Вы тут

Беларусы на Алімпіядзе: Хто паедзе і на якія спаборніцтвы. Што кажуць трэнеры?


Феномен Алімпійскіх гульняў як спаборніцтваў заключаюцца ў тым, што кожныя чатыры гады людзі, якія зусім не цікавяцца спортам, чытаюць спартыўныя навіны. За ўсе гады свайго існавання чалавецтва не прыдумала больш знакавай і грандыёзнай падзеі. Сёлета з улікам усяго, што адбываецца ў свеце, інтарэс да Алімпіяды большы, чым звычайна. Бадай, ні пра адны Гульні не казалі столькі, як пра гэтыя. Але галоўнай тэмай і вядучым інфападставай застаюцца спартсмены. «Звязда» распытала трэнераў і прадстаўнікоў спартыўных федэрацый, як да Алімпійскіх гульняў падыходзяць беларусы.


Лёгкая атлетыка (30 ліпеня — 8 жніўня)

Прадстаўніцтва «каралевы спорту» — самае вялікае ў беларускай алімпійскай камандзе. На старты Токіа выйдуць 34 беларусы, якія выступяць у 22 дысцыплінах з 47 відаў лёгкай атлетыкі. Пачынаючы з Алімпіяды 2000 года, за выключэннем 2012-га, з кожнай алімпійскай сталіцы беларусы вярталіся з медалямі. У інтэрв'ю «Звяздзе» галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Юрый Майсевіч адзначаў, што лёгкаатлетычная барацьба ў Токіа будзе ісці ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Разам з тым, беларусы разлічваюць выйсці ў фінал па васьмі-дзесяці відах.

«У лёгкай атлетыцы ёсць такое правіла, калі хочаш заваяваць медаль у пэўным відзе, трэба мець тры чалавекі, на гэта здольныя. У нашай камандзе 34 атлеты, і трэцяя частка спартсменаў можа змагацца за фінал. Гэта якраз восем-дзесяць відаў. І будзе добра, калі ў іх тое атрымаецца. А што будзе ў саміх фіналах — паглядзім. Не будем дражніць Фартуну».


Веславанне на байдарках каноэ (25 ліпеня — 7 жніўня)

На Алімпійскіх гульнях — 1960 у Рыме беларусы ўпершыню падняліся на найвышэйшую прыступку алімпійскага п'едэстала. Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка перамаглі ў гонцы каноэ-двойкі на 1000 метраў. Пасля былі перамогі Уладзіміра Парфяновіча, Дзмітрыя Даўгалёнка, Аляксея Абалмасава, Андрэя і Аляксандра Багдановічаў, Артура Літвінчука, Вадзіма Махнёва, Рамана Петрушэнкі. Дзякуючы ім веславанне на байдарках і каноэ стала своеасаблівым спартыўным брэндам Беларусі. Сёлета ў алімпійскую сталіцу едуць 12 беларускіх спартсменаў. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантаровіч расказаў, як яго вучні падыходзяць да алімпіяды: «Ёсць мабілізацыя весляра, але на алімпіядзе павінна быць мабілізацыя воіна. Супраць ветру плывеш, бакавы вецер — для воіна гэта павінна быць абыякава. Я настройваў каманду менавіта так. Любое спаборнцітва, якое завяршае алімпійскі цыкл, гэта самае сур'ёзнае выпрабаванне. Можна выйграць пяць чэмпіянатаў свету, але выйграць Алімпіяду не заўсёды ўсім даступна. І раз на чатыры гады трэба праявіць моцную мабілізацыю. Алімпійскія гульні — гэта падвядзенне вынікаў развіцця віду спорту ў краіне, гэта нават падвядзенне вынікаў эканамічнага развіцця краіны».


Сучаснае пяціборства (5 — 7 жніўня)

Гэты від спорту — сапраўдны серыял. Героі розных узростаў з розных краін за адзін дзень выходзяць на арэну для фехтавання і стадыён для бегу, плаваюць у басейне, страляюць па мішэнях і пераадольваюць перашкоды на кані. З 2016 года з беларускай нацыянальнай камандай працуе трэнер з сусветным імем — польскі спецыяліст Вальдэмар Дарыуш дэ Макай. Ён вывеў беларускую каманду ў лідары сусветнага пяціборства. Цяпер каманда падрыхтавала алімпійскі сезон спартыўнага серыяла.

