Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Мясны пірог на бульбяным цесце

Спатрэбіцца. Для цеста: бульба — 200 г, мука — 200 г, яйка — 1 шт., масла — 50 г, соль — на смак. Для начынкі: свініна або свіны фарш — 500 г, балгарскі перац — 2 шт., памідор — 1 шт., невялікія цыбуліны — 2 шт., соль і перац — на смак, трохі надзёртага сыру.


Фота: pixabay.com

Бульбу абабраць і адварыць у падсоленай вадзе. Ваду зліць, бульбу расціснуць. Дадаць да бульбы яйка і масла, усыпаць муку і замясіць цеста. Калі яно занадта ліпне да рук, падсыпце яшчэ крыху мукі. Размеркаваць бульбяное цеста па змазанай маслам форме, фарміруючы высокія борцікі.

Мяса або фарш злёгку абсмажыць, дадаць цыбулю, памідоры і балгарскі перац, нарэзаныя кубікамі. Абсмажыць яшчэ некалькі хвілін.

Атрыманую начынку выкласці на цеста. Узбіць два яйкі з малаком, дадаць соль і перац на смак. Заліце пірог гэтай сумессю. Выпякаць у духоўцы 40 хвілін пры тэмпературы 200 °С. За 10 хвілін да гатоўнасці пасыпаць надзёртым сырам. Начынку ў гэтым пірагу можна вар'іраваць на свой смак: грыбы, курынае мяса, вэнджаныя каўбаскі, кукуруза...


Манныя зразы

Спатрэбіцца: крупы манныя — 100 г, вада — 300 мл, яйка — 1 шт., курынае філе — 300 г, морква (сярэдняя) — 1 шт., цыбуля рэпчатая — 1 шт., зяленіва кропу, пятрушкі — на смак, алей — 3 ст. л., масла — 20 г (па жаданні), соль і перац чорны молаты — на смак, сухары паніровачныя, алей для смажання.

Гатуем густую манную кашу з дадаваннем каліва солі. Манныя крупы ўсыпаем тонкім струменьчыкам у кіпень і варым 2-3 хвіліны пры пастаянным памешванні. У злёгку астылую кашу ўбіваем курынае яйка і добра ўсё змешваем да аднастайнасці. Даём астыць маннаму цесту пад накрыўкай. Перад фарміраваннем зразаў злёгку размінаем цеста лапаткай.

Моркву надзіраем на тарцы, цыбулю рэжам кубікамі. На патэльні з алеем злёгку прыпускаем агароднінную нарэзку на працягу 2-3 хвілін. Для водару добра дадаць да гародніны кавалачак масла, але гэта неабавязкова.

Курыную грудзінку загадзя адварваем у невялікай колькасці вады, астуджваем у булёне і перакручваем мякаць праз мясарубку.

Да тушанай гародніны высыпаем перакручаны курыны фарш і грэем на сярэднім агні прыкладна 3-4 хвіліны. Выкладваем курыны фарш з гароднінай у міску і даём астыць. Запраўляем соллю і молатым перцам на смак, дадаём нарэзанае зяленіва. Калі начынка атрымліваецца сухаватай, можна дадаць у яе некалькі лыжак курынага булёну ці вяршкоў.

Рукамі, змочанымі ў халоднай вадзе, з маннага цеста фарміруем аладкі таўшчынёй прыкладна 0,5 см і выкладваем на сярэдзіну лыжку начынкі. Злучаем краі аладкі над начынкай, надаём зразам авальную форму і паніруем іх у молатых сухарах.

Абсмажваем зразы на алеі з абодвух бакоў да румянай скарыначкі.

Падаём з любой любімай падліўкай або са смятанай. У якасці гарніру выдатна падыдзе салата са свежай гародніны або агароднінная нарэзка.

Дарэчы. Манныя зразы можна прыгатаваць і салодкімі, і салёнымі — залежыць ад начынкі. Салодкія — з начынкай з размякчаных сухафруктаў (разынкі, чарнасліў, фінікі, курага і іншае).


Увільгатніць паветра ў доме

У памяшканні з паніжанай вільготнасцю чалавек адчувае дыскамфорт: сохнуць скура і валасы, з'яўляецца кашаль і пяршэнне ў горле. Таксама гэта шкодна для пакаёвых раслін. Таму ў ацяпляльны сезон вельмі важна ўвільгатняць паветра.

Самы просты спосаб — купіць адмысловы ўвільгатняльнік. Але калі не хочацца расходаў на прыбор, проста павесьце на батарэю вільготную анучу, апусціўшы кончык тканіны ў ёмістасць з вадой.

Таксама для ўвільгатнення паветра можна кіпяціць ваду ў каструлі. Дадайце ў яе лупінкі апельсіна, гваздзіку, эфірны алей эўкаліпта — і паветра напоўніцца прыемным пахам.


Як хутка прыбрацца ў шафе

Шарсцяныя світары, камізэлькі, сукенкі і іншыя цёплыя рэчы займаюць шмат месца ў шафе. Калі ўсе паліцы ўжо запоўненыя і стала цяжка падбіраць уборы, змясціце частку світараў на вешалкі. На фота паказана, як зрабіць гэта так, каб не расцягнуць плечкі. Складзіце світар напалову, прасуньце рукавы праз адтуліну вешалкі, а астатнюю частку проста перакіньце на той жа бок.


Рукавіцы са світара

Дома заваляўся стары шарсцяны світар? Пашыйце з яго стыльныя рукавіцы!

Прыкладзіце далонь да краю світара, дзе знаходзіцца гумка, і абвядзіце маркерам, каб атрымаўся сілуэт рукавіцы. Калі вязка тоўстая, лепш спачатку зрабіць папяровую выкрайку. Затым выражце гатовыя дэталі, пакінуўшы прыпускі на швы, і сшыйце кавалкі тканіны паміж сабой.

Калі матэрыял моцна абсыпаецца, скарыстайцеся клеявым пісталетам. Па жаданні ўпрыгожце выраб пацеркамі або аплікацыяй. Цёплыя рукавіцы гатовыя!

Са старога світара можна таксама пашыць вусцілкі для абутку ці канапную падушку.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.