Вы тут

Сярэбраны сюрпрыз Ягора Шчалканава


Параалімпійскія гульні ў Токіа... У басейне «Акватык-цэнтра» пачынаюцца спаборніцтвы на 100 метраў на спіне сярод спартсменаў катэгорыі S9. У паветры, як заўсёды, лунае нервовае напружанне, азарт барацьбы і чаканне вынікаў. Менш чым за дзве хвіліны ўсе заканчваецца. На другой прыступцы п'едэстала з вынікам 1 хв. 1,96 секунды — беларус Ягор Шчалканаў. Яго сярэбраны медаль стаў вельмі прыемным сюрпрызам для ўсіх — трэнераў, кіраўніцтва, балельшчыкаў. А што пра гэтае думае сам трыумфатар Ягор Шчалканаў, ён расказаў «Звяздзе».


«Параалімпійскія гульні пакуль — галоўны старт у маім жыцці. Было цяжка, адчувалася хваляванне. Ціснулі думкі, што гэта самыя важныя спаборніцтвы, што мы доўга рыхтаваліся і не хацелася выступаць дрэнна. Стараўся не думаць аб гэтым», — расказвае Ягор. Але непасрэдна ў басейне статус і важнасць турніру не адчуваліся — не было гледачоў на трыбунах. І няхай падчас заплыву спартсмены не звяртаюць увагі на трыбуны, падтрымка ўсё ж такі мае значэнне.

Ціску дадавала і ўсім вядомая праблема — пандэмія каранавіруса. Нават строгія эпідэміялагічныя абмежаванні не выратавалі беларускую каманду ад гэтай навалы. Перад самым стартам станоўчыя тэсты аказаліся ў плыўцоў Максіма Вашкевіча і Рыгора Зудзілава, які быў суседам Ягора Шчалканава па пакоі. «Я жыў з чалавекам, у якога аказаўся станоўчы вынік тэста на каранавірус. У Рыгора былі ўсе сімптомы: тэмпература, кашаль. І я кожны дзень прачынаўся з думкай: хоць бы ў мяне не было станоўчага тэста. Калі хварэе тры чалавекі, лічыцца, што ў камандзе павышаная небяспека. А ў нас хварэлі двое. Таму мы былі вельмі ўважлівыя, кожны дзень здавалі тэсты, пастаянна ўсе апрацоўвалі антысептыкам. Думкі аб тым, што я прыехаў у Токіа пахварэць былі цяжкімі, канешне», — успамінае Ягор.

Не турыстам ехаць

На чэмпіянаце Еўропы 2021 года, які стаў кантрольнай праверкай сіл перад Параалімпійскімі гульнямі, Ягор вызначыўся «бронзавым дублем». Бронзавыя медалі ён заваяваў на дыстанцыях 100 метраў на спіне і 100 метраў батэрфляем. Але на Параалімпійскіх гульнях такі поспех упэўненасці не дадаваў. Як тлумачыць Ягор, у Токіа прыехала шмат моцных плыўцоў не з еўрапейскіх краін — ЗША, Аўстраліі. Таму адразу было зразумела, што канкурэнцыя чакаецца значна вышэйшая.

«Я не разлічваў, што вярнуся дадому з узнагародай. Але ведаў, што буду за яе біцца. Інакш які сэнс, калі не змагацца? Не гледачом, не турыстам туды ехаць. Гэта такі ж старт, толькі больш сур'ёзны. А работа такая ж, як і на іншых спаборніцтвах», — дзеліцца Ягор.

У Токіа спартсмен праплыў чатыры дыстанцыі. На 50 метрах вольным стылем Ягор паказаў вынік 25,96 секунды і закончыў выступленне на восьмым месцы. «Тое, што, на думку абывацеляў, «крыху не атрымалася», для нас — правал. Я не разлічваў, што выйду ў фінал на 50 метрах. Але так аказалася, што я апошнім адабраўся ў фінал і ўжо ставіў сабе задачу выплысці з 26 секунд. Іншых задач не ставіў, бо на 50 метрах вельмі сур'ёзная канкурэнцыя. І я быў задаволены, што выплыў з 26 секунд», — адзначае Ягор. І тлумачыць, што дыстанцыя ў 50 метраў — сапраўдная латарэя. Адзін няправільны грабок, рух, несвоечасовы ўздых — і маеш зусім іншы вынік.

