Вы тут

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»


У ста кіламетрах ад Мінска на беразе ракі Бярэзіна, утульна размясціўся зялёны гарадок з такой жа назвай — Беразіно. Першае ўпамінанне аб ім у пісьмовых крыніцах датуецца 1501 годам. Але дакладных гістарычных звестках аб узнікненні мястэчка няма, ды спецыялісты лічаць, што паселішча з'явілася як гандлёвы цэнтр на шляху «з вараг у грэкі».


У сярэдзіне XVІ стагоддзя Беразіно належала аднаму з самых магутных і вядомых радоў Вялікага Княства Літоўскага — Сапегам, з 1671-га — польскім магнатам Тышкевічам, а з 1856-га — Патоцкім.

На гербе Беразіно — побач з выявай радавога знака дынастыі Сапегаў і ракі Беразіны — галінка зялёнага дуба з жалудамі, якая сімвалізуе сілу, багацце і прыгажосць навакольных лясоў.

З 17 ліпеня 1924 года Беразіно становіцца цэнтрам раёна ў Барысаўскай акрузе, а з 1927-га — у Мінскай акрузе. З 15 лютага 1938-га гэта цэнтр раёна ў складзе Магілёўскай вобласці. З 27 верасня гэтага ж года Беразіно атрымала статус гарадскога пасёлка.

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беразіно ў верасні 1944-га зноў становіцца цэнтрам раёна ў складзе Мінскай вобласці. У 1962 годзе быў скасаваны і ўвайшоў у склад Чэрвеньскага раёна. У пачатку 1965  быў адноўлены і ў 1968 пераўтвораны ў горад.

Сёння гэта прамысловы, сельскагаспадарчы, культурны цэнтр.

Сярод яго ўстаноў — Цэнтр традыцыйнай культуры ў аграгарадку Любушаны, шэсць калектываў раённага Дома культуры носяць званне «народны». Самы старэйшы з іх — ансамбль народнай песні «Лявоніха». У 2004 годзе 100-гадовы юбілей адсвяткавала цэнтральная раённая бібліятэка. У 2011-м абрад «Цягнуць каляду на дуба» ў вёсцы Новіны быў прыняты пад абарону дзяржавы — яму быў прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

У раёне праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў — культурных, спартыўных, сацыяльных.


Створым музей разам

Бярэзінскі раён адзіны ў краіне, дзе няма гісторыка-краязнаўчага музея. З 2013 года ў раёне працуе рабочая група па стварэнні музейнай установы. За гэты час удалося сабраць больш за чатыры тысячы экспанатаў.

Шмат каштоўных рэчаў нясуць у будучы музей жыхары горада і раёна. Яны захаваліся ад продкаў. Гэта посцілкі ручной работы, вышываныя ручнікі, хусткі, спадніцы, прадметы быту. Часам унікальныя рэчы знаходзяць спадчыннікі пры зносе дамоў: радыёлы, патэфоны, тэлефоны, настольныя і падвясныя газавая лямпы, дарожныя чамаданы, рэпрадуктары.

Шмат экспанатаў прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Гэта асабістыя ўзнагароды салдат, іх рэчы, дакументы, пісьмы, фотаздымкі. Акрамя таго, у фондах будучага музея захоўваецца такі цікавы экспанат, як пашпарт Марыі Рамановіч — партызанкі, разведчыцы, падрыўніка, якая пускала пад адхон варожыя эшэлоны. Адважная партызанка пасля чарговай аперацыі разам з таварышамі па зброі спынілася ў лесе. Фашысты, якія кінуліся ў пагоню, выйшлі на іх след. Дзяўчыну паранілі, яна змагалася да апошняга. А затым пусціла пулю сабе ў сэрца. У яе гонар названа адна з вуліц Беразіно.

Прыжыццёвыя зборнікі твораў Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна перайшлі будучаму музею ад знакамітага фізіка, прафесара, Героя Сацыялістычнай працы Мікалая Барысевіча. Усе яны былі падараваныя Мікалаю Аляксандравічу аўтарамі.

А вось і другое выданне паэмы Якуба Коласа «Сымон музыка». На ім надпіс: «Дарагім Марыі і Янку Бабіновічам на добрую памяць ад Якуба Коласа 17.VІІ.1928». Іван Бабіновіч (псеўданім Янка Цвік) — ураджэнец Бярэзінскага раёна, пісьменнік. У доме Бабіновіча таксама часта гасцявалі Максім Гарэцкі, Янка Купала.

