Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Знешнепалітычная стратэгія Беларусі мае патрэбу ў карэкціроўцы


Знешнепалітычная стратэгія Беларусі мае патрэбу ў карэкціроўцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе, перадае БелТА.


На нараду запрошаны кіраўнікі беларускіх загранустаноў.

«Выбарчая кампанія мінулага года і санкцыйнае цкаванне Беларусі, якое пачалося следам за ёй, наглядна паказалі, што наша знешнепалітычная стратэгія мае патрэбу ў сур’ёзнай карэкціроўцы. Мы павінны дакладна разумець, што адбываецца вакол нас, якое наша месца ў гэтай сістэме каардынат, якая імкліва змяняецца, наколькі мы здольныя хутка і прафесійна адаптавацца, адказваючы на сучасныя выклікі і пагрозы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Выбарчая кампанія мінулага года і санкцыйнае цкаванне Беларусі, якое пачалося следам за ёй, наглядна паказалі, што наша знешнепалітычная стратэгія мае патрэбу ў сур’ёзнай карэкціроўцы. Мы павінны дакладна разумець, што адбываецца вакол нас, якое наша месца ў гэтай імкліва зменлівай сістэме каардынат, наколькі мы здольныя хутка і прафесійна адаптавацца, адказваючы на сучасныя выклікі і пагрозы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У такой сітуацыі дастойны адказ могуць даць толькі прафесійныя і, самае галоўнае, адданыя сваёй справе і краіне кадры, упэўнены Прэзідэнт. Ён нагадаў, што дыпламатычная служба падобная да ваеннай, з тым толькі адрозненнем, што дыпламат змагаецца за інтарэсы Айчыны на далёкіх подступах да яе рубяжоў. «Шмат у чым ад вашых кампетэнцый, мэтанакіраванасці і адданасці справе залежыць, пачнуць гаварыць сапраўдныя гарматы ці не», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка ахарактарызаваў сітуацыю ў сучасным свеце ёмістым словам «вайна»

«Кожныя 3-4 гады мы сустракаемся ў такім фармаце для ацэнкі работы сістэмы органаў дыпламатычнай службы. Як вы разумееце, гэта нарада праходзіць у асаблівых умовах. Тое, што цяпер адбываецца ў сучасным свеце, можна ахарактарызаваць адным ёмістым словам «вайна», — сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што, на шчасце, гэта вайна яшчэ не набыла абрысаў гарачага канфлікту. «Вядзецца ў кабінетах, сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках, у эканоміцы, фінансах. Універсальнага сродку спыніць яе ў чалавецтва на сённяшні дзень няма, як няма і ўніверсальнага сродку ад каранавіруса. Ён стаў адным з трыгераў, справакаваўшы новую хвалю крызісу, абвастрыўшы ўсе існуючыя супярэчнасці ў свеце: пратэкцыянізм, нацыянальны эгаізм, гонку ўзбраенняў, рэваншызм і канфлікты на этнаканфесійнай глебе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь як адкрытая і сучасная краіна адчула на сабе ўсе наступствы сусветнага крызісу. «Апагеем сталі выбарчая кампанія і следам за ёй спробы дэстабілізацыі грамадства і звяржэння ўлады. Як рыхтуюцца і рэалізуюцца такія каляровыя бліцкрыгі, вы добра ведаеце. Без знешняга ўмяшання яны немагчымы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт расказаў, як зрабіць заходнія санкцыі неэфектыўнымі і непрыкметнымі для беларусаў

Задачай нумар адзін для беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой застаецца знешні гандаль.

Прэзідэнт спытаў, наколькі супараўнальныя сродкі, якія расходуюцца на ўтрыманне сістэмы органаў дыпламатычнай службы, з рэальнымі вынікамі іх дзейнасці, галоўным чынам па абароне нацыянальных інтарэсаў.

