Вы тут

Гігін: Нягледзячы на рэгіянальныя адрозненні, мы сапраўды Беларусь адзіная


Пра гэта эксперт заявіў падчас чарговага рэгіянальнага форуму «Беларусь адзіная», які сабраў лідараў грамадскай думкі ў Гомелі.


Удзельнікі сустрэчы — эксперты з Мінска, кіраўніцтва аблвыканкама і актыў рэгіёна— сустрэліся ў канферэнц-зале Гомельскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Каб паслухаць выступленні спікераў, падзяліцца сваім бачаннем актуальных пытанняў развіцця краіны, у Гомель прыехалі і дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці. Рэгіён на форуме прадставілі кіраўнікі структур і ведамстваў, работнікі сацыяльнай сферы, арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутаты, члены грамадскіх аб’яднанняў, журналісты, а таксама актывісты маладзёжнага руху. Абавязковая ўмова — жывы дыялог удзельнікаў. Спікерамі былі вядомыя беларускія палітолагі — Вадзім Гігін, Аляксей Аўдонін, Аляксей Дзермант, Аляксандр Шпакоўскі і Анастасія Баброва.

Эксперты пасля першых сустрэч форумнага марафону адзначылі: падобныя мерапрыемствы дазваляюць плённа абмяркоўваць усе хвалюючыя пытанні. Для рэгіёнаў гэта магчымасць і заявіць пра сябе. Пра важнасць правядзення падобных «мазгавых штурмаў» у абласцях краіны казаў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. Ён заўважыў, што ідэя належыць менавіта рэгіёнам.

— Да нас звярнуліся з такім пасылам, што свята 17 верасня будзем адзначаць упершыню ў Год народнага адзінства, таму неабходна правесці нейкія акцыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мы сталі думаць, што арганізаваць, і тут зноў жа самі людзі падказалі — а давайце проста прыедзем і пагаворым. Тыя эксперты, якія выступаюць на тэлеэкранах, на нашых каналах, у нашых сродках масавай інфармацыі, расійскіх, замежных, проста прыедуць і пагутараць з людзьмі. Не было і няма ніякага сцэнарыя, ніякай зададзенай тэмы. Мы вырашылі задаць тыя напрамкі, у якіх кампетэнтныя, — адзначыў дэкан. 

Ён падкрэсліў, што каштоўная сама форма выказвання меркаванняў — гутарка выбудоўваецца такім чынам, што атрымліваецца не лекцыя, а менавіта дыялог. Эксперты хочуць пачуць і данесці ў Мінск (і для сябе зразумець), што думаюць на месцах па актуальных пытаннях нашага грамадска-палітычнага жыцця.

У цэнтры ўвагі рэгіянальных форумаў — палітыка, ідэалогія, геапалітыка, работа сродкаў масавай інфармацыі, эканоміка, сацыяльная сфера. На абмеркаванне выносяцца і такія тэмы, як партыйнае будаўніцтва, канстытуцыйная рэформа, эканамічная мадэрнізацыя. Спікеры выказваюць свае меркаванні, зыходзячы з ацэнак падзей мінулага года.

— Нашы апаненты часта кідаюць папрок, што мы хочам вярнуцца да 9 жніўня. Ды не! Наадварот, бо ўсе гэтыя ўзрушэнні, якія маглі быць навязаныя разам з «каляровай» рэвалюцыяй, усіх нас прымусілі па-новаму паглядзець на сябе, на сваю краіну, — падкрэсліў Вадзім Гігін. — Зарадзілася вельмі шмат пазітыўнага ў гэты перыяд. І мы бачым, што, нягледзячы на рэгіянальныя адрозненні, мы сапраўды Беларусь адзіная! І адказы, якія даюць людзі, выказваюць свае спадзяванні, перажыванні пэўныя, праблемы, якія яны падымаюць, — часта вельмі падобныя. І мы бачым, гэта можна вырашыць толькі ўсім разам.

Паказальна, што дыялогавая форма рэгіянальных сустрэч вельмі запатрабаваная. Спікераў запрашаюць выступіць у розных гарадах, кіраўнікі прадпрыемстваў просяць выступіць перад калектывамі. 

— Мы часта гаворым пра камунікацыі, маючы на ўвазе новыя сродкі адносін, але не трэба грэбаваць жывымі стасункамі. Яны самыя даверныя, — матывуе Вадзім Гігін. 
Спікер перакананы: марафон, які крочыць па краіне напярэдадні Дня народнага адзінства будзем мець працяг. Таму што ёсць такая патрэба ў людзей — выгаварыцца, растлумачыць сваю пазіцыю, пачуць меркаванне іншых, паглядзець на суседнія рэгіёны, і гэта вельмі важна, лічыць ён.

Цікавымі для абмеркавання ў Гомелі сталі выступленні аб перспектывах эканамічнага росту краіны, у тым ліку ў рэгіянальным аспекце. Разгледзелі ўплыў санкцый і ўзаемадзеянне з замежнымі партнёрамі, абмеркавалі перспектывы палітычнай трансфармацыі, статус Усебеларускага народнага сходу, узаемаадносіны з Расійскай Федэрацыяй і будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. 

Нагадаем, усяго запланавана правесці 10 рэгіянальных форумаў. Завершыцца работа дыялогавых пляцовак напярэдадні Дня народнага адзінства. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.