Сярод экспанатаў фонда ёсць і адзін магутны экземпляр у прамым сэнсе слова, які важыць больш за 130 кілаграмаў. Гэта 55-томнае выданне работ Уладзіміра Леніна.

Паўдзельнічаў у стварэнні музея і вядомы мастак Віктар Колас. Ён нарадзіўся ў вёсцы Барсукі Бярэзінскага раёна. Жыве ў горадзе Чыкага Злучаных Штатаў Амерыкі, але не забывае малую радзіму. Ён падараваў будучаму музею некалькі карцін з пейзажамі тых мясцін, дзе прайшло яго дзяцінства.


Лыжкавая сталіца Беларусі

Беразіно лічыцца лыжкавай сталіцай Беларусі. Менавіта ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў знаходзіцца адзіны ў Беларусі пакой-музей драўлянай лыжкі.

Рэстаўрацыя скульптур, што ў двары цэнтра рамёстваў, да пятага рэгіянальнага конкурсу «Бярэзінскія лыжкары».

— Чаму менавіта лыжка стала брэндам горада? — пацікавілася ў кіраўніка народнага клуба майстроў Цэнтра рамёстваў Іны Хвашчэўскай.

Іна Валянцінаўна растлумачыла, што ў свой час на Міншчыне была запушчана праграма па аднаўленні традыцыйных рамёстваў. Кожны раён вобласці браўся за адраджэнне нейкага рамяства. Бярэзінскі спыніўся на драўлянай лыжцы, паколькі тут захавалі сакрэт дадзенага майстэрства.

Раз на два гады ў раёне праходзіць рэгіянальны конкурс па вырабе драўлянай лыжкі «Бярэзінскія лыжкары». Сёлета 7 жніўня ён стартуе ў пяты раз. Удзел у мерапрыемстве пацвердзілі Клецкі, Стаўбцоўскі раёны, Дом культуры чыгуначнікаў Мінска, Цэнтр дзіцячай творчасці сталіцы, каледж Агінскага з Маладзечна.

На працягу трох конкурсных гадзін рэзчыкі па дрэве вырабляюць лыжку. Конкурс прадугледжвае 10 намінацый. Ацэньвае работы журы на чале з доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, старшынёй грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці» Яўгенам Сахутам. Усе вырабленыя лыжкі застаюцца ў музеі.

— Так што экспанаты папаўняюцца кожныя два гады за кошт конкурсных работ, а таксама сваю лепту ў пашырэнне экспазіцыі ўносяць і майстры нашага раёна, — кажа Іна Валянцінаўна.

У музеі на сённяшні дзень налічваецца больш як 300 экзэмпляраў лыжак. Самая вялікая з іх, вырабленая майстрам Цэнтра Яўгенам Осіпавым, вышынёй каля трох метраў, з выявай герба Беразіно. Яўгенам Паўлавічам створана таксама калекцыя лыжак з 25 відаў дрэў, якія растуць у Бярэзінскім раёне. На кожнай з іх — падказка, з якой пароды яна зроблена — гронкі з лісточкамі, кветкамі, ягадамі. Калекцыя разам з майстрам пабывала на выстаўцы ў кітайскім Чунцыне ў 2018 годзе.

Яўген Осіпавіч — аўтар 23-метровай лыжкі, якая ўпрыгожана выявай міфалагічнага насельніка балот Цмока. Яна размясцілася ў двары Цэнтра рамёстваў. Унікальная драўляная скульптура адзначана дыпломам Бярэзінскага райвыканкама як «Праект года — 2016», а майстар узнагароджаны Ганаровай граматай.

Ну а самая маленькая лыжка — крыху большая за сантыметр, выразана на рэгіянальным конкурсе майстрам са Стоўбцаў.

Кожная лыжка мае сэнсавую нагрузку. Напрыклад, лыжка-вожык — для тых, хто марыць аб тонкай таліі. Нашы продкі, калі наядаліся, заўсёды лыжку аблізвалі. А гэтую не абліжаш, бо на ёй дзве тысячы зубачыстак.

А наогул традыцыйная беларуская лыжка — ліпавая, як яе называюць, дзедава, бо ліпа — самы падатлівы матэрыял.

