Вы тут

Пра пабітыя каленкі і не толькі


Як вы думаеце, што маладую маці можа выбіць з душэўнай раўнавагі? Не паверыце, пабітыя каленкі яе дзіцяці! Хто б мог падумаць, што я буду так перажываць з-за звычайнай рэчы.


Фота: pixabay.com

Лета, хлопчык, пабітыя калені — класіка жанру. Але калі падобнае адбываецца з тваім маленствам, успрымаеш сітуацыю інакш. Вядома, я не крычала на Цёміка, калі на мінулым тыдні забірала яго з дзіцячага садка з «зялёнымі» нагамі. Нават не падумала вінаваціць у недаглядзе выхавальніцу. Яна ўсё зрабіла правільна: памыла ранкі, апрацавала перакісам вадароду, намазала зялёнкай. Ды яшчэ, як потым расказваў сын, дзьмула на каленкі, каб малому менш балела.

Мае перажыванні ўзмацніліся на наступны дзень, калі патэлефанаваў муж і спытаў, ці ёсць у нас дома ёд. Аказваецца, падчас прагулкі на вуліцы малы зноў упаў — і скурка, якая ўтварылася на ўчарашніх ранках, бессаромна злезла. Крыві было! А слёз! На наступны дзень, нягледзячы на тое, што быў ён цёплы і сонечны, Цёмік пайшоў у садок у доўгіх штанах — паўтору «трагедыі» нам вельмі не хацелася. Калені, вядома, амаль ужо зажылі. І шорты Арцём, канешне, носіць. Затое мы цяпер яго сто разоў папярэджваем, каб не насіўся як вецер, каб быў асцярожны. Быццам самі і не былі дзецьмі...

Пра мужа і брата маўчу — у дзяцінстве хлопцам усяго хапіла: не тое што пабітых каленяў, а нават зламаных рук і сур'ёзных апёкаў. А вось як магла трапіць ва ўсялякія сітуацыі я, абсалютна паслухмяная і спакойная дзяўчынка?! Летам ногі і рукі пастаянна былі то ў сіняках, то ў драпінах. Аднойчы ехалі з сяброўкай на веласіпедах, і я загледзелася на шыкоўную машыну, якая ў нашай вёсцы была рэдкасцю, — у выніку ўпала, моцна падрапаўшы нагу аб бардзюр. Сяброўка мая (дарэчы, і цяпер мы разам), малайчына, не разгубілася: знайшла нейкі кавалак бінту (сучасныя дзеці наўрад ці такое з сабой возяць) і заматала ім рану, папярэдне прыклаўшы да яе лісцік трыпутніка — ранейшыя дзеці «лячыліся» менавіта так. Пра надзвычайнае здарэнне я, вядома, бацькам сказаць пабаялася. Мама, праўда, увечары, калі я мылася, убачыла ўсё сама — вялізны рубец на левай назе складана было не заўважыць, як я ні хавала. Па-добраму яго трэба было зашыць у бальніцы, бо напамін аб той падзеі «ўпрыгожвае» маю нагу і сёння.

Як і шнар на шчацэ. Гэта сіямскі кот маёй стрыечнай сястры паклапаціўся. Мне было гадоў восем, калі ў садзе бабулі і дзядулі я, седзячы на плоце, няўдала ўзяла ката за адну лапу — другой ён мяне паласнуў па шчацэ. Акрываўлены быў увесь твар. Бабуля (і сёння здзіўляюся яе спакою) апрацавала рану спіртам і загадала спакойна ляжаць і чакаць вечара, калі бацькі дакапаюць бульбу. Яна, разумная жанчына, добра ўсведамляла: калі сказаць ім аб маім «раненні» цяпер, работа спыніцца. А гэтага па тым часе, а тым больш у вёсцы, калі задзейнічана тэхніка і людзі, дапусціць было нельга. У выніку ў бальніцу, хоць і ноччу, мы ўсё ж такі паехалі — мясцовы фельчар сказала, што, калі тэрмінова не зашыць рану, рубец застанецца на ўсё жыццё. І ён застаўся — відаць, бульбу трэба было пакінуць на заўтра.

Ужо будучы падлеткам, я перакуліла на сваю нагу каструлю з кіпенем. Успамінаю і адчуваю той боль, з якім цяжка было справіцца. Не дапамагала ні халодная вада, ні лёд, ні ўсялякія народныя сродкі. Памятаю, як паўлета бацька вазіў мяне на веласіпедзе ў фельчарска-акушэрскі пункт, дзе мне рабілі перавязкі, як я ў спёку хадзіла ў шкарпэтках, каб не пашкодзіць сваю рану. Таму я, як ніхто, ведала, што адчуваў мой сын, калі ў годзік вывернуў на сябе кубак з гарачай гарбатай. Быццам вар'ятка, я з галавой трымала яго пад халодным душам, а потым дзьмула на месца апёку, калі ў машыне хуткай дапамогі мы ехалі ў бальніцу. У такіх сітуацыях нават самыя сучасныя і смелыя маці становяцца безабароннымі.

Вось і аберагаеш сваё дзіця ад падобных непрыемнасцяў, бо на ўласным вопыце ведаеш, як гэта балюча, а часам і страшна. І хоць кажуць, што вучацца на ўласным вопыце, на сваіх памылках, аднак калі гэта датычыцца тваіх дзяцей, гэтых самых памылак адэкватныя бацькі дапусціць не могуць. Вось і трасуцца над сваімі малымі, у соты раз папярэджваюць глядзець пад ногі альбо не бегаць хутка, каб хоць калені былі цэлыя...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.