Вы тут

Што людзі пішуць


А мамачка ўсё роўна любімая, альбо Дзяцей трэба бараніць. І ад... бацькоў таксама

Згодзен: тэма не новая. Абароне правоў дзіцяці ў нашай краіне ўвагі аддаецца шмат, работа вядзецца і мнагапланавая, і сур'ёзная. Аднак здараецца, што яе часам недастаткова. Кажу так, бо сам працую настаўнікам (цяпер — пачатковых класаў) і добра ведаю, што сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў небяспецы, на вялікі жаль, ёсць.


Фота: pixabay.com

Само паняцце іх абароны мае некалькі складнікаў. Асноўнымі, на мой поляд, з'яўляюцца тры: гэта, па-першае, абарона дзяцей ад гвалту фізічнага, па-другое — ад згубнага маральна-псіхалагічнага ўплыву і па-трэцяе — ад матэрыяльнай незабяспечанасці, прычым — самым жыццёва неабходным.

Прызнаюся: заўважыць, каму і калі трэба спяшацца на выручку, не так і проста. Дзеці часам — вялікія канспіратары, яны стараюцца не падаваць выгляду, па загадзе альбо па просьбе бацькоў не выносіць, што называецца, смецце з хаты. А з іншага боку — дакуль яму там заставацца?

Пастаянна працуючы з дзецьмі, мне безліч разоў даводзілася абараняць іх ад дарослых, і найчасцей — ад бацькоў.

У якасці прыкладу — толькі адзін эпізод. Неяк па справах быў у Магілёве. Бліжэй да вечара з цяжкаватымі сумкамі крочыў да прыпынку, каб там сесці на маршрутку, і міжволі звярнуў увагу на мужчыну, які вёў дзіця (гадоў мо пяці) і неяк ненатуральна тузаў, ледзь не выкручваў яму руку.

Збоку можна было падумаць, што гэта гульня дарослага з малым, калі б не відавочнае — малому было балюча, ён адчайна плакаў, і ніхто яго не бараніў...

Прыйшлося кінуць сумкі, закрычаць даросламу, каб перастаў здзекавацца з дзіцяці! Аднак гора-бацька адпусціў і адштурхнуў ад сябе малога толькі тады, калі я апынуўся блізка, а вакол нас сталі збірацца людзі.

На шчасце, амаль следам за мной да хлопчыка падбегла маці. Шкадуючы і суцяшаючы малога, яна сварылася на мужа, казала, што больш ніколі не падпусціць яго да дзіцяці і нават падасць на развод.

Хочацца верыць, што ні з фізічным, ні з маральна-псіхалагічным гвалтам яе сын (трэба разумець, родны?) сутыкацца больш не будзе.

...Шмат добрых слоў трэба сказаць пра іншых бацькоў, пра апекуноў, якія ў шчырай любові і клопаце гадуюць не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей. Праца гэта вельмі нялёгкая, адказная і, калі можна так сказаць, доўгатэрміновая. Каб дадаткова стымуляваць яе, на ўтрыманне кожнага дзіцяці дзяржава выдзяляе прыёмным бацькам і апекунам пэўныя сродкі, дае і нямала льгот. Вось тут, на жаль, і здараецца часам, што дарослыя ідуць на розныя хітрыкі дзеля таго, каб... абдзяліць і без таго абдзеленых лёсам прыёмных дзяцей, каб па магчымасці як мага часцей распіхваць іх у розныя санаторыі-прафілакторыі ды аздараўленчыя цэнтры, абы не займацца выхаваннем і не траціць грошы...

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што такіх выпадкаў у нашай краіне няшмат і парушэнні правоў дзіцяці ў прыёмных сем'ях там назіраюцца куды радзей, чым у так званых звычайных, у якіх дзеці церпяць ад родных бацькоў.

Утойваць падобнае, як правіла, немагчыма. Педагогі, псіхолагі, органы апекі выяўляюць падобныя сем'і, прызнаюць іх сацыяльна небяспечнымі, пачынаюць працаваць не толькі на тое, каб абараніць дзіця, але і каб захаваць для яго сям'ю, калі гэта яшчэ магчыма. Дзякуючы іх намаганням бацькі, што часта здараецца, бяруцца за розум. Але ж бывае і такое, што дзіця (альбо дзяцей...) у іх забіраюць.