Раней было шмат лыжкароў, нават сярод дзяцей, паколькі лыжкі часта ламаліся. Цяжка паверыць, што калісьці кожны член сям'і насіў з сабой лыжку — за халявай ботаў, у футляры, за пазухай. Інакш застанешся галодны і цябе нідзе не пакормяць. Ёсць нават гісторыя пра тое, як сын пайшоў у войска і забыў ўзяць з сабой лыжку. Маці шукала розныя варыянты і ўсё ж перадала яму гэты жыццёва важны прадмет.


Агні рампы

З 1997 года вядзе свой адлік Мінскі абласны фестываль аматарскіх тэатраў «Бярэзінская рампа», які праводзіцца раз на два гады. Яго арганізатары — Бярэзінскі райвыканкам і Бярэзінскі раённы цэнтр культуры. Традыцыйна фестываль стартуе ў лістападзе. Але сёлета ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй мерапрыемства перанеслі на 27-28 сакавіка. І замест трох дзён дванаццаты па ліку фестываль працягваўся два дні.

Сімвал абласнога фестывалю аматарскіх тэатраў «Бярэзінская рампа».

Старт мерапрыемству далі гаспадары сцэны, якія паказалі спектакль па п'есе Аляксандра Вампілава «Старэйшы сын». Акцёры прадэманстравалі добрае выступленне, шчырасць, прыгожую рэжысуру, сцэнаграфію. Перад глядацкай аўдыторыяй яны паставілі адвечныя жыццёвыя пытанні, якія спрабуе разгадаць чалавецтва. Выканаўчае майстэрства бярэзінцаў ацаніла і кампетэнтнае журы на чале з заслужаным артыстам Беларусі, дэканам тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімірам Мішчанчуком. У выніку ім быў прысуджаны Гран-пры. Пастаноўшчык спектакля Мікалай Пытляк атрымаў дыплом «За найлепшую рэжысёрскую работу». А акцёр Дзмітрый Маскалькоў адзначаны за найлепшае выкананне галоўнай ролі. Дарэчы, не ўпершыню.

У фестывалі бралі ўдзел тэатр Палаца культуры ААТ «БЕЛАЗ», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны драматычны тэатр «Відарыс» з Барысава, народны тэатр Вілейскага палаца культуры.

У завяршэнне Мінскі абласны драматычны тэатр, які быў запрошаны ў якасці госця, паказаў гледачу драму Івана Балабка «Вакзал на траіх».

Члены журы адзначылі, што аматарскім тэатрам Міншчыны, якія былі прадстаўлены на «Бярэзінскай рампе», уласцівы высокі ўзровень пастановачна-рэжысёрскай работы, акцёрскага выканання, адказны выбар рэпертуару.


Як ураджэнец беларускага мястэчка зрабіў магчымай рэвалюцыю

Калі б не Беразіно, то, магчыма, у 1917 годзе не адбылася б Кастрычніцкая рэвалюцыя. 27 жніўня 1867 года ў яўрэйскай сям'і рамесніка Лазара Гельфанда нарадзіўся сын Ізраіль. Сям'я жыла бедна, у звычайным драўляным доме, які стаяў на левым беразе ракі.

Зімой 1869 года ў мястэчку адбыўся вялікі пажар. У выніку яго згарэлі практычна ўсе драўляныя пабудовы, у тым ліку і хата Гельфандаў. Не стала дзе жыць, не было сродкаў для існавання. І сям'я вымушана была пераехаць на радзіму бацькі ў Адэсу. Гаспадар уладкаваўся партавым грузчыкам. У 1886 у Адэсе Ізя Гельфанд скончыў гімназію (на той час ён змяніў імя і стаў Сашай Гельфандам). Затым пераехаў у Швейцарыю, паступіў у Базельскі ўніверсітэт. У студэнцкія гады пазнаёміўся з сацыялістамі і ўзяў прозвішча Парвус (Аляксандр Львовіч Парвус).

