07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Карункі сямейных хронік


Змітрок Бядуля. У кузні ў хохліка. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

Не кожнаму вялікаму пісьменніку дадзены дар казачніка... А вось Змітрок Бядуля ўмеў байкі баяць. Вядома, найперш успамінаецца яго казачная аповесць пра сярэбраную табакерку і сям'ю жвавых, спрытных, мілых зайчыкаў-шарачкоў. Але ў беларускага майстра стылю ёсць і кароценькія казачкі, якія якраз падыходзяць для серыі «Я люблю чытаць» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Невялікія, але дыхтоўна аформленыя кніжачкі дапамогуць не адной сям'і карысна прабавіць вечар. «Ля рэчкі, пад вольхай, хохлік знайшоў ракавінку. Уладзіў у ёй кузню і давай чырвонцы каваць». А потым скрыні з золатам паўсюль закопвае... Ну як не пазайздросціць такому багаццю? Усе спрабуюць адабраць у хохліка Яго скарбы, не задумваючыся, што здабытыя яны рупнай працай. І хлопчык Саўка туды ж — хоча тыя багацці займець, вядома ж, у купальскую ноч... Але хохлікі ўзнагароджваюць толькі тых, хто добра працуе. А хто хоча нічога не рабіць, але пнецца сарваць блінец з неба, як злая каралеўна з іншай казкі, — будзе вечна насіцца ў выглядзе хмаркі, плакаць ды закрываць ад іншых сонечнае святло. Бядуля ўмела пераўвасабляе фальклорныя матывы на свой літаратарскі лад. Прыгожыя беларускія словы, зграбная мелодыя аповеду, вечныя ісціны... Добрае папаўненне хатняй бібліятэкі дома, дзе гадуюцца дзеткі.


Марына Сцяпнова. Сад. Выдавецтва «АСТ», Масква, 2020.

Аўтар гэтага рамана — лаўрэат прэміі «Вялікая кніга», па агульным прызнанні, добры стыліст, і вось — навінка... Як не пацікавіцца? Прачыталася за адзін, як той казаў, глыток. Сапраўды — добры стыль, чытэльна, дынамічна... Але ўражанне засталося няпэўнае, як ад штучнай ікры, якая з выгляду і на смак амаль сапраўдная. І твор амаль добры. Тут і стылізацыя пад класічны рускі раман (дзеянне адбываецца ў канцы XІX ст.), і постмадэрнісцкае высмейванне той жа класікі — нездарма героі ніяк не дачытаюць «Вайну і мір». І сучасная кан'юнктурная трактоўка гістарычных персанажаў (напрыклад Аляксандра Ульянава), і «казырная» тэма дыскрымінацыі жанчын, іншаверцаў ды іншых уразлівых праслоек насельніцтва... За сюжэтнымі лініямі хочацца сачыць. У немаладых княгіні і князя Барацінскіх нараджаецца дачка Наталля (названая ў гонар Наташы Растовай), але ў свецкіх колах такія познія роды — амаль што непрыстойнасць. Князь з'язджае ў свецкае жыццё, княгіня, аматарка Льва Талстога, у разгубленасці, Тусю выхоўвае сябар сям'і, прагрэсіўны аскетычны доктар Мейзель, які замяняе ёй бацьку. Мейзель змагаецца з забабоннасцю і цямрэчай, якія ёсць і ў княжацкіх палацах. З'яўляецца паралельная лінія: княгіня Барацінская бярэ на выхаванне равесніцу Тусі, дачку сваёй памерлай швяі, Нюту. Але вялікага сяброўства паміж дзяўчаткамі не ўзнікае. Туся, вырасшы эмансіпэ, марыць разводзіць коней, атрымаць адукацыю. Яшчэ адна сюжэтная лінія датычыцца немаёмнага прыгажунчыка Віктара Радовіча, сябра Аляксандра Ульянава і сына ссыльнага шляхціца. Менавіта за Віктара нечакана выйдзе замуж Туся... Але ніводная лінія толкам не завершыцца. І ніводзін з персанажаў не будзе адназначна станоўчым, што, у прынцыпе, не ёсць заганай стылю. Мейзель — самаадданы доктар, але часам уражвае чэрствасцю, у дачыненні, напрыклад, да беднай сіраты Нюты. Разумніца Туся выглядае эгаісткай, якая прывыкла атрымліваць усё, што хоча — бязвольны Радовіч спачатку ж быў жаніхом беднай рахманай Нюты, што княжну не спыніла... Сам Радовіч выявіўся шулерам і гулякам, дый баязлівец ён адметны... Нюта, пра бацькоў і лёс якой падрабязна ў духу Дастаеўскага расказваецца, раптам раз — і знікае з тэксту... І што далей будзе з той жа Тусяй? Ясная справа, далей трэба было б распісваць доўга — Першая сусветная, рэвалюцыя... Гэта ўжо «блуканне па пакутах», а не сямейная хроніка з назвай, якая адсылае да Чэхава. Пра раман водгукі супрацьлеглыя. Што не дзівіць. Безумоўна, ён чытаецца і змушае да тыповых інтэлігенцкіх рэфлексій. Няўжо ўсе выхаваўчыя высілкі — і ў адносінах да дзіцяці, і ў адносінах да народа — дарэмныя, і з чалавека атрымліваецца тое, што ён ёсць? «Ёй наогул было ўсё роўна — у самым страшным, самым рускім сэнсе гэтага няхітрага выразу. То-бок сапраўды: усё — роўна. Абы вайны не было ды лета ўрадзілася. І на каменнае гэта, безнадзейнае «ўсё роўна» немагчыма было паўплываць ніякімі рэвалюцыямі, рэформамі або маральнымі намаганнямі добрых і сумленных людзей, якія стагоддзе за стагоддзем адчувалі сябе вінаватымі толькі таму, што ўмелі думаць і пакутаваць адразу на некалькіх мовах ды штодня дачыста мылі шыю і рукі».

Дарэчы, сад у фінале па загадзе Тусі ссякаюць (зноў з відавочнай адсылкай да Чэхава), бо Тусі патрэбныя лугі, каб пасвіць коней, якіх яна збіраецца разводзіць.

Не, Туся, абломішся: рэвалюцыя на падыходзе.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.