«Як і раней, для нас задачай нумар адзін застаецца знешні гандаль. Мы невялікая, адкрытая краіна з экспартна арыентаванай эканомікай. Без экспарту мы не выжывем. Няхай вас не палохаюць заходнія так званыя сектаральныя санкцыі. На нашы тавары заўсёды ёсць попыт. Трэба толькі прыкласці крыху больш намаганняў. Прададзім сваю прадукцыю — вырашым пытанне з санкцыямі. Мы сваёй работай павінны зрабіць іх неэфектыўнымі, непрыкметнымі для грамадзян, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны і на гэтым полі, як на вуліцы ў жніўні-верасні, паставіць усіх на месца, хто скоса глядзіць на нашу краіну і бярэцца за эканамічную зброю».

Таму пытанне знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС, а дакладней экспарту беларускай прадукцыі, — прыярытэт з прыярытэтаў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Тым больш, дадаў Прэзідэнт, бізнес за мяжой ужо на ўсю моц заклікае сваіх палітыкаў не прымяняць санкцыі да беларускай сыравіны, паліва, угнаенняў, прадуктаў харчавання, драўніны, паўфабрыкатаў. «Там добра разумеюць, што ў выніку абмежаванні ўдараць і па іх канечнай прадукцыі, і па спажыўцах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.


Усяму свету трэба расказаць праўду пра жахі вайны і генацыд беларускага народа

«Усяму свету трэба расказаць страшную праўду пра жахі вайны, пра генацыд беларускага народа, пра польскую акупацыю ў міжваенны перыяд і іншыя непрыемныя факты, якія мы з-за сваёй прыстойнасці саромеліся прад’явіць. Надышоў час сарваць маскі з усіх акупантаў і калабарантаў. У адрозненне ад іх, мы — нашчадкі вялікіх пераможцаў, якія вярнулі мір народам Еўропы, выратавалі ад знішчэння не адно пакаленне, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Краіны і народы Еўропы нам павінны быць удзячныя за тое, што зрабіла мінулае пакаленне, а не душыць нас санкцыямі».

Прэзідэнт падкрэсліў, што работнікі беларускіх загранустаноў павінны кожны дзень расказваць гэту праўду людзям у краінах сваёй акрэдытацыі, выступаць у сродках масавай інфармацыі, размяшчаць у сацыяльных сетках. «Трэба біць праціўніка яго ж зброяй. Вось толькі на нашым баку праўда і доблесць нашых продкаў. А іх доля — нікчэмныя выкрыкі, шантаж і рэваншызм», — сказаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка патрабуе больш актыўна абараняць эканамічныя інтарэсы Беларусі

«У мэтах абароны сваіх прадпрыемстваў мы павінны больш актыўна выкарыстоўваць механізмы міжнародных арганізацый. Усе, хто намерыцца ануляваць вынікі тэндараў, адмяніць кантракты на закупку айчыннай прадукцыі за мяжой, павінны дакладна разумець, што гэта ім проста так з рук не сыдзе. Трэба больш актыўна ствараць прэцэдэнты, напрацоўваць практыку абароны эканамічных інтарэсаў», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі дастаткова юрыстаў-міжнароднікаў, а прадпрыемствы разам з пасольствамі павінны «змагацца за кожны трактар, грузавік або камбайн, за кожную тону мінеральных угнаенняў»


Дыпламатам — вы сёння байцы за гонар краіны

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку ўрада падрабязна ахарактарызаваць вынікі работы на знешнеэканамічным напрамку, паказаць рэальны ўклад паслоў у развіццё гандлёва-эканамічных адносін з іншымі краінамі, а калі патрэбна, то і прапанаваць кадравыя рашэнні.

«Хопіць трымаць гультаёў, якія расхаджваюць з важным выглядам па прыёмах. Гэта трэба, але гэта самае апошняе ў спісе. Сёння патрэбны дыпламаты-практыкі, спецыялісты сваёй справы, патрыёты, якія не пабаяцца заявіць прэтэнзіі і адстаяць гонар сваёй краіны. Вы сёння байцы, але без зброі», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дыпламатаў успрымаюць як эліту грамадства, але гэта элітарнасць павінна праяўляцца ў выхаванасці, выключнай прыстойнасці і найвышэйшым прафесіяналізме, а не ў высакамернасці і пачуцці перавагі над іншымі людзьмі. «Вы ж абсалютна ўсе самі выхадцы з народа, павінны быць адлюстраваннем яго спрадвечнага патрыятызму, традыцыйных сямейных каштоўнасцей, працавітасці. Павінны гэтаму адпавядаць, а не ісці па шляху маральнага разлажэння і дэградацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Галоўная задача, як на фронце, — выстаяць і перамагчы