Пачынаючы з 1906-га ён жыў за межамі Расіі — у Германі, Швейцарыі, затым — Турцыі, дзе назапасіў вялікі капітал за кошт ваенных паставак. Пасля Першай сусветнай вайны Парвус стаў пасрэднікам паміж Уладзімірам Леніным, германскім урадам і ваеннымі коламі. Пры падтрымцы Парвуса Леніну і яго паплечнікам былі выдзеленыя агромністыя крэдыты золатам «на рэвалюцыю». За садзейнічанне Парвус атрымаў адкат. Менавіта ён дапамог бальшавікам на чале з Леніным, Троцкім у апламбіраваным вагоне прыехаць са Швейцарыі ў Петраград. А затым была рэвалюцыя, пра якую так марылі бальшавікі, а ажыццявіць яе дапамог ураджэнец беларускага мястэчка.


Сэрца культурнага жыцця Беразіно — цэнтральная раённая бібліятэка

У Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы вісіць «літаратурная карта». На ёй адзначаны ўсе мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю паэтаў, празаікаў, журналістаў. Хтосьці тут нарадзіўся і працягвае работу дагэтуль, нехта ў свой час з'ехаў з малой радзімы ў іншыя населеныя пункты, за межы Беларусі, а некаторыя даўно пайшлі ў іншы свет. Але кожнага са слынных творцаў помняць, шануюць, ладзяць у іх гонар розныя мерапрыемствы, імпрэзы. Словам, літаратурнаму жыццю Бярэзінскага раёна аддаецца шмат увагі.

Загадчыца аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч.

— У канцы мінулага года наведвальнікаў парадавалі экспазіцыяй «Літаратурнае сузор'е Бярэзіншчыны», якую зладзілі супрацоўнікі бібліятэкі і Цэнтра культуры. Яны змаглі азнаёміцца з партрэтнай галерэяй больш як 20 літаратараў, карэнных і тых, каго жыццёвы і творчы лёс звязаў з бярэзінскай зямлёй. А пазнаёміць падрабязна з іх жыццём і творчым шляхам дазволіла арт-прэзентацыя «Партрэты загаварылі: малавядомае пра вядомых» у межах акцыі «Культурная субота», дзе работнікі культуры, бібліятэкары расказалі моладзі пра суайчынні каў шчыра, па-зямляцку, — распавяла загадчыца аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. — Напрыклад, вёска Сяліба вырасціла чатырох пісьменнікаў. Гэта інтэрнацыянальная вёска, дзе налічваецца сем нацыянальнасцяў. У 1920-я гады там дзейнічаў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам венгерскага пісьменніка Матэ Залка.

Жыхарка Сялібы Праскоўя Віліткевіч падчас Вялікай Айчыннай вайны выхадзіла Міхаіла Хонінава. Гэта легендарны партызанскі камандзір, якога называлі Міхаіл Чорны, ваяваў на Смаленшчыне, у Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Беразіно, у яго гонар названа адна з вуліц райцэнтра. Міхаіл Хонінаў — калмыцкі паэт, празаік, драматург, перакладчык вершаў Янкі Купалы на калмыцкую мову. Артыст Калмыцкага драматычнага тэатра, першы дыктар Калмыцкага радыё, член Саюза пісьменнікаў СССР, кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў. Міхаіл Хонінаў — аўтар 36 кніг прозы і паэзіі. Сярод іх раман «Помніш зямля смаленская...», дакументальных аповесцяў «Міша Чорны — гэта я!», «Змаганне працягваецца», паэтычных зборнікаў «Гімн чалавеку», «Да апошняй атакі» і іншых. Ён таксама пісаў кнігі для дзяцей.

У Сялібе ў 1914 годзе ў сялянскай сям'і нарадзіўся яшчэ адзін слынны творца — Рыгор Няхай. У 1935-м скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум, працаваў у Калодзішчах, што непадалёку ад сталіцы, настаўнікам. Завочна вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута. У 1939 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў ва Украіне. Разам з будучым паэтам Пятром Прыходзькам выпускаў літаратурную старонку на беларускай мове ў дывізіённай газеце, бо па месцы службы было шмат беларусаў. Рыгор Няхай пасля вайны працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

— У Рыгора Няхая прасочваецца аналогія з лёсам і жыццём Васіля Быкава. Яго ў Беразіно так і называюць — «наш Быкаў», — кажа Тамара Круталевіч. — Пісьменнік, франтавік, ардэнаносец, лейтэнант. Абодвух выпадкова залічылі ў спіс загінулых. Падчас хвіліны памяці беларускіх літаратараў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай, на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі ў канцы 1945 года прагучала імя Рыгора Няхая. У адказ раздаўся голас: «А я тут». Усе азірнуліся, у дзвярах стаяў афіцэр-артылерыст у старэнькім шынялі. Ён застаўся жывы, каб расказаць у сваіх творах праўду аб вайне. Пражыў 77 гадоў, ніколі не звяртаўся да ўрачоў, казаў: «Не страшна, што часам баліць сэрца. Яно таму і сэрца, каб адгукацца на праявы жыцця».

