Вы тут

Пра што марыць вядомы ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка»?


Што цікавіць клічаўскіх школьнікаў і пра што марыць вядомы на ўсю краіну тутэйшы ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка».


І з тымі, і з іншымі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Шутава сустрэлася падчас свайго візіту ў Клічаўскі раён, што на Магілёўшчыне.

Яна чалавек папулярны ў сваёй акрузе. І нават па дарозе ў раён была магчымасць у гэтым пераканацца. Заехалі на аўтазапраўку, каб напоўніць бак аўто (а на сваёй машыне няўрымслівая дэпутатка намотвае па раёнах да 32 000 кіламетраў за год), і на хвілінку забеглі ў кавярню выпіць кубачак кавы. На гадзінніку толькі сем раніцы, а наперадзе шмат сустрэч. «Вітаю, Святлана Аляксандраўна! Як вашы справы?» — нечакана спыталася маладая жанчына за прылаўкам. «А мы знаёмы?» — здзівілася мая спадарожніца. «А як жа. Вы ж наш дэпутат і часта тут бываеце», — усміхнулася жанчына.

Падчас візітаў у свае раёны (Глускі, Асіповіцкі і Клічаўскі) Шутава паспявае і прыёмы правесці, і ў працоўных калектывах пабываць, і з ветэранамі або шматдзетнымі маці сустрэцца, і з моладдзю пагутарыць. Гэты раз не стаў выключэннем. У клічаўскай школе № 1 напярэдадні Дня Канстытуцыі арганізавалі маладзёжную дыялогавую пляцоўку, куды запрасілі і Святлану Шутаву.

Клічаўскую моладзь цікавіла, якую ролю адыгралі дыялогавыя пляцоўкі ў падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу, як сёння заахвочваецца моладзь, прасілі расказаць пра якасці сапраўднага грамадзяніна і як іх у сабе выхаваць.

— Гэта трэці Усебеларускі народны сход, у якім я брала ўдзел, і ён сапраўды адрозніваўся ад папярэдніх па сваім напале і жаданні грамадзян згуртавацца і зберагчы сваю краіну, — адзначыла Святлана Аляксандраўна. — Ад насельніцтва паступіла 17 тысяч прапаноў, і гэта радуе. Радуе і тое, што мая акруга актыўна далучылася да гэтага працэсу, людзі прапаноўвалі рэальныя рэчы. Асабіста мяне натхніла тая вялікая ўвага, якая ў гэтай пяцігодцы аддаецца рэгіёнам. Іх плануецца зрабіць больш камфортнымі для жыцця і работы. Такія гарады, як Клічаў, атрымаюць другое дыханне. Сёння тут ёсць праблемы з транспартам, працаўладкаваннем, зарплатай, і іх трэба вырашаць. Жыхары раёна звяртаюцца да мяне з надзённымі жыццёвымі пытаннямі. Клічаву, напрыклад, не хапае аўтамойкі, а ў двары аднаго з шматпавярховікаў няма дзіцячай пляцоўкі. Агучваліся прапановы ўдасканаліць мемарыял Усакіна, забяспечыць раённую бальніцу апаратам УГД. Сёння бальніца атрымала два медыцынскія апараты, вядзецца збор сродкаў для рэканструкцыі мемарыяла. Пытанні, калі іх прагаворваць, вырашаюцца.

Клічаўскія школьнікі агучылі свае пытанні.

Што датычыцца моладзі, то сёння на дзяржаўным узроўні створаны ўсе ўмовы для раскрыцця яе творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу. Аказваецца падтрымка маладым сем'ям і маладым спецыялістам. Юнакам і дзяўчатам трэба ўсё гэта цаніць, вучыцца адрозніваць, што добра, а што можа паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржавы.

У гэты ж дзень Святлана Шутава сустрэлася з працоўнымі калектывамі Клічаўскага лясгаса і раённай дзіцячай школы мастацтваў. Раён славіцца сваімі моцнымі культурнымі традыцыямі. Клічаўская дзіцячая школа мастацтваў яскравае таму пацвярджэнне. У ёй і яе філіялах займаецца 360 дзяцей. Акрамя гэтага існуюць платныя групы як для зусім яшчэ маленькіх дзяцей, так і для дарослых, узрост якіх не абмежаваны. Тут створаны ўсе ўмовы для развіцця творчай асобы, маецца добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Але музычныя інструменты, як бы беражліва да іх ні адносіліся, пры такой колькасці выхаванцаў вельмі хутка зношваюцца. Таму вельмі арганічна прагучала просьба да Святланы Шутавай дапамагчы знайсці спонсараў для набыцця некаторых з іх. Прафесіяналы, якія тут працуюць, зацікаўлены ў якаснай падрыхтоўцы будучых музыкантаў. Трэба падтрымаць і вядомы ў краіне і за яе межамі ўзорны фальклорны ансамбль «Купалачка», які працуе пры школе мастацтваў. Дарэчы, сёлета спаўняецца 25 гадоў з моманту ўтварэння ансамбля. Так што ёсць нагода.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Папулярнасць прыносяць справы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.