхасю Філіповічу, будзе працаваць да 4 красавіка.

Алег Прусаў. Паміж дэкаратывізмам і валёрным жывапісам

Алег Прусаў «Аўтапартрэт з чужымі вачыма», 1994 г.

Імя Алега Прусава назаўсёды ўпісана ў гісторыю беларускага мастацтва. Але, на жаль, яго творчасць большасці невядома, і нават даследчыкі жывапісу і графікі канца XX стагоддзя надаюць гэтай постаці не так шмат увагі… Рэтраспектыўная выстаўка работ Алега Прусава «Надпіс на адвароце» дае магчымасць правесці ўласнае даследаванне і зрабіць свае высновы аб тым, што сабой уяўляла асоба мастака, які за 26 пражытых гадоў паспеў паспрабаваць свае сілы не толькі ў жывапісе і графіцы, але і ў прозе і паэзіі.

На выстаўцы ў храналагічным парадку прадстаўлена каля 100 твораў мастака, якія ілюструюць паэтапнае развіццё яго творчасці, з калекцый сям’і Прусава, а таксама Аксаны Сідарэнкі і Музея Марка Шагала ў Віцебску. Экспазіцыя таксама ўключае літаратурную і архіўную часткі. Так, прадстаўлены зборнік вершаў, запісная кніжка, гульнёвыя карткі-фанты, сувенірныя гульнёвыя карты і г. д. Вядома, дакрануцца да гэтых прадметаў нельга, але іх змест дэманструецца на відэа.

— На жаль, Алег Прусаў пражыў кароткае, але, я лічу, насычанае жыццё. Ён пакінуў пасля сябе спадчыну, якую мы да канца яшчэ так і не асэнсавалі. Безумоўна, гэты праект для нас важны яшчэ і таму, што мы павінны адкрываць імёны таленавітых беларускіх мастакоў, шанаваць іх на выстаўках, у каталогах, альбомах. Менавіта для гэтага арганізоўваюцца такія экспазіцыі, пішуцца кнігі і артыкулы нашымі мастакамі і мастацтвазнаўцамі, — адзначыў падчас адкрыцця выстаўкі генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Алег Прусаў скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1990), вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1990—1993). Выстаўкі яго твораў у складзе групы UBICUS у канцы 1980-х — сярэдзіне 1990-х літаральна ўзарвалі зусім не інертную ў тыя гады мастацкую прастору Віцебска, пісаў у свой час мастацтвазнавец і жывапісец Міхаіл Цыбульскі. Пры жыцці Алега Прусава творчым саюзам UBICUS за няпоўныя 6 гадоў было праведзена 13 выставак у Мінску, Полацку, Віцебску, Наваполацку, Маскве, а таксама ў Дордрэхце (Нідэрланды). Апошні праект пад назвай «Месяц Ай» так і не адбыўся з-за смерці мастака. UBICUS стаў плёнам супрацоўніцтва двух даволі розных па складзе характару, вобразным мысленні творцаў. Мастакі прызнаваліся, што даволі часта не проста спрачаюцца, але сварацца, абмяркоўваючы творы. Магчыма, сэнс існавання дуэта быў у сяброўстве і шчырасці.

— Мы вучыліся разам, — падзяліўся ўспамінамі намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Мастацкае вучылішча стала для нас стартавым трамплінам у творчым жыцці. Падчас вучобы не бачылі адзін у адным мастакоў, мы жылі вялікай сям’ёй, падарожнічалі па выстаўках, размаўлялі пра мастацтва. Кожны выбудоўваў сваё жыццё. Яно ўсё для нас было наперадзе, і мы не спяшаліся жыць як мастакі. Але ў Алега Прусава ўсе гэтыя планы былі актуальнымі ўжо тады. Той час быў складаным, але пры гэтым пладавітым на мастацтва. Гэта быў пералом эпох: новыя думкі, новыя погляды на мастацтва. Калі мы толькі яшчэ фарміраваліся, Алег Прусаў ужо меў сваё пэўнае мастацкае ўспрыманне гэтага свету, і  ў  пачатку 1990-х гадоў ён быў ужо цалкам сфарміраваным мастаком. Толькі цяпер мы можам годна ацаніць яго, толькі цяпер прыйшло разуменне, што гэта залаты фонд мастацтва, які застанецца назаўсёды. Галоўны крытык для мастака — час. І ён зрабіў гэты адбор. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што гэта той творца, які будзе ўплываць на мастацтва Беларусі, а можа, і ўсяго свету.

