Вы тут

Крыштальны «хэнд-мэйд» з Бярозаўкі: унікальныя вырабы, як у Венецыі, і шкляная шахматная дошка


Пра экскурсію на бярозаўскі «Шклозавод «Нёман» у кантэксце прамысловага турызму

Калі раптам вас больш не ўражваюць прыродныя краявіды і гістарычныя альбо культурныя аб’екты нашай радзімы, звярніце ўвагу на справы рук чалавечых. Задаволіць патрэбу новых уражанняў і цікавых адкрыццяў у межах Беларусі дапаможа прамысловы турызм. Хоць усе мы ведаем, што прагуляцца па цэхах дзеючай вытворчасці звычайна не так ужо і проста.


Таму ў краіне для аматараў заводскай рамантыкі і тых, хто жадае ведаць, з чаго зробленыя рэчы вакол, усё больш актыўна развіваецца гэтая вобласць турызму.

Да таго ж у нашай краіне ёсць прадпрыемствы, якія могуць здзівіць і папоўніць вопыт кожнага беларуса-вандроўніка. Толькі ў Гродзенскай вобласці можна знайсці з дзясятак цікавых месцаў, таму гэтым разам мы адправіліся, бадай, на адну з самых знакамітых і цікавых вытворчасцяў у самы прамысловы раён рэгіёна — Лідскі, горад Бярозаўку.

Менавіта ў гэтым невялікім, але папулярным месцы больш за сто гадоў працуе «Шклозавод «Нёман». Ён мэтр прамысловага турызму ў Беларусі. Тут вырабляюць вазы, куфлі і фужэры, якімі кожны беларус дакладна карыстаўся. Экскурсій прадпрыемства прапануе дзве — у музей, дзе выстаўлены работы віртуозных майстроў-шкловыдзімальнікаў, і на саму вытворчасць, дзе горача і вельмі цікава. Але аб усім — па парадку.

Дэманстрацыя крышталю

Варта заўважыць, што прамысловы турызм пакуль могуць прапанаваць далёка не ўсе беларускія вытворчасці. Працэнт прадпрыемстваў, якія ладзяць экскурсіі, пакуль зусім не высокі. Хоць у Гродзенскім аблвыканкаме лічаць важным развіваць гэтую галіну турызму, каб у цэлым павялічыць прывабнасць рэгіёна для падарожнікаў.

У Гродзенскай вобласці вытворчыя экскурсіі праводзіліся больш чым на 200 прадпрыемствах у 2019 годзе, у 2020 годзе — больш чым на 100 прадпрыемствах. У Смаргонскім, Лідскім раёнах і горадзе Гродна — платна.

— Пік прамысловага турызму быў у дапандэмійны час, у 2019-м. Тады прыкладна на двухстах прадпрыемствах Гродзенскага рэгіёна пабывала 74,5 тысячы турыстаў. Летась гэтая лічба крыху перавысіла 11 тысяч, а колькасць заводаў, на якія можна было з’ездзіць, скарацілася ўдвая. Справа ў тым, што на гэта паўплывала пандэмія каранавіруса, з-за якой доступ на прадпрыемствы быў цалкам або часткова абмежаваны, — заўважыла Таццяна ЛІДЗЯЕВА, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Аб папулярнасці вытворчага турызму на Гарадзеншчыне сведчаць лічбы. Толькі на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў дапандэмійным годзе з экскурсіямі пабывала звыш 16 тысяч турыстаў, у тым ліку са Швецыі, Кітая, Расіі, Украіны, Эстоніі.

Забыць візіт у Бярозаўку на шклозавод «Нёман» не атрымаецца. Праверана на ўласным досведзе — упершыню на прадпрыемства я трапіла, калі вучылася ў школе. Дзіўным здаецца ўсё, але перш за ўсё маштабы і тэхналогіі.

Усё гэта, як нам распавядаюць, выкарыстоўвалася практычна сотню гадоў таму і механіка ўжываецца і цяпер. Таму якім бы індустрыяльна прарыўным ні здавалася мінулае стагоддзе, нішто не замяніла ручную вытворчасць мясцовых шкловыдзімальнікаў. І справа не ў адсутнасці машын — штампаванае шкло тут таксама выходзіць з канвеера, — а ва ўнікальнасці ручной тэхналогіі, папулярнай ды асабліва каштоўнай ва ўсім свеце.

— Экскурсія па цэху праходзіць каля паўгадзіны, але, як правіла, тое, што адбываецца, так уражвае наведвальнікаў, што яны гатовыя стаяць і глядзець на работу майстроў гадзінамі, — распавядае Алена НАГУЛЕВІЧ, спецыяліст па экскурсійнай рабоце на шклозаводзе «Нёман». — У цэху па вытворчасці крышталю турысты знаёмяцца з тэхналагічным працэсам выпрацоўкі вырабаў, пачынаючы ад выдзімання і да ўпакоўкі гатовага вырабу. Таксама можна пазнаёміцца з работай майстроў, якія вырабляюць высокамастацкія нешампаваныя вырабы. Да прыкладу, паназіраць за працэсам стварэння крыштальных чаравічкаў, кошыкаў або сумачак.

Цяпер у асноўным на прадпрыемства прыязджаюць беларускія турысты. На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў апошнія выхадныя з экскурсіямі пабывала каля паўтысячы чалавек.

