Вы тут

Як пазбегнуць непажаданага суседства з джаланоснымі насякомымі і што рабіць, калі вас усё ж укусілі?


Яшчэ адна праблема гэтага гарачага лета — восы і шэршні. І колькі людзей і папярэджваюць, як паводзіць сябе каля іх гнёздаў і чаго нельга рабіць, калі на цябе ляціць небяспечны рой, усё роўна некаторыя становяцца ахвярамі насякомых. Для некаторых гэтыя ўкусы становяцца нават смяротнымі...


Невыпадкова штогод у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях звяртаюцца з просьбамі дапамагчы знішчыць джаланосных насякомых і іх гнёзды. Толькі ратавальнікам Мінскага рэгіёна з пачатку года паступіла больш чым 180 такіх просьбаў-паведамленняў.

Выявіць і ліквідаваць

Адзін з апошніх выпадкаў адбыўся ў Пухавіцкім раёне. Па дапамогу ў МНС звярнулася сям'я з вёскі Залессе. У хаце знаходзіліся жанчыны і трое дзяцей. Яны баяліся выйсці на вуліцу, бо вакол трохпавярховага асабняка лятала шмат шэршняў. Ратавальнікі, якія аператыўна адрэагавалі на інфармацыю, выявілі гняздо насякомых, пасля чаго знішчылі яго. Пацярпелых, на шчасце, не было.

А ў вёсцы Гурноўшчына, што ў Клецкім раёне, днямі, наадварот, жыхары не змаглі трапіць у сваю хату — рой восаў перашкаджаў бабулі з унучкай зайсці ў дом. Гняздо насякомых ліквідавалі ратавальнікі, якія прыбылі на выклік.

Супрацоўнікі МНС згадваюць леташні выпадак, калі ў адным з дамоў незвычайнай планіроўкі каля аграгарадка Волма пад дахам завяліся восы, памер гнёздаў якіх дасягаў метра-паўтара. Дарэчы, у сітуацыях, калі насякомыя пагражаюць жыццю і здароўю людзей, ратавальнікі дапамагаюць бязвыплатна. Гэта актуальна і тады, калі званок паступіў з дашкольных устаноў, дамоў састарэлых і інвалідаў, бальніц, школ, пазашкольных і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў. Калі ж камусьці здаецца, што яго «атакавалі» насякомыя, а насамрэч прамой пагрозы жыццю і здароўю няма, то трэба тэлефанаваць па нумарах 101 або 112 — у службе раскажуць, як знішчыць гняздо самастойна.

Як падрыхтавацца да магчымай сустрэчы з вусатымі-паласатымі»?

Спецыялісты сцвярджаюць, што часта для свайго пражывання джаланосныя насякомыя выбіраюць чалавечае жыллё. Цяпло, вялікая колькасць цёмных месцаў, наяўнасць ежы — якое яшчэ месца можа быць больш выгодным для пражывання? Аднак людзям з такімі «суседзямі» можна толькі паспачуваць: восы і шэршні настолькі заўзята абараняюць свае гнёзды, што гатовыя атакаваць любога, хто паспрабуе да іх прыблізіцца.

Каб пазбегнуць непажаданага «суседства», трэба рыхтаваць свой дом загадзя. У прыватнасці, каб выключыць пранікненне насякомых пад дах дома або ў нішы, перад летнім сезонам варта агледзець памяшканні на гарышчы і ліквідаваць усе шчыліны. Калі ж гнёзды насякомых ужо ёсць і вы вырашылі пазбавіцца ад іх самастойна, каб пазбегнуць укусаў насякомых, неабходна помніць пра меры перасцярогі.

— Да знішчэння насякомых, а таксама іх гнёздаў варта прыступаць пасля заходу сонца, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Асвятляць гняздо забараняецца, бо вы пабудзіце яго насельнікаў. Варта правільна апранацца: адзенне павінна быць са шчыльнай тканіны, не забудзьце пра пальчаткі і накамарнік або ахоўную сетку на галаву. Калі вы абралі найбольш папулярны спосаб пазбаўлення ад насякомых, акуратна надзеньце на гняздо шчыльны мяшок і зацягніце яго. Ад паверхні, да якой яно прымацавана, аддзяліце гняздо з дапамогай нажа або рыдлёўкі. Далей яго можна спаліць, закапаць або ўтапіць. Калі гняздо знаходзіцца ў зямлі, яго варта заліць вялікай колькасцю кіпеню.

Пачасціліся выпадкі і таго, калі людзі выяўляюць на тэрыторыі ўласных падворкаў змей. Пазаўчора з-за змяі, якая запаўзла пад парог хаты, жыхары вёскі Крупіца, што ў Мінскім раёне, не маглі трапіць у дом. Спатрэбілася дапамога ратавальнікаў.

— У доме па вуліцы Савецкай, куды мы прыбылі на выклік, жывуць двое дарослых і трое малалетніх дзяцей, — расказаў намеснік начальніка штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Дзяніс ПРАКОФ'ЕЎ. — Жанчына, якая нам тэлефанавала, паказала, дзе схавалася змяя. Разам з калегам спадручнымі сродкамі прымусілі змяю выпаўзці. Выкарыстоўваючы сродкі індывідуальнай аховы, мы злавілі змяю і на бяспечнай адлегласці ад хат выпусцілі яе ў натуральнае асяроддзе пражывання.


Што рабіць, калі вас укусілі:

  • хутка выдаліце джала: калі яно засталося, саскрабіце яго пазногцем, тупым бокам нажа, пластыкавай карткай, пінцэтам;
  • месца ўкусу апрацуйце любым антысептыкам (спіртам, растворам нашатырнага спірту, настойкай календулы або марганцоўкі);
  • прыкладзіце да месца ўкусу што-небудзь халоднае;
  • у выпадку з'яўлення рэзкай слабасці, задышкі, пацямнення ў вачах, сінюшнасці або рэзкага пачырванення скуры, халоднага поту, ацёку твару, сутаргаў або страты прытомнасці — неадкладна выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу;
  • да прыезду брыгады хуткай дапамогі назірайце за пацярпелым: праверце стан дыхання (наяўнасць руху грудной клеткі) і сардэчнай дзейнасці (пульс на соннай артэрыі);
  • калі пацярпелы ў прытомнасці, дайце яму супрацьалергічны прэпарат (супрасцін, ларатадзін і іншае);
  • пры адсутнасці прытомнасці і наяўнасці пульсу на соннай артэрыі пацярпеламу неабходна надаць стабільнае становішча на баку;
  • калі ж пульс на соннай артэрыі і дыханне адсутнічаюць, неадкладна прыступайце да правядзення штучнай вентыляцыі лёгкіх і закрытага масажу сэрца.

Аднак нягледзячы на тое, што сур'ёзныя рэакцыі на ўкус джаланосных насякомых здараюцца даволі рэдка, у кожнага чалавека індывідуальная рэакцыя. Таму пры першых прыкметах моцнай алергіі (цяжкае дыханне, ацёк Квінке і іншае) неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Непажаданыя «суседзі»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.