Якуб Герцовіч карыстаўся псеўданімам Сялібскі, у франтавой журналістыцы кантактаваў з вядомым савецкім паэтам Аляксеем Сурковым, — працягвае Тамара Мікалаеўна. Міхась Скрыпка — аўтар 30 п'ес і камедый, меў лірычнае прозвішча, але драматычны лёс. Круглы сірата, выжыў у полымі Лютаўскай, Кастрычніцкай рэвалюцый, Грамадзянскай вайны. Толькі ў 19 гадоў закончыў сямігодку. Падпольшчык, вязень фашысцкага канцлагера, з якога ўцёк з трэцяй спробы. Зведаў сталінскія рэпрэсіі, яму было забаронена пражываць у 39 гарадах Савецкага Саюза. Тыя ж рэпрэсіі зведаў і Янка Туміловіч з вёскі Сяліба (па некаторых звестках, з суседняй вёскі Жаліна). Ён быў асуджаны на сем гадоў, памёр у турэмнай бальніцы. Вершы маладога таленавітага паэта ў асноўным страчаныя. Яўген Курто з вёскі Рачыборак пападарожнічаў па Каўказе, Крыме. Але самы ўзнёслы гімн адрасаваў малой радзіме — «Свет мой, Бярэзань».

Супрацоўніца бібліятэкі паказвае літаратурную карту раёна.

Жыхар вёскі Паплавы Рыгор Ігнаценка, настаўнік музыкі і спеваў мясцовай школы напісаў 12 кніг для дзяцей. Яго апавяданні ўключаны ў анталогіі і зборнікі, у тым ліку — буквар. Ён часта браў паляўнічую стрэльбу, нібыта ішоў на паляванне. Але яго не цікавіла забойства жывёл. У лесе ён прысаджваўся на пянёк, назіраў за жыццём яго насельнікаў, прыродай. І пісаў замалёўкі. У Рыгора Ігнаценкі вельмі цікавы лёс. Сірата, выхаванец дзіцячага дома, быў эвакуіраваны і ўсыноўлены армянскай сям'ёй, яму нават далі іншае імя. Але хлопца цягнула на Радзіму. З далёкага Каўказа ён дабраўся да Беларусі, дзе і застаўся.

Яўген Хвалей з вёскі Новая Калюжыца напісаў раман-эсэ «Серабрыстыя таполі» . Гэта даніна памяці і пашаны знакамітаму земляку Валенцію Ваньковічу, мастаку, які стаяў у адным шэрагу з такімі асобамі як Рэпін, стварыў партрэты Напалеона, Міцкевіча, Пушкіна. У вёсцы быў маёнтак Ваньковічаў. Тут бацька Валенція пасадзіў у гонар свайго першынца таполі. Частка 200-гадовых дрэў расце і да гэтага часу.

Уладзімір Несцяровіч з вёскі Карбаўское — журналіст, аўтар пяці кніг і 500 карцін. Ён пасля школы ўладкаваўся токарам на завод. А пасля паступіў у мастацкае вучылішча, вытрымаўшы конкурс 18 чалавек на месца. Яго запрашалі ў Тэатр юнага гледача, але той вярнуўся на малую радзіму.

Былы супрацоўнік бярэзінскай раённай газеты «Сцяг Леніна» Валерый Самахвалаў напісаў яркую аповесць « Волахаўская кладка», жыве ў Літве.

Ураджэнец раёна Янка Цвік (Іван Бабіновіч) у 1920—1930-я гады мінулага стагоддзя вучыў беларускай мове дзяцей, якія перасяліліся з бацькамі з Сібіры. Ён сустракаўся з Максімам Гарэцкім, Кузьмой Чорным, Якуб Колас падарыў яму кнігу — выданне паэмы «Сымон-музыка» з асабістым аўтографам.


