Вы тут

Як паводзіць сябе на адпачынку


Аб перанасычанасці сказаў яшчэ Шэкспір: «Такі салодкі мёд, што, нарэшце, ён горкі. Лішак смаку забівае смак». Адна справа — калі чалавек працуе і параўнальна нядоўга адпачывае: атрымліваецца рэзкая змена ладу жыцця на кароткі перыяд. І зусім іншая — калі звыклы лад жыцця кардынальна мяняецца надоўга. Гэта можа выклікаць адваротны эфект, і пасля перанасычэння адпачынкам таксама спатрэбіцца... адпачыць, каб увайсці ў звычайны рытм жыцця. Адпачываць трэба ўмець ці хоць бы памятаць пра некаторыя простыя правілы. Якія небяспекі чакаюць нас у адпачынку ў гарачых краінах і на ўласнай дачы, нам расказаў урач-валеолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Леанід МЯЛЕШКА.


pixabay.com

Нязвыклая ежа. У першыя дні адпачынку магчымы праблемы са страваваннем: ад дыярэі і запораў да пякоткі — нават у тых, хто не пакутуе на захворванні страўнікава-кішачнага тракту. Лепш у першыя дні выбіраць у меню звыклае для страўніка. І не захапляцца вострай ежай! Інакш вы рызыкуеце зарабіць язву.

Доўгі сон. Да добрага арганізм прывыкае хутка. І калі ў адпачынку вы спалі па 8—10 гадзін, то пасля вяртання вам будзе цяжка перастроіцца на свае звыклыя 6—7 гадзін сну.

— Знаходзячыся на адпачынку, рэзка не мяняйце рэжым сну. Дайце сабе магчымасць выспацца, але не праводзьце ў ложку па паўдня. А да канца водпуску паступова вяртайцеся да «працоўных» 6—7 гадзін сну, — раіць доктар.

Фізічная актыўнасць. Калі ў звычайным жыцці ваша рухальная актыўнасць зводзіцца да пераадолення некалькіх метраў паміж пад'ездам і аўтамабілем, не варта пачынаць адпачынак з заваявання горных вяршынь, шматгадзінных заплываў або 30-кіламетровых веласіпедных прагулак. Ваш лянівы арганізм можа хутка забаставаць, пратэстуючы супраць падобных здзекаў. Гэта небяспечна і для сэрца. Таму прывучаць арганізм да актыўнага ладу жыцця варта паступова.

Збой біялагічнага гадзінніка пагражае тым, хто пераадольвае 5-10 тысяч кіламетраў і некалькі часавых паясоў. Збой наладак «унутранага будзільніка» можа скончыцца разладам ледзь ці не ўсіх органаў.

— Нашы адаптацыйныя сістэмы вымушаны працаваць з патроенай сілай, спрабуючы прыстасавацца да новых умоў. І чым карацейшы адпачынак, тым цяжэй даводзіцца. Таму пры выбары маршрутаў падарожжаў трэба ўлічваць адаптацыйныя магчымасці арганізма. Яны, дарэчы, звычайна перадаюцца нам у спадчыну, — кажа Леанід Мялешка.

Такім чынам, нават калі ў вас ёсць фінансавая магчымасць правесці адпачынак дзе-небудзь у Бразіліі або Аўстраліі, у вашага арганізма можа не хапіць для гэтага фізічных магчымасцяў. Наступствы збою біялагічнага гадзінніка не заканчваюцца па прыбыцці дадому. Як правіла, чалавек уваходзіць у звыклы рытм яшчэ не адзін тыдзень.

Адпачынак у іншым клімаце можа аказаць моцны ўплыў на здароўе. Гэта звязана з адаптацыяй арганізма да новых кліматычных умоў — акліматызацыяй. Каб яна прайшла паспяхова, а ваш адпачынак аказаўся карысным для здароўя, варта памятаць некалькі правіл.

Акліматызацыя доўжыцца ад пяці да сямі дзён, таму кароткатэрміновыя туры ў месцы з іншымі кліматычнымі ўмовамі — вялікая нагрузка для арганізма. Аптымальнымі для здароўя можна лічыць туры на 21-24 дні пры водпуску 28 дзён, каб пасля вяртання мець у запасе нейкі час для адаптацыі.

Нельга мяняць кліматычныя ўмовы, калі чалавек толькі перахварэў або перанёс аперацыю. Гэта датычыцца любых захворванняў: ад ВРВІ да абвастрэння хранічнага гастрыту. Пры рэзкай змене клімату стан можа прыкметна пагоршыцца.

Не рэкамендуецца адпачынак з рэзкай зменай клімату дзецям да трох гадоў і людзям пасля 45—50 гадоў.

Ёсць шэраг хранічных захворванняў, пры наяўнасці якіх трэба быць асабліва асцярожнымі: сардэчна-сасудзістыя, бронхалёгачныя і алергічныя, а таксама паталогіі апорна-рухальнага апарату і псіхаэмацыянальныя расстройствы. У гэтым выпадку ехаць у месцы з іншым кліматам можна толькі пасля кансультацыі з урачом.

Людзям, якія пакутуюць на хранічныя захворванні, лепш аддаць перавагу аздараўленчым турам, а не пляжнаму адпачынку. У гэтым сэнсе айчынныя курорты — найбольш удалае месца: і клімат карысны, і ўсе ўмовы для таго, каб паправіць здароўе.

Для пацыентаў з кардыязахворваннямі няма дрэннага клімату, але шкодная яго рэзкая змена. Самы спрыяльны варыянт адпачываць у сваёй геаграфічнай паласе або паласе, падобнай па клімаце. Резкая змена клімату сур'ёзна пагаршае работу імуннай сістэмы, што потым выклікае самыя розныя захворванні, асабліва ў дзяцей.

Людзям, якія пакутуюць на гіпертанію з частымі крызамі, ішэмічнай хваробай сэрца, лепш не мяняць клімат. Пацыенты, якія перанеслі інсульт ці інфаркт, на працягу першых двух гадоў павінны адпачываць і праходзіць лячэнне толькі ў межах сваёй мясцовасці.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Мора карысці ці праблем?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.