Вы тут

Цэны на школьны асартымент будуць узмоцнена маніторыць


Школьная калекцыя адзення абнавілася сёлета на 60 працэнтаў. Пра гэта расказала журналістам начальнік упраўлення ўнутранага гандлю і выставачнай дзейнасці канцэрна Беллегпрам" Святлана КАХРО.


Pixabay.com

Абнаўленне адбывалася на аснове маніторынгу гандлю і праведзенага ва ўстановах адукацыі апытання школьнікаў і іх бацькоў: што ім падабаецца ці не падабаецца ў прапанаваных мадэлях і што яны хацелі б насіць.

Новая калекцыя парадуе свежымі дызайнерскімі рашэннямі, абяцаюць у канцэрне. Вытворцы сёлета амаль на 10 % павялічылі выпуск адзення для школы ў стылі casual, пераважна гэта вырабы з трыкатажных палотнаў.

Для вытворчасці школьнага асартыменту выкарыстоўваюцца полівіскозныя і паўшарсцяныя тканіны, змешаныя тканіны з утрыманнем бавоўны, трыкатажныя палотны, якія адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца да дзіцячага адзення. Школьная калекцыя прадстаўлена шырокай размернай шкалой для навучэнцаў усіх узростаў. Большая частка мадэляў мае рэгулятары памераў. Выпускаюцца і мадэлі для дзяцей з нестандартнай фігурай.

— Таксама мы зрабілі калабарацыю швейных вырабаў з трыкатажнымі палотнамі — для большага камфорту і свабоды руху нашых школьнікаў, — удакладніла Святлана Кахро.

Мадэльны рад дзіцячага абутку таксама абноўлены. Пры яго вырабе выкарыстоўваюцца натуральныя скураныя альбо тэкстыльныя матэрыялы са стапрацэнтным утрыманнем натуральных валокнаў. У гэтым годзе плануецца вырабіць 30 тысяч пар абутку для школьнікаў. Таксама ў гандлёвыя арганізацыі паступіць каля 800 тысяч швейных і трыкатажных вырабаў для дзяцей школьнага ўзросту.

Напярэдадні новага навучальнага года ў краіне будзе працаваць больш як 400 школьных кірмашоў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл ЖЫГАН. Таксама дадаткова праводзяцца пашыраныя продажы, выстаўкі-продажы і кірмашы выхаднога дня. У гандлёвых аб’ектах будзе прадстаўлена больш за 400 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, а таксама больш за 100 мадэляў абутку.

Што датычыцца цэн і даступнасці школьнага адзення для пакупнікоў, то былі выпрацаваны адпаведныя рэкамендацыі для суб’ектаў гандлю, суб’ектаў аптовага звяна, а таксама для вытворцаў па фарміраванні цэн на тавары школьнага асартыменту. Яны даведзены да ведама ўсіх зацікаўленых. Вытворцам неабходна выконваць гранічна максімальны нарматыў рэнтабельнасці, які склаўся за 2020 год па адпаведнай таварнай пазіцыі, а суб’ектам, імпарцёрам (цэлым суб’ектам гандлю як аптовага звяна, так і рознічнага гандлю) неабходна выконваць гранічна максімальныя надбаўкі, памер якіх не павінен перавышаць 30 %«, — праінфармаваў спецыяліст.

З боку міністэрства на жнівень-верасень запланаваны кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па дадзеным кірунку. «Мы будзем узмоцнена маніторыць сітуацыю і глядзець, якім чынам нашы суб’екты гаспадарання падыходзяць да пытанняў цэнаўтварэння, таму што гэты момант вельмі важны для нашага насельніцтва, і мы хочам, каб тут не было ніякіх злоўжыванняў з боку як вытворцаў, так і суб’ектаў гандлю», — канстатаваў начальнік упраўлення.

Пашыраны асартымент школьных тавараў прадстаўлены ў сталічным ГУМе, ЦУМе, універмагу «Беларусь» і гандлёвым доме «На Нямізе». Ва ўсіх аб’ектах для зручнасці наведвальнікаў школьныя кірмашы абсталяваныя кабінамі для прымеркі, банкеткамі і кандыцыянерамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

 

Загаловак у газеце: Модныя і стыльныя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.