Вы тут

Незвычайная фатаграфічная выстаўка «Пінхол. ХХI» працуе ў галерэі Л. Д. Шчамялёва


У экспазіцыі змешчаны 47 работ 16 аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і ЗША — удзельнікаў нефармальнага міжнароднага творчага аб’яднання «Саюз пінхалістаў». Куратар і сааўтар праекта ў галерэі твораў Шчамялёва — Сяргей Кулагін. Ён адзначыў, што гэта толькі другая выстаўка суполкі. Першая адбылася ў Разані ў 2019 годзе


Фота Андрэя Антонава.

Па сутнасці, пінхол-камера — прылада без звыклага аб’ектыва: гэта значыць, што святло не факусіруецца пры дапамозе лінз і выявы атрымліваюцца размытымі.
У нашай краіне дадзены кірунак развівае менавіта «Саюз пінхалістаў». Удзельнікі гэтага добраахвотнага аб’яднання дзеляцца дасягненнямі і тэхналогіямі, ладзяць сустрэчы, з’езды і канферэнцыі, праводзяць лекцыі і майстар-класы, прапагандуючы і развіваючы бязлінзавую фатаграфію.

Пінхол-фатаграфія (англ. pinhole — шпількавая адтуліна) — здымак, створаны камерай без лінз, дзе замест аб’ектыва выкарыстоўваецца невялікая адтуліна, памер якой вылічваецца адносна яе аддаленасці ад плёнкі (ці іншага святлоадчувальнага элемента). Гэта самая простая канструкцыя камеры, якая дазваляе атрымліваць фатаграфічныя выявы. Святло, праходзячы праз заглушку з адтулінай у сярэдзіне, трапляе на спецыяльную паперу або плёнку. Пры гэтым карцінка пераварочваецца.
Тэхніка нагадвае працу сучасных камер або чалавечага вока з адным толькі адрозненнем — святло не факусіруецца на плёнцы пры дапамозе лінз.

Пінхол — з’ява ў асноўным індывідуальная.

Як адзначаюць самі фатографы, тэхналогія настолькі немудрагелістая, што часцей за ўсё не прадугледжвае апублікавання і выкарыстоўваецца толькі як этап у развіцці фатографа. Аднак трэба разумець: як і любы інструмент, пінхол можа быць самадастатковым і дасканалым. Між тым, камера, якая працуе па гэтай тэхналогіі, існавала да з’яўлення фотаапаратаў з аб’ектывамі. Упершыню такі аптычны эфект выкарыстаў у 1545 годзе астраном Гема Фрызіус.

Аднак лічыцца, што паўнавартасную выяву такога кшталту першым атрымаў вучоны з Англіі Дэвід Брустар. У сваёй кнізе пад назвай «Стэрэаскоп», выдадзенай у 1850 годзе, ён адкрыў і растлумачыў тэрмін «пінхол». Іншы навуковец, археолаг з Англіі Фліндрэс Пітрэ ў перыяд раскопак у Егіпце ў 1880 годзе стварыў велізарную колькасць фотаздымкаў з дапамагой прыстасавання. Сёння яны захоўваюцца ў музеях Лондана. У XIX стагоддзі пачалі з’яўляцца першыя камеры, якія ў XX стагоддзі былі выцеснены больш папулярнымі мадэлямі з лінзавымі аб’ектывамі.

Пра пінхол зноў успомнілі ў 1960-я.

Такія апараты звычайна робяцца ўручную самімі фатографамі. Самы просты складаецца з святлонепранікальнай скрыні з невялікай адтулінай на адным баку і з лістом фотастужкі або фотапаперы на іншым. У якасці засаўкі можа выкарыстоўвацца кавалак кардона на шарніры.

Малая адтуліна звычайна праколваецца швейнай іголкай або робіцца тонкім свердзелам у фользе або алюмініевай (латуневай) пласціне. Затым пласціна замацоўваецца знутры скрынкі, перакрываючы адтуліну большага дыяметра.

У свой час схемы некаторых канструкцый публікаваліся ў часопісах і кнігах для дапамогі аматарам. Даволі лёгка пінхол можа быць зроблены на аснове любой фотакамеры са зменнымі аб’ектывамі, у тым ліку лічбавай. Дарэчы, з усіх перабраных і выпрабаваных матэрыялаў для камер найбольш удалым і актуальным з’яўля ецца пачак запалак. — Стасункі з самаробным інструментам вельмі праз рыстыя, а давер да атрыманага выніку бясспрэчны, — адзначае адзін з удзельнікаў выстаўкі Іван Самавараў, які жыве ў Санкт-Пецярбургу. — Усё, што вы атрымаеце, і ўсё, што вас здзівіць, будзе аб’ектыўным вынікам толькі вашых намаганняў. Ёсць меркаванне, што жывапісец піша сабой. Тое ж можна сказаць і пра фатаграфаванне самаробным пінхолам.

Здымаючы самаробкам, вы фатаграфуеце сабой. Вашы існаванні супадаюць.