«Для мяне гэта ўжо сёмыя Алімпійскія гульні з пятай краінай. З беларусамі гэта першая Алімпіяда. Усе думаюць, што Алімпійскія гульні — гэта асаблівыя спаборніцтвы, так яно і ёсць. Але на самай справе гэта такі ж турнір, як і ўсе. Аднак тут ва ўсіх зусім іншыя жаданні. Можна выйграць дзесяць чэмпіянатаў свету, але калі няма алімпійскага медаля, адчуванні іншыя. А калі ёсць хоць бы «бронза», то адразу ў гісторыю ўваходзіш. У нас было мала міжнародных стартаў. Нядаўнія чэмпіянаты свету і Еўропы сталі добрай праверкай сіл, і ў нас там добра ўсё атрымалася, вынікі пайшлі ўверх. Спадзяёмся, што і ў Токіа будзе гэтак жа», — падзяліўся трэнер.


Дзюдо (24 — 31 ліпеня)

Адзін з прынцыпаў дадзенага віду спорту — узаемныя дапамога і разуменне для дасягнення большага прагрэсу. Менавіта гэтым кіруюцца беларускія спартсмены. Яны разам пераадольваюць цяжкасці, сябруюць, падтрымліваюць адзін аднаго. А ў цэнтры дружнай спартыўнай сям'і — трэнер нацыянальнай зборнай па дзюдо Леанід Свірыд, якому старшыня федэрацыі Павел Ясяноўскі жадае захоўваць спакой на Алімпійскіх гульнях у Токіа.

«Мы прайшлі вялікі шлях, усе ідуць да сваёй мэты, яна ў нас адна. Зразумела, мы яе не агучваем, бо ўсе і так разумеюць. Тыя задачы, якія ставіліся перад спартсменамі, яны выкананы — нашы дзюдаісты на Алімпійскіх гульнях. Быў складаны адбор, тры гады, шмат згонак вагі, шмат траўмаў, шмат псіхаэмацыянальных стрэсаў, але нашы атлеты ўсё пераадолелі», — адзначыў ён.


Плаванне (24 ліпеня — 5 жніўня)

Плаванне — адзін з самых медаляёмістых відаў спорту. Галоўны старт у Токіа не павінен стаць выключэннем, тым больш што з японскай сталіцай беларускія плыўцы добра знаёмыя. У 2019 годзе на этапе Кубка свету беларусы сабралі там россып медалёў.

«Галоўнае, каб атрымалася ўсё, да чаго мы доўга ішлі і імкнуліся. Усе абмежаванні, звязаныя з каранавірусам, на баявы дух спартсменаў не паўплываюць, мы ўжо выступалі ў падобных умовах. Але яны могуць паўплываць на фізічны стан, спартсмены будуць пастаянна дыхаць у маску, а потым выходзіць на старт. А правільнае дыханне — вельмі важнае для плыўцоў. Ускладніць сітуацыю і павышаныя вільготнасць Токіа. Але мы ўжо там выступалі. І спадзяюся, што ўсё будзе добра», — адзначыла старйшы трэнер нацыянальнай каманды па плаванні Алена Малюска.


Барацьба (1—7 жніўня)

Доўгі час увесь беларускі спорт асацыіраваўся з імем барца — трохразовым алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Мядзведзем. Сучасныя беларускія барцы ад сваіх папярэднікаў не адстаюць. У Токіа едзе моцны ва ўсіх сэнсах барцоўскі дэсант. Як адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, спартсмены хоць і маладыя, але вопытныя, паспелі прайсці агонь, ваду і медныя трубы: «Яны ведаюць, куды едуць. У нас атрымаўся добры сезон, заваявалі шмат медалёў. Але не той хлеб, што на полі, і я спадзяюся, што і пасля Алімпіяды змагу сказаць тое ж самае. Кожны спартсмен, які б ён ні быў знакаміты, хвалюецца перад Алімпіядай. Трэба быць абыякавым чалавекам, каб выходзіць на такі адказны старт без эмоцый. У нашай камандзе ва ўсіх халодная галава. І я думаю, яны разумеюць адказнасць старту. Будзе нялёгка. Але ўсе ў такіх умовах. Усё наша жыццё — барацьба, і прыходзіцца змагацца на дыване і па-за ім», — сказаў ён.


