Вы тут

Лукашэнка: Пераадоленне шокавых бар’ераў — клопат працоўных калектываў і іх кіраўнікоў


На нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў эканоміку і нацыянальную бяспеку.


Фота: БелТА

«Cёння мы павінны аператыўна разгледзець чатыры тэмы. Гэта, перадусім, нашы праграмы ў рамках Саюза Беларусі і Расіі. Пра гэта шмат ужо сказана. Мы гаварылі пра гэта на Усебеларускім народным сходзе і падчас правядзення „Вялікай размовы“ таксама падымаліся дадзеныя праблемы», — сказаў Прэзідэнт.

З адпаведным дакладам выступіў першы віцэ-прэ’мер Мікалай Снапкоў, які ўзначальвае перамовы з Расіяй па гэтых праграмах.

Аляксандр Лукашэка адзначыў, што зразумела, на якім узроўні знаходзяцца саюзныя дакументы. Больш цікавіць: калі рэалізуюцца і фармалізуюцца гэтыя праграмы.

Другая тэма сустрэчы — праект Закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці», які разглядаўся на ўзроўні кіраўніка дзяржавы каля года таму.

«Тады мы прынцыпова дамовіліся ад падыходах. Ураду было паручана змяніць ідэалогію гэтага праекта — сысці ад банкрутства да рэабілітацыі праблемных прадпрыемстваў, а таксама пабудаваць яго на іншай канцэпцыі — абароне арганізацый ад шокаў, выкліканых неспрыяльнымі знешнімі фактарамі.Пры гэтым хачу сказаць, што пераадоленне гэтых шокавых бар’ераў перадусім — клопат працоўных калектываў і кіраўнікоў гэтых працоўных калектываў», — дадаў Прэзідэнт.

Па інфармацыі кіраўніка краіны, гэта патрабаванне выканана і прадугледжана, што будуць адыходзіць аб судовага суправаджэння ўсіх этапаў разгляду спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці.

«Нагадаю, спасылаючыся на вопыт Савецкага Саюза, мною было даручана не перагружаць суды неўласцівымі для іх пытаннямі. Таму што завалілі суды рознага роду праблемамі эканамічнага характару, спрэчнымі пытаннямі, звязанымі з эканомікай. Раней гэтыя пытанні вырашаліся складана, проста-не проста, але вырашаліся ў мясцовых органах улады», — звяртае ўвагу Прэзідэнт.

Па яго словах, каардынуючая роля ў пытаннях фінансавага аздараўлення канчаткова засяродзіцца ва ўрадзе, галіновых органах і выканкамах. Кіраўнік краіны не выключае, што некаторыя пытанні прыйдзецца вырашаць і праз суды — але як у апошняй інстанцыі.

Наступнае пытанне нарады датычылася тэмы забеспячэння грамадскай бяспекі. 

«Гэта першапачатковая функцыя любой дзяржавы. Асабліва па выніках мінулага года мы добра разумеем сёння, што такое грамадская бяспека і на чым яна заснавана. Нам неабходна працаваць на перспектыву, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных тэхнічных прылад, узровень якіх павінен адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца і абстаноўцы, што складваецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён працягнуў, што Беларусь у гэтым плане вельмі адстала ад вядучых краін свету і прыйдзецца іх даганяць.

Таксама Прэзідэнту прадстаўлены праект указа, які прадугледжвае змены падыходаў у сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі.

«Прашу дакласці, якія новыя падыходы павысяць грамадскую бяспеку? Якая нагрузка ў цэлым ляжа на бюджэт? Пры гэтым прашу мець на ўвазе, што мы не можам сабе дазволіць неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. І гэта грамадская бяспека, асабліва функцыі і метады кантролю павінны быць пад’ёмнымі для беларускай дзяржавы. Ніякіх лішкаў быць не павінна. Я ніколі на гэта не пайду», — канстатуе Прэзідэнт. 

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што неабходна дасканала прапрацаваць пытанне абароны інфармацыі, прыняць усе меры для недапушчэння ўразлівасці сістэмы.

«Вельмі актуальна. Калі не можаце, як я часта кажу, абараніць інфармацыю ў сваіх камп’ютарах, тады вяртайцеся да папяровых носьбітаў. Пішыце ад рукі і складвайце ў сваіх скрынях», — мяркуе кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў, адначасова праваахоўным органам неабходна актывізаваць дзейнасць па папярэджванні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.

«Праблема архіважная. Ужо і бабулі, і дзядулі сёння перайшлі на „лічбу“ пры захаванні і выдаткаванні сваіх грашовых сродкаў. Пры тым часам не думаюць, каму пападзе гэтая „лічба“ і што з ёй зробяць», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны.

Як працяг работы па пераразмеркаванні функцый паміж арганамі дзяржаўнай улады яшчэ адным пытаннем для абмеркавання стала карэкціроўка некаторых паўнамоцтваў урада.

