Здаецца, што ў летні перыяд, калі большасць мінчан з'язджае з горада, работы ў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі павінна быць менш. Удзельнікаў дарожнага руху, сапраўды, не так шмат, але ці аблягчае гэта работу дарожнай міліцыі?! Летам ёсць свае нюансы: на дарогах часцей з'яўляюцца дзеці (многія, на жаль, без суправаджэння дарослых), па праспектах і вуліцах рэгулярна ганяюць матацыклісты, а апошнім часам тут трывала «прапісаліся» яшчэ і самакатчыкі…
Каб на свае вочы пераканацца ў тым, што цяпер у супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі — гарачая пара, карэспандэнты «Звязды» выехалі з імі на дзяжурства. Наша патруляванне адбываецца ў самым вялікім раёне сталіцы — Фрунзенскім. Таму работы аўтаінспектарам хапае.
Не здрадзілі мэце
Разам з камандзірам узвода дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага РУУС сталіцы Арцёмам Басалаем мы едзем па гарадскіх вуліцах. Ніякіх парушэнняў правілаў дарожнага руху пакуль не заўважаем. Ёсць час пазнаёміцца.
Арцём Басалай нарадзіўся ў вёсцы Стайкі Івацэвіцкага раёна. Вясковы хлопец з дзяцінства марыў быць міліцыянерам. Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, ужо будучы дыпламаваным інжынерам лясной гаспадаркі, у чэрвені 2014 года малады чалавек прыйшоў у міліцыю. Паўгадавое навучанне ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў — і Арцём Басалай атрымаў доўгачаканыя лейтэнанцкія пагоны. Ён адразу трапіў у Дзяржаўтаінспекцыю. Пазней ажыццявілася і даўняя задумка — інспектар паспяхова скончыў Акадэмію МУС.
Дарэчы, мала хто ведае, што на выбар прафесіі Арцёма Басалая паўплывала не толькі дзіцячая мара, а і жонка. Таццяна Басалай таксама служыць у міліцыі. Спачатку працавала тут як грамадзянская асоба, потым атэставалася, цяпер яна — прапаршчык міліцыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна больш ні ў якай прафесіі сябе не ўяўляла, таму паступова набліжалася да сваёй мэты. І калі перад мужам стаяў выбар — ісці ў міліцыю ці не — адназначна настаяла на першым, бо і сябе без гэтай прафесіі ўжо не ўяўляла.
Цікавы факт: Арцём і Таццяна — родам з адной вёскі, нават вучыліся ў адным класе. Мала таго, што столькі часу яны заставаліся верныя адно аднаму, ды яшчэ і прафесію выбралі адну на дваіх.
Галоўнае — не дапусціць правапарушэння
Як на ліха (для мяне як рэпарцёра) і на шчасце, на дарогах, па якіх мы едзем з капітанам міліцыі Арцёмам Басалаем, — ціха і спакойна. Камандзір узвода дарожна-патрульнай службы расказвае, што парушэнні правілаў дарожнага руху апошнім часам у асноўным звязаныя з невыкананнем хуткаснага рэжыму кіроўцамі і непрытрымліваннем імі дыстанцыі паміж транспартнымі сродкамі. Пешаходы ж грэбуюць пераходамі, святлафорамі і перасякаюць праезную частку ў непрызначаных для гэтага месцах.
— Многія, і кіроўцы, і пешаходы, думаюць, што задача інспектараў дарожна-патрульнай службы — выключна пакараць удзельнікаў дарожнага руху: ці штрафам, ці больш сур'ёзнай адказнасцю, — гаворыць Арцём Басалай. — Аднак мала хто задумваецца, што ў першую чаргу мы працуем на прафілактыку: наша галоўная задача — не дапусціць правапарушэння.
Не ўсе ведаюць, што калі нешта (несур'ёзнае, вядома!) здараецца ў кіроўцы ці ў пасажыра ўпершыню, праваахоўнікі абмяжоўваюцца папярэджаннем. Безумоўна, гэта фіксуецца, таму разлічваць на рэгулярныя патуранні з боку супрацоўнікаў ДАІ не варта. Папярэджанне даецца для таго, каб чалавек у будучыні не здзяйсняў падобных правапарушэнняў.
На прафілактыку працуюць і шматлікія акцыі, якія рэгулярна праводзяцца Дзяржаўтаінспекцыяй. Тымі днямі, напрыклад, калі мы «дзяжурылі» разам з Арцёмам Басалаем, праходзіла акцыя «Таксі». Супрацоўнікамі ДАІ быў узмоцнены кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху кіроўцамі, якія дзеля свайго заробку выкарыстоўваюць сродкі электрасувязі і інтэрнэт.
