У Бабруйску прайшоў рэгіянальны форум «Беларуская сям'я: учора, сёння, заўтра», прымеркаваны да Дня сям'і, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Форум сабраў прадстаўнікоў сем'яў Магілёўскай вобласці розных пакаленняў: старэйшае — бабулі і дзядулі, сярэдняе — маці і таты і малодшае — іх дзеці.
Асноўным месцам правядзення форуму стаў гарадскі Палац мастацтваў. Тут прайшлі дзве секцыі: «Беларуская сям'я — учора, сёння, заўтра» з удзелам намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова і «Фарміраванне культуры і навыкаў адказнага бацькоўства», падчас якой выступіла прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Таццяна Радачай.
Секцыя «Духоўна-маральныя асновы сям'і, зберажэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў» праходзіла на базе сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» пры ўдзеле епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма.
Першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан узначаліла секцыю «Здаровая сям'я» на базе «Бабруйскаграмаша», а кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч аб'яднала зацікаўленых на тэматычнай дыскусіі «Асноўныя аспекты жыццядзейнасці пажылога чалавека ў сям'і».
Удзельнікі мерапрыемства пасля завяршэння работы секцый наведалі маладзёжныя пляцоўкі каля Палаца мастацтваў, дзе адбыліся конкурс-парад дзіцячых калясак, выставы творчых работ, дзіцячых малюнкаў і кніг, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і кірмаш-продаж аўтарскіх вырабаў, міні-лекцыі з карыснымі парадамі для бацькоў.
Упрыгожаннем форуму стала яркая канцэртная праграма — падчас яе прайшло ўшанаванне шлюбных пар, якія пражылі разам 50 гадоў.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.