Вы тут

ФПБ прапануе рэгламентаваць умовы працы ў спякоту на заканадаўчым узроўні


Фактычна наймальнікі па сваім разуменні ўсталёўваюць умовы для тых, хто працуе на адкрытым паветры, а гэтага недастаткова. Патрэбна дадатковая абарона, перакананы ў нацыянальным прафцэнтры. 


Як паведамілі ў прэс-службе ФПБ, за апошні час ва ўмовах анамальна высокіх тэмператур на гарачую лінію ФПБ паступіла больш за 150 званкоў аб невыкананні тэмпературнага рэжыму на працоўных месцах. Тэхнічная інспекцыя працы ФПБ, акрамя тлумачэнняў існуючых нормаў заканадаўства, правяла пазапланавыя маніторынгі ўмоў працы.

Вынікам гэтага вывучэння стала як канстатацыя сітуацый, дзе наймальнікі цалкам адказна падышлі да стварэння камфортных умоў працы. У якасці прыкладу спецыялісты прыводзяць ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл», дзе наймальнік устанавіў дадатковыя спецыяльныя перапынкі на працягу працоўнага дня, якія ўключаюцца ў працоўны час. 

«Тут работнікі забяспечаны мінеральнай і пітной вадой, ім зменены графікі працоўнага часу на ранішнія і вячэрнія гадзіны, устаноўлены дадатковыя крыніцы вады, абмежавана правядзенне агнявых работ, наладжана бесперабойная работа сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання паветра, арганізаваны адпачынак у санітарна-бытавых памяшканнях з аптымальным мікракліматам,» — прыводзяць прыклад у ФПБ. 

Аднак ёсць і нямала выпадкаў, калі на вытворчасці не ўсё так добра з захаваннем тэмпературнага рэжыму ва ўмовах анамальнай спякоты. І, дарэчы, такія сумныя прыклады ёсць у розных галінах і рэгіёнах. 

Як расказалі ў нацыянальным прафцэнтры, у адной з арганізацый Гарадоцкага раёна тэмпература ў рамонтных майстэрнях і працоўных памяшканнях дасягала +32°C. Пры гэтым работнікі не былі забяспечаныя пітной вадой. 

На адным з мінскіх заводаў у кабінетах інжынерна-тэхнічнага корпуса зафіксаваная тэмпература больш за +33°С, вокны знаходзіліся ў аварыйным стане. Наймальнік выдаў работнікам вентылятары, якія не спраўлялілся з задачай. Акрамя таго, на будаўнічых пляцоўках па рэспубліцы былі зафіксаваны выпадкі, калі работнікам, якія працуюць на спякоце (да +34ºС), не давалі дадатковых спецыяльных перапынкаў. У двух выпадках у бытавых гарадках будаўнічых аб’ектаў не было пітной вады.

Фота: pixabay.com

Вынікам убачанага падчас грамадскага кантролю стала выдача наймальнікам рэкамендацыі на ліквідацыю выяўленых парушэнняў і невыканная ўмоў па захаванні тэмпературнага рэжыму ва ўстаноўленыя тэрміны.

— Комплексны аналіз выяўленых парушэнняў паказаў, што сёння неабходна на заканадаўчым узроўні дадаткова рэгламентаваць умовы працы пры выкананні работ на адкрытым паветры, — перакананы Павел МАНЬКО, галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ. — На сённяшні дзень дастаткова падрабязна рэгламентаваныя дзеянні наймальніка для забеспячэння неабходных умоў працы ў вытворчых і офісных памяшканнях. Што датычыцца работ на адкрытым паветры, то ў заканадаўстве прапісаны толькі паняцці моцнай спякоты і маразоў, а як павінны быць арганізаваны работы, па сутнасці, аддадзена на водкуп наймальніку. У выніку, наведваючы прадпрыемствы, мы бачым, што работнікі ў такіх умовах недастаткова абаронены. Гэтае пытанне трэба ўрэгуляваць на заканадаўчым узроўні.

У ФПБ адзначылі, што дадзеную ініцыятыву прафсаюзаў ужо абмеркавалі разам з сацыяльнымі партнёрамі: наймальнікамі і ўрадам, якія падтрымалі слушную прапанову і дамовіліся ў бліжэйшы час падрыхтаваць праект адпаведнага нарматыўнага прававога акта.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.