Дарэчы, некаторыя з адмысловых фотаапаратаў, зробленых з абсалютна розных матэрыялаў, арганізатары памясцілі ў экспазіцыю «Пінхол. ХХI», якая займае некалькі залаў у галерэі твораў Шчамялёва.

Першае, на што звяртаюць увагу аматараў знаўцы, — неабходнасць выкарыстання штатыва. Таксама вялікае значэнне маюць вы трымка і дакладны разлік месцазнаходжання. Напрыклад, калі здымка адбываецца вечарам, ці ў хмарны дзень, то вытрымка можа дахо дзіць да 30 хвілін і нават больш. Здараецца, паміж адкрыццём і закрыццём засаўкі камеры для атрымання добрага малюнка трэба перачакаць некалькі гадзін. Пры стварэнні выявы дома фатографы пакідаюць засаўку камеры адкрытай на ўсю ноч. Пінхол захавае тое, што адбываецца, за ўвесь перыяд.

Для такой фатаграфіі характэрныя бясконцая глыбіня рэзкасці (прадметы, якія знаходзяцца максімальна блізка і, наадварот, аддалены ад камеры, паказаны з аднолькавай рэзкасцю; атрымліваецца цэласны малюнак, які не ўтрымлівае падзелу на планы), «мяккасць» выявы і асаблівая атмасфера. Пінхол, як заўважаюць многія мастацтвазнаўцы, размывае межы часу, а недасканаласці ператварае ў вартасці. Гэта робіць здымкі адрознымі ад фатаграфій, створаных звычайнымі камерамі. Да таго ж такі тып здымкі не дапускае бачных скажэнняў. Лічыцца, што ўсе, нават самыя ідэальныя аб’ектывы, змяняюць рэчаіснасць, робячы праламленне праз розныя лінзы. Аб’ектыў выразна вымалёўвае патрэбны для стваральніка вобраз, дадаючы сюды часцінку асабістага. Пінхол жа аддзяляе непатрэбныя прамяні і не закранае фарміраванне малюнка.

У кожнага фатографа на выстаўцы сапраўды адметны стыль і тэматыка. Напрыклад, Павел Ніканаў з Беларусі займаецца тэмай выяў Роршаха ў пейзажы, партрэце і нацюрморце; Марына Герасімава з Расіі даследуе аддаленыя і не вельмі папулярныя куткі радзімы (фатаграфіі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, зроблены ў Архангельскай вобласці, у вёсцы Кімжа, якая ўнікальна сваёй драўлянай даваеннай архітэктурай і млынамі-слупоўкамі); Андрэй Бандарэнка з Украіны імкнецца перадаць настрой курортнага горада (на прыкладзе Бярдзянска) у зімняй спячцы; Яўген Глушань з Беларусі разважае на тэму гарадскіх прастор і прыродных ландшафтаў; Дзяніс Чыкішаў з Расіі засяроджвае сваю ўвагу на людзях; а Вадзім Шамкоў (краіна не пазначана) паказвае на выстаўцы старую інфекцыйную бальніцу, якую здымаў на атрыманую там рэнтгенаўскую плёнку.

Адна з найцікавейшых у экспазіцыі — каляровая серыя «Скрыжаванні светаў».

Праект сумесны: яго аўтары — Дзіяна Панкова (Беларусь) і Джэф МакКонэл (ЗША). Пры дапамозе практыкі салараграфіі (малюнкі руху сонца, што атрымліваюцца на фотапаперы пасля некалькіх месяцаў здымак пінхол камерай), вынікі якой, дарэчы, могуць быць вельмі непрадказальнымі, аўтары стварылі калекцыю двайных экспазіцый з розных кропак свету. Дзіяна Панкова і Джэф МакКонэл, абменьваючыся негатывамі, у кожнай выяве аб’ядналі прастору і час розных месцаў.

Так, адначасова глядач бачыць Нью-Ёрк і Лодзь, Нью Джэрсі і Мінск... Фатограф з Беларусі адзначае, што ў сваіх фотапошуках асабліва цэніць дух свабоднага эксперыментавання, няспынных прыгод ды прамога і шчырага ўзаемадзеяння з аб’ектамі фатаграфавання, інструментамі і самім працэсам. Аўтар любіць змешваць розныя рэальнасці і гуляць з часам.Тут важна не толькі задума, але і своеасаблівае «супрацоўніцтва» з надвор’ем, выпадкам ды іншымі адушаўлёнымі і неадушаўлёнымі абставінамі здымкі.

Выстаўка «Пінхол. ХХI» будзе працаваць да 22 жніўня. У межах праекта арганізатары абяцаюць правесці шэраг імпрэз, у тым ліку майстар-класы, пра якія збіраюцца паведамляць на афіцыйных стронках у сацсетках. Наведвальнікаў хочацца падрыхтаваць: будзьце гатовы — пра аўтарства работ можна даведацца толькі пры дапамозе QR-кодаў. Некаторыя спасылкі раскажуць пра аўтараў ды іх работы падрабязна, скіруюць да акаунтаў у Instagram, некаторыя ж пададуць толькі сціплую інфармацыю.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.