Аднойчы мне давялося ўбачыць гэта. Шчыра кажу: відовішча сапраўды жахлівае! І суцяшае хоць крыху адно: маці таго хлопчыка з часам стала на шлях выпраўлення, потым ёй удалося вярнуць сабе сына.

І тут вось што здзіўляе: чым больш безадказныя бацькі, чым менш увагі маці ўдзяляе свайму дзіцяці, тым больш яно цягнецца да сваіх, тым шчырэй іх любіць. Бываючы ў праблемных сем'ях, я неаднойчы назіраў гэта і потым думаў над пытаннем: дзе ж логіка? Здавалася б, павінна быць наадварот? Не: чым менш у дзіцяці таго, што хоча, тым больш яно прагне. А ўжо любові і ўвагі ад мамы — дык усёй сваёю істотай!

Адна з маіх знаёмых вучаніц, расказваючы пра сваю безадказную маці, заўсёды называла яе «мамачка любімая» — толькі так! Прычым па вачах дзяўчынкі было зразумела, што гаворыць яна абсалютна шчыра, што сваю маму яна лічыць самай-самай, найлепшай!

Дзецям складана паверыць, што гэта зусім не так, што мама і тата могуць ім шкодзіць. У такіх выпадках і малых, і падлеткаў трэба бараніць. Ад уласных бацькоў — таксама.

Анатоль АСКІРКА,

г. Быхаў.


Рэдкае было не толькі імя...

Мая бабуля нарадзілася на Капыльшчыне ў вёсцы Пятрылава ў далёкім 1886 годзе. Яе бацьку, а майго, значыць, прадзеда ў вёсцы звалі Карпеем (па дакументах — Карнеем...). Бабулю, адпаведна, Суклютай Карпеевай, майго бацьку — Мішам Карпеевым, мяне — Валодзем, зноў жа Карпеевым.

Такімі ж, Карпеевымі, былі і тры іншыя бабуліны сыны — Юзік, Валодзя і Петрык. Гэта, можа, таму што бабуля больш займалася іх выхаваннем. Яе муж (мой дзед), па словах бацькі, у свой час быў прызваны ў царскую армію, ваяваў, дамоў вярнуўся пасля ранення ў жывот і пражыў нядоўга. Яго старэйшаму сыну было тады адзінаццаць гадоў, а малодшаму — толькі два. Так што бабуля хапіла ліха...

Аднак жылі яны дружна, дзеці трымаліся адно аднаго і вельмі шмат працавалі. Дзякуючы гэтаму сям'я, можна сказаць, не галадала: трымала хатнюю гаспадарку, большыя хлопцы змалку хадзілі ў пастушках. І плацілі ім найчасцей натурай — нечым з ежы.

Як бы там ні было, дзеці памалу падрасталі, жыццё паляпшалася, і калі б не вайна...

Самы старэйшы бабулін сын Юзік служыў на граніцы і загінуў у першыя ж дні. Бабуля з трыма малодшымі заставалася ў сваёй жа вёсцы — жыла «пад немцамі»... Не дай бог нікому гэткага жыцця! Мой тата па-ранейшаму пасвіў скаціну і, знаходзячы ў лесе зброю, праз сувязнога перадаваў партызанам, разам з братамі дзяжурыў на могілках (там самы высокі пагорак — мясцовасць праглядаецца кіламетраў на пяць), каб папярэдзіць вёску аб налётах карнікаў. Яны ж, Міша, Валодзя і Петрык Карпеевы, пад зямлёй выкапалі тунэль (каля 10 метраў), па якім у час аблаў можна было ўцячы з хаты ў хлеў і далей — у поле, у лес...

Немцы хацелі злавіць гэтых хлопцаў — але не маглі. І тады ў заложніцы яны ўзялі іх маці.

Тры дні і тры ночы яны трымалі бабулю Суклюту ў Грэскім гарнізоне пад Слуцкам, але потым, дзякаваць богу, адпусцілі.

