Вы тут

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?


З пачаткам ацяпляльнага сезона ў супрацоўнікаў камунальных службаў работы дадаецца ў разы. Нарасхват у гэты час і ратавальнікі — па некалькі разоў на дзень па нумарах 101 і 112 паступаюць паведамленні аб пажарах. Аднак непрыемнасцяў і трагедый, якіх апошнім часам становіцца ўсё больш, можна было б пазбегнуць, калі б людзі своечасова і правільна падрыхтаваліся да халадоў...


Супрацоўнікі МНС працуюць і на прафілактыку: тлумачаць людзям, як пазбегнуць пажару, а таксама як сябе паводзіць, калі адбылося здарэнне.

Цыгарэта можа стаць апошняй

Толькі ў Мінскай вобласці за кастрычнік, які яшчэ нават не скончыўся, адбылося 100 пажараў, на якіх загінулі дзесяць чалавек. У прыватнасці, у Вілейскім раёне падчас адпачынку ў лазні абарвалася жыццё маладога мужчыны. Калі на месца выкліку прыбылі падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на прысядзібным участку адкрытым полымем гарэў дах у прыватнай лазні. Як высветлілася, на момант узнікнення пажару гаспадар знаходзіўся ў хаце. Яго знаёмая, якая самастойна выйшла з ахопленай агнём лазні, атрымала апёкі. Яшчэ адзін аматар папарыцца пакінуць пабудову не змог — яго цела знайшлі на падлозе ў душавой. Чаму адбыўся пажар, устанаўліваецца.

Традыцыйна асноўнай прычынай пажараў з'яўляецца няспраўнасць пячнога ацяплення. Асаблівую групу рызыкі складаюць і тыя, хто з наступленнем халадоў пераносіць «курылку» ў ложак. Днямі ў Слоніме супрацоўнікі МНС выратавалі трох чалавек, якія атруціліся прадуктамі гарэння, — вінаватая непатушаная цыгарэта. Аднак усё магло скончыцца значна горш, калі б выпадковы сведка не паведаміў ратавальнікам аб задымленні ў адным з пад'ездаў шматкватэрнага дома па вуліцы Брэсцкай. Гаспадыня кватэры, дзе адбыўся пажар, сама звярнуцца па дапамогу не паспела: жанчына страціла прытомнасць на лесвічнай клетцы ў той час, калі ішла да суседзяў патэлефанаваць у МНС. Паколькі шчыльны дым трапіў і ў кватэры, якія размяшчаюцца вышэй, узнікла пагроза жыццю і здароўю іншых жыхароў. Ратавальнікі своечасова вывелі іх на свежае паветра.

Згубная звычка магла стаць фатальнай і для 18-гадовага хлопца з Віцебска. Паведамленне аб пажары ў прыватным сектары ратавальнікам паступіла ноччу. Як расказаў начальнік змены Аляксандр ДУБІН, калі яны прыбылі на месца, звонку дома ні дыма, ні агню не было відаць. «Каля хаты стаяў малады чалавек, ён сказаў, што ўнутры ёсць яшчэ адзін, — згадвае супрацоўнік МНС. — Мы з калегамі, падключыўшыся да апаратаў на сціснутым паветры, увайшлі ў хату. У адным з пакояў гарэла канапа, было шчыльнае задымленне, а на падлозе ў кухні мы ўбачылі чалавека. Ён быў у прытомнасці, аднак у неадэкватным стане:  візуальна быў вельмі п'яны і выйсці з небяспечнай зоны самастойна не мог».

Да прыезду ўрачоў ратавальнікі аказалі маладому чалавеку першую медыцынскую дапамогу.

Печ патрабуе клопату

Амаль кожны трэці пажар сёння адбываецца з-за няспраўнасці і парушэння правілаў мантажу печаў, а таксама цеплагенерыруючых агрэгатаў. Часта ўзгаранні становяцца вынікам няспраўных электрасетак і электраабсталявання, іх няправільнай эксплуатацыі.

Менавіта з-за апошняга адбыўся пажар на тэрыторыі аднаго з прыватных падворкаў у гарадскім пасёлку Крывічы, што ў Мядзельскім раёне. Агонь пашкодзіў сцяну гаража і маёмасць, якая ў ім знаходзілася. На шчасце, абышлося без пацярпелых.

Хэпі-эндам скончылася і ўзгаранне жылога дома ў вёсцы Каралёў Стан, якая знаходзіцца недалёка ад сталіцы. Калі ратавальнікі прыехалі на выклік, аданапавярховая драўляная хата гарэла адкрытым полымем. Гаспадар, які своечасова паспеў выйсці са свайго дома, атрымаў тэрмічныя апёкі. Па папярэдняй версіі, пажар адбыўся з-за парушэння правілаў эксплуатацыі печы.

— Ацяпляльны перыяд толькі пачаўся, але, на жаль, ужо фіксуюцца пажары, звязаныя з «рытуаламі» абагравання: дзесьці падводзіць своечасова неадрэмантаваная печ, у пэўных выпадках гаспадары вырашылі сагрэцца адзін раз, але так, што перагравання не вытрымалі слабыя месцы, а хтосьці грэбуе правіламі выкарыстання адкрытага агню, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Пры эксплуатацыі пячнога ацяплення трэба быць надзвычай асцярожнымі. Неабходна выкарыстоўваць дровы, якія не выступаюць за межы апалавай камеры. Нельга распальваць печ вогненебяспечнымі і гаручымі вадкасцямі, паліць у ёй трэба два-тры разы на дзень з інтэрваламі, каб не дапусціць перагравання. Печ не павінна мець расколін, комін у межах гарышча неабходна пабяліць. Завяршаць паленне трэба не пазней чым за дзве гадзіны да сну. Зачыніць засланку коміна можна толькі пераканаўшыся, што вуголле поўнасцю прагарэла.


Каб не дапусціць пажару падчас курэння, варта прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі:

  • нельга курыць у ложку, тым больш калі вы ў стане алкагольнага ап'янення;
  • нават патушаныя цыгарэты нельга выкідваць з вокнаў або балконаў, а таксама ў вядро са смеццем, дзе ўжо знаходзяцца папера і іншыя гаручыя адходы;
  • не варта ў якасці попельніцы выкарыстоўваць папяровыя скруткі, пачкі ад запалак або цыгарэт;
  • сачыце за тым, каб запалкі або цыгарэты не траплялі ў рукі да малых дзяцей.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.