«Санкцыі мы павінны, як і была пастаўлена мною задача ўраду, пераадолець без усялякіх праблем. Мы палову вырабляемага прадаём, і гэта не сотні мільярдаў долараў, і рынкі нашы зразумела дзе. На тых рынках супраць нас санкцыі не ўвялі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў некаторых беларускіх прадпрыемстваў з-за санкцый узніклі праблемы з закупкай камплектуючых у Еўропе. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі б у краіне больш актыўна займаліся імпартазамяшчэннем, то такіх праблем можна было пазбегнуць. У прыклад ён прывёў Мінскі аўтамабільны завод, які сумесна з кітайскімі партнёрамі арганізаваў у індустрыяльным парку «Вялікі камень» вытворчасць рухавікоў. «Проста варушыцца трэба», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Якія б ні былі праблемы і складанасці, гэтыя санкцыі не павінны паўплываць на развіццё нашай краіны. Як маем 3,5 працэнта ВУП па паўгоддзі, так павінны вытрымаць і да канца года. Так, вельмі складана, так, цяжка. Галоўная задача, як на фронце, — выстаяць і перамагчы», — заявіў Прэзідэнт.


Лукашэнка — дыпламатам: або вы з народам, краінай, Прэзідэнтам, або такія кадры краіне не патрэбны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што дыпламаты павінны працаваць у інтарэсах народа і краіны. 

«Міністр мяне пастаянна пры назначэнні (я яго запрашаю) запэўнівае, што тут працуюць лепшыя. У мяне тады ўзнікае пытанне: дык няўжо вырашылі адсядзецца некаторыя, пачакаць, пакуль сціхне бура? Відавочна адно: так справа далей не пойдзе. Або вы з народам, краінай, Прэзідэнтам, тварам якога вы з’яўляецеся там і які вас туды накіроўвае. Або такія кадры краіне не патрэбны. Выбачайце ўжо за шчырасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.


«Яны нас душаць, а мы іх будзем абараняць?» — Лукашэнка адказаў на папрокі па тэме барацьбы з нелегальнай міграцыяй

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь за ўласныя грошы праводзіць на граніцы мерапрыемствы па спыненні проціпраўнай дзейнасці, у тым ліку змагаецца з нелегальнай міграцыяй, пастаўкамі наркотыкаў, зброі. У былыя гады фінансаванне на гэтыя мерапрыемствы паступала ў тым ліку з боку Еўрасаюза. «Еўропа павярнулася да нас тварам, мы атрымлівалі нейкае фінансаванне, няхай нязначнае. Дарэчы, своечасова заўсёды разлічваліся з імі. Яны цанілі нас за міралюбнасць. Нават стварылі ў Мінску перагаворную пляцоўку па спыненні вайны на ўсходзе Украіны. І, дарэчы, дзякуючы гэтаму вайна спынілася. Няхай не вырашаны ўсе праблемы, але вайны няма той, калі гінулі тысячы чалавек або сотні», — адзначыў беларускі лідар.

«І раптам нешта здарылася ў мінулым годзе. Ведаеце што. І супраць нас увялі санкцыі і нас папракаюць у тым, што Лукашэнка садзейнічае нелегальнай міграцыі», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў неразуменне, як можна, з аднаго боку, уводзіць у адносінах да Беларусі санкцыі, а з іншага — патрабаваць ад яе абароны на пагранічных рубяжах: «Яны нас душаць, а мы іх будзем абараняць? Слухайце, ці не наіўна гэта? Ужо звар’яцелі да таго, што пачынаюць патрабаваць тое, што наогул не трэба вымаўляць услых».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што рост патокаў мігрантаў у Еўропу ў значнай ступені справакаваны палітыкай шэрага краін ЕС. «Вы іх паклікалі — забяспечце іх усім неабходным, пастаўце іх у роўныя ўмовы са сваім грамадзянамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, значная колькасць мігрантаў едзе ў Еўрасаюз з рэгіёна Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, Афрыкі, і яны выбіраюць розныя маршруты, у тым ліку і праз Беларусь. «Зразумела, павялічылася колькасць міграцыі праз Беларусь. Але няхай палічаць, колькі ідзе праз Украіну і іншыя краіны? Там, праз Міжземнае мора, плывуць і гінуць сотнямі і тысячамі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