«Прапанавана выключыць неабходнасць вызначэння ўрадам пазіцыі для прадстаўнікоў дзяржавы пры адчужэнні буйных аб’ектаў нерухомасці. Абмяркуем гэтае пытанне: трэба нам — не трэба, надуманае гэтае пытанне ці жыць не зможам без яго? І хацелася б пачуць, да чаго прывядуць такія навацыі і ці не страціць дзяржава ў гэтым выпадку кантроль за продажам прыцягальных актываў», — сказаў беларускі лідар. Ён рэзюмаваў, што падыход павінен быць адзін: ці актуальна гэта сёння ці не.

Каментарый у тэму

Праект закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» дастаткова складаны, таму што закранае інтарэсы канкрэтных прадпрыемстваў, а пытанні неплацежаздольнасці актуальныя і адчувальныя.

На гэта звярнуў увагу журналістаў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ. Па яго словах, кіраўнік краіны абазначыў, што ў праекце дакумента павінна быць узмоцнена роля мясцовых органаў улады пры прыняцці рашэнняў па аздараўленні праблемных кампаній.

«Галоўная задача — не дапускаць сітуацый, калі прадпрыемства будзе пераходзіць у працэдуру судовых разбірацельстваў, галоўны акцэнт зрабіць на дасудовае аздараўленне, прыняцце мераў, каб канкрэтныя прадпрыемствы не пераходзілі ў працэдуру банкрутства, а прымаліся меры на ўзроўні органаў мясцовых уладаў», — расказаў падрабязнасці міністр.

Ён дадаў, што ў кароткія тэрміны закон «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» неабходна дапрацаваць з узмацненнем ролі мясцовай улады.

Асноўная мэта ўласнікаў, органаў дзяржаўнага кіравання дзейнічаць на апярэджанне, каб прадпрыемствы не станавілася банкрутам, дадаў Аляксандр Чарвякоў.

«Усе ўласнікі павінны кантраляваць, маніторыць сітуацыю, а калі сітуацыя пагаршаецца, прымаць адпаведныя меры, планы па аздараўленні, не даводзіць прадпрыемства да суда», — сцвярджае Аляксандр Чарвякоў.

Пры гэтым, як ён абазначыў, у кожным выпадку прымаюцца свае механізмы аздараўлення. Прадпрыемствы трапляюць у крызісную сітуацыю па розных прычынах. «Дзесьці неабходна вырашаць пытанні падаткаў, дзесьці крэдытнай нагрузкі, дзесьці з кадрамі. У кожным выпадку неабходны свой план фінасавага аздараўлення», — кажа Аляксандр Чарвякоў.

Па яго словах, у працэдурах аздараўлення зараз знаходзяцца каля 1600 прадпрыемстваў, толькі 150 з іх адносяцца да дзяржаўнага сектара.

Адказваючы на пытанні рэпарцёраў пра ўплыў санкцый і пандэміі на бізнес, чыноўнік адзначыў, што гэтыя фактары маюць вагу, але ўрад не пакідае задачы іх мінімізаваць.

Генадзь КАЗАКЕВІЧ, намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі пракаментаваў, якія змены згодна прадстаўленаму кіраўніку краіны праекту новага Указа чакаюць сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі.

Па яго словах, з 2017 года адзначаюцца нізкія тэмпы развіцця гэтай сістэмы, функцыянал якой не ў поўнае меры адказвае патрабаванням праваахоўнікаў, супрацоўнікаў МНС, КДБ, пагранічных органаў. Пакуль недастатковая колькасць падключаных аб’ектаў да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, інтэлектуальныя здольнасці сістэмы.

«Правёўшы аналіз, мы вызначылі канкрэтныя прычыны неналежнага стану спраў і ў новым праекце Указа, які вынеслі на разгляд кіраўніку краіны, прапанавалі новую канцэпцыю развіцця сістэм. Мы прапанавалі, каб адзіным аператарам, суб’ектам гаспадарання, які будзе адказны за праектаванне, пракладку ліній сувязі, устаноўку, зборку і аналіз відэаплыні было прадпрыемства «Белтэлекам», — паведаміў намеснік міністра.

Ён дадаў, што Прэзідэнт паставіў дакладныя задачы для дэтальнага вывучэння фінансавання праекта. Мяркуецца, грошы ў работу рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі ўскладзе не толькі бюджэт. Праект стане прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Распрацавана ў будучым Указе і структура аб’ектаў, якія неабходна ўзяць пад нагляд.

«Прапанавана ўсе аб’екты разбіць на чатыры катэгорыі па ступені значнасці для праваахоўнікаў і паступава падключаць да існуючай сістэмы», — расказаў Генадзь Казакевіч.

У праекце Указа прадугледжана, што сістэма будзе закрытай, а распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння будзе нацыянальная ІТ-кампанія. Гэта павінна папярэдзіць рызыку кібер-атак.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.