Тэніс  (24 ліпеня — 1 жніўня)

Алімпійскія спаборніцтвы па тэнісе пройдуць на пакрыцці корта — «хардзе», на якім у беларусаў атрымліваецца паказваць добрыя вынікі. Такая акалічнасць дадае аптымізму аматарам, бо пакрыццё ў тэнісе мае значэнне. Але не меншае значэнне маюць надвор'е, псіхалагічная настроенасць і яшчэ шэраг умоў.

«Спецыфіка нашага віду спорту тым добрая, што ў нас пастаянная змена клімату, кантынентаў, часавых паясоў. Тэнісісты з юніёрскага ўзросту да гэтага прывыкаюць. Прыкладна 80 % нашых турніраў праходзіць у гарачым клімаце, у спякоце. І Токіа не надта выдзяляецца. Праблем з акліматызацыяй быць не павінна. Усе спарстмены, якія едуць на Алімпійскія гульні, едуць туды па медалі. У жаночай сетцы заяўлены ўсе з топ-20. І не трэба рабіць прагнозаў, а трэба толькі верыць, спадзявацца і ўсёй краінай падтрымліваць. Многае на Алімпіядзе вырашае псіхалогія. Выступаць, калі ты адказваеш толькі за сябе — гэта адно, а выступаць за краіну — гэта зусім іншае», — адзначыла Таццяна Пучак, старшы трэнер жаночай нацыянальнай каманды.

Дзмітрый Жырмонт, старйшы трэнер мужчынскай нацыянальнай каманды, канстатаваў, што мужчынская частка тэніснай каманды вельмі заматываваная перад выступленнем у Токіа. «Яны гараць гэтай Алімпіядай. Пападанне на Алімпійскія гульні і выступленне за зборную — гэта вялікі крок для Ільі Івашкі і Ягора Герасімава. Яны моцна матываваныя і хочуць паказаць вынік», — заўважыў ён.


Спартыўная гімнастыка (24 ліпеня — 3 жніўня)

Планавалася, што ў Токіа будзе выступаць Настасся Алістратава. Але праблемы са здароўем у апошні момант унеслі свае карэктывы ў планы спартсменкі. Першай запасной гімнасткай па рэйтынгу была Ганна Траўкова, якая і адпраўляецца ў японскую сталіцу.

«Ганна — вельмі добрасумленная, прыстойная, адказная дзяўчынка. У мяне як у трэнера няма да яе ніякіх прэтэнзій. Для яе вялікі гонар прадстаўляць краіну, горад, школу на Алімпійскіх гульнях. Зразумела, нам складана. У нас амаль не было часу на падрыхтоўку непасрэдна да Алімпійскіх гульняў. Ганна цяпер робіць усё магчымае, каб добра выступіць. Вельмі складана, што няма каманды. Мы няўдала прылятаем у Токіа. Будзем выступаць у дні, калі яшчэ будзе праходзіць акліматызацыя. Трэба было ляцець або на тры дні раней, або на тры дні пазней, а так выступленне трапляе на самыя цяжкія дні. Але будзем старацца выходзіць з гэтага становішча», — падзялілася трэнер Ганны Траўковай Вольга Кныш.


