Вы тут

Алімпійскія першынцы. Якім выдаўся дэбют новых алімпійскіх відаў


Кожны прызёр, чэмпіён Алімпійскіх гульняў увайшоў у гісторыю сваёй краіны, свайго віду спорту, алімпійскую гісторыю. Але ёсць тыя, каму гэта ўдалося крыху больш. На Алімпійскіх гульнях у Токіа ўпершыню былі прадстаўлены пяць відаў. І людзі, якія сталі першымі алімпійскімі чэмпіёнамі ў сваім відзе — назаўсёды першыя і менавіта з іх пачынаецца новая гісторыя. 


Фота: championat.com

Навічкамі ў алімпійскай сям’і сёлета сталі скейтборд, сёрфінг, скалалазанне, каратэ і баскетбол 3 на 3. Беларусы пакуль не паспелі кваліфікавацца на галоўныя старты ў гэтых відах. Але сачыць за тым, як пішацца гісторыя заўсёды цікава. Расказваем, хто ў Токіа стаў першымі сярод першых.

Скейтборд

Уключаючы гэты від спорту ў алімпійскую праграму, Міжнародны алімпійскі камітэт ставіў сабе мэтай прыцягнуць увагу моладзі да Гульняў і алімпійскага руху. Узрост новых алімпійскіх чэмпіёнаў паказвае, што гэта мэта стала рэальнай. У мужчынскіх спаборніцтвах чэмпіёнам стаў японец Юто Хорыгоме. Яму 22 гады, што для алімпійскіх спаборніцтваў нармальна. Але сенсацыя атрымалася ў жаночых спаборніцтвах, дакладней, дзвявочых. 

Алімпійскай чэмпіёнцы па скетбордзінгу ў дысцыпліне «стрыт» японцы Момідзо Нісія — 13 гадоў. Яна стала самым маладым алімпійскім чэмпіёнам у Японіі. Але сусветны рэкорд не пабіла. Момідза Нісія заваявала сваё золата ў 13 гадоў 330 дзён (30 жніўня ёй споўніцца 14). Рэкардсменка амерыканка Марджоры Гэстрынг заваявала алімпійскае золата ў скачках у ваду ва ўзросце 13 гадоў 286 дзён. Гэты рэкорд быў усталяваны на Алімпійскіх гульнях 1936 году. Сярэбранаму прызёру Райсе Ліл з Бразіліі таксама 13 гадоў. Калі б ёй крыху больш пашанцавала ў фінале, яна б стала самай маладой алімпійскай чэмпійнкай у гісторыі, на момант фіналу ёй было 13 гадоў і 203 дні. Райса Ліл — лідар сусветнага рэйтынгу. А свій першы медаль чэмпіянату свету 2019 году яна ўзяла ва ўзросце 11 гадоў. Бронзавы прызёр японка Фуна Накаяма — самая «старая» на гэтым п’едэстале, ёй 16 гадоў. І яна сціпла ўваходзіць у топ-10 сусветнага рэйтынгу. 

У дысцыпліне «парк» гэтая тэндэнцыя не надта змянліася. Самым дарослым з прызёраў тут стаў сярэбраны прызёр Педро Баррос з Бразіліі, яму 26 гадоў. Чэмпіёну амерыканцу Кігэну Палмеру — 18 гадоў, бронзаваму прызёру амерыканцу Коры Джуно — 22 гады. У жаночых спаборніцтвах «золата» заваявала 19-гадовая японка Сакура Ёсодзумі. «Серабро» ў яе 12-гадовай суайчынніцы Какора Хіракі. «Бронзу» заваявала 13-гадовая спартсменка з Вялікабрытаніі Скай Браун, адна з самых вядомых скейтбардзістак у свеце. У восем гадоў яна ўжо ўдзельнічала ў дарослых спаборніцтвах і першай выканала найбольш складаныя элементы. Год таму на трэніроўцы яна не разлічыла траекторыю і ўпала на бетон з вышыні 4,5 метры і атрымала пералом чэрапа і рукі. Дактары цудам выратавалі дзяўчынцы жыццё. А ўсяго праз два месяцы яна вярнулася на дошку. 

Сёрфінг

«Водны брат» скейтборда — сёрфінг — цяпер таксама алімпійскі від спорту. Першапачаткова японцы планавалі пабудаваць басейн са штучнай хваляй, але вырашылі праводзіць спаборніцтвы ў натуральнай акваторыі — на пляжы Цурыгасакі. Сказаць, прагадалі яны ці — цяжка. Складаныя ўмовы, выкліканыя трапічным штормам прымусілі спартсменаў змагацца не толькі з сапернікамі, але і з навакольным асяроддзем. 

