Вы тут

Таццяна Рунец: Дагавор неабходна чытаць уважліва


Дагавор неабходна чытаць уважліва. ​Падкрэслівае старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ, якая правяла на гэтым тыдні прамую тэлефонную лінію.


Геаграфія званкоў да сенатара была, як звычайна, разнастайная: ёй тэлефанавалі з розных куткоў Беларусі, каб атрымаць параду, папрасіць аб дапамозе, падзякаваць ці проста выказаць сваю прапанову.

Бабруйчанка Ніна Уладзіміраўна расказала сваю гісторыю: заключылі дагавор з прыватнікам аб набыцці аднапакаёвай кватэры пад растэрміноўку на некалькі гадоў. У адным экземпляры была прыведзена адна інфармацыя, у другім — іншая. Людзі падпісалі і толькі пазней даведаліся, што ў другім дакуменце ідзе гаворка аб рэканструкцыі былых збудаванняў вайсковай часці і не аб растэрміноўцы па набыцці жылля, а даванні пазыкі. З гэтым забудоўшчыкам у судзе ўжо ёсць прэцэдэнты, і людзі разгубленыя: што рабіць далей?

Таццяна Рунец падкрэслівае: заўсёды трэба чытаць любы дагавор, які вы падпісваеце, асабліва ўважліва тое, што падаецца дробным шрыфтам. Тым больш калі гэта датычыцца такіх сур'ёзных рэчаў, як набыццё жылля.

— Каб мець магчымасць аказаць вам дапамогу, трэба перш-наперш азнаёміцца з умовамі, з якімі вы пісьмова пагадзіліся, — адзначыла сенатар і прапанавала даслаць копіі дакументаў у профільную камісію, каб тэлефонны званок меў практычны вынік.

Не надта разабралася з умовамі крэдытнага дагавора і жыхарка Івацэвіцкага раёна Валянціна Дзмітрыеўна, якая ў свой час пазычыла грошы ў банка. Установа ліквідавалася, і жанчына не разабралася з тым, каму ж цяпер трэба вяртаць узяты крэдыт. Як вынік — пеня, штраф і пастанова суда аб вылічэнні доўгу з невялікай пенсіі.

— Два гады нічога не пыталі, а тут налічылі пеню і вылічваюць больш за сто рублёў штомесяц, — скардзілася пажылая жанчына.

Аб тым, што ў банка павінен быць правапераемнік, маўляў, нічога не ведала і не чула... Якія папярэджанні дасылалі па пошце, не зразумела...

— Трэба вывучаць дакументы, якія ёсць па гэтай справе, — звярнула ўвагу сенатар і даручыла спецыялістам профільнай камісіі скрупулёзна падысці да вырашэння праблемы, агучанай грамадзянкай.

Падчас прамой лініі былі ўзняты і бытавыя праблемы. Жыхарка Барысаўскага раёна Вольга Уладзіміраўна наракала на суседку, што прывяла ў непрыдатнасць агульную дарогу, якую зрабіла часткай свайго агарода. Дабірацца да ўласнага ўчастка, на якім будуе дом, шматдзетная сям'я можа толькі з дапамогай лясной дарогі. Маладая жанчына сцвярджае, што звярталася да мясцовых улад, ёсць адпаведнае прадпісанне, але справа далей не ідзе. Спецыялісты профільнай камісіі зоймуцца вывучэннем гэтага пытання. Адпаведнае даручэнне дадзена і сенатару, у акрузе якога знаходзіцца гэтая тэрыторыя.

А вось Людмілу Мікалаеўну з аграгарадка Жамчужны, што ў Баранавіцкім раёне, непакояць перабоі ў падачы гарачай вады, таму і скардзілася падчас прамой лініі на камунальныя службы: маўляў, хоць бы папярэджвалі людзей аб такіх непрыемных момантах.

Дарэчы, гэта адзінае, што хвалюе жанчыну. Усім астатнім яна задаволена — унутранай палітыкай, бытавымі ўмовамі, пенсіяй.

Іншы заяўнік — Васіль Адольфавіч са Жлобіна — не наракаў, а пытаў: чаму ўвесь час павышаюць цэны на паліва? Яму паабяцалі даць абгрунтаваны адказ на гэтае пытанне з аргументацыяй адказных асоб з нафтахімічнай галіны.

А вось пенсіянер з Кобрына Уладзімір Львовіч убачыў у існуючых нарматыўна-прававых актах спрэчнае пытанне, якое і вырашыў агучыць з прапановамі аб яго вырашэнні з удзелам сенатарскага корпуса. Гэтую заўвагу паабяцалі разгледзець на базе Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў.

Трэба сказаць, што ўсяго на прамую лінію патэлефанавала 15 чалавек. Акрамя агучаных вышэй тэм, былі выказаны прапановы па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі і ахове навакольнага асяроддзя.

Парламентарый дала заяўнікам неабходныя тлумачэнні і рэкамендацыі, дзесяць зваротаў было ўзята на кантроль. Пытанні, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, накіраваны ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы з просьбай разабрацца ў сітуацыі і праінфармаваць аб выніках Пастаянную камісію.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.