Вы тут

Адна прастора на ўсіх


Усё часцей даводзіцца чуць: у кожнага дзіцяці павінна быць асабістая прастора. Часта пад гэтым разумеюць асобны пакой або куток, дзе дзіця можа адасобіцца, заняцца сваімі справамі. Псіхолагі аднагалосна сцвярджаюць: адчуванне ўласнай тэрыторыі дапамагае расці маленькаму чалавеку самастойным і адказным.


Фота: pixabay.com

 

Не паспеў мой маленькі сынок пайсці ў дзіцячы садок, як да нас у госці напрасілася выхавальніца. Такія цяпер правілы: дзяржаўныя органы павінны ведаць, у якіх умовах выхоўваецца дзіця. Дашкольную ўстанову ў асобе Алены Мікалаеўны цікавіла, дзе спіць малы, ці ёсць у яго асобная зона для гульняў, дзе ён сядзіць, калі малюе або лепіць нешта з пластыліну. У ідэале, вядома, у кожнага сучаснага дзіцяці павінен быць асобны пакой. Але ці зможа сабе такое дазволіць кожная сям'я?

У маім дзяцінстве асобны пакой з'явіўся толькі тады, калі старэйшы брат пайшоў у армію. Нягледзячы на тое, што ўмовы дазвалялі (калі мне было два гады, бацькі атрымалі ў вёсцы трохпакаёвую кватэру), да гэтага часу я спала ў пакоі бацькоў. А гуляла, малявала, нешта майстравала, дзе прыйдзецца, — як кажуць, метры дазвалялі. Займець уласны пакой, адкуль яшчэ нядаўна ганяў мяне брат, было найвялікшым шчасцем. Туды перамясціліся ўсе мае цацкі, з якімі ў свае дзевяць гадоў я ўжо практычна не гуляла, братавы паліцы занялі дзіцячыя кнігі, пусты стол хутка «аброс» падручнікамі і сшыткамі — нарэшце, я пачала рабіць урокі не на матуліным стале, дзе час у мяне быў абмежаваны (штовечар яна, настаўніца пачатковых класаў, пісала планы), а на сваім, дзе мае рэчы маглі знаходзіцца столькі, колькі заўгодна.

А як было прыемна прымаць ва ўласным пакоі сяброў! Дзверы зачыніш — і нам ніхто не перашкаджае. І бацькам зручна: ніякіх смартфонаў-планшэтаў тады ніхто не ведаў (нават камп'ютар у мяне з'явіўся ўжо ў старэйшых класах), таму гульні-заняткі ў нас былі гучныя. Адным словам, на ўласную прастору ў маім дзяцінстве грэх скардзіцца. Чаго не скажаш пра маіх бацькоў.

Маці нарадзілася на хутары. Пад адным дахам невялікай хаты жылі муж з жонкай, іх дзве дачкі, а таксама гаспадары — дзед, яго сястра. Летам жыхароў станавілася больш: на хутар з'язджаліся ўсе гарадскія родзічы са сваімі дзецьмі. Пра асабістую прастору тады, вядома, ніхто не думаў. Адасобіцца ад астатніх і ў цішыні пачытаць тую ж кнігу мая мама магла дзесьці ў садку пад яблыняй.

Такой раскошы, у адрозненне ад яе, мой бацька не меў. Не, садок у дзеда Івана таксама быў, і пуня з духмяным сенам, дзе можна было адпачыць або пачытаць. Ды і ў хаце, нягледзячы на адсутнасць уласнага пакою і кута, калі захацелася б, можна было б знайсці месца для ўласных спраў (узяць тую ж печ — залез і адпачывай сабе ў адзіноце). Справа не ў гэтым. Зранку да вечара, асабліва летам, вясковыя дзеці, а тым больш хлопцы, былі заўсёды пры справе, таму нават думкі не ўзнікала ні пра вольны час, ні пра ўласную прастору.

Пра якую асабістую прастору магла думаць мая бабуля Тэня, якая жыла разам з бацькамі і яшчэ шасцю братамі ды сёстрамі ў маленечкай хатцы? Калі па некалькі дзяцей спала на адной лаўцы. Калі елі з адной талеркі і пілі з аднаго кубка, перадаючы яго па крузе. Або мой дзед Іван, які з малых гадоў працаваў у пана і туліўся ў нейкай каморцы?

Гэта я да чаго? Вельмі разумнымі сёння людзі сталі, да парад псіхолагаў прыслухоўваюцца. Я ні ў якім разе іх не аспрэчваю. Проста хачу сказаць: не было ў нашых продкаў уласных пакояў, кута свайго яны нават часта не мелі, але людзьмі многія з іх сталі. Прычым іх чалавечым якасцям сучасная моладзь, якая з маленства не ведае ніякіх абмежаванняў, можа толькі пазайздросціць.

Абсурднай, на мой погляд, сёння выглядае сітуацыя, калі ў двухпакаёвай кватэры адзін з пакояў бацькі аддаюць свайму дзіцяці-падлетку, а ў іншым туляцца разам з меншымі або са сваімі пажылымі бацькамі, якія прыехалі да іх на зімоўку. Недарэчна, па-мойму, і тое, калі маладыя бацькі, начытаўшыся рэкамендацый спецыялістаў, адсяляюць сваё дзіця, якое толькі што нарадзілася, у асобны пакой, а потым бегаюць па дзесяць, а то і больш разоў за ноч па кожным піску немаўляці.

Вядома, сітуацыю з уласнай прасторай дзіцяці кожны павінен вырашаць сам. І ў першую чаргу па сваіх магчымасцях. Мяне, шчыра кажучы, гэтае пытанне сёння мала хвалюе. Пакуль падчас дэкрэтнага адпачынку жылі з Цёмікам у маіх бацькоў, спалі з сынам у адным пакоі, гулялі паўсюль. Дагэтуль Арцёмкавы цацкі там ледзь не ва ўсіх кутах. Калі прыехалі ў Мінск, размясціць сына ў асобным пакоі не палічылі патрэбным. І дастаткова гарманічна ў інтэр'ер аднаго з памяшканняў упісваецца і бацькоўская канапа, і дзіцячы ложак, і паліца з рэчамі дарослых, і Цёмаў стол з крэслам, за якім ён часта бавіць час. Пакуль я гатую на кухні, сын любіць садзіцца побач і разглядваць кнігі або маляваць, што мне ніколі не перашкаджае. Яго асабістая прастора — гэта пакуль і частка нашай з яго бацькам прасторы. І разам нам вельмі камфортна.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.