Вы тут

«Раім усім «укалоцца»


Вёска Малая Слабада знаходзіцца далекавата ад райцэнтра. У населеным пункце няма вытворчасцяў, цэнтральнага водаправода, ацяпляюцца дамы печамі на цвёрдым паліве. Жыве 48 чалавек, у асноўным пенсіянеры. У тым ліку і Ніна Яўгенаўна Драпкова са сваім мужам Анатолем Сяргеевічам. А прыехалі мы з медыкамі да іх не ў госці, а з канкрэтнай мэтай. Работнікі аховы здароўя — каб зрабіць сужэнцам прышчэпку ад COVІD-19, а журналісты з дазволу гаспадароў — пагутарць з імі, чаму прынялі такое рашэнне.


Перш чым прыступіць да працэдуры, урач Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы Ала Карпейчык цікавіцца ў пацыентаў станам здароўя, бескантактным тэрмометрам вымярае тэмпературу цела, партатыўным прыборам — узровень сатурацыі лёгкіх, крывяны ціск, робіць іншыя, незнаёмыя нам, далёкім ад медыцыны людзям, дзеянні. І толькі тады прыступае да працэдуры.

— Гэта ўжо другая прышчэпка, першую мы зрабілі больш як дваццаць дзён таму. Перанеслі нармальна, ніякіх пабочных рэакцый не было, — кажа Ніна Яўгенаўна. — Праўда, напачатку хвалявалася, ці ўсё будзе добра. Нам па семдзесят гадоў, муж інвалід па зроку. Але бачыце, усё абышлося. Думаю, не апошнюю ролю адыграў прафесіяналізм урачоў.

— Самі вырашылі прышчапіцца або нехта падказаў? — цікаўлюся ў сваіх суразмоўцаў.

— Мы глядзім тэлевізар, перадачы пра гэтую хваробу, выступленні ўрачоў, якія раяць прышчапіцца. Кажуць, што прышчэпленыя пацыенты радзей хварэюць на COVІD-19. А калі нават падчэпяць гэтую заразу, то хвароба працякае значна лягчэй, чым у непрышчэпленых. Сярод людзей яшчэ распаўсюджана меркаванне, што пажылым людзям нельга праходзіць вакцынацыю. А мы вось рызыкнулі і не шкадуем, раім і іншым «укалоцца».

Ніна Яўгенаўна і Анатоль Сяргеевіч жывуць адны. Муж і жонка выхавалі пяцярых дзяцей, якія выраслі і разляцеліся з роднага гнязда. У іх трынаццаць унукаў, чатыры праўнукі. Яны наведваюць бабулю з дзядулем. Відаць, і гэта паўплывала на тое, што гаспадары зрабілі прышчэпкі — каб не абмяжоўваць сябе ў зносінах з самымі блізкімі людзьмі. Тры дачкі Драпковых працуюць у раённай бальніцы на розных пасадах. Яны таксама паўплывалі на рашэнне бацькоў прышчапіцца.

— Так, дзяўчаты сказалі нам: «Бацькі, прышчапляйцеся — паберажыце сябе нам на радасць», — пацвярджае гаспадыня. — Раней мы хадзілі ў госці да вяскоўцаў, суседзяў. Цяпер практычна не кантактуем, засцерагаемся. Сустракаемся толькі тады, калі аўтамагазін прыедзе, ды і то захоўваем меры бяспекі.

— З нашай вёскі выказала жаданне прышчапіцца яшчэ адна жанчына. Астатнія чакаюць, як мы зрэагуем на прышчэпкі. І толькі тады пачнуць масава вакцынавацца, — смяецца жанчына.

За станам самаадчування пацыентаў пасля прышчэпкі назірала ўрач. І толькі пасля таго, як упэўнілася, што сітуацыя стабільная, развіталася.

Падчас працэдуры вакцынацыі ў хаце Драпковых знаходзілася і фельчар Крупскага фельчарска-акушэрскага пункта Кацярына Агеевіч. Кацярына Міхайлаўна расказала, што ФАП збірае заяўкі ад насельніцтва для вакцынацыі.

