Вы тут

Рэжысёр Філіповіч: Калі глядач не разважае, для мяне гэты спектакль прапашчы


На мінулым тыдні ў Купалаўскім тэатры адбылася прэм'ера «Жаніцьбы» Мікалая Гогаля. Спектакль паставіў 27-гадовы Данііл Філіповіч. Рэжысёр атрымаў адукацыю ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, а потым трапіў на рэжысёрскі факультэт Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва. Данііл супрацоўнічаў з беларускімі тэатрамі: ТЮГам, Палескім, а таксама Гомельскім маладзёжным тэатрам. Мы паразмаўлялі з рэжысёрам аб прэм'ере «Жаніцьбы», творчых планах і адносінах з іншымі рэжысёрамі. Што з гэтага атрымалася, чытайце ў нашым інтэрв'ю.


— У анонсе да «Жаніцьбы» пазначана: «Рэжысёр у чарговы раз спрабуе ў класічным тэксце выявіць новыя сучасныя сэнсы і гучанні, ператвараючы простую гісторыю ў драматычны сюжэт». Ці атрымалася?

— Выявіць новыя сэнсы заўсёды атрымліваецца, калі гэта класічны тэкст, таму што ён насычаны вобразнымі паняццямі. Гэта не сучасная літаратура, у якой менш вобразаў. У «Жаніцьбе» Гогаля ўсе прывыклі бачыць сквапнасць ды матэрыялізм. Але я меў на ўвазе зусім іншае. Мая тэма: жанчына жадала выйсці замуж і быць шчаслівай. Але з-за таго, што ў яе няма ніякага вопыту, яна памылілася і ў выніку засталася адна. Гэта трагедыя жанчыны, яе цела і душы. Нашы праблемы, акрамя нас саміх, ніхто не вырашыць. А тое, што нам кажуць: «У каго грошай больш, з тым і ажэнімся», — для мяне гэтая тэма зусім не актуальная і не цікавая.

— Як гледачы адрэагавалі на новае прачытанне класічнага твора?

— У гэты раз я, напэўна, упершыню паглядзеў свой спектакль з залы як глядач. Я не хацеў «выпендрыцца»: не маю на мэце здзівіць гледача. Глядач быў уражаны, але я гэтаму не веру. У мяне ёсць крытыкі: мае блізкія сябры, сваякі ды першы мастацкі кіраўнік. Вось ім я давяраю.

Мяне цікавіць сам працэс: рэпетыцыі, выяўленне маіх недахопаў, іх асэнсаванне. Па тых водгуках, што я чуў, у гледачоў склалася дваістае ўражанне. Камусьці зусім не спадабалася, камусьці спадабалася цалкам. Так адбываецца з кожнай маёй пастаноўкай. Я люблю, калі глядач сыходзіць, таму што яго нешта абурыла. Калі мы ўсе будзем абапірацца на густы гледача, мы больш не будзем існаваць як тэатр. Гэта памылковы ход — думаць, як адрэагуе хтосьці ў зале.

— Вам падабаецца, калі гледачу няёмка?

— Я люблю прымушаць гледача думаць. Калі ён не разважае, для мяне гэты спектакль прапашчы. У тэатру няма функцыі павучаць або выхоўваць. Ёсць функцыя ўразіць, натхніць, змясціць чалавека ў тую атмасферу, у якой ён раней ніколі не быў. Па такім прынцыпе і працуе імерсіўны тэатр (тэатр пагружэння — «Зв.»). У мяне быў вопыт пастаноўкі «П'яных» Вырыпаева. Напэўна, тады мы і наблізіліся да таго, пра што цяпер з вамі гаворым. Спектакль ішоў у прасторы завода «Гарызонт», і ўзровень творчай свабоды быў даволі высокі. Мы дасягнулі яднання з гледачом. Людзі не маглі выйсці са спектакля, нават калі ім не падабалася. Яны былі пастаўленыя ў вельмі нязручнае становішча.

Ёсць рэжысёры, якія кажуць: «Мы не робім сучасны тэатр». Як вы не робіце сучасны тэатр, калі вы ставіце спектаклі ў 2021 годзе? Тое, што вы захоўваеце канон, створаны ў XVІІІ-XІX стагоддзі, зусім не кажа аб тым, што гэта класічны спектакль. Мы іншыя. Гэта не значыць, што мы дрэнныя. Проста мы жадаем свежасці і новай мовы. Які сэнс заставацца ў тых стагоддзях?