— Экскурсіі па цэху праводзяцца не толькі для груп, але і індывідуальна. Гэта значыць, што калі вы сям’я і вас чацвёра чалавек, то патрапіць на завод вы можаце па папярэднім запісе. Уся экскурсійная праграма будзе такой жа насычанай, поўнай і цікавай, як і для групы ў пяцьдзясят чалавек, — кажа суразмоўніца.

Арганізацыяй экскурсій на завод займаецца спецыяліст па экскурсійнай дзейнасці. Для гэтага існуе папярэдні запіс з 8.00 да 17.00 гадзін у буднія дні. Тэлефоны можна знайсці на афіцыйным сайце шклозавода «Нёман»..

Да канца нашай экскурсіі па заводзе, Алена Нагулевіч заўважае, што калі глядзіш на агонь і як чалавек працуе — гэта зачароўвае, а на шклозаводзе «Нёман» усё ў адным, таму ў людзей гэта выклікае непадробнае захапленне.

Ніткі і непаўторная форма

З нядаўняга часу на прадпрыемстве стала адпрацоўвацца новая тэхналогія. Гаворка ідзе аб вытворчасці вырабаў з венецыянскай ніткай.

— Шкляныя вырабы з венецыянскай ніткай, якія мы можам бачыць у многіх найбуйнейшых музеях свету, былі зробленыя на востраве Мурана, што ў Венецыі, — растлумачыў Васіль САМАХВАЛАЎ, вядучы мастак шклозавода «Нёман». — Адсюль і пайшла іх назва.

Вядома, што першыя ўзоры гэтага шкла прыдумалі ў Рыме, але асаблівае развіццё шкло з венецыянскай ніткай у канцы XIII стагоддзя атрымала менавіта ў Венецыі, як ужо гаварылася, на востраве Мурана. Прычым шкловыдзімальнікам забаронена было пакідаць востраў. Так нарадзілася ўнікальнае муранское шкло, сакрэт якога трымалі ў таямніцы шматлікія стагоддзі. Не ўсе сакрэты яго стварэння раскрытыя і сёння. Аднак на шклозаводзе «Нёман» рызыкнулі паспрабаваць адрадзіць унікальны стыль стварэння дэкараванага посуду.

— Звычайна гэта калектыўная праца. Адзін майстар бярэ жалезную трубку, набірае вадкае шкло з вялікай печы. Расплаўленая шкляная маса лёгка прыстае да трубкі. Другі майстар у гэты час разагравае спецыяльныя каляровыя штапікі. Гарачы ком, атрыманы ў выніку, ён бярэ трубкай. Дзве распаленыя даўбешкі злучаюцца, а калі адна з іх адцягваецца, атрымліваецца каляровая нітка. Нітка намотваецца на шкляную даўбешку. У канцы сцекладуў выдзімае, нібы мыльную бурбалку, хоць вазу, хоць графін, хоць блюда — усё, што заўгодна. Пры гэтым майстар трымае ўсю масу на вазе, якім бы цяжкім ні быў будучы выраб, і адначасова фармуе яго пры дапамозе інструментаў, — растлумачыў Васіль Самахвалаў.

Пакуль з венецыянскай ніткай працуе толькі эксперыментальна-мастацкая брыгада пад кіраўніцтвам майстра Валерыя Багінскага. Каб пачаць серыйную вытворчасць прадукцыі, трэба, каб тэхналогія была адпрацаваная і вывераная. Таму каляровая гама нітак і непаўторная форма — гэта тое, што пастаянна ўдасканальваюць майстры.

Прыгожа і функцыянальна

Не меншую цікавасць выклікае музей завода. Удзельнікаў экскурсіі знаёмяць з гісторыяй стварэння шклозавода «Нёман», а таксама аўтарскімі мастацкімі работамі са шкла, экспазіцыя якіх тут шырока прадстаўлена. Кажуць, што некаторым з іх больш за стагоддзе.

Музейныя залы поўныя ўнікальных экспанатаў, якія пачалі збіраць з пачатку мінулага стагоддзя. Таксама тут размешчаны работы майстроў розных пакаленняў. Прычым за кожным з іх гісторыя такая ж незвычайная, як і форма, якую стварыў аўтар.

Па словах Алены Нагулевіч, мастакі ў шкле выказваюць свае думкі і ідэі.

— Мастакі — гэта людзі, якія хочуць паказаць свае думкі ў вырабах, але не адмяняюць функцыянальнасці створаных прадметаў са шкла. Гэта вельмі проста — у вазу вы можаце паставіць кветкі, на блюда раскласці цукеркі. Таму фактычна кожны выраб, прадстаўлены ў музеі, дэманструе не толькі прыгажосць, але і сваю функцыянальнасць.

Доказ таму — шахматная дошка з адпаліраванага крышталю. Усе фігуркі акуратна вывастраныя, зіхацяць на сонечным святле. Гуляць такімі, думаецца, з аднаго боку сабе даражэй, з другога — напэўна, надзвычайнае задавальненне.

Акрамя таго, тут прадстаўлена знакамітае дымчатае шкло, крышталь і вырабы — пераможцы на розных выставах і конкурсах. У цэлым — вочы разбягаюцца, таму, што тут яшчэ дадаць? Трэба браніраваць экскурсію!

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.