...Пасля вызвалення Беларусі два бабуліны сыны — мой бацька і дзядзька Валодзя — апынуліся на фронце. Абодва за баі пад Варшавай былі ўзнагароджаны медалямі «За адвагу» і абодва паранены. Бацьку з раздробленай нагой адправілі на лячэнне ў шпіталь Самарканда, дзядзька падлячыўся хутчэй: зноў апынуўся на фронце і загінуў, прычым зусім незадоўга да канца вайны.

Бабуля атрымала на яго пахаванку і пісьмо ад камандзіра часці, дзе той служыў.

З Самарканда вестак не было, ад чаго бабуля Суклюта страціла мову — і размаўляць, хоць пакрысе, стала толькі праз пяць гадоў, калі ў 1950-м нарадзіўся мой старэйшы брат Міша.

...Пражыла наша бабуля 81 год: напрацавалася за жыццё, нагаравалася, парадавалася ўнукам, якія дагэтуль помняць смак спечанага ёю хлеба, водар булак, якія яна пякла на Вялікдзень і Каляды і якія чамусьці ніколі не чарсцвелі.

З удзячнасцю мы захоўваем і вытканыя бабуляй рэчы: посцілкі, абрусы, ручнікі... Помнім, што ў нашай бабулі было не толькі рэдкае імя. Сама яна была чалавекам рэдкай працавітасці і дабрыні.

Уладзімір БУРАК,

г. Капыль


Не ўмеў гадаваць, умей дараваць?

У верасні маёй сяброўцы пазваніла дачка. Сказала, што хоча ўсёй сям'ёй прыехаць у госці. Надакучыла, маўляў, каля пліты стаяць ды па асфальце хадзіць. Хочацца на прыроду — пагуляць, адпачыць... Маці ў адказ: «Мне таксама хацелася б... Але ж трэба яшчэ бульбу выкапаць... З гарода ўсё прыбраць».

Думала, што дачка (сваё ж дзіця!) прапануе дапамагчы ці хоць паспачувае... Не, яна спытала, на халеру было столькі садзіць той бульбы ды рознай морквы з буракамі? І прыехала праз некалькі тыдняў, калі ў гародзе быў адносны парадак.

Госця, вядома ж, заўважыла і яго, і сабраны ўраджай, але зноў жа не пахваліла, сказала, што новыя тэхналогіі трэба прымяняць: садзіць і сеяць менш, а вырошчваць — больш. І рамонт у кватэры зрабіць... Ну хоць бы шпалеры пераклеіць!

Маці і сама ўжо вось гэта бачыла — рукі не даходзілі. А дачка, прыехаўшы з мужам і дзецьмі, нават не падумала ў нечым дапамагчы. Яна планавала адпачыць і адпачывала: госці ўсёй сям'ёй хадзілі гуляць, праведвалі сваіх сяброў, ездзілі ў райцэнтр на атракцыёны...

Ад'язджаючы, вядома ж, загрузілі багажнік. Маці падзялілася ўсім, чым магла, сказала сваё: «Шчасліва!» і «З богам!..»

Ім — даехаць да горада і жыць там сваім жыццём, ёй — заставацца тут і паціху-памалу рабіць усё, што задумала. На жаль — самой.

...Праўду кажуць, што вялікія гарады мяняюць нашых дзяцей. Туды яны ад'язджаюць сваімі, роднымі, а вось прыязджаюць...

Не ўсе, вядома ж. І тым не менш.

Т. Н.,

г. Клецк


Дзякуй! За прыгажосць...

Кожны раз, калі аўтобус з палёгкай коціць з Альбрэхтаўскай гары ў бок Расонаў, я ў чаканні гляджу ў акно на абочыну дарогі. Нейкі руплівец, калі абкошваў яе, не паленаваўся — абышоў, пакінуў для жыцця маленькія бярозкі.

Гэта было не летась, не пазалетась — з гадамі дрэўцы ўсё вышэй падымалі свае «галовы», яны раслі...

І разам з імі, як мне здаецца, расла людская ўдзячнасць таму незнаёмаму, невядомаму чалавеку — за яго дабрыню, за вось гэтую захаваную прыгажосць.

Аляксандр МАТОШКА,

Расонскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.