— Запісваем усіх ахвотных, затым паведамляем у паліклініку, нам прысылаюць урача з медсястрой. Ахвотных прышчапіцца хапае, бо людзі зразумелі, што трэба берагчыся.

— Звычайнай практыкай стала і тое, што арганізацыі і прадпрыемствы пакідаюць заяўкі ў раённай паліклініцы на вакцынацыю ўсіх ахвотных работнікаў. Урачы выязджаюць і папярэдне праводзяць іх медагляд з мэтай выявіць адсутнасць супрацьпаказанняў. Калі такіх няма, то пасля адпаведных працэдур праводзяць вакцынацыю, — распавяла Ала Карпейчык. — Прышчапляюцца розныя катэгорыі насельніцтва: рабочыя настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, работнікі культуры. На дадзены момант — расійскімі вакцынамі «Спутнік лайт», «Спутнік V», кітайскай вакцынай «VERO CELL». — Выязджаем па заяўках штодня па будніх днях. Напрыклад, я, як урач-афтальмолаг пэўны час вяду прыём пацыентаў на рабочым месцы па сваім профілі, а затым едзем у арганізацыі, медыцынскія ўстановы, да людзей дадому, якія не могуць звярнуцца ў паліклініку.

Спачатку грамадзяне Крупскага раёна недаверліва ставіліся да прышчэпак, зрэшты, як і ў іншых рэгіёнах вобласці. Цяпер яны разумеюць, што ёсць неабходнасць у вакцынацыі, бо рызыка захварэць зніжаецца.

— Ускладненняў пасля прышчэпак, як правіла, не назіраецца. На ўсе вакцыны арганізм можа зрэагаваць павышэннем тэмпературы цела да 37—37,2 градусаў, якая трымаецца на працягу першых трох сутак, нязначным болем у месцы ўвядзення ін'екцыі, — дзеліцца назіраннямі са сваёй практыкі Ала Міхайлаўна.

Зрабіць прышчэпку можна і ў перасоўным пункце, які працуе ў суботу і нядзелю з 9.00 да 14.00 каля гандлёва-забаўляльнага комплексу «К-сіці». Тут знаходзяцца ўрач і медсястра, якія раскажуць аб прышчэпках і пры жаданні пацыента і адсутнасці супрацьпаказанняў яго вакцынуюць.

Словам, супраць COVІD-19 у Крупках змагаюцца ўсёй талакой. Урачы расказваюць аб праўдзе і міфах аб вакцыне супраць каранавіруса, цячэнні хваробы і яе наступствах, праводзяць у калектывах лекцыі. Валанцёры атрада «Добрае сэрца» і медыкі раздаюць інфармацыйныя лісткі, накіраваныя на прафілактыку захворвання шляхам вакцынацыі, ладзяць акцыі пад дэвізам «Толькі разам мы можам перамагчы каранавірус».

З пачатку вакцынацыі ў Крупскай ЦРБ працуе кабінет імунапрафілактыкі № 240 з 8.00 да 16.00 без папярэдняга запісу і чаргі, а таксама кол-цэнтр. Па тэлефоне 5-66-31 медработнікі адкажуць на ўсе пытанні. У раённай бальніцы можна атрымаць сертыфікат аб вакцынацыі на англійскай і рускай мовах, цана якога каля трох рублёў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


У тэму

«Гарачыя лініі» па COVІD-19 працуюць не толькі ў рэгіёнах Мінскай вобласці. Спецыялісты дзяжураць і на абласной «гарачай лініі». Пытанні можна задаць па тэлефоне 8 (017) 517 20 25. Графік работы — панядзелак — пятніца з 8.00 до 17.00. «Гарачыя лініі» адкрыты таксама ў Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, куды можна звярнуцца з 8.30 да 16.30 па тэлефонах 8 (017) 290-00-93, 331 26 14, 331-87-68.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.