Вы тут

Адходы ў даходы. Пакінуць на звалцы ці перапрацаваць?


Як сведчыць статыстыка, апошнім часам гадавы вываз цвёрдых бытавых адходаў з населеных пунктаў павялічыўся ў два разы. Прычына — кароткі тэрмін выкарыстання бытавых рэчаў з пластыку, поліэтыленавых пакетаў, упакоўкі, тары і іншага. Штогод беларусы спажываюць да чатырох мільярдаў фасовачных пакетаў, 200 мільёнаў адзнак аднаразовага пластыкавага посуду. Ці магчыма выправіць становішча і пры гэтым захаваць камфорт для людзей? Вядома, можна. Неабходна вяртаць адходы ў вытворчасць.


Па інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у Беларусі вымаецца крыху больш за 22 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) з цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). За апошнія гады дадзены паказчык вырас больш чым удвая. Аднак у гэтым кірунку Беларусь адстае ад еўрапейскіх краін. Сярод асноўных прычын — недахоп ліній па выманні другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Але сітуацыя з абаротам адходаў з цягам часу мяняецца да лепшага. Пра гэта сведчыць праект, які ажыццяўляецца на тэрыторыі Пухавіцкага раёна. Ён прадугледжвае стварэнне сучаснага палігона ЦКА еўрапейскага ўзроўню. І рэалізоўваецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) — сума пазыкі 5 мільёнаў еўра, а таксама рэгіянальнага фонду Усходнееўрапейскага партнёрства па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі — сума грантавых сродкаў — 2 мільёны еўра, расказала начальнік аддзела ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінаблвыканкама Кацярына Салаўёва.

Новы рэгіянальны палігон пабудуюць у пасёлку Дружны для патрэб Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Чатыры аб'екты па захаванні ЦКА, якія дзейнічаюць на сённяшні дзень у згаданых рэгіёнах, будуць закрытыя і рэкультываваныя. Яны былі ўзведзены ў 80-90-х гадах мінулага стагоддзя. І, вядома, не адпавядаюць сучасным патрабаванням: з кожным годам колькасць адходаў павялічваецца, пляцоўкі перагружаныя. Акрамя таго, там не прадугледжаны ахоўныя сродкі, якія зніжаюць нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю.

— Мэта праекта — максімальнае выкарыстанне і прыцягненне ў абарот цвёрдых камунальных адходаў, мінімізацыя іх пахавання. Гэта цалкам адпавядае патрабаванням Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальным адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурамі ў Рэспубліцы Беларусь да 2035 года, — лічыць Кацярына Салаўёва.

Аб'ект праектуецца як комплекс розных пляцовак. Тут прадугледжаны як сам палігон цвёрдых бытавых адходаў, так і лінія іх сарціроўкі. З'явіцца і пляцоўка для кампаставання. Такім чынам, адходы будуць перапрацоўвацца цалкам і выкарыстоўвацца паўторна. Пад пахаванне пойдзе толькі тое, што немагчыма перапрацаваць. Будзе таксама ўладкаваны ўчастак для перапрацоўкі будаўнічых адходаў.

На аб'екце створаць належныя ўмовы для работы абслуговага персаналу. Да яго паслуг узвядуць адміністрацыйны будынак з офісамі, памяшканнем для вядзення перагавораў, санвузлом і пакоем для прыняцця ежы.

Ужо прайшлі міжнародныя таргі па выбары падрадчыка для будаўніцтва палігона. Размова вядзецца з патэнцыяльным пераможцам, які прапанаваў найлепшыя ўмовы. Прапрацоўваецца пытанне аб яшчэ большым зніжэнні цаны. У хуткім часе павінны заключыць дагавор. З улікам праектавання тэрмін будаўніцтва аб'екта — паўтара года. Усё ідзе па запланаваным графіку. У 2022 годзе мяркуецца ўвесці яго ў дзеянне.

Палігон размесціцца побач з дзеючай звалкай каля ЦЭЦ-5 і прамысловых прадпрыемстваў. Найбліжэйшая вёска Нізоўка знаходзіцца на адлегласці ў два кіламетры.

Размовы аб будаўніцтве палігона ў Пухавіцкім раёне ішлі даўно. Але ажыццявіць задуму змаглі дзякуючы падпісанню ўказа Прэзідэнта Беларусі аб узвядзенні пляцоўкі і прыцягненні пазыкі.

Для рэалізацыі праекта створана новая юрыдычная асоба — камунальнае ўнітарнае нарыхтоўчае прадпрыемства «ЭкаДругЗаб», якое размясцілася ў пасёлку Дружны.

У рэгіёне плануецца таксама закупка неабходнай тэхнікі і кантэйнераў для змешанага і раздзельнага збору адходаў. У 2019 годзе за кошт сродкаў Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў набыта 3638 кантэйнераў ёмістасцю 120 літраў, якія аддалі домаўладальнікам, што пражываюць у Мар'інай Горцы ў раёне індывідуальнай жылой забудовы. Распрацавана таксама рэгіянальная схема абыходжання з адходамі для Пухавіцкай зоны абслугоўвання. Схема ўхвалена навукова-тэхнічным саветам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Дарэчы, палігон — гэта пілотны праект не толькі для Міншчыны, але і наогул для Беларусі. Дакладныя і строгія стандарты, найноўшая сістэма збору адходаў, якія будуць выкарыстаны тут, дазволяць знізіць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Да 2030 года ў Беларусі мяркуецца пабудаваць 30 аб'ектаў такога тыпу.

А як ставяцца да новага палігона самі жыхары Пухавіцкага раёна, пацікавілася ў сустрэчных.

— Я, вядома, ухваляю ідэю. Думаю, што ў Беларусі павінна быць разгалінаваная сетка такіх палігонаў. Гэта дазволіць захаваць экалогію, здабываць больш другасных матэрыяльных рэсурсаў. Але ў нашых людзей яшчэ вельмі нізкая культура ў плане правільнага збору адходаў, — падзялілася развагамі Анастасія. — У нашым двары стаяць кантэйнеры — асобна для паперы, шкла. Ды жыхары кідаюць туды што заўгодна без разбору. З гэтай нагоды раскажу павучальную гісторыю. У студэнцкія гады падчас летніх канікул мне давялося папрацаваць у адной з еўрапейскіх краін. Мы з сяброўкай здымалі невялікі пакой у гаспадыні. Аднойчы смецце, якое сабралася за тыдзень, а гэта поліэтыленавыя ўпакоўкі, папера, бульбяныя ачысткі, ссыпалі разам і збіраліся выкінуць. Але нашы намеры раскусіла Эліза і прымусіла раскласці кожны від адходаў у асобныя пакеты.

— Сітуацыя са зборам смецця, адходаў у апошнія гады змянілася да лепшага, — лічыць Аляксей. — Ва ўсякім разе, я не бачу тых смярдзючых звалак, што былі раней. Прычым вецер разганяў з іх на дарогу, поле што заўгодна — шматкі паперы, поліэтыленавыя пакеты, упакоўку. А пасярод смецця корпаліся збіральнікі кардону, шкляных бутэлек і іншага. Такія звалкі наогул павінны знікнуць. А на іх месцы трэба, каб з'явіліся цывілізаваныя комплексы з сартавальнымі лініямі, перапрацоўчымі вытворчасцямі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Пухавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.