Вы тут

На граніцу адправіліся некалькі машын з гуманітарнай дапамогай


На граніцу адправіліся некалькі машын з гуманітарнай дапамогай, груз сфарміраваны ў адпаведнасці з патрэбнасцямі людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі без ежы, вады і прытулку, паведамляе БелТА.


Гуманітарную дапамогу сабралі ў тым ліку дзякуючы неабыякавым грамадзянам, прадпрыемствам, розным грамадскім арганізацыям.

«На гэты момант з гуманітарным грузам ад Беларускага Чырвонага Крыжа на граніцу адправілася 6 машын. У іх коўдры, цёплыя рэчы і абутак, прадукты харчавання і сродкі гігіены, вада», — расказаў генеральны сакратар камітэта грамадскага аб'яднання Дзмітрый Шаўцоў.

Паводле яго слоў, разглядаецца магчымасць арганізацыі пункта часовага захоўвання рэчаў у Гродне.

Таксама ў складзе групы адправіўся перакладчык, каб удакладніць патрэбы людзей для далейшага збору дапамогі. Гэта цэлыя сем'і, нярэдка з маленькімі дзецьмі. Каб падтрымаць іх, ужо зараз арганізаваны збор рэчаў у абласных і раённых арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа. Усе неабыякавыя могуць прыносіць коўдры, шапкі, рукавіцы, шалікі, тэрмакоўдры, гімнастычныя кілімкі, дажджавікі, цёплае дзіцячае адзенне і абутак, зімовы абутак. Усе рэчы павінны быць у здавальняльным стане.

Акрамя таго, кожны, хто хоча дапамагчы, можа зрабіць дабрачынны плацеж. Зрабіць гэта можна ў сістэме АРІП праз пункт «Дабрачыннасць, грамадскія аб'яднанні», далей «Дапамога дзецям, дарослым» — «Беларускі Чырвоны Крыж» — «Дабрачынныя ўзносы» — «Сакратарыят Чырвонага Крыжа» — «Дабрачынны ўзнос». Затым увесці нумар дабрачыннай акцыі 9000, даныя і суму плацяжу.

На сабраныя сродкі Чырвоны Крыж закупляе і будзе дастаўляць бежанцам, якія маюць у гэтым патрэбу, прадукты і сродкі гігіены, лекі, цёплае адзенне і абутак, дапаможа аплаціць паслугі іх часовага пражывання і задаволіць іншыя патрэбнасці па запыце.

У пятніцу на дзясятцы машын у лагер бежанцаў на граніцы даставілі больш за 10 т прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці. Сярод іх — хлеб, мясныя кансервы, кандытарскія вырабы, малако, сродкі гігіены, у тым ліку для дзяцей і жанчын, а таксама цёплыя рэчы.

У фарміраванні партыі гуманітарнай дапамогі прынялі ўдзел Беларускі Чырвоны Крыж, арганізацыі і прадпрыемствы, грамадскія і палітычныя аб'яднанні.

Таксама на рэгулярнай аснове ў лагер падвозіцца пітная вада. Дастаўляюцца бежанцам сухія дровы. Самі яны ўладкоўваюць лагер.

Дзяжураць тут і медыкі, гатовыя пры неабходнасці аказаць неадкладную дапамогу.

Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа плануе суботняй раніцай адправіць машыну з гуманітарным грузам для бежанцаў у Гродна. Актыўны ўдзел у зборы дапамогі ўзялі прадпрыемствы Магілёва: «Дамачай», «Бабулін гладыш», «Магілёўліфтмаш» і іншыя, а таксама жыхары абласнога цэнтра. Днямі збор гуманітарнай дапамогі для бежанцаў будзе арганізаваны і ў раёнах Магілёўскай вобласці. Дапамагчы зможа кожны ахвотны.

Дапамога ад Гомельскай вобласці, адрасаваная бежанцам на беларуска-польскай граніцы, у складзе гуманітарнага канвою накіравана ў стыхійны лагер.

Груз сфарміраваны Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з абласной арганізацыяй ГА «Беларускі саюз жанчын», Гомельскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы. Для аказання дапамогі сабралі прадукты харчавання, адзенне і абутак, гігіенічныя прылады, коўдры. Неабходныя рэчы для фарміравання гуманітарнага грузу ў тым ліку ахвяраваны жыхарамі Гомельшчыны. Сярод тых, хто прыняў актыўны ўдзел у зборы дапамогі, — таксама валанцёры абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, якія набывалі неабходнае для бежанцаў за ўласныя сродкі.

