Неяк пісьменніца Вікторыя Токарава ва ўласцівай ёй іранічнай манеры параіла 40-гадовым паням не вохкаць прывычна на тэму «бабін век — 40 гадоў», а мець на ўвазе, што пасля сарака трэба жыць яшчэ сорак. Лепей падумаць, як гэтыя другія «сорак» пражыць з улікам памылак першых. Згадалася тое даўняе інтэрв'ю, калі слухала адну радыёперадачу.
Позна вечарам выхаднога дня, бывае, натыкаюся на хвалю праграмы, дзе гучаць старыя песні, а таксама гісторыі аўтараў пісем. Вось зачытваюць ліст слухачкі, паводле якога, у далёкім, ну скажам, 1965-м, яна сустрэлася з хлопцам. Іскрынку кахання, што быццам бы прамільгнула, ці то не распазналі, ці не змаглі захаваць. Былі кароткія сустрэчы, спатканні, потым жыццё з нейкіх прычын развяло ў розныя бакі. Але ўсе гэтыя гады аўтарка пісьма захоўвала памяць пра сустрэчу. А вось цяпер муж памёр, дзеці выраслі, і яна хацела б сустрэцца альбо хоць бы спісацца з тым, хто служыў напамінам пра маладосць усё жыццё. Пры гэтым называецца прозвішча, імя, імя па бацьку рэальнага чалавека.
Здавалася б, нічога асаблівага. Але такія, няхай сабе і нявінныя, прызнанні могуць стаць праблемай у сям'і былога знаёмага, калі ў яго, скажам, крыху раўнівая альбо сварлівая жонка. А калі не крыху? Вядома, можна зразумець імкненне жанчыны знайсці тое, да чаго хочацца прыхінуцца душой, асабліва калі спасцігла адзінота. Нават далёкі тэлефонны суразмоўнік можа стаць астраўком у пустыні. Калі быць шчырымі, то хто не носіць маленькіх таямніц у куточках сэрца? Але ж нездарма кажуць, што не ўвойдзеш у адну і тую ж рэчку двойчы.
Больш за дваццаць гадоў таму на мой рэдакцыйны стол трапіў ліст з Кіева. Вельмі кароткае і вельмі незвычайнае. Супрацоўніца навукова-даследчай установы, выпускніца філасофскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта прасіла адшукаць чалавека, які, паводле яе звестак, працуе ў адной з брэсцкіх ВНУ, і сказаць яму, што дваццаць гадоў таму яна зрабіла памылку, яна не мела рацыі. Абзваніўшы аддзелы кадраў абодвух універсітэтаў, я даведалася, што названы чалавек у іх ніколі не працаваў. Можна было спакойна спісваць ліст у архіў, але нейкі адчай, нейкі крык душы, якімі патыхала з пісьма, не даваў гэтага зрабіць. Пісьмо ляжала ў папцы, можа, з месяц, а потым я прыдумала адну рэч. З чарговай падборкай пісьмаў падрыхтавала маленькі зварот да таго самага чалавека, каб ён прыйшоў і забраў ліст з Кіева, калі прачытае газету. І недзе праз тыдзень у кабінет сапраўды зайшоў мужчына і назваў сваё прозвішча. Аказалася, выпускнік прэстыжнай маскоўскай ВНУ расчараваўся ў прафесіі і прыехаў у Кобрынскі раён, на малую радзіму, каб заняцца сельскай гаспадаркай. Жыў адзін. Я ўзрадавалася — не перадаць вам, як. Проста прадчувала рамантычную гісторыю са шчаслівым фіналам.
...А ён узяў ліст, прачытаў яго, і твар, а затым уся постаць ператварыліся ў суцэльнае здзіўленне: «Ну і ну! І адносіны ж у нас былі чыста тэарэтычныя», — адзінае, што ён сказаў і зачыніў за сабою дзверы. У мяне было адчуванне, што гэты тэарэтык «пракінуў» мяне. Тады.
Цяпер думаю, што наўрад ці варта вінаваціць чалавека за тое, у чым няма яго віны. Гады, тым больш дзесяцігоддзі, многае мяняюць у жыцці. Аднойчы мне расказала сваю гісторыю сталая жанчына, з якой мы раней працавалі ў адной газеце. У яе склалася, як, відаць, у многіх. Каханню маладосці не суджана было спраўдзіцца. І жылі яны ў адным горадзе кожны сваёй сям'ёй. У Марыі Мікалаеўны рана памёр муж, але яна, як сказала, глядзець у бок таго баялася. А потым здарылася так, што і ён стаў удаўцом. Праз некаторы час сустрэліся, але зразумелі, што чужыя, што нічога не вернеш. У кожнага свае дзеці, унукі, свой прывычны ўклад жыцця, свой погляд на жыццё. І прызналася мая суразмоўніца, што адчула вялікае расчараванне. Рамантычны герой з маладосці, якога сама ж стварыла і ўзгадавала ў сваёй душы, не супаў з рэальным чалавекам. Лепш бы заставалася ўсё, як было — зрабіла выснову жанчына.
Яно, вядома, бывае і наадварот, калі людзі сустракаюцца, выпраўляюць памылкі маладосці, як у адной з песень Алы Пугачовай: «Я опоздала встретить с тобой рассвет, / Может, успею встретить с тобою закат». Дый хораша ў песні, а ў жыцці часцей калі ўжо не паспеў, то і спазніўся. І ніколі не ведаеш, ці варта шукаць аднойчы страчанае. Можа, лепш засяродзіцца на новых сябрах, знаёмых, уражаннях, занятках, як гэта зрабіла адна жанчына з выхадам на пенсію. Яна памяняла месца жыхарства, спосаб жыцця, род заняткаў. І зусім не шкадуе. Лічыць, што атрымала больш, чым страціла. Але пра яе пастараюся расказаць наступным разам.
Святлана ЯСКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?