Імідж-візітоўка бібліятэкі

Статус: галоўная бібліятэчная ўстанова горада раённага прызначэння Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Карыстальнікі бібліятэчных паслуг: кожны трэці жыхар горада, 2,5 тысячы чытачоў, 1,5 тысячы наведвальнікаў масавых мерапрыемстваў, 8-10 тысяч віртуальных наведвальнікаў у год.

Дзелавыя партнёры: раённыя цэнтры культуры, рамёстваў, школа мастацтваў, арганізацыі грамадскіх аб'яднанняў ветэранаў, БРСМ, БСЖ, рэдакцыя раённай газеты, ідэалагічныя службы прадпрыемстваў і арганізацый, рабочая група па стварэнні гістарычна-краязнаўчага музея.

Узнагароды: 5-разовы дыпламант рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», пераможца абласных конкурсаў «Творчы Алімп Міншчыны», «Майстар Мінскай вобласці», «Прафесіяналізм і наватарства — шлях да поспеху», «Сэрцам да подзвігу дакрануцца».

Прыярытэты: праектная і выдавецкая дзейнасць, пошукава-асветніцкае краязнаўства, сувязь са СМІ.

Творчае амплуа: рэалізатар 15 доўгатэрміновых інавацыйна-творчых праектаў, у тым ліку пяці — краязнаўчага характару.


Кніжны чамадан і лекторый на колах

Каб любіць свой горад і раён, ганарыцца імі, трэба перш за ўсё ведаць аб мінулым продкаў, іх быце, традыцыях, гісторыі роднага краю, жыцці і творчасці знакамітых людзей. Без гэтага няма будучыні. А будучыня за адказнымі, сумленнымі, духоўна багатымі людзьмі, патрыётамі малой радзімы. Гэта добра разумеюць супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Беразіно, якія рэалізоўваюць шматлікія праекты для розных катэгорый грамадзян: моладзі, дзяцей, людзей сталага ўзросту, інвалідаў.

«Сеансы кнігатэрапіі» ладзяцца для пацыентаў тэрапеўтычнага аддзялення Цэнтральнай раённай бальніцы, інвалідаў і іх сваякоў, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, адзінокіх і пажылых. Апавяданні аптымістычнага гучання з гумарыстычнымі сюжэтамі, станоўчым псіхалагічным уплывам, псіхалагічнай напоўненасцю становяцца літаратурнай базай такіх сеансаў.

«Вулічны тэатр у публічным месцы» дазваляе адразу ўбачыць і пачуць твор, прываблівае гледача сваёй шчырасцю, займальнасцю відовішча.

Запамінальная акцыя «Кніжны вакзал», прымеркаваная да 90-годдзя пуску аўтобуса па маршруце Мінск-Беразіно. У яе межах тэатр аднаго акцёра прадставіў гісторыі «з дарожнага чамадана». Усім жадаючым раздалі часопісы.

«Краязнаўчы лекторый на колах» дапамагае спазнаваць гісторыю свайго краю. Ён уяўляе сябе аўтападарожжа па памятных мясцінах, звязаных з гістарычнымі падзеямі, вядомымі людзьмі.

Напрыклад, вёска Багушэвічы звязаная з паўстаннем Каліноўскага. 30 чалавек з мястэчка сабраліся са зброяй, каб узяць удзел у паўстанні. Дадзеная сцэна адлюстравана ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

«Арт-гасцёўня» збірае прыхільнікаў прыгожага пісьменства, прадстаўляе хвалюючую галерэю твораў землякоў.

Галерэя «Партрэты загаварылі» дазваляе ажывіць выявы творцаў праз апавяданне малавядомых фактаў: «Знаёмыя незнаёмцы», «Знакавы твор», «Кніга-фаварыт», «Дэбют».

Акцыі «Прачытай залпам» праходзяць з раздачай упаковак соку з замацаванымі на іх тэкстамі кароткіх (дэбютных) апавяданняў землякоў, надрукаваных у штотыднёвіку «ЛіМ», раённай газеце.

Штогод лраводзяцца тыдні (месячнікі) літаратурнага краязнаўства «Літаратура з правінцыяльнай прапіскай», акцыя гонару «Вядомы пісьменнік жыве сярод нас», «Яго імя носіць вуліца горада», літаратурны вернісаж гумару «І з перцам, і з сэрцам» ды шмат іншых пазнавальных, павучальных мерапрыемстваў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.