— Мы палічылі сваім абавязкам дапамагчы людзям, якія зараз знаходзяцца на граніцы з Польшчай. На Гомельшчыне добра разумеюць, што нельга пакідаць гэтую няпростую сітуацыю без увагі, — адзначыла старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Ала Смаляк. — Мы ў свой час сутыкаліся з сітуацыяй, калі на памежжы знаходзіліся паломнікі-хасіды, аказвалі ім разнапланавую дапамогу. Цяпер мы разумеем, што гэтыя марозныя ночы асабліва складана перанесці маленькім дзецям, жанчынам. Спадзяюся, што сітуацыя хутка вырашыцца. Не павінны пакутаваць у мірны час людзі.

Па словах старшыні Гомельскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Алены КЛІЧКОЎСКАЙ, раённыя арганізацыі аператыўна падключыліся да акцыі па зборы сродкаў, каб дапамагчы людзям, якія праводзяць на граніцы з Польшчай ужо не першую ноч у холадзе.

— Мы, жанчыны Гомельшчыны, абураныя той сітуацыяй, якая адбываецца. Вельмі перажываем за цяжарных жанчын, за дзяцей і ўвогуле за ўсіх людзей, якія знаходзяцца ў стыхійным лагеры. Мы асуджаем тыя дзеянні Еўропы, калі не выконваюцца абавязкі, каб даць роўныя правы бежанцам, — выказала пазіцыю Алена Клічкоўская.

Прынамсі, на Гомельшчыне гатовыя арганізаваць яшчэ адзін гуманітарны груз, які паступова фарміруецца, можа быць дастаўлены на наступным тыдні. Але валанцёры спадзяюцца, што крызіс на граніцы ў хуткім часе вырашыцца і аказваць дапамогу людзям у стыхійным лагеры больш не будзе неабходнасці.

Валанцёрамі Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа апошнімі днямі двойчы накіроўвалася дапамога для бежанцаў. Людзям былі перададзены прадуктовыя наборы, у складзе якіх каўбасныя, хлеба-булачныя, кандытарскія вырабы, мясныя кансервы, садавіна, бутыляваная вада. Таксама ў склад гуманітарнага груза ўвайшлі гігіенічныя наборы, цёплая вопратка, шкарпэткі, коўдры. Агульная вага дапамогі склала больш за 7 тон.

Дапамога аказвалася ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі беларускага парламента, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, прадпрыемстваў харчовай і лёгкай прамысловасці, а таксама прадстаўнікамі Міжнароднай федэрацыі таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і іншых структур. Да акцыі далучыліся прадпрыемствы «Гроднамясамалпрама», «Гроднахлебапрама».

Гродзенскае аддзяленне Беларускага Чырвонага Крыжа працягвае збор рэчаў, у якіх маюць патрэбу бежанцы.

Да акцыі падключылася і Гродзенская абласная арганізацыя БРСМ. З іх боку валанцёрамі перададзена каля 200 прадуктовых пакетаў. Яны сфарміраваны пры дапамозе нераўнадушных людзей. Асаблівы клопат аб дзецях. Для іх сабралі садавіну, сокі, малако, дзіцячае харчаванне. У абласным камітэце БРСМ паведамілі, што і надалей будзе працягнуты збор дапамогі — прадуктаў, цёплага адзення, сродкаў гігіены і іншых неабходных рэчаў. Груз па меры фарміравання адразу будзе накіроўвацца ў лагер бежанцаў.

Як паведамілі ў Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, тут збіраюцца наладзіць збор цёплых рэчаў для бежанцаў. Спецыяліст гарадской арганізацыі Алёна Саевіч сказала, што гараджане тэлефануюць да іх, цікавяцца, чым можна дапамагчы бежанцам. Пакуль прынята рашэнне пачаць збор цёплых рэчаў. Курткі, паліто-пухавікі, коўдры ахвотныя могуць прынесці ў гарадскую арганізацыю на адрас: Арлоўская, 28 альбо ў абласную на Пушкінскую,19.

У Віцебскую гарадскую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прыносяць адзенне для тых, хто апынуўся ў цяжкім становішчы на граніцы. Як удакладнілі карэспандэнту «Звязды» ў арганізацыі, ахвяравалі некалькіх жаночых і мужчынскіх куртак. У суботу можна будзе прадоўжыць перадачу цёплага адзення.

Акрамя рэчаў тут прымаюць сродкі гігіены. Можна дапамагчы грашыма, калі перавесці іх на рахунак дабрачыннай арганізацыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Маргарыта УШКЕВІЧ

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Цёплыя рэчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.