Стральба (24 ліпеня — 2 жніўня)

Патэнцыйна заваяваць алімпійскія ліцэнзіі ў вышэй згаданым відзе спорту маглі ўсе беларускія спартсмены. Трэнерскі штаб разлічваў на кожнага снайпера. Але ў Токіа едуць толькі тры беларусы — Вікторыя Чайка, Марыя Мартынава і Юрый Шчэрбацэвіч, вядучыя стралкі краіны. «Мы разлічвалі заваяваць пабольш ліцэнзій. Але спорт ёсць спорт, і ў моладзі пакуль не атрымалася праявіць сябе ў поўнай меры. Значыць, ім яшчэ рана», — адзначыў Ігар Басінскі, галоўны трэнер каманды. Выступленні па кулявой стральбе праходзяць на адкрытым паветры, таму японскае надвор'е таксама ўскладніць выступленні стралкоў. Да таго ж выступаць яны будуць у новым ціры, спецыяльна пабудаваным да Гульняў. «На месцы будзем арыентавацца, як нам сябе паводзіць, якую стратэгію прымяняць. У нас будзе некалькі дзён, каб патрэніравацца, і чатырох трэніровак нам у прынцыпе павінна хапіць», — упэўнены Ігар Басінскі.


Парусны спорт (25 ліпеня — 4 жніўня)

Прадстаўнікам паруснага спорту з Токіа пашанцавала больш, чым іншым. Як расказаў старшыня беларускай федэрацыі па гэтым відзе Алег Сполан, у 2019 годзе ў японскай сталіцы, у алімпійскай акваторыі, праходзіла перадалімпійская рэгата. Там жа і ў тым жа годзе на чэмпіянаце свету Таццяна Драздоўская заваявала ліцэнзію на Гульні. Да таго ж парусны спорт як ніякі іншы звыклы да спякоты і няпростага клімату. Але не ўсё так добра, як хацелася б.

«Мы хацелі заваяваць тры ліцэнзіі. Але ў адным відзе спартсмен захварэў на каранавірус і не паспеў аднавіцца да адбору на алімпіяду. Не атрымалася і ў яшчэ аднаго экіпажа — спартсмена прызвалі ў армію. Але мы верым у Таццяну і Мікіту. Алімпійскія гульні — заўсёды непрадказальная падзея. І бывае, што прыязджаюць маладыя, рашучыя спартсмены, яны не ведаюць страху і адразу перамагаюць. А бывае, што выйграць дапамагае вопыт», — выказаўся на гэты конт Алег Сполан.


Сінхроннае плаванне (2 жніўня — 7 жніўня)

У лістападзе 2020 года ў інтэрв'ю «Звяздзе» галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па сінхронным плаванні Алена Святлічная галоўнай мэтай для сябе і сваіх вучаніц называла адбор на Алімпійскія гульні ў Токіа. У чэрвені 2021 года мэта спартыўнага дуэта і іх трэнера стала рэальнасцю.

«У мяне, як і ў дзяўчат, гэта першая Алімпіяда. І я як трэнер, вельмі хвалююся. Вядома, з-за масачнага рэжыму могуць узнікнуць праблемы з дыханнем. Але ў нас і на адборы былі такія ж абмежаванні, і таму мы ўжо прызвычаіліся і будзем адаптавацца. На жаль, не паспеем як след акліматызавацца. Мы прыязджаем за пяць дзён да старту, а трэба хоць бы за дзесяць. Правесці збор у нас няма фінансавання, таму будзем спраўляцца сваімі сіламі», — перадае Алена Святлічная.


Мастацкая гімнастыка (6 — 8 жніўня)

У лістападзе ў інтэрв'ю «Звяздзе» старйшы трэнер нацыянальнай зборнай, суддзя, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2012 года Любоў Чаркашына адзначала, што ў апошнія гады мастацкая гімнастыка вельмі змянілася. І ад гэтага выступленні спарстменак становяцца больш цікавыя і для спецыялістаў, і для аматараў.

«Выступленне на Алімпійскіх гульнях судзіцца па асабістым мнагаборстве, таму трэба выканаць максімум ва ўсіх практыкаваннях. Але калі паглядзець міжнародныя спаборніцтвы, у нашых адзіночніц больш за ўсё медалёў з мячом. Самая складаная заўсёды стужка — то яна мокрая, то завязваецца, то ляціць не туды... Сучасная гімнастыка моцна амаладзілася. І спартсменкі ў 16-19 гадоў вельмі смелыя, па-добраму самаўпэўненыя. Яны не баяцца рабіць тое, што раней здавалася немагчымым», — акрэсліла сітуацыю яна.


