Вы тут

Аляксандр Яфрэмаў 1 мая адзначыць юбілей


Вядомы рэжысёр, акцёр, мастацкі кіраўнік мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў 1 мая адзначыць юбілей. Яго любяць і ведаюць прыхільнікі кіна-і тэатральнага мастацтва. Напрыклад, такія фільмы як «Давай пажэнімся», «Экзамен на дырэктара», «Рыфмуецца з каханнем», «Снайпер. Зброя помсты», «Танкіст» і многія іншыя выйшлі з-пад яго рэжысёрскага пяра. І ў дзень нараджэння маэстра на тэлеканале «Беларусь 3» пакажуць карціну «Павадыр», што дасць магчымасць аўдыторыі згадаць вядомае ці пазнаёміцца з ранняй творчасцю рэжысёра.


Фільм з'явіўся на свет у 2001 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм», таму таксама ўжо мае 20-гадовую вытрыманасць... Нічога не азмрочвала вясёлае студэнцкае жыццё Арцёма (Пётр Юрчанка-малодшы), пакуль аднойчы ён не трапляе разам са сваім сабакам у вулічную бойку, ратуючы незнаёмца ад зладзеяў-хуліганаў. У выніку юнака затрымліваюць на 15 сутак, даўшы яму дзве гадзіны на тое, каб некуды ўладкаваць свайго Хлопчыка (гэта мянушка гадаванца). Аднак усе спробы знайсці часовага гаспадара для ратвейлера аказваюцца марныя. І тут, на шчасце, наш герой сустракае незнаёмую дзяўчыну Сашу (Валерыя Арланава), у якую закахаўся з першага погляду, і яна згаджаецца пакінуць у сябе сабаку. Калі ж Арцём вяртаецца праз два тыдні, то заўважае, што яго выратавальніца невідушчая. Таму хлопец вырашае пакінуць дзяўчыне свайго гадаванца, а разам з тым і незаўважна пасяліцца ў яе кватэры...

У акцёрскім саставе фільма заяўлены, акрамя выконваючых ролі галоўных герояў, таксама акцёры Аляксандр Кашпераў, Вера Палякова, Віктар Манаеў, Анжэла Караблёва, Анатоль Кот, Джэмал Тэтруашвілі і іншыя. Дарэчы, самога рэжысёра таксама можна сустрэць тут у адным з эпізодаў. Акрамя таго, Аляксандр Васілевіч выступіў сцэнарыстам кінастужкі. «Павадыр» у свой час стаў лаўрэатам розных конкурсаў. Так, у арсенале яго ўзнагарод ёсць спецыяльны дыплом глядацкага журы «Срэбра Лістапада», спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі «За вернасць маральным ідэалам у мастацтве» Аляксандру Яфрэмаву на кінафестывалі «Лістапад» (2001). Выканаўца галоўнай ролі Валерыя Арланава была адзначана прызамі «За найлепшую жаночую ролю» на 4-м Міжнародным кінафестывалі «Брыганціна-2001» і на 1-м Міжнародным фестывалі прафесійных кадраў кіно (Бранск, 2001) і атрымала Прыз глядацкіх сімпатый на «Лістападзе-2001». Адметна таксама і тое, што актрысу можна ўбачыць і ў іншых фільмах рэжысёра, сярод якіх «Дунечка», «Рыфмуецца з каханнем», «Танкіст», «Яна не магла іначай»…

Неяк у адным з інтэрв'ю (праўда, рэжысёр разважаў пра свае ваенныя фільмы) Аляксандр Яфрэмаў адзначыў: «У цэнтры гісторыі павінен быць подзвіг». І карціна «Павадыр» хоць і пазіцыянуецца як меладрама, але ў ёй гледачы могуць знайсці зярняткі глыбокіх тэм і сэнсаў. Як, напрыклад, тое, што галоўная гераіня невідушчая, не спыняе яе ў жаданні стаць мадэльерам, а Арцём хоць і незаслужана паплаціўся за свой гераізм, але ў выніку знайшоў каханне. Подзвігі могуць здавацца малымі і нязначнымі нам самім, але разам з тым менавіта так мы часам можам істотна паўплываць на некага побач. Жыццёва і шчыра — менавіта гэтыя словы ў сваіх водгуках пішуць гледачы. А значыць, згаданы фільм варта паглядзець ужо проста для таго, каб нагадаць сабе, што часам жыццё з дапамогай выпадковасцяў скіроўвае нас туды, дзе чакае шчасце, дзе можна знайсці сапраўдныя пачуцці і, магчыма, нават змяніцца да лепшага.

Адразу пасля паказу фільма гледачам прапаноўваюць шчырую размову з Аляксандрам Яфрэмавым у праграме «Камертон». Гэты праект дае магчымасць па-новаму адкрыць для сябе лёсы тых дзеячаў культуры і мастацтва, якія лічаць сваю прафесію прызваннем і ўкладваюць у яе часцінку душы.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Жыццёвыя невыпадковасці ад Аляксандра Яфрэмава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.