У спаборніцтвах на 200 метраў комплексам Ягор спыніўся за крок ад п'едэстала. Ён называе гэтую дыстанцыю самай цяжкай. Два тыдні работы без выхадных нагадалі аб сабе. Дыстанцыя ў 100 метраў батэрфляем прынесла Ягору сёмае месца ў выніковым пратаколе. І за гэты вынік яму крыўдна: «Калі б я скінуў са свайго найлепшага выніку тры дзясятыя секунды, то можна было б змагацца за трэцяе месца. Гэта 200 метраў комплексам крыху вінаваты. Я там выклаўся на 200 працэнтаў, і, калі плыў 100 батэрфляем, мне было цяжка, бо я да канца не аднавіўся. Цяжка давалася да канца трымаць тэмп. Гэта была апошняя дыстанцыя, і я ў прынцыпе стаміўся», — тлумачыць Ягор. Дарэчы, найлепшы спосаб аднавіць арганізм паміж заплывамі — гэта сон. Спартсмен раіць выкарыстоўваць гэты спосаб для адпачынку пасля любых нагрузак.

«Сярэбраная» дыстанцыя ў 100 метраў на спіне стала сюрпрызам і для самога Ягора. Аказваецца, гэта не зусім яго профіль, і прычым нягледзячы на «бронзу» чэмпіянату Еўропы. «Я не плаваў гэтую дыстанцыю раней. Першы раз я праплыў яе ў 2019 годзе, і мы тады вырашылі, што спіна — гэта не маё. Я і не трэніраваў яе. Пакуль аднойчы на чэмпіянаце Беларусі не паказаў сярэдні вынік. І вырашылі паспрабаваць заявіць гэту дыстанцыю на чэмпіянат Еўропы. Там у кваліфікацыі атрымалася нядрэнна, потым у фінале трэцяе месца. Трэніраваў гэтую дыстанцыю і на параалімпіяду. Але чаму там усё так добра атрымалася, я растлумачыць не магу», — дзеліцца сярэбраны прызёр Параалімпійскіх гульняў на дыстанцыі 100 метраў на спіне.

Цікавы факт — у розных басейнах плыўцы па-рознаму адчуваюць ваду. Адрозніваецца тэмпература і, што парушае ўсе правілы фізікі, шчыльнасць вады. «Бывае, што рука проста слізгае па вадзе. А бывае, што прыходзіцца літаральна чапляцца за ваду. Мне падабаецца вада ў нашым басейне ў БДУФК. І ў Токіа яна была прыкладна такая», — расказвае Ягор.

Кантраляваць свае эмоцыі

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па плаванні Генадзь Вішнякоў адзначаў, што маладому, але перспектыўнаму Ягору Шчалканаву думаць ад медалях Токіа рана, яго Параалімпіядай будзе Парыж у 2024 годзе. Але, як той казаў, хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. На шчасце, Ягор чаканні трэнера не апраўдаў. І гэта не вельмі дзіўна. Як адзначаў той жа Генадзь Вішнякоў, за апошнія паўтара года Ягор паказаў відавочны прагрэс. У чым сакрэт — не ведае нават сам спартсмен. Як звычайна працаваў, трэніраваўся, а вынікі паляпшаліся: «Не магу сказаць, што зрабіў нешта выключнае, і ў мяне пачалі расці вынікі. Дзякуй трэнерам Генадзю Вішнякову і Станіславу Паздзеяву. Магчыма, я стаў больш адказна ставіцца да працы. Зразумеў, што ўсё залежыць ад мяне самога і за мяне ніхто нічога рабіць не будзе». Магчыма, сакрэт прагрэсу Ягора Шчалканава, сапраўды, у псіхалогіі. Калі гэта так, то дзякуй за гэта варта сказаць сябру па камандзе Уладзіміру Ізотаву. «Свой першы сур'ёзны міжнародны старт, чэмпіянат свету ў Лондане, я праваліў. На 50 метрах мне не хапіла чатырох сотых секунды да медаля. І Вова крыху папрацаваў са мной, падтрымаў маральна-псіхалагічна. Дзякуючы яму я навучыўся кантраляваць свае эмоцыі, стаў больш упэўненым. Вова мне дапамог, зарадзіў мяне. Раней, выходзячы на старт, я думаў, што сапернікі мацнецшыя, таму ў мяне нічога не атрымаецца. А цяпер я аб гэтым не думаю. Цяпер мае думкі скіраваны на тое, што я не горшы за сапернікаў і таксама магу добра выступіць», — дзеліцца Ягор.

