Вы тут

Янка Купала, Карней Чукоўскі і… Аляксандр Пушкін


Беларусы, ураджэнцы Беларусі ў дзённіках рускага дзіцячага пісьменніка і літаратуразнаўца Карнея Чукоўскага.


Фота: pixabay.com

Дзённікі славутага рускага пісьменніка, перакладчыка, літаратуразнаўца Карнея Чукоўскага (1882–1969) — адлюстраванне не толькі асабістага творчага жыцця, але і адбітак часу, у якім існавала гэта яркая постаць. А вёў запісы ці не самы тыражны (і зараз, напрыклад, у 2015 годзе пабачылі свет — толькі за адзін год! — тыражом у 2,4 млн асобнікаў 132 яго кнігі і брашуры) літаратар розных часін амаль семдзесят гадоў — з 1901 да 1969 года.

Іначай, пэўна, і не магло быць. Па-першае, відавочна, што дзённікі не пісаліся дзеля друку. Таму і выйшлі праз шмат гадоў пасля смерці пісьменніка — першая кніга, якая ахапіла запісы ад 1901 да 1929 гг., выдадзена ў 1991 г. Другая кніга дзённікаў (1930–1969) — у 1995 годзе. І хаця пісьменнік лічыўся самым недаацэненым літаратарам «сярэбранага веку», Карнея Чукоўскага ведаў літаральна ўвесь свет. Так, у лютым 1928 года «Правда» пісала пра аўтара казак, якія ўжо выйшлі велізарнымі тыражамі: «Такая балбатня — знявага да дзіцяці. Спачатку яго паманьваюць пернікам — вясёлымі, бязвіннымі рыфмамі і камічнымі вобразамі, а паралельна даюць глытаць нейкую муць, якая не пройдзе бясследна для яго. Я мяркую, „Кракадзіла“ рабятам нашым даваць не трэба…» (Н.К. Крупская). Вымушана К. Чукоўскі друкуе ў «Литературной газете» ліст, у якім «адракаецца» ад старых казак і заяўляе пра свой намер змяніць кірунак сваёй творчасці. Дэкларуе зборнік вершаў «Вясёлая калгасія». Праўда, абяцання свайго не спраўдзіць. І наступная казка выйдзе з-пад пяра пісьменніка праз 13 гадоў.

Але крытыка «чукоўшчыны» не замінала ўсталяванню ў асобных гарадах Савецкага Саюза скульптурных кампазіцый у гонар казачных герояў К. Чукоўскага. І наш зямляк — ураджэнец Слуцка скульптар Рамуальд Іодка (1894–1974) тут надзвычай вылучыўся: у 1930 годзе па яго тыпавым праекце ў Сталінградзе  і іншых гарадах Расіі і Украіны быў усталяваны фантан «Бармалей» («Дзіцячы карагод» і «Дзеці і кракадзіл»). У 1962 годзе за манаграфію «Майстэрства Някрасава» К. Чукоўскі быў адзначаны Ленінскай прэміяй. У 1939, 1962, 1965 і 1967 гг. пісьменніка ўзнагародзілі ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1957 — ордэнам Леніна. У Вялікабрытаніі Карней Чукоўскі ўганараваны ступенню Доктара літаратуры Оксфардскага ўніверсітэта. Жыццё зазвычай не бывае аднаколерным. Хаця ўзнагароды і не паказчык — як паспяховасці ў творчасці, так і адзнак сапраўднага прызнання…

Давайце лепей зазірнём у самі дзённікі і паспрабуем пашукаць тыя старонкі, што так ці іначай звязваюць Карнея Чукоўскага з Беларуссю ці хутчэй — з беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі.

10 красавіка 1936 года: «З новым партфелем (які я купіў у Масгандлі) іду да Крамля. Здалёку бачу Севасцьяныча. <…> і вось мы ўжо ў доўгай зале пасяджэнняў Саўнаркама. Утульна і велічна. Партрэты Леніна і інш. Правадыроў… Будзёны, Куйбышаў… Пушкін. Цэлы рад сапраўдных Пушк. рэліквій па сценах. Паўло Тычына, Янка Купала, Меерхольд…»

Тут варта заўважыць, што сустрэчы Чукоўскага з Купалам паспрыялі адразу дзве падзеі. Літаратуразнаўцу запрасілі ў Крэмль, як і беларускага пісьменніка, на абмеркаванне пушкінскіх урачыстасцяў, якія набліжаліся ў 1937 г. А таксама ў гэтыя дні павінен быў распачаць сваю працу чарговы камсамольскі з’езд.