«Сёння Беларусь з’яўляецца самай бяспечнай дзяржавай у свеце, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І што? Яны хочуць, каб я цяпер павялічыў у пяць разоў органы пагранічнай службы, пагранічныя войскі і вывеў на граніцу? Плаціць хто будзе за гэта? Ва ўмовах удушэння нашага народа і нашай дзяржавы хто будзе плаціць?»


«Навошта там трымаць кучу дыпламатаў?» — Лукашэнка даручыў звярнуць увагу на дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў самым сур’ёзным чынам падысці да пытання кадравага камплектавання беларускіх дыппрадстаўніцтваў у Еўропе. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе.

«Раман Аляксандравіч і Ігар Пятровіч (прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. — Заўвага БЕЛТА), трэба самым сур’ёзным чынам паглядзець на нашы дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе. Вы, як былы дыпламат (размова пра Рамана Галоўчанку. — Заўвага БЕЛТА), я часта вам аб гэтым гавару, ведаеце гэта не па чутках. Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпламатыя, яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве», — сказаў Прэзідэнт.

«Калі там патрэбны адзін пасол і памочнік, ну пакіньце іх, здыміце ім двухпакаёвую кватэру і няхай працуюць. Пойдзе (развіццё супрацоўніцтва. — Заўвага БЕЛТА) — дабавім. Трэба проста з пункту гледжання жыцця і практыкі да гэтага падысці», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна падступаліся ўжо да пытання аптымізацыі беларускіх загранустаноў, аднак гэты працэс ідзе недастаткова інтэнсіўна: «Чаго мы шчокі надзімаем і спрабуем раздуваць гэтыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы? Нядаўна мы нібыта пачалі гэты працэс, але ён ідзе сяк-так, як быццам яго нехта хоча зацягнуць».

«Сёння як ніколі важна работа там, дзе нас чакаюць, дзе створаны сур’ёзны задзел. Дарэчы, у адрозненне ад сытай і ўтульнай Еўропы, аблудных сярод нашых дыпламатаў у гэтых краінах, на якія мы арыентуемся цяпер, наогул адзінкі. Таму што там людзі заняты сапраўднай справай, паказваюць вынік, а не бегаюць па мітынгах і не посцяцца ў дэструктыўных сацыяльных сетках», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка заклікаў дыпламатаў быць больш актыўнымі і ініцыятыўнымі ў абароне інтарэсаў краіны

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што ў МЗС працуе шмат разумных і талковых людзей і аддача павінна быць адпаведная.

Прэзідэнт прывёў прыклад: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе МЗС засыпаў яго прапановамі па кантактах з ЗША, а таксама Літвой, Латвіяй і шэрагам іншых еўрапейскіх краін. «І нічога з таго, што вы мне падсоўвалі, не спрацавала. Дык што гэта было, дэзынфармацыя? Дзе цяпер вашы напрацоўкі, кантакты, мерапрыемствы па пашырэнні і ўмацаванні іміджу, работа з аналітычнымі інстытутамі? Можа, вас проста выкарыстоўвалі, як у нас у спецслужбах кажуць, усляпую, а вы гэтага нават не зразумелі?» — паставіў пытанні кіраўнік дзяржавы.

«Але, у рэшце рэшт, калі ў Рызе нехта, нягоднік нейкі, дакрануўся да беларускага сцяга і пачаў яго там ірваць, здымаць, ну дык пасол павінен выйсці і публічна з пагрозай, магчыма, для свайго ўласнага жыцця, набіць таму нягодніку морду, па-мужчынску кажучы. А ў нас цішыня. І ў МЗС цішыня, каб вы ведалі (для журналістаў гавару), пакуль Прэзідэнт не тупнуў нагой», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Гэтак жа і па Літве, і па іншых краінах. Дык хіба Прэзідэнт павінен вам указанні даваць, а не вы ўносіць яму патрэбныя прапанову на злобу дня і адпаведныя таму, што ў адносінах да Беларусі робяць нашы суседзі і іншыя?» — дадаў кіраўнік дзяржавы.


