Вы тут

Лукашэнка: Абавязаны забяспечыць нармальнае функцыянаванне транспарту


Аб сітуацыі ў транспартным комплексе Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажылі намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак і профільны міністр Аляксей Аўраменка.


Фота: «Пул Першага».

Прэзідэнт пачаў размову з таго, што адзначыў: дастакова добра ведае стан спраў у галіне, таму слухаць заяўлены першым даклад «Аб значнасці транспартнага комплесу ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны» яму няма неабходнасці.

«Калі ласка, не трэба аб значнасці. Я не першы год працую Прэзідэнтам і ведаю, што такое транспартны комплекс і яго значэнне ў сацыяльна-эканамічным разівцці краіны. Гэта прэс-сакратару і Адміністрацыі Прэзідэнта раскажаце, калі яны не валодаюць гэтым пытаннем», — заўважыў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт канстатаваў, што больш яго хвалююць пытанні, якія на першым плане ў прысутных чыноўнікаў.

«Мяне хвалююць і непакояць пытанні, што хвалююць вас. Пачынаючы ад „Белавіа“, калі гэтыя бязумцы пачалі душыць нашу кампанію (цяпер ужо зразумела, чаму), як там абставіны? Ну і ў цэлым, як жыве наш транспарт і ўвесь транспартны комплекс», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах Прэзідэнта, з паслуг, якія аказвае дзяржава, амаль палову займае гэтая сфера. Транспарт сёння фарміруе амаль палову валютнай выручкі ад экспарту паслуг — 2,3 мільярда долараў.

«Гэта велізарныя маштабы. Велізарная сума. Мы транзітная краіна. Я нават не хачу ўнікаць у праблему санкцый, якія адносяцца да вас. З’яўляемся транзітнай краінай, таму вы проста абавязаны забяспечыць нармальнае функцыянаванне транспарту», — заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, збоі магчымыя, але яны павінны быць кароткатэрміновымі.

«Усе мы разумелі, што яны нас у супакоі не пакінуць, а будуць нас гэтымі санкцыямі падсілкоўваць. Як складваецца зараз сітуацыя, калі ёсць нейкія праблемы? Якія шляхі выхаду з гэтага стану вы бачыце?» — задаў пытанні дзяржслужачым Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна тэма, якая на парадку размовы, — будаўніцтва дарог. Тут кіраўніка краіны цікавіць, якія будуем, як будзем гэтым займацца пасля, які стан у мясцовых дарог. З гэтымі пытаннямі Прэзідэнт звярнуўся да Анатоля Сівака.

«Мабыць, Анатоль Аляксандравіч, табе гэта тэма бліжэй, бо ты ўсё жыццё будаваў дарогі і ведаеш усе задачы. Мы іх фармулявалі разам у свой час, пачынаючы ад мясцовых дарог і заканчваючы будаўніцтвам новых», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатуе: Мінск злучылі з усімі абласнымі цэнтрамі, а на месцах ёсць праблемы.

«А там, на месцах, нам трэба больш-менш у нармальным стане падтрымліваць дарожна-транспартную сетку. Прынамсі, да аграгарадкоў мы павінны даязджаць свабодна на аўтамабілі», — заўважыў кіраўнік краіны.

Таксама ён пацікавіўся іншымі буйнымі будаўнічымі праектамі ў транспартным сектары і альтэрнатыўнымі шляхамі паставак нашай прадукцыі. 


Каментарый у тэму

Аляксей АЎРАМЕНКА, міністр транспарту і камунікацый Беларусі паведаміў, што дынаміка паказчыкаў галіны станоўчая. Па першым паўгоддзі экспарт паслуг дадаў 19 % да леташняга ўзроўню. Прэзідэнт заўважыў, калі вытрымаюць гэты тэмп да канца года, будзе вельмі добра. За паўгоддзе на экспарце зарабілі больш за два мільярды долараў, у канцы года арыентуюцца дасягнуць чатырох мільярдаў долараў.

Як расказаў міністр пасля нарады, на сустрэчы таксама абмяркоўваліся праблемныя пытанні дзейнасці службаў таксі. Прэзідэнт ухваліў падыходы Міністэрства транспарту і камунікацый да зменаў у галіне аўтамабільных перавозак пасажыраў. Ведамства раней падрыхтавала адпаведны праект указа. У прыватнасці, дакументам мяркуецца ўвесці рэгістрацыйныя карты транспартнага сродку, карты допуску кіроўцы, дыспетчара аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах і дыспетчара таксі. Гэта дасць магчымасць упарадкаваць работу ў гэтым сектары.

«Мы фактычна ідзём па шляху Расійскай Федэрацыі. Яны ўжываюць прыкладна аналагічныя падыходы да работы таксі. Сёння рынак да канца не ўрэгуляваны з пункту гледжання наяўнасці транспартных сродкаў, кампаній, якія дзейнічаюць. Маецца на ўвазе ўсё гэта рабіць у электронным выглядзе. То бок, будзе электронная база з кіроўцамі, транспартнымі сродкамі», — адзначыў міністр.

У першую чаргу гэта робіцца, каб забяспечыць бяспеку перавозак, падкрэсліў Аляксей Аўраменка. «Гэта неліцэнзаваны від дзейнасці. Калі кіроўца хоча працаваць, у яго павінна быць заведзеная картка ўліку, дзе будуць фіксавацца ўсе парушэнні, праходжанне тэхнічнага агляду транспартнага сродку, адпаведнасць транспартнага сродку. Тым самым не будзем дапускаць да перавозак нявопытных кароўцаў», — дадаў ён.

З кіраўніком краіна таксама ўзгоднена пераразмеркаванне сродкаў інвестыцыйных праектаў. Над аднаўленнем дарогі Р46 будуць працаваць з кітайскімі партнёрамі, а работу па дарозе М3 плануюць весці з Еўразійскім банкам развіцця. Увогуле, па словах міністра, кіраўнік краіны паставіў задачу рэканструяваць не менш 1000 кіламетраў мясцовых дарог.

Гэтым часам працягваецца рэканструкцыя трас Мінск—Смалявічы, Р23 у кірунку Слуцк—Салігорск, Р16 у Брэсцкай вобласці на граніцы з Польшчай.

Як дадаў Аляксей Аўраменка, Беларусь гатова аператыўна рэагаваць на абмежаванні перавозак калійных угнаенняў.

«У лютым было падпісана пагадненне з Расійскай Федэрацыяй. Мы фактычна на расійскія парты перавезлі каля аднаго мільёна тон нафтапрадуктаў. Адпаведна, у нас ёсць альтэрнатыва. Гэта парты Ленінградскай вобласці, Мурманска. Гэтыя схемы напрацаваны. Таму будзем вельмі аператыўна рэагаваць на змены альбо ўвядзенне нейкіх дадатковых абмежаванняў у частцы перавозкі калійных угнаенняў», — сказаў Аляксей Аўраменка.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.