— Што ўвогуле адбываецца з сучасным тэатральным працэсам у Беларусі?

— У Беларусі няма з кім спаборнічаць. Самае жудаснае, што можна сказаць аб пастаноўцы, — «добры спектакль». А мы ў гэтым заселі. Усе мяркуюць, што я тут сеў і спачываю на лаўрах. Ніколі такога не было. Мы спаборнічаем толькі на словах у «Фэйсбуку» — гэта выглядае так смешна. Вы мастацтвам пазмагайцеся: са мной, з іншымі. Так, ёсць Нацыянальная прэмія. Але гэта не тая барацьба. Я бачыў спіс спектакляў-намінантаў... Чарговая падстава для жартаў. Тут кожны пяты можа сказаць: я рэжысёр...А ці назвалі б тыя, хто складае намінацыю, трох рэжысёраў Гомеля, Пінска, Маладзечна? А прозвішчы чатырох акцёраў з любога абласнога тэатра? У абласных тэатрах працуюць нашмат больш прафесійныя людзі, чым у Мінску.

Чаму, калі ў Маскве ты запытаешся, хто такая Фрэйндліх, табе адкажа амаль кожны. А тут падыдзеш і запытаеш: «Хто такая Зубкова?» І пачуеш: «Э-э-э». Сорамна не ведаць, што адбываецца ў тэатрах, сорамна не ведаць прозвішчаў рэжысёраў...

Я люблю Юру Дзівакова. Мы нават хацелі рабіць сумесны праект: адзін акт ставіць ён, другі — я. Але не знайшлі агульнай мовы з тэатрам. Але з Дзіваковым мы не пазмагаемся, таму што сябруем. Але ён дастойны сапернік. Ён геній у беларускім тэатральным асяроддзі, не задумваецца, што скажуць крытыкі.

— Вы ставілі Вырыпаева. Ці хацелі б паставіць нешта з сучаснай беларускай драмы?

— З задавальненнем. Але аўтар павінен прыйсці да цябе. У 23 гады я пачаў працаваць з непрафесійным калектывам, які я набіраў сам. Мы рабілі сур'ёзныя спектаклі. Нас наогул не ўспрымалі. А ў нас поўныя залы. І неяк павялося, што я для ўсіх самотнік. Я, напэўна, не ўмею сябраваць з творчымі людзьмі.

— Вы казалі, што вам не хапае свабоды эксперыменту. Няўжо не існуе ніякіх сродкаў, каб выправіць становішча?

— За сваю кар'еру я зрабіў ужо каля трыццаці пяці спектакляў. Мне ўжо проста нецікава працаваць з рускімі і беларускімі артыстамі, са знаёмымі мовамі. Я жадаю паспрабаваць новае. Што такое нямецкі акцёр? А англійскі? Гэта новая планка.

— А што будзе, калі, скажам, на нямецкай сцэне паставіць беларускую класіку?

—- Уяўляеце, «Паўлінка» на нямецкай у сучаснай інтэрпрэтацыі? Мы ведаем, што Паўлінка — сціплая дзяўчына, якая потым робіцца героем. Гэта ўсё можна лёгка перафразаваць на абсалютна іншае грамадства. Зрабіць усё сучаснай, жывой мовай. Гэта называецца наватарства. Я б з радасцю паглядзеў такую «Паўлінку».

— Ці плануеце далей працаваць у Купалаўскім?

— Я планую, але пакуль гэта застанецца ў сакрэце. Я не адзіны, хто тут будзе ставіць. Ёсць іншыя рэжысёры і іншыя пастаноўкі. Хутка даведаецеся гэтыя прозвішчы.

Я не люблю рэпертуарны тэатр. Мне падабаецца так: прыехаў, паставіў і з'ехаў. А потым праз паўтара года вярнуцца і паставіць што-небудзь новае. Мне здаецца, што рэпертуарны тэатр хутка знікне. У Маскве гэта ўжо зрабілі: спектакль ідзе не больш за год, потым ставіцца наступны. Напрыклад, «Гогаль-цэнтр» — гэта структура, якая пастаянна абнаўляецца. Мабыць, у краіне будзе адзін нацыянальны рэпертуарны тэатр. У Маскве, напрыклад, Вахтангаўскі, у нас — Купалаўскі.

У Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, але сёння адчуваецца нейкая цішыня. Мабыць, цяпер такі час, і ўсім сапраўды трэба пабыць у цішыні.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.