Вы тут

Расследаваць забойства 20-гадовай даўнасці дапамагла экспертыза пахавых слядоў


Пра рэзананснае групавое забойства двух маладых мужчын і іх равесніцу ў Віцебску, якое праз дваццаць гадоў раскрылі пры ўзаемадзеянні з расійскімі і нямецкімі следчымі і экспертамі, распавёў Алег АСІПОЎСКІ, следчы па асабліва важных справах аддзела па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.


Следчы яшчэ з... арміі

Да таго, як пачаць працаваць у Віцебску, Алег Асіпоўскі жыў у Оршы. Вучыўся ў каледжы на юрыста. Затым маладога чалавека прызвалі ў армію.

У войску Алег служыў у 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёне Міністэрства абароны. Менавіта дзякуючы гэтым ваеннаслужачым ажыццяўляецца пошук астанкаў вайскоўцаў Вялікай Айчыннай вайны, высвятляюцца імёны і прозвішчы тых, хто загінуў падчас ваенных дзеянняў, у тым ліку мірных грамадзян, якія сталі ахвярамі акупантаў і іх памагатых. Пошукавікамі шмат зроблена для ўвекавечання памяці нашых продкаў. Сваю лепту ў гэтую высакародную справу ўнёс і герой публікацыі.

Менавіта ў арміі Алег Асіпоўскі пачаў сваю пошукавую дзейнасць. Следчая спецыялізацыя — гэта працяг яго лёсу, прафесійнай рэалізацыі, кар'еры.

Пасля службы ў войску суразмоўца вучыўся на аддзяленні юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Падчас вучобы служыў у Аршанскім аддзеле Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў. У Следчым камітэце — з моманту ўтварэння сілавога ведамства. Пачынаў у Оршы. Пяць гадоў Алег Юр'евіч працуе ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. З жонкай Галінай выхоўвае траіх дзяцей: двух сыноў — Глеба і Захара, а таксама дачку Ніку.

Пра такіх, як Алег Асіпоўскі, кажуць: прафесіянал высокага ўзроўню. Ад яго ведаў, вопыту, настойлівасці залежыць здзяйсненне непазбежнасці пакарання, колькі б гадоў ні прайшло з дня ўчынення злачынства.

Па слядах забойства

Чалавек, якога, дзякуючы прафесіяналізму Алега Асіпоўскага і яго калег, асудзілі на доўгі тэрмін — 24 гады, вельмі хітры. Калі б не карпатлівая праца следчых, ён і дагэтуль мог бы ўваходзіць у давер наіўных людзей, жыць за чужы кошт, учыняць крадзяжы, забіваць...

— Злачынства адбылося ў Віцебску ў прыватным сектары, дзе ў адным з дамоў жылі муж з жонкай, іх непаўналетняя дачка, сын, які напярэдадні вярнуўся з арміі, і яго жонка, — згадвае дэталі крымінальнай справы следчы. — Гаспадары дома былі звычайнымі рабочымі, не прадпрымальнікамі, не сваякамі «моцных свету», не выйгралі ў латарэю.

Вярнуўшыся дахаты 9 снежня 2001 года пасля работы, мужчына ўбачыў кроў. У падвале ён знайшоў цела забітага сына, яго жонкі, а таксама іх суседа, які, як высветлілася пазней, зайшоў па рыдлёўку, каб пачысціць снег у двары каля сваёй хаты. Праз некаторы час дадому прыйшлі з работы і вучобы астатнія жыхары.

Ахвяры трагедыі — муж з жонкай — не пражылі разам і паўгода. Перад смерцю іх звязалі правадамі, шалікамі. Зброяй забойстваў былі сякеры, рыдлёўкі, рашпіль, малаткі...