Так што, запіс ад 10 красавіка прысвечаны пасяджэнню, звязанаму з Пушкіным, а таксама чарговаму — IX з’езду Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, на які сярод іншых літаратараў патрапілі і беларускія пісьменнікі. Яшчэ 10 сакавіка 1936 года газеты «Звязда» і «Чырвоная змена», а 11 сакавіка «Літаратура і мастацтва» друкуюць верш народнага песняра Беларусі «Камсамолу». І калі ў вершы «Арлянятам» (1923 год), прысвечаным стварэнню масавай літаратурнай арганізацыі «Маладняк», хапала шчырасці, адкрытай узнёсласці, то, відавочна, верш «Камсамолу» усё ж быў болей афіцыйным, прымеркаваным да падзеі. «Усюды стрэнеш непакораў — / Камсамольцаў нашых з песняй». І яшчэ: «З карабінам ля стражніцаў / Камсамолец не задрэмле». Твор пра «камсамольцаў-вярнігораў» шырока пайшоў па Беларусі, па ўсёй Савецкай краіне. Твор пачалі перакладаць на розныя мовы.

А Карнея Чукоўскага і на камсамольскім з’ездзе перш-наперш цікавіў мастацкі свет. Запіс ад 16 красавіка: «Сёння раніцай на з’ездзе УЛКСМ слухаў прамову Косарава. На жаль, ён пачаў яе ў 11 гадзін, а закончыў у 11 ¾, так што ўсе госці, якія позна прачынаюцца, праспалі яе. Цыпін, Карнейчук, Барыс Пастэрнак, Александровіч (беларускі паэт), Лявонаў прыйшлі праз пяць хвілін пасля заканчэння прамовы. <…> Пішу даклад для З’езда. Хвалююся».

Карней Чукоўскі жыў у гасцініцы «Нацыяналь», а пасля — пэўна, мяркуючы па запісах у дзённіку, у «Маскве», дзе спыніўся і наш Янка Купала. Праўда, у энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (Мінск, 1986) чытаем пра тое, што 10 красавіка беларускі паэт выступіў на нарадзе, скліканай галоўнай рэдакцыяй газеты «Правда» і праўленнем ССП СССР у сувязі з работай над кнігай «Радзіма», якая рыхтавалася да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. А 11 красавіка прысутнічаў на пасяджэнні Усесаюзнага пушкінскага камітэта. Запіс жа Чукоўскага ад 10 красавіка фактычна абвяргае гэтую дату ў звязку з прысутнасцю Купалы на згаданай нарадзе менавіта ў гэты дзень — і падводзіць да таго, што Пушкінскае пасяджэнне адбылося менавіта 10 красавіка. Ёсць і падрабязнасці. Хутчэй за ўсё — з таго самага дня (цытую па запісе ад 10 красавіка): «Ездзілі ў Сакольнікі з Янкам Купалам. Ціхі, сціплы, прыемна-бясколерны чалавек. Паказваў мне ліст Валерыя Брусава, які ён атрымаў у 1914 годзе, калі Брусаў быў ваенным карэспандэнтам. „Вашы вершы сапраўдныя“ — пісаў яму Валерый Брусаў і прыклаў 3 пераклады яго вершаў, зробленыя ў адзін дзень. Янка Купала — вельмі рассеяны. Прынёс мне гэты ліст і забыўся ў мяне на стале. Прыйшоў па яго і забыўся кніжку. Прыйшлося прыйсці ў трэці раз па кнігу. Быў ён на вечары „Памяці Маякоўскага“. У захапленні ад Яхантава…» У энцыклапедыі «Янка Купала» ў артыкуле пра В. Брусава — пра чатыры вершы: «Я пазнаёміўся ўжо з Вашай паэзіяй, знаходжу ў ёй шмат прыгожага, сапраўднага. Пасылаю Вам чатыры Вашы вершы, якія не скажу „пераклаў“, але пералажыў на рускую мову». А што да Яхантава, то размова пра Уладзіміра Мікалаевіча Яхантава (1899–1945) — акцёра, чытальніка, які закончыў жыццё самагубствам. З 1922 года выступаў з чытаннем вершаў У.У. Маякоўскага, С.А. Ясеніна, А.А. Блока. 12 красавіка 1944 года на Кіраўскім заводзе экіпажу быў перададзены танк «Уладзімір Маякоўскі», пабудаваны за грошы акцёра У. Яхантава. Танк штурмаваў Берлін, а яго камандзір Нікіта Ашураў быў адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза.