Веласпорт (24 ліпеня — 8 жніўня)

Алімпійская каманда Беларусі па веласіпедным спорце — гэта людзі, якія прайшлі складаныя спартыўныя выпрабаванні. Ім пакараліся самыя цяжкія трасы і самыя адказныя спаборніцтвы. І гэта невыпадкова, бо працуюць са спартсменамі людзі, якія выдатна ведаюць, як прыручыць жалезнага двухколавага каня. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай — адзін з самых тытулаваных велагоншчыкаў Беларусі Васіль Кірыенка. А старшыня федэрацыі веласпорту — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў Наталля Цылінская.

«Настрой у каманды баявы, і гэта натуральна. На Алімпійскіх гульнях не можа быць іншага настрою. Складанасці будуць ва ўсіх, і ўсе гэта разумеюць. Цяжкасці існуюць для таго, каб іх пераадольваць, і нас яны не спыняць. Лепш за ўсё — менш думаць аб усялякіх складанасцях. Трэба проста выконваць сваю работу, якую ты кожны дзень выконваеш добра, а інакш ты б проста тут не быў», — адзначыла Наталля Цылінская. Для вопытнай спартсменкі гэта першая Алімпіяда, дзе яна выступае ў ролі кіраўніка федэрацыі: «Маючы вопыт іншых спаборніцтваў, скажу, што ўдзельнічаць у іх у ролі кіраўніка эмацыянальна складана. Калі ты спартсмен, ты адказваеш толькі за сябе. А калі ты кіраўнік, то ты адказваеш за іх усіх, перажываеш і верыш у іх. І гэта нялёгка, але вельмі прыемна».


Акадэмічнае веславанне (23 — 30 ліпеня)

Алімпійскія гульні ў Токіа павінны былі стаць сёмымі ў кар'еры легенды беларускага і сусветнага акадэмічнага веславання Кацярыны Карстэн. Аднак летам 2019 года «Кацярына Вялікая» завяршыла кар'еру. Традыцыі, закладзеныя легендарнай спартсменкай, у Токіа будуць працягваць прадстаўнікі новага пакалення «акадэмікаў». Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Юрый Рыдаёнаў упэўнены, што ў іх гэта атрымаецца.

«Я думаю, што псіхалагічна спартсмены гатовыя да ўсіх непрыемнасцяў і цяжкасцяў, якія могуць іх чакаць у Токіа. І статыстамі яны на гэтай Алімпіядзе не будуць — гэта 100 працэнтаў. Будуць змагацца за самыя высокія месцы, якія ставяць сваёй мэтай», — адзначыў ён.

Складанасці дабаўляе і тое, што весляры не апрабавалі алімпійскія аб'екты. Але, як адзначыў трэнер зборнай, у 2019 годзе падчас чэмпіянату свету сярод юнакоў тое зрабілі беларускія спецыялісты. «Інфармацыя з першых вуснаў у нас ёсць. Але гэта было да ковіду, што будзе цяпер, вельмі складана прадказаць. Я думаю, сёння ніхто не ведае, што будзе заўтра...», — заўважыў Юрый Радыёнаў.


Бокс (24 ліпеня — 8 жніўня)

Самымі паспяховымі для беларускага бокса выдаліся Алімпійскія гульні 2004 года. Тады сярэбраныя медалі заваявалі Віктар Зуеў і Магамед Арыпгаджыеў. Цяпер прыйшоў час мяняць «безмедальныя» традыцыі. Дзеля гэтага ў Токіа едзе беларускі дэсант, які цвёрда ведае, што ад яго патрабуецца.

«Мы прайшлі вельмі вялікі шлях для таго, каб трапіць на Алімпійскія гульні і з улікам ковідных абмежаванняў і спыненнем ды адменай кваліфікацыйных тураў. І пры гэтым нам удалося заваяваць чатыры алімпійскія ліцэнзіі. Гэта найлепшы вынік за тры апошнія алімпійскія цыклы. Да Алімпіяды хлопцы рыхтаваліся на зборы ва Уладзівастоку, які па клімаце і часавых паясах адпавядае Токіа, каб прыехаць у Японію ў максімальнай форме. Настрой баявы, энергічны, таму што ва ўсіх стаіць вельмі важная задача — заваяваць алімпійскі медаль. Як бы гэта іранічна ні гучала ад баксёраў, будзем біцца за медаль да апошняга», — упэўнены выканаўчы дырэктар федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі.


