Вы тут

У Мінску прэзентавалі новую музычную лаўку


У гістарычным цэнтры Мінска, на вуліцы Ракаўскай, урачыста прэзентавалі новую музычную лаўку. Гэта другі такі аб'ект — першы быў адкрыты да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага і размясціўся ў Верхнім горадзе.


Варта толькі гараджанам ці гасцям сталіцы прысесці адпачыць — і лавачка пачне іграць музыку кампазітара Алега Молчана. Пры жаданні можна праслухаць нават міні-канцэрт з 20 кампазіцый.

Калі Алега Молчана не стала (а ён пражыў усяго 54 гады), шмат вялося гаворак пра тое, што маэстра не паспеў атрымаць высокіх узнагарод ад краіны, якую праслаўляў. Адной з крыніц, якая натхняла кампазітара, стала беларуская паэзія, і многія яго песні — гэта пераасэнсаваныя вершы класікаў.

Маэстра пакінуў багатую спадчыну, праўда, пакуль у рэпертуары разумнай лаўкі няма яго духоўных, харавых, класічных твораў. Хоць з цягам часу трэкі можна будзе замяніць. Для пачатку лавачка будзе нагадваць пра самыя знакамітыя эстрадныя кампазіцыі. Некаторыя з іх гучаць у выкананні ансамбля «Песняры», дзе Алег Молчан працаваў больш за 10 гадоў. Ён стаў першым музычным кіраўніком гэтага гурта, ствараў як кампазітар творы, аранжыроўкі, апрацоўкі, праводзіў рэпетыцыі, падбіраў музыкантаў.

І зрабіўся яшчэ адной ключавой фігурай, побач з Мулявіным, ансамбля, якому падпявалі ў розных кутках былога Савецкага Саюза. Адна з кампазіцый «Песняроў» — «Малітва», напісаная па творы Янкі Купалы, сёння параўноўваецца з духоўным гімнам краіны. Але і пасля сыходу з «Песняроў» Алег Молчан яшчэ 20 гадоў служыў музыцы, праводзіў сольныя канцэрты, складаў творы, якія гучалі на вядучых канцэртных пляцоўках, тэле- і радыёканалах, на дзяржаўных святах. Таксама ў трэк-лісце музычнай лаўкі — творы ў выкананні ансамбля «Чысты голас» і музы кампазітара — яго жонкі Ірыны Відавай.

Уласна, гэты арт-аб'ект — не толькі памяць пра кампазітара, утульнае месца адпачынку, фотазона — гэта яшчэ і прыгожая гісторыя пра каханне і натхненне.

Лавачка — падарунак гораду ад сям'і Алега Молчана, якая прафінансавала гэты праект.

— Гэта мая ўдзячнасць Алегу. Я бачу сваю місію ў тым, каб яго музыка працягвала гучаць. Я зараз ведаю, што каханне вечнае і што яно мацнейшае за смерць. Для мяне нічога не скончылася, я працягваю насіць заручальны пярсцёнак. Адчуваю, быццам Алег не сыходзіў. Жыву ў яго музыцы, энергетыцы, аўры. Наша творчае жыццё працягваецца, і праектаў нават здзяйсняецца больш, і для мяне гэта стала ратаваннем, — кажа Ірына Відава.

За два гады, як не стала кампазітара, Ірына паспела зрабіць вельмі шмат. Так, год таму на доме на Ракаўскай, дзе нарадзіўся Алег Молчан, дзякуючы яе ініцыятыве з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар кампазітара, праведзены тры аўтарскія канцэрты памяці. Выпушчаны два дыскі, заключаны дагавор з выдавецтвам «Кампазітар» у Санкт-Пецярбургу, і 7 нотных сшыткаў, якія там выйдуць, аўтаматычна трапяць у тым ліку ў вядучыя расійскія бібліятэкі.

Ажывіць ідэю Ірыны Відавай дапамагла мастак па метале Марыя Тарлецкая.

— Ствараць такі аб'ект у гістарычным цэнтры горада — вялікая ўдача для любога творцы, — прызналася мастачка. — Я слухала музыку Алега Молчана і натхнялася пачуццямі Ірыны, а іх у яе так многа і яны вялікія і прыгожыя.

Ідэя знайшлася хутка: тонкай далікатнай лініяй пададзены вобраз раскрытага раяля. Каб на лавачцы быў медальён з выявай жаночага профіля, настаяў скульптар Сяргей Оганаў. Гэта намёк на музу кампазітара і на тое, што аб'ект з'явіўся ў горадзе дзякуючы Ірыне Відавай.

Праект — выдатная падказка, як працаваць з памяццю і гарадской прасторай. Хочацца верыць, што з часам наш горад абзавядзецца і іншымі музычнымі і літаратурнымі арт-аб'ектамі і будуць пракладзены цэлыя турыстычныя сцежкі, як, напрыклад, шапэнаўскі маршрут у Варшаве ці вуліца, якая гучыць, у Санкт-Пецярбургу.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Муза і маэстра

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.