Вы тут

Маладзёжны тэатр эстрады пакажа да 8 сакавіка дзве прэм'еры


 

Маладзёжны тэатр эстрады па традыцыі будзе радаваць сваіх гледачоў святочнымі праграмамі напярэдадні 8 Сакавіка. Нас чакае дзве прэм'еры — «Марафон жаданняў» і «Грэчаскі дзявочнік». Першая праграма раскажа, якія жаданні жывуць у думках жанчын, і дазволіць паназіраць, як на гэта ўплываюць тыпажы Бландзінка, Брунетка і Рудая. А вось другая шоў-праграма заснавана на вядомай многім гісторыі «Дзённік Брыджыт Джонс». Мы распыталі выканаўцу галоўнай ролі «Грэчаскага дзявочніка», актрысу Кацярыну Муратаву, пра яе гераіню.


— Дык якая яна, беларуская Брыджыт Джонс?

— Сімпатычная, мілая, абаяльная, таварыская і ўмее глядзець на жыццё з іроніяй. Яна выглядае недарэчна толькі тады, калі імкнецца іграць нейкую ролю, а калі ж застаецца самой сабой, то выглядае вельмі шчыра, чулліва і забаўна. Яна марыць аб прыгожым прынцы, які скажа ёй: «Ты падабаешся мне такой, якая ты ёсць! Я кахаю цябе». І жыццё ператворыцца ў казку...

— А што для вас значыць гэтае ўжо класічнае «быць самой сабой»?

— На маю думку, гэта, перш за ўсё, уменне чуць свой унутраны голас, здольнасць увасабляць у жыццё покліч душы, не звяртаючы ўвагі на ўстаноўкі грамадства. Вельмі складана зразумець, што табе патрэбна на самай справе, калі ты знаходзішся ў зоне дыскамфорту, і нашмат прасцей, калі ўмовы спрыяльныя. Выдатны спосаб паглядзець на сябе сапраўдную — гэта ацаніць свае паводзіны дома. А ўсё, што пачынаецца з першага кроку за парог кватэры, — гэта надзяванне маскі.

— Што такое жаночая дружба, і ці ўсё ж існуе яна?

— Безумоўна, яна існуе. Дружба — гэта дзівосная і ў пэўнай ступені ўнікальная з'ява ў жыцці кожнага з нас. Я нават не магу сказаць напэўна, хто сябруе лепш, мужчыны ці жанчыны. У кожнага з нас свае прыклады такіх адносін.

— Ці варта з сяброўкамі дзяліцца ўсім, у прыватнасці сакрэтамі? І хто найлепшы дарадца для жанчыны?

— Думаю, сакрэтамі варта дзяліцца, бо для гэтага яны і існуюць! Толькі рабіць гэта трэба з самымі дарагімі і блізкімі сэрцу людзьмі. Але пры любых абставінах найлепшы дарадца для жанчыны — гэта яна сама. Толькі яна ведае, што, калі і ад каго ёй патрэбна.

— Якіх ахвяр не вартая ідэальная знешнасць?

— Прыгажосць не заўсёды дапамагае. Мы часам прыпісваем ёй занадта вялікае значэнне, забываючы пра іншае... Чалавек павінен быць шчаслівы! Калі ён шчаслівы — тады прыгожы!

— Як думаеце, ад таго, бландзінка ты, брунетка ці шатэнка, нешта залежыць?

— Не важна, які колер тваіх валасоў, — галоўнае, каб чалавеку было камфортна ў сваім вобразе. Калі жывеш у гармоніі з сабой і навакольным светам, то ўсе дзверы перад табой адкрытыя. Важна любіць сябе і верыць у свае сілы, і не баяцца памыляцца. Толькі так удаецца знайсці жыццёва патрэбную гармонію.

— На чым трымаецца сямейнае шчасце, і як зберагчы пачуцці на ўсё жыццё?

— Шчаслівая сям'я — гэта не лёс і не ўдача, а пастаянная праца двух людзей, якія кахаюць адно аднаго. Без пачуццяў сямейнага шчасця не пабудуеш, і нават спрабаваць не варта. Да кахання трэба дадаць разуменне, увагу, уменне прасіць прабачэння і прабачаць, а таксама крыху самаахвярнасці... Хоць і гэтага яшчэ мала. Але самае галоўнае звяно ў гэтым ланцужку — жанчына. Яна і ёсць тая сіла, якая беражэ сям'ю. У мужчыны, вядома, таксама ёсць свая роля ў адносінах, і ён па-свойму робіць унёсак у стварэнне шчасця ў сям'і. Аднак прымусіць кагосьці мяняцца ці рабіць тое, што нам хочацца, даволі складана. А саму сябе змяніць лягчэй, таму і пачынаць будаваць шчасце трэба з сябе.

— Чаго вы пажадалі б сабе, найлепшай сяброўцы і ўсім тым жанчынам, якія, магчыма, зараз у нечым расчараваліся?

— Тут згадваецца цытата з фільма «Я не магу вярнуцца назад і паўтарыць тыя ж памылкі. Я павінна ісці далей і рабіць новыя». Давайце будзем любіць сябе і свае памылкі, бо гэта і ёсць гармонія!

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.