У работах Алега Прусава няма ідэальных ліній і персанажаў, што нагадвае творы сюррэалістаў. Не знайсці ў іх нечага лішняга ці непрадуманага, каштоўнасць мае кожны штрых. Прытым не заўважана імкнення да адлюстравання знешняга падабенства, гэта хутчэй прага надаць глыбіню ўнутраным якасцям таго ці іншага вобраза. Так, фізічныя прадметы накшталт крэсла, абутку ці нажніц нагадваюць хутчэй партрэты, чым перадачу знаёмых абрысаў (работы «Трэцяя крыніца святла», 1991; «Жоўты нацюрморт», 1993; «Партрэт невядомага», 1991; «Безыменнае (вар’яцкае) крэсла», 1993). Мастака цікавіла гульня з гледачом. Работы ўспрымаюцца даволі няпроста, і вельмі складана асэнсаваць, ці зразумеў ты неабходнасць прысутнасці таго ці іншага вобраза, ці счытаў тыя знакі і сімвалы, якія аўтар несумненна закладваў у твор. Алег Прусаў заклікаў не прымерваць да сваіх твораў штодзённае адзенне явы — гэта асобны свет, казка, выдумка. Рэчы на карцінах сапраўды пазбаўлены ўтылітарнасці, напоўнены новым зместам, бо аўтар ствараў сваю «азбуку», шукаў адметную мову. «Іду па нітцы паміж усходнім сімвалізмам і  заходняй “выяўленчасцю”», паміж дэкаратывізмам і  валёрным жывапісам, паміж манахроміяй і шматколернасцю, паміж рэалізмам і беспрадметным мастацтвам. Іду, злучаючы іх ідэі, але не рэстаўрыруючы іх сутнасць. Іду ці стараюся ісці. Гэта мой шлях, мая казка, мой спосаб выжыць», — пісаў Алег Прусаў.

У большасці работ пануе змрочнае асвятленне, адчуваецца атмасфера вечара і часам ночы, таму карычневы колер і яго адценні адыгралі важную ролю. Увогуле ж лаканічнасць, мінімалізм, плоская прастора, некаторае скажэнне перспектывы, выразнасць аб’ектаў і твараў — асноўныя, хоць і не паўсюдныя характарыстыкі творчасці аўтара. У перадачы пачуццяў і настрою праз мінімальную колькасць сімвалаў (хоць назвы твораў Алега Прусава маюць выключнае значэнне і часам цалкам змяняюць магчымае разуменне таго ці інаша твора) счытваецца стыль мастака. Тут і адчуванне холаду («Кат і ахвяра», 1996), і пачуццё цеплыні («Мужчына і жанчына. Ён і яна», 1995), і разуменне персанажаў (работы з серыі «П’яніцы»), і, магчыма, павярхоўнае знаёмства з самім Алегам Прусавым («Аўтапартрэт з  чужым тварам», 1990; «Аўтапартрэт з чужымі вачыма», 1994; «Чалавек без часу», 1995). На апошняй адлюстраваны хлопец, падобны да аўтара, на фоне вялікага гадзінніка. Стрэлак не відаць, іх быццам і няма, а замест гэтага — пастава героя, сумнага, задуменнага, пакорлівага…

Нягледзячы на слепату, што прагрэсіравала, мастак працягваў працаваць да апошніх дзён свайго жыцця. Ён стварыў каля 200 жывапісных і графічных работ, былі выдадзены два зборнікі вершаў. У 1991 годзе творца стаў лаўрэатам выстаўкі-конкурсу «Работа года» (Віцебск), а ў 1992-м — дыпламантам конкурсу «Найлепшая работа года — 91» (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя). У Віцебску на вуліцы Чайкоўскага, у Цэнтры рамёстваў і мастацтваў «Дзвіна», стаіць створаная мастаком і скульптарам Сяргеем Сотнікавым манументальна-дэкаратыўная скульптура «Анёл», прысвечаная Алегу Прусаву. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях, галерэях і музеях Беларусі, Расіі, Даніі, Швецыі, Германіі, Нідэрландаў, але большая частка захоўваецца ў сям’і Прусавых. Дарэчы, не вельмі частая з’ява: з графікай і жывапісам, а таксама біяграфіяй, вершамі, апавяданнямі і прыпавесцямі творцы можна пазнаёміцца на мемарыяльным сайце.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.