У мужчынскім фінале 27-гадовы бразілец Італо Феррэйра зламаў дошку, хутка яе заменіў і... усіх перамог. Другое месца заняў японец Каноа Ігасары. Трэцім стаў аўстраліец Оуэн Райт, які ў 2015 атрымаў моцную чэрапна-мазгавую траўму і з тых пор носіць шлем, каб не пацярпець ад удару прыбоя. 

Алімпійская чэмпіёнка амерыканка Карысса Мур спаймала шэсць хваляў, што і прынесла ёй першае месца. Другое месца ў Бьяні Буйтэндаг. На трэцім — Амуро Цузукі. 

Склалазанне

У гэтых спаборніцтвах спартсмены змагаліся ў шматбор’і, якое ўключала ў сябе лазанне на хуткасць, лазанне на цяжкасць, калі трэба пераадолець трасу на 18-метровай сцяне, затраціўшы часу менш, чым сапернік. Самая цікавая дысцыпліна — «боўлдэрынг», якая прадугледжвае пераадоленне каскаду замыславатых трас без страхоўкі на адвесным скаладроме цяжкай канфігурацыі. Па выніках мужчынскага шматбор’я першым алімпійскім чэмпіёнам па скалазанні стаў 18-гадовы іспанец Альберто Хінес Лопес. Другое месца ў амерыканца Натаніэля Коўлмана. Трэцяе месца ў 30-гадовага аўстрыйскага спартсмена Якоба Шуберта. 
У жаночых спаборніцтвах лепшай стала славенская спартсменка Янья Гарнбрэт. «Серабро» заваявала японка Міхо Нанака, а «бронзу» — яе суйчынніца Акіо Нагуці. 

Каратэ

Сімвалічна, што каратэ ўвайшоў у алімпійскую сям’ю менавіта на японскіх Гульнях. Свой пачатак гэтае баявое мастацтва бярэ менавіта з краіны ўзыходзячага сонца. Узнагароды ў гэтых відах спорту разыгрываліся ў двух віда. Ката — паказальнае выступленне, падчас якога спартсмены становяцца ў стойкі, дэманструюць удары, блокі і іншыя элементы. Камітэ — непасрэдна паядынкі. 

Баскетбол 3 на 3

Тут казаць пра новы від спорту будзе некарэктна. Баскетбол 3 на 3 усё ж такі дысцыпліна класічнага баскетболу, але якая паспела стаць самадастатковай гульнёў са сваімі лідарамі і пулам аматараў. На Алімпійскіх гульнях у Токіа акрамя спаборніцтваў па баскетболе, прайшлі і спаборніцтвы па баскетболе 3 на 3. Ад класічнага баскетбола гэтая дысцыпліна адрозніцваецца колькасцю ігракоў і зонай гульні, якая раўняецца палове класічнай баскетбольнай пляцоўцы. 

У фінале гэтых спаборніцтваў разгарнулася сапраўдная драма, з расійскімі спартсменамі ў галоўных ролях. Сярод жаночых каманд за званне лепшай змагаліся амерыканкі і расіянкі. Перамога з вынікам 20:16 дасталася зборнай ЗША. Але расійскае серабро ў гэтым выпадку ніхто не расцаніў як пройгрыш. У сусветным рэйтынгу амерыканская каманда — на першай пазіцыі, расійская — на шостым. 

У мужчынскіх спаборніцтвах за «золата» змагаліся каманды Расіі і Латвіі. Расіяне не вельмі паспяхова стартанулі з пятага месца ў шрупавм этапе. Але ў чвэрцьфінале разабраліся з камандай Нідэрландаў. А ў паўфінале выбілі з барацьбы яўных фаварытаў — каманду Сербіі. У фінале мацнейшымі аказаліся латыші, але вынік 18:21 выглядае вельмі дастойна. 

На наступных Алімпійскіх гульнях у Парыжы ўпершыню будуць прадстаўлены брэйк-данс. Магчыма, што на французскіх Гульнях у алімпійскую сям’ю ўвайдзе самба. Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту вядзе на гэты конт перамовы з Міжнародным алімпійскім камітэтам. Алімпійская сям’я расце і гэта не можа не радаваць.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.