— Павышаная ўвага да кіроўцаў дадзеных сэрвісаў звязаная ў першую чаргу з тым, што апошнім часам фіксуецца вялікая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам таксі, — тлумачыць капітан міліцыі. — Яны звязаныя як з праездам на забараняльны сігнал святлафора, так і з грэбаваннем правілаў дарожных знакаў і разметкі. Акрамя таго, пачасціліся выпадкі ўдзелу ў дарожным руху таксістаў у нецвярозым стане.
А тым часам мы спыняемся каля аднаго з аўтамабіляў таксі. Інспектар дарожна-патрульнай службы просіць кіроўцу паказаць дакументы. Праверыўшы іх і адзначыўшы, што ўсё ў парадку, Арцём Басалай нагадвае таксісту аб элементарнай культуры паводзін на дарозе. Пасля прафілактычнай гутаркі мы працягваем сваё дзяжурства.
У любым ДТЗ вінаватыя абодва
Праязджаем каля аднаго з аўтамабіляў, кіроўца якога размаўляе па тэлефоне. Інспектар падае спецыяльны сігнал — жанчына спыняе размову.
— Сучасныя тэхналогіі, у прыватнасці ўсялякія гаджэты, аказалі свой негатыўны ўплыў і на дарожны рух, — адзначае Арцём Басалай. — Якой колькасці аварый можна было б пазбегнуць, калі б кіроўцы аўтамабіляў не карысталіся гаджэтамі за рулём. Прычым гэта датычыцца і пешаходаў, якія не адрываюцца ад сваіх смартфонаў, нават калі пераходзяць дарогу альбо надзенуць навушнікі і ідуць, быццам навокал нікога няма. Аднак не трэба забываць — у любым дарожна-транспартным здарэнні вінаватыя два ўдзельнікі: адзін — больш, другі — менш.
Яшчэ адна праблема, якая найбольш актуальная ў летні перыяд, — дзеці на дарогах. І колькі б інспектары ні прыходзілі ў школы і ні тлумачылі, як сябе паводзіць на праезнай частцы, з году ў год сітуацыя застаецца напружанай. І як паказвае практыка, у дарожна-транспартныя здарэнні дзеці ў асноўным трапляюць тады, калі побач з імі няма бацькоў. Праваахоўнікі лічаць, што прыйшоў час удасканаліць заканадаўства і ў адносінах да веласіпедыстаў, самакатчыкаў, гіраскутарыстаў і тых, хто ездзіць на манаколах — на жаль, яны таксама рэгулярна становяцца ўдзельнікамі ДТЗ.
Тэлефануючы, людзі разлічваюць на дапамогу
Як кіроўцу, мяне зацікавіла, хто часцей становіцца віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння: мужчыны ці жанчыны? «На гендарную прыкмету ўдзельнікаў ДТЗ сёння не варта звяртаць увагі, — лічыць супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі. — З вопыту скажу, што мужчыны-кіроўцы больш манеўраныя ў дарожным руху. Жанчыны ездзяць больш спакойна, аднак у іх менш хуткая рэакцыя».
З апошнім, дарэчы, жонка камандзіра ўзвода дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага РАУС можа паспрачацца. Яна як ніхто ведае, што часам хуткая рэакцыя чалавека можа выратаваць не адно жыццё. Таццяна Басалай працуе ў службе міліцыі 102. Гэта ў тым ліку яе голас мы чуем, калі набіраем адпаведны нумар.
— Калі да нас тэлефануе чалавек, часцей за ўсё ён чакае дапамогі, — гаворыць прапаршчык міліцыі. — Менавіта з аператыўна-дзяжурнай службы ўсё пачынаецца. Ад нашых дзеянняў многае залежыць: сабраўшы ўсю неабходную інфармацыю ад таго, хто патэлефанаваў, мы павінны як мага хутчэй зрэагаваць і максімум на працягу дзвюх хвілін накіраваць звесткі ў тое падраздзяленне міліцыі альбо ў іншыя структуры, у кампетэнцыі якіх дапамагчы чалавеку. А яшчэ важна наладзіць кантакт з тым, хто патэлефанаваў. Часта трэба быць тонкім псіхолагам. Работа ў нас вельмі адказная.
А неадказных людзей у міліцыі, напэўна, не існуе. І тое датычыцца не толькі прафесійных абавязкаў супрацоўнікаў МУС. Як правіла, гэта ў прынцыпе неабыякавыя людзі. Арцём Басалай, напрыклад, — актыўны донар крыві. Яшчэ са студэнцкай лаўкі раз на два месяцы інспектар дарожна-патрульнай службы здае кроў. Між іншым, яму не хапае ўсяго дзвюх кроваздач да звання ганаровага донара.
Вераніка КАНЮТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?