Нацыянальная параалімпійская зборная па плаванні — вельмі дружная каманда. Сябры ў басейне — сябры па-за яго межамі.

Кар'ера пачалася з акваланга

Спартыўная кар'ера ў Ягора Шчалканава пачалася па традыцыйным сцэнарыі. У дзяцінстве займаўся рознымі відамі спорту, з мамай хадзіў у басейн. Пакуль у адзін цудоўны дзень у кампаніі дзеда і таты хлопчык не прыйшоў у новы Брэсцкі палац водных відаў спорту. Дзед, вялікі аматар паныраць з аквалангам, прапанаваў унуку такую ідэю. У басейне Ягора заўважыў трэнер Уладзімір Маслій, які і адкрыў Ягору дзверы ў вялікі спорт. Праўда, як расказвае сам Ягор, тады заняткі плаваннем успрымаў проста як дадатковыя пасля школы, вялікай кар'еры рабіць не імкнуўся. Проста трэніраваўся ў сваё задавальненне. Першы буйны поспех прыйшоў у 2016 годзе. Тады 15-гадовы Ягор Шчалканаў на Сусветных юнацкіх гульнях ІWAS (Сусветныя юнацкія гульні Міжнароднай федэрацыі калясачнікаў і ампутантаў) заваяваў тры медалі. «Гэта больш фізіялагічныя здольнасці. Мне было 15 гадоў, арганізм расце, і вынікі растуць», — заўважае Ягор.

Затым было запрашэнне ў нацыянальную каманду, пераезд у Мінск і разуменне, што плаванне — гэта не просто хобі. Дарэчы, хобі Ягора таксама звязаны са спортам — аматарскі футбол, валейбол з сябрамі ў двары. Захапляецца хлопец і японскай культурай, гісторыяй, аўтамабілямі. Таму прыехаць у Токіа і не мець магчымасці бліжэй пазнаёміцца з краінай было крыўдна.

Акрамя трэніровак і спаборніцтваў, важная частка параалімпійскага спорту — класіфікацыя. Каб спаборніцтвы былі справядлівымі і роўнымі, дзейнічае сістэма, якая гарантуе, што перамога будзе вызначацца пэўнымі навыкамі, фізічнай падрыхтоўкай, вынослівасцю і тактычнымі здольнасцямі. Мэта класіфікацыі — звесці да мінімуму ўплыў парушэнняў на спартыўную дзейнасць. Адным з самых важных Ягор называе старт у англійскім Шэфілдзе, дзе праходзіў класіфікацыю напярэдадні Параалімпійскіх гульняў. «Гэта быў вельмі важны этап для мяне. Мы ўсе перажывалі за класіфікацыю, бо многія яе не праходзяць. У мяне была пагранічная сітуацыя паміж 9-м і 10-м класам. Да гэтага я тры гады быў у 10-м, затым — год у 9-м. Але, калі б цяпер мне далі 10-ы клас, ехаць у Токіа не было б сэнсу. Вынікі гэтых класаў адрозніваюцца як неба і зямля, і ў мяне не было б ніякіх шанцаў. Многае залежыць і ад таго, як дома будуць падрыхтаваныя дакументы, таму дзякуй спецыялістам, якія імі займаліся», — расказвае Ягор.

«Серабро» Параалімпійскіх гульняў — узнагарода, безумоўна, важная, але не галоўная. Запаветная мэта — «золата». Таму цяпер уся ўвага і ўсе сілы Ягор Шчалканава скіраваныя на Параалімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы. І матывацыя ў яго самая простая, але самая шчырая: «Серабро» ў мяне ёсць, хацелася б яшчэ і «золата». Бацькі, дзед, за мяне вельмі перажываюць, і мне хацелася б іх парадаваць».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.