Вы тут

Камунальнікі да зімы гатовыя. А людзі грэюцца і... скардзяцца


Халодны і дажджлівы верасень ізноў вымусіў прымаць рашэнне аб падключэнні цяпла ў садках, школах ды кватэрах беларусаў раней за звычайны тэрмін. Амаль па ўсёй краіне сацыяльныя і жылыя аб'екты ацяпляюцца. У Мінску, напрыклад, абаграваюцца ужо 2,5 тысячы дамоў, а ў Мінскай вобласці прынялі рашэнне абаграваць сваіх жыхароў 11 райвыканкамаў. Да зімы ў Беларусі нарыхтавана, напрыклад, 1,5 млн шчыльных м3 драўнянага паліва і 177,5 тысячы тон саляна-пясчанай сумесі. Адрамантавана 285 тысяч пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў і 752 тысячы м2 даху. Тым не менш пашпарты гатоўнасці да зімы цеплакрыніцы, якія абслугоўваюцца камунальнай гаспадаркай, могуць атрымліваць да 30 верасня, і на некаторых аб'ектах пакуль вядуцца работы. Як камунальнікі гатовыя да халадоў, расказалі эксперты.


«Зімовыя» пашпарты і перасовачныя кацельныя

— Работы па цеплавой гаспадарцы і жыллёвым фондзе ў цэлым ужо завершаны, — расказала Святлана ЦІМОШКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — 3435 кацельных атрымалі пашпарты гатоўнасці, выдадзены пашпарты і 240 спажыўцам цеплаэнергіі (маецца на ўвазе жылфонд, які абслугоўвае ЖКГ, і камунальныя кацельныя). Заменена 383 кіламетры цепласетак, прафілактычна адрамантаваны сістэмы ацяплення ў 41,5 тысячы дамоў, 37,2 тысячы цеплапунктаў у дамах апрэсаваны. Напагатове 15 перасовачных модульных кацельных і 607 аўтаматычных перасовачных крыніц электразабеспячэння. На беларускіх вуліцах гатовы працаваць 3749 адзінак снегаўборачнай тэхнікі. Для папярэджання магчымых аварый у краіне сфарміравана 719 аварыйна-аднаўленчых брыгад (3400 чалавек).

Ліквідацыя і ўлік аварый і настройка градуса

Важна не толькі аператыўна ўстараніць аварыі, але і не дапусціць іх у будучыні, таму міністэрства сёлета распрацавала метадычныя рэкамендацыі аб парадку збору і перадачы інфармацыі пры ліквідацыі аварый і пашкоджанняў на аб'ектах ЖКГ, засяродзіла ўвагу Святлана Цімошкіна, патлумачыўшы, што ў гэтым дакуменце прапісаны дакладны алгарытм рэагавання на пазаштатныя сітуацыі.

Летась аварый у жыллёвым фондзе падчас падключэння ацяплення не фіксавалася. Былі здарэнні на цеплавых сетках. Па іх выніках распрацаваны сёлетнія планы па замене цепласетак. Мінсккамунцепласеткі, напрыклад, планавалі замяніць 54,5 кіламетра (90 % задачы ўжо выканана), расказала Валянціна ГРЫДЗЮШКА, в. а. намесніка генеральнга дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

— Калі адбываецца парыў батарэі ў адной кватэры, адключаецца адна гэта кватэра або ўвесь стаяк у доме. Рамонт у гэтым выпадку праводзіцца за мінімальны час (на працягу некалькіх гадзін). А вось калі рвецца цепласетка, то на час рамонту адключыцца ўжо весь квартал, які сілкуецца ад яе. Усе дамы, якія мы падключаем да ацяплення, стараемся разпаветрываць у той жа дзень. Пасля адразу рэгулююцца сістэмы ацяплення.

Многія батарэі на пачатку пуску цяпла могуць быць занадта гарачыя, а некаторыя — здавацца і нібыта халоднымі. Аднак і тыя, і тыя апальваюцца, запэўнілі спецыялісты. Проста адбываецца працэс рэгуліроўкі цепланосьбіту адпаведна з тэмпературай за акном.

— Паслуга цеплазабеспячэння заключаецца ў падтрымліванні пэўнай тэмпературы ў памяшканні. І чалавек плаціць за тэмпературу не ў батарэі, а за тэмпературу ў памяшканні, што з дапамогай гэтай батарэі ствараецца. Якая пры гэтым тэмпература радыятара — не агаворваецца, — патлумачыў Андрэй ШУЛЬГА, намеснік генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці ў адказ на звароты карыстальнікаў, якія за два дні ўжо паспелі паскардзіцца, што батарэі і занадта гарачыя, і занадта халодныя.

Мінск гатовы на 100 %, Міншчына даганяе

Аб'ём запланаваных перадзімовых работ у сталіцы цалкам выкананы, а пашпарты гатоўнасці атрымалі 100 % жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый. Падчас падключэння ацяплення ў Мінску працуе 82 брыгады (больш за 1000 чалавек), гатовыя аператыўна адрэагаваць на любую аварыйную сітуацыю. А на шыльдах аб'яў сталічных пад'ездаў, дарэчы, вывешаны нумары тэлефонаў дыспетчарскіх службаў ЖЭСаў, каб жыхары маглі ў выпадку чаго дазваніцца да спецыяліста хутчэй і адначасова разгрузіць службу 115, запэўніла Валянціна ГРЫДЗЮШКА.

На Міншчыне пашпарты гатоўнасці па цеплаэнергіі і па цеплакрыніцах атрымалі 90 % аб'ектаў, а работы па падрыхтоўцы да зімы выкананы на 100 %, падзялілася інфармацыяй Таццяна МУЗОК, начальнік аддзела энергетыкі і паліва ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама:

— Вобласць працягвае нарыхтоўваць запасы паліва на зіму: паліўнага мазуту назапашана 99 %, дроў — 90 %. Да 1 кастрычніка будуць створаны ўсе запланаваныя аб'ёмы.

На балансе ЖКГ Мінскай вобласці знаходзіцца 862 цеплакрыніцы, якія ўсе цалкам гатовыя да нагрузкі ў ацяпляльны перыяд, і 2897 кіламетраў цепласетак, якія выпрабаваны і таксама гатовы да зімы. 960 з 1052 аб'ектаў сацыяльнай сферы Міншчыны ўжо падключаны да цяпла, як і 1215 з 6236 жылых дамоў, што абслугоўваюцца ЖКГ. З 947 дамоў, дзе арганізаваны таварыствы ўласнікаў і іншыя формы кіравання, абаграваецца 91 жылы будынак, распавёў Андрэй Шульга:

— 6236 жылых дамоў Міншчыны ў гэты сезон атрымалі свой аб'ём работ. Адрамантаваны 342 балконы, каля 14,5 тысячы пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў, 40 тысяч м2 даху. Нарыхтавана 25 800 тон пясчана-саляной сумесі для апрацоўкі дарог 480 адзінкамі тэхнікі. Створана 119 аварыйна-аднаўленчых брыгад (650 чалавек). Гатовы да работы тры блочна-модульныя кацельныя ў Мінскім, Маладзечанскім і Дзяржынскім раёнах. У прадпрыемстваў ёсць 104 перасовачныя энергакрыніцы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.