Вы тут

Вольга Петрашова: На выклікі можна адказаць толькі яшчэ больш цесным аб'яднаннем


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах — пра ўзаемаадносіны з краінамі-суседкамі, несправядлівасць санкцый і курс на будучае.


Работа ў парламенцкай Камісіі па міжнародных справах патрабуе трымаць руку на пульсе. Суразмоўніца не па чутках ведае стан спраў на граніцы Беларусі з краінамі Еўрасаюза, наколькі глыбока мы прасунуліся ў перагаворах з Расіяй, якія мэты праследуюць санкцыі Еўрасаюза. Пра ўсё гэта — у адказах на пытанні карэспандэнта «Звязды».

— Сёння тэма мігрантаў крыху адышла на задні план, але не перастала існаваць. Напружанне на граніцы з найбліжэйшымі суседзямі — Польшчай і Літвой — па-ранейшаму існуе. З'яўляецца інфармацыя пра ўвядзенне новых санкцый з боку ЕС у адносінах да Беларусі з-за сітуацыі з мігрантамі.

— Мы шкадуем, што замест змястоўнага сумеснага абмеркавання важных пытанняў нашы еўрапейскія партнёры і асабліва Літва і Польшча пры падтрымцы Еўрасаюза працягваюць выстаўляць неабгрунтаваныя абвінавачанні ў адрас нашай краіны. Але Беларусь не з'яўляецца прычынай гэтага крызісу. Еўрапейцы дэ-факта спрабуюць пералажыць на нас адказнасць, пры гэтым ігнаруюць прынцыпы добрасуседства, узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў ахове граніц, звяртаюцца да самых радыкальных і бесчалавечных метадаў вырашэння міграцыйнай праблемы. Яны прымаюць законы, якія супярэчаць дэмакратычным прынцыпам, выкарыстоўваюць негуманную практыку. Нашы суседзі крытыкуюцца ААН, Саветам Еўропы і іншымі міжнароднымі аўтарытэтнымі арганізацыямі па правах чалавека, але працягваюць іх ігнараваць, і Еўрасаюз ім патурае. Што гэта, калі не двайныя стандарты? Набліжаюцца халады і ўзрастаюць рызыкі для здароўя і жыцця мігрантаў. І калі да заклікаў міжнародных арганізацый нашы партнёры глухія, то гуманітарныя меркаванні павінны падштурхнуць іх да вырашэння крызіснай сітуацыі.

— Чым пагражае нагнятанне абстаноўкі з міграцыйнымі патокамі? Якія захады робяцца з боку нашай краіны, каб выправіць сітуацыю?

— За апошнія месяцы наша краіна неаднаразова інфармавала замежных калег, што ў сувязі з санкцыйным ціскам і замарозкай тэхнічнага супрацоўніцтва ў беларускага боку не становіцца больш рэсурсаў і магчымасцяў па папярэджанні патокаў нелегальнай міграцыі. Аднак, не маючы магчымасці самастойна кантраляваць дадзеную сітуацыю, ігнаруючы прынцыпы двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы аховы граніцы, літоўскія і польскія ўлады прымянялі радыкальныя спосабы для вырашэння праблемы. У парушэнне дамоўленасці літоўскімі спецслужбамі ажыццяўляецца незаконная дастаўка да граніцы і прымусовае выцісканне на беларускую тэрыторыю бежанцаў, у асобных выпадках з прымяненнем гвалту і пагроз. Такія дзеянні з'яўляюцца прамым парушэннем палажэнняў двухбаковых дагавораў аб рэжыме аховы дзяржаўнай граніцы, у адпаведнасці з якімі затрыманая адным з бакоў асоба не перадаецца другому, калі яна звярнулася з просьбай аб прыстанішчы. Падобныя дзеянні выходзяць за рамкі міжнароднага права і агульначалавечых прынцыпаў маралі.

Супрацьпраўныя дзеянні літоўскіх і польскіх сілавікоў прыводзяць да таго, што мігранты асцерагаюцца звяртацца да афіцыйных прадстаўнікоў гэтых краін. І такой сітуацыяй могуць скарыстацца саўдзельнікі падпольнай міграцыі на тэрыторыі Еўрасаюза. Эксперты ў сферы аховы граніц пацвердзяць, што такімі мерамі як будаўніцтва агароджы з калючага дроту, тым больш тэзісамі пра гібрыдную вайну, праблему не вырашыць. Любы прафесіянал пацвердзіць, што канал нелегальнай міграцыі нельга арганізаваць за адзін дзень, яго прафілактыка і папярэджанне патрабуюць узаемадзеяння ўсіх праваахоўных органаў не толькі ўнутры транзітнай дзяржавы, але і краін, адкуль мігрыруе чалавек і куды. Сітуацыя патрабуе комплекснага падыходу, які можа быць забяспечаны толькі вяртаннем да канструктыўнага дыялогу. Мы перакананыя ў тым, што беларускія пагранічнікі і іх еўрапейскія калегі здольныя ў сціслыя тэрміны выпрацаваць прафесійнае рашэнне па нейтралізацыі пагроз, якія ўзніклі. Аднак на палітычным узроўні асобныя еўрапейскія краіны па-ранейшаму абмяжоўваюцца абвінавачаннямі, паставіўшы такім чынам сітуацыю ў тупік. Адказ на трансгранічную пагрозу можа быць знойдзены толькі сумеснымі намаганнямі, паколькі граніцу ніводная краіна не ў сілах ахоўваць у адзіночку.

— На гэтым тыдні адбудзецца сумеснае пасяджэнне Пастаяннага камітэта Беларусі і Расіі. Вы з'яўляецеся дэпутатам камісіі па інфармацыйнай палітыцы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Што вы як саюзны парламентарый чакаеце ад гэтай сустрэчы?

— Сёння робіцца беспрэцэдэнтны ціск на нашу эканоміку і палітыку. Мэта Еўрасаюза —знішчыць нашы рабочыя калектывы і вядомыя ў свеце беларускія прадпрыемствы. Ідзе спроба падарваць нашу эканоміку, узровень дабрабыту беларускага народа, справакаваць сацыяльную незадаволенасць насельніцтва. Нядобразычліўцам не падабаецца, што наша суверэнная дзяржава сёння праводзіць самастойную знешнюю і ўнутраную палітыку. Свае дзеянні Еўрасаюз спрабуе паднесці як знак падтрымкі беларускага народа. Пры гэтым ён не чуе заклік мільёнаў беларускіх людзей адклікаць санкцыі. Вельмі цынічна на дадзеным фоне Еўрасаюз дэкларуе паняцце «ўсё для людзей». Апошнім часам ідуць пагрозы нават Расійскай Федэрацыі за тое, што яна падтрымлівае нас. Саюзная дзяржава — самае паспяховае інтэграцыйнае ўтварэнне на постсавецкай прасторы. І калі на нашы краіны ідзе ціск звонку, адказаць на гэтыя выклікі можна толькі яшчэ больш цесным аб'яднаннем і ўмацаваннем супрацоўніцтва.

Чакаецца, што 4 лістапада прэзідэнты Беларусі і Расіі падпішуць 28 саюзных праграм і гэтым вызначаць будучае нашых краін. Гэта ўжо будзе іншы ўзровень згуртаванасці ва ўсіх сферах узаемадзеяння. Дэстабілізаваць абстаноўку ў нашых краінах не атрымаецца, а вось такія агрэсіўныя неабгрунтаваныя дзеянні, якія мы назіраем з боку ЕС, выпрацоўваюць імунітэт і робяць нас яшчэ больш моцнымі.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.