Вы тут

Феномен знахарства: Далман з Глыбоччыны


У «Беларускай навуцы» выйшла зусім нечаканая і па сённяшнім часе кніга Таццяны Валодзінай і Уладзіміра Лобача «Далман. Асоба і міф». Выданне прысвечана аднаму з найболей цікавых знахараў Беларусі — Міхаілу Уладзіміравічу Даламанаву з Віцебшчыны. 


Якім жа быў пачатак даследвання..? Пра гэта мы даведваемся ў «Прадмове»: «У ліпені 1992 г. у Расонскім раёне, амаль на самай мяжы з Расіяй, старэнькая бабуля, распавядаючы пра мясцовых шаптух, што дапамагалі людзям ад розных хвароб замоўленай вадзічкай, раптам прыгадала надзвычай „бальшога знахара Далмана“, які жыў недзе за Глыбокім і дапамагаў „ад усяго“. 

Звесткі былі цікавымі, але даволі няпэўнымі, спраўдзіць іх падавалася немагчымым. Але год за годам, у экспедыцыях на Полаччыне і Вушаччыне, Лепельшчыне і Глыбоччыне, у ваколіцах Докшыцаў і Шаркаўшчыны гэты „бальшы знахар“, але ўжо з устойлівым найменнем „Далман“, гучаў у аповедах вяскоўцаў усё часцей і часцей. Дзясяткі, а то і сотні ўдзячных успамінаў маглі адрознівацца паміж сабой у дэталях, але зводзіліся да аднаго — легендарны Далман лекаваў людзей ад самых разнастайных хвароб, пазбаўляў ад немачаў хатнюю жывёлу, меў прарочы дар і спагадлівую, чалавечную натуру. Уяўленне малявала мудрага вясковага дзеда, патомнага знахара, што атрымаў свой дзівосны дар ад пра-прадзедаў, як пра гэта пісалася ў этнаграфічных зборніках XIX — пачатку XX стагоддзя».

У 2012 годзе, праз 20 гадоў пасля першай згадкі, экспедыцыйныя шляхі прывялі да невялікай вёскі на Пастаўшчыне — Верацеі. І там ўдалося пагаварыць з дачкою самога Далмана — Ксеніяй Міхайлаўнай... Як высветлілася, спярша — па старых здымках, Міхаіл Уладзіміравіч Далманаў — прадстаўнік дваранскага роду. Нечаканая акалічнасць у звязку з традыцыйным знахарствам, носьбіты якога былі выхадцамі з самых народных глыбінь, з сялян. 

Аўтары кнігі пра Далмана, падрабязна разглядаючы саму асобу знахара, вельмі грунтоўна звяртаюцца да характарыстык самога феномена знахарства. Даследванне, сабранае па крупінках з многіх сведчанняў людзей, якім даводзілася сустракацца з Далманам, чытаецца як унікальная энцыклапедыя народнага жыцця. Хаця аўтары і сцвярджаюць: «Прапанаваная чытачу кніга — гэта не гістарычнае даследванне ў класічным разуменні, але спроба ў галіне антрапалагічнай фенаменалогіі, калі прыярытэтнай стае асоба ўнікальнага чалавека ў праекцыі на спецыфіку культурнага ландшафту краю і адметнасць эпохі, якія ў суплёце і спарадзілі непаўторную легенду, што дагэтуль жыве ў вёсках і мястэчках Падзвіння». 

Выдавецтва «Беларуская навука», прапаноўваючы кнігу пра Далмана ў серыі «Фальклор нашага краю», раіць пазнаёміцца з даследваннем этнографам, фалькларыстам, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю. 

А набыць кнігу Таццяны Валодзінай і Уладзіміра Лобача «Далман. Асоба і міф» можна ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.