Цяжкая атлетыка (24 ліпеня — 4 жніўня)

Нягледзячы на «цяжкасць» гэтага віду спорту, беларусам не прывыкаць заваёўваць медалі Алімпійскіх гульняў і іншых міжнародных турніраў. Нават насуперак шматлікім допінгавым скандалам, праз якія алімпійскую квоту для Беларусі значна скарацілі. Не перашкодзіць тое беларусам і ў Токіа, перакананы Валянцін Кароткін, галоўны трэнер зборнай Беларусі.

«Ва ўсіх пазітыўны настрой. Вядома, усе абмежаванні і строгія меры трохі напружваюць. Але мы будзем старацца трымацца адзін аднаго. Так настройваемся, як гэта будзе на месцы — паглядзім. Але мы і на базе, і на іншых спаборніцтвах ужо прывыклі да такіх умоў. Псіхалагічны ціск на спаборніцтвах заўсёды ёсць, але ж трэба выступаць», — сказаў ён.


Стральба з лука  (23 ліпеня — 31 ліпеня)

Дадзены від спорту — адзін з самых старажытных, узрост некаторых выяў людзей з лукам большы за 7 тысяч гадоў. Сёння стральба з лука лічыцца самым бяспечным спортам — траўмы атрымлівае адзін спартсмен з 2000. На Алімпійскіх гульнях Беларусь прадставяць тры спартсменкі на чале з галоўным трэнерам Кацярынай Цімафеевай.

«На жаль, у нас мала часу на акліматызацыю. Мы прасіліся на збор у Японію, але японцы нам адмовілі. Наша надвор'е гэтым летам таксама не самае простае, і мы ўжо трэніраваліся ў гарачых умовах. Думаю, што і ў Токіа справімся.

Калі б у нас была мужчынская ліцэнзія, мы б больш радаваліся. Тады мы мелі б магчымасць выставіць каманду ў міксце. А так усё ляжа на жаночыя плечы», — расказала яна.


Конны спорт  (24 ліпеня — 7 жніўня)

Ён выступае як сімвал цеснай сувязі чалавека і прыроды. Застацца раўнадушнымі да моцных, грацыёзных «спартсменаў» з глыбокімі вачыма і шаўкавістай грывай, якія нясуць на сабе вершнікаў і выконваюць прыгожыя трукі, амаль немагчыма. Як паведамляе афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі коннага спорту, гарачыя ўмовы надвор'я, якія ўстанавіліся ў Беларусі апошнія два тыдні, унеслі пэўныя карэктывы ў падрыхтоўку нашых алімпійцаў і іх чатырохногіх партнёраў. Разам з тым, згаданая акалічнасць дала магчымасць праверыць, як спартыўныя пары пераносяць павышаныя нагрузкі пры тэмпературы амаль як у Токіа. Акрамя таго, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Ратамцы, дзе праходзіў цэнтралізаваны збор, ёсць унікальная магчымасць дадаць да стандартных трэніровак плаванне для коней у якасці рэабілітацыйнага мерапрыемства.


Скачкі на батуце (30—31 ліпеня)

На мінулых Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа беларус Уладзіслаў Ганчароў стварыў сенсацыю, выйграўшы «золата». Да яго выступлення абсалютнымі лідарамі лічыліся кітайскія спартсмены. Скокнуць вышэй галавы і зрабіць немагчымае беларусы пастараюцца і ў Токіа. А як іначай?

«Настрой баявы, хлопцы гатовыя. Вядома, абмежаванні, звязаныя з ковідам, сваю лепту ўнясуць, але мы ўжо прывыклі да такіх умоў. І будзем спаборнічаць, рабіць усё, што ад нас залежыць», — паведаміла галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Вольга Уласава.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: І з каранавірусам можна спаборнічаць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.