«Што ж вы, як нацысты, іх выштурхоўваеце?» — Лукашэнка пра бесчалавечнае абыходжанне з мігрантамі ў Літве

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на стаўленне літоўскага боку да мігрантаў, якіх затрымліваюць пры перасячэнні граніцы, і параўнаў умовы ўтрымання бежанцаў з канцэнтрацыйнымі лагерамі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт расказаў пра інцыдэнт, які гэтымі днямі здарыўся на беларуска-літоўскай граніцы. Пра гэта таксама былі паказаны сюжэты на беларускіх тэлеканалах. Размова пра групу з 26 мігрантаў (пераважна жанчын і дзяцей), якіх прымусова, пагражаючы зброяй, адправілі праз граніцу з літоўскай на беларускую тэрыторыю.

«Адабралі ў іх дакументы, парвалі ў іх на вачах пашпарты і растапталі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Узброеныя. Вывелі іх на беларуска-літоўскую граніцу, паставілі наперадзе, як фашысты (памятаеце, у наступленне бралі мірных жыхароў і пасылалі наперадзе сябе). Вось гэтак яны выстраілі гэтыя 26 чалавек і пагналі праз граніцу, адкрыўшы стральбу паверх галоў. Збілі, цяпер некаторыя ў бальніцы знаходзяцца».

У ліку пацярпелых была нават цяжарная жанчына. «Яна што, гэта жанчына і яе дзеткі, пагрозу ўяўляла Літве і Еўрасаюзу? Не, яна ўцякала ад вайны, якую яны развязалі на Блізкім Усходзе, пачынаючы ад Алжыра і сёння заканчваючы Сірыяй», — эмацыянальна адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што такія дзеянні не могуць заставацца без наступстваў. «Вы ведаеце, што сёння раніцай адбываецца? Як толькі на Блізкім Усходзе, у Іраку і іншых краінах, нават Турцыі, убачылі гэтыя кадры (пра інцыдэнт з групай пацярпелых мігрантаў. — Заўвага БЕЛТА), ужо КДБ і МУС па маім даручэнні працуюць, каб не дапусціць сюды людзей са зброяй, яны рвуцца сюды са зброяй. „Навошта пакрыўдзілі цяжарную жанчыну?“ — адно пытанне ў іх. І вы ведаеце, гэта радыкальныя мусульмане», — сказаў беларускі лідар.

«І яны што, разлічваюць, што я буду трымаць тут на граніцы ўзброеных гэтых іракцаў, курдаў і іншых? Не думайце, я іх тут трымаць не буду. Я вас папярэджваю сумленна і адкрыта. Таму, перш чым рабіць нейкія крокі, думайце, хто вам процістаіць», — дадаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што прычынай росту патокаў мігрантаў у еўрапейскія краіны сталі ваенныя дзеянні ў шэрагу рэгіёнаў. «Яны знішчылі Муамара Кадафі, Садама Хусейна. Я быў у гэтых краінах. Гэта былі багатыя дзяржавы, якія нармальна развіваліся. Своеасаблівыя, як і ўсе іншыя дзяржавы. Разбілі Блізкі Усход, вайна да гэтага часу ідзе ў Лівіі і Сірыі. Знішчылі Ірак — багацейшую краіну. У імя чаго? Дэмакратыю прынеслі пад крылом знішчальнікаў? Ніякай дэмакратыі. Распатрашылі Афганістан і вывелі войскі. Што там адбываецца — ведаеце. І людзі ўцякаюць ад вайны, ратуючы сваіх дзетак, каб недзе атрымаць кавалак хлеба і накарміць іх. Вы ж іх туды паклікалі, што ж вы, як нацысты, цяпер іх выштурхоўваеце адтуль?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што патокі нелегальных мігрантаў прадоўжаць прыбываць у Еўропу: «Тое, што людзі туды хлынулі, — гэта толькі пачатак. Я ўжо вам сёння сказаў: далей туды пойдуць людзі ўзброеныя, каб абараніць вось такіх вось пакрыўджаных людзей». І ў такім выпадку наступствы, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, могуць быць вельмі сур’ёзнымі. «Калі такі чалавек, які прайшоў праз вайну, туды трапіць са зброяй, не факт, што ён будзе абараняць толькі цяжарных жанчын, якія хлынулі з Блізкага Усходу і Афганістана. Вы ведаеце, што там будзе адбывацца. Мы гэта бачым на прыкладзе заходніх дзяржаў, і бачым, як яны на гэта рэагуюць», — сказаў беларускі лідар.