Забойцаў было некалькі. Той, пра якога распавёў следчы, прывабны малады мужчына каля сарака гадоў. І можна так сказаць, што не толькі ў натоўпе, але і пры вельмі блізкіх стасунках пра такіх і не падумаеш, што яны «ў аўтарытэце» ў крымінальным свеце. Асуджаны родам з Калмыкіі. Парушаў закон яшчэ ў падлеткавым узросце. У 1987 годзе быў асуджаны на радзіме за крадзяжы. Праз некалькі гадоў за разбойныя напады атрымаў тэрмін ужо ў Віцебску — за ўзброенае нападзенне.

Выйшлі на іншае злачынства

Чатыры судзімасці да жудаснага забойства некалькіх чалавек у Віцебску. Следчыя ўстанавілі: у тым жа 2001 годзе ён забіў маладую жанчыну ў Расонскім раёне, да 2002 года пазбегнуў пакарання, хаваючыся ў сябе на радзіме. Аднак усё ж такі быў затрыманы ў Беларусі.

— Вельмі быў дзёрскі чалавек, — кажа Алег Асіпоўскі. — Фарбаваў валасы ў розныя колеры, быў хітры, лёгка ўваходзіў у давер, асабліва да жанчын.

Судзімы, дарэчы, не меў ніводнага тату. Верагодна, каб адпавядаць вобразу «добрага, клапатлівага, пяшчотнага, вернага» для чарговай жанчыны, якая хацела з ім жыць...

Следчы паказаў фота асуджанага. Калі б я не ведаў, што гэта твар жорсткага забойцы, махляра, падумаў бы, што вельмі прыветлівы і адэкватны чалавек. Фота з месца, дзе знайшлі трупы, морга паказвае яго сапраўдную сутнасць.

Пахучы код... На гэтым «пракалоўся»

Яго віну не маглі даказаць амаль доўгіх сем гадоў. Ды і ў пачатку 2000-х магчымасці экспертызы былі ў разы слабейшыя, чым у апошнія гады.

З 2002 да 2019 год (!) мужчына адсядзеў чарговы раз. Яго затрымалі адразу пасля вызвалення. Каб даказаць віну ў трайным забойстве, было зроблена шмат экспертыз: крыміналістычных, дактыласкапічных, генетычных і іншых. Некаторыя былі праведзены і ў Германіі, і ў Маскве.

Верагоднасць таго, што менавіта ён учыніў злачынства, была максімальна набліжаная да ста працэнтаў. Выдаў злачынцу пахавы след. Ён унікальны! Абумоўлены генетычна. Верагоднасць супадзення пахаў у дваіх людзей такая ж малая, як ідэнтычнасць ДНК. Не можа быць аднолькавых пахаў нават у блізнят.

Што цікава, у залежнасці ад узросту, захворванняў, якія былі перанесены, ужываемых лекаў, змены рацыёну харчавання, фізічных нагрузак, як растлумачылі ў маскоўскім экспертным цэнтры, нішто не змяняецца, калі гаварыць пра пах, на працягу жыцця. У кожнага з нас ёсць так званы пахучы код. Ён застаецца на ўсім. На прыладзе злачынства ў тым ліку. У нашай сумнай гісторыі кроў забітых стала «вакуумам», у якім захаваўся пах. Верагоднасць памылкі даследавання — адзін са ста мільёнаў выпадкаў!

Следчыя ўстанавілі, што ў забойстве бралі ўдзел яшчэ мінімум два чалавекі. Сярод жывых іх ужо няма. Аднак у пачатку расследавання крымінальнай справы не маглі даказаць дачыненне гэтых людзей да забойства.

Асуджаны атрымаў жорсткае пакаранне. Падчас расследавання высветлілася, што злодзей незадоўга да затрымання набыў пісталет, пры дапамозе якога мог учыніць шмат злачынстваў. Нават самыя блізкія не маглі здагадацца, што сярод іх жыве не проста злодзей, а крымінальны геній.

Расследаванне яшчэ працягваецца. Усе нюансы забойства пакуль не могуць быць апублікаваныя.

Аляк­сандр ПУК­ШАН­СКІ

Фо­та з ар­хі­ва УСК па Ві­цеб­скай воб­лас­ці

Загаловак у газеце: Пакаранне праз дзесяцігоддзі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.