На старонках дзённікавых запісаў К. Чукоўскага — сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі А. Александровічам, Я. Коласам, палітычнымі дзеячамі Андрэем Андрэевічам Грамыкам, Панцеляймонам Кандрацьевічам Панамарэнкам. Сярод знаёмцаў рускага літаратуразнаўцы — шмат ураджэнцаў Беларусі. Адзін з іх — і Якаў Захаравіч Чарняк, які нарадзіўся ў 1899 годзе ў Віцебску. Запіс ад 29 красавіка 1935 года: «Чытаю „Справу Агарова“ — Чарняка. Надзвычай цікава». Я. Чарняк закончыў у Віцебску гарадское камерцыйнае вучылішча. Пасля паступіў вучыцца ў Петраградскі псіханеўралагічны інстытут. Пасля рэвалюцыі Якаў вярнуўся ў Віцебск, працаваў у губернскім аддзеле народнай адукацыі. Арганізоваў у Віцебску вечары паэзіі. У 1918–1919 гг. у часопісах Віцебска і Кіева Я. Чарняк друкаваў свае першыя артыкулы і вершы. З 1922 года наш зямляк працуе ў штаце часопіса «Печать и революция». У 1933 годзе выдаў кнігу «Агароў, Някрасаў, Герцэн, Чарнышэўскі ў спрэчцы пра пра агароўскую спадчыну». Лёс Я. Чарняка склаўся не лепшым чынам. І ўсё ж у гісторыі літаратуразнаўства ён застаўся дасведчаным спецыялістам па творчай спадчыне Агарова. На адной са старонак дзённіка Карнея Чукоўскага — і сустрэча з рускім пісьменнікам Захарам Хацрэвіным (1903–1941), які нарадзіўся ў Віцебску.Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, уласны карэспандэнт «Красной звезды», ён загінуў на самым пачатку вайны — 19 верасня 1941 г. Аўтар кніг «Тэгеран» (1933), «Лета ў Манголіі» (1939).

Ёсць запісы пра Льва Сямёнавіча Выгоцкага (1896–1934) — псіхолага, які нарадзіўся ў Оршы. Заснавальнік традыцыі вывучэння вышэйшых псіхалагічных функцый. А яшчэ — пра Давіда Ісакавіча Выгодскага (1893–1943), перакладчыка, літаратара-іспаніста, які нарадзіўся ў Гомелі. І — досыць частыя згадкі пра Фрыду Вігдараву. 17 лютага 1964 г.: «Ліда і Фрыда Вігдаравы зараз турбуюцца пра лёс ленінградскага паэта Іосіфа Бродскага, якога ў Л-дзе травіць група бяздарных паэтаў… <…> Маршак ахвотна падключыўся ў гэтую барацьбу за няшчаснага паэта…» І яшчэ: «Фрыда — вялікае сэрца, самая лепшая жанчына, якую я ведаў за апошнія 30 гадоў». Нарадзілася Ф. Вігдарава — журналістка, пісьменніца, перакладчыца — у Оршы. У сваіх нарысах, артыкулах, кнігах, заснаваных на рэальных гісторыях, яна заўжды імкнулася дапамагчы людзям. Гэта ёй прысвечана песня Аляксандра Галіча «Сыходзяць сябры».

Старонкі дзённікаў Карнея Чукоўскага, пісьменніка, якога і ў Беларусі ведаюць чытачы розных пакаленняў, — яшчэ адна далучанасць нераўнадушнага, гарачага сэрца і да нашага беларускага асветніцтва.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.