«Вось іх твар — агідны, фашысцкі, нацысцкі твар. Яны заўсёды былі такімі, паглядзіце гісторыю. Нават не кожнае стагоддзе, а кожныя паўстагоддзя яны падкідвалі праблемы — то адну вайну, то іншую. Няўжо мне вас трэба пераконваць у тым, што беларусы — людзі святыя. Яны ніколі не навязвалі праблем сваім суседзям і нават не суседзям. Мы, калі і ваявалі, то толькі за сваё, калі да нас прыходзілі з мячом», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Лукашэнка: са здраднікамі цырымоніцца не будзем

«Гавару вам па-мужчынску: са здраднікамі цырымоніцца не будзем, зрабіце для сябе высновы, хто яшчэ, заблудзіўшыся, ходзіць па „лесе“. Усе, хто не апраўдаў высокае званне дыпламата, пазбаўлены адпаведных рангаў. Так будзе і ў далейшым. Жорстка, але справядліва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны раз пры новых назначэннях у дыпламатычную сферу яго пераконваюць, што тут працуюць лепшыя. «У мяне тады ўзнікае пытанне: дык няўжо вырашылі адседзецца некаторыя, пачакаць, пакуль сціхне бура? Відавочна адно: так справа далей не пойдзе. Або вы з народам, краінай, Прэзідэнтам, тварам якога вы з’яўляецеся там і які вас туды накіроўвае. Або такія кадры краіне не патрэбны. Прабачце ўжо за адкрытасць, — сказаў ён. — Прыйдуць іншыя людзі, для якіх словы „Айчына“ і „Незалежнасць“ не пусты гук. Ведаю, што многія дыпламаты, мякка кажучы, паплылі, паддаліся істэрыі, што нагнятаецца ў Telegram-каналах і замежных СМІ. Дарэчы, такіх шараханняў, як у органах дыпламатычнай службы, не было ні ў адным іншым ведамстве».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя кіраўнікі загранустаноў пусцілі на самацёк сітуацыю ў сваіх калектывах і адкрыта перайшлі на бок мяцежнікаў: «Такія прыклады вам добра вядомы. Былыя паслы ў Аргенціне (Астапенка), Іспаніі (Пуставой), Славакіі (Ляшчэня), Латвіі (Марковіч), былыя кіраўнікі загранустаноў у Швейцарыі (Мацукевіч), Дубаі (Бондараў). Я ўжо не гавару пра Латушку, які з 21 года свайго дыпламатычнага стажу 17 гадоў правёў за мяжой. Нагадаю, што МЗС да апошняга цягнула яго на новую работу за мяжой. Цікава, на каго б ён там працаваў, калі б апынуўся?»

З іншага боку, ёсць і тыя, хто, як адзначыў Прэзідэнт, па-сапраўднаму, па-мужчынску выступілі ў абарону сваёй краіны, давалі каментарыі замежным СМІ, дапамагалі беларусам у вяртанні на радзіму. «Гэта паслы ў Расіі (Сямашка), Украіне (Сокал), Індыі (Ржавускі), Інданезіі (Калеснік), Егіпце (Цярэнцьеў) і шэраг іншых», — пералічыў Прэзідэнт.

«Шмат нашых дыпламатаў палічылі за лепшае не высоўвацца, перачакаць „непагоду“ ў цішы ўтульных кабінетаў. Папярэджваю вас: не атрымаецца», — дадаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён даручыў прэм’ер-міністру, кіраўніку Адміністрацыі і міністру замежных спраў прадметна прааналізаваць пытанні кадравага складу беларускай дыпламатычнай службы.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.