Вы тут

72 адценні белага. Настаўніца з Бігосава піша карціны бярозавай карой


Галіна Тушкіна жыве ў аграгарадку Бігосава, што на Верхнядзвіншчыне. Днём яна працуе настаўніцай абслуговай працы ў мясцовай школе. А па вечарах піша незвычайныя карціны. Не пэндзлямі ды фарбамі, а лідскім клеем ды бярозавай карой. 


Пра любоў з першага дотыку, валежнік і карэльскую бярозку.

Раман з бяростай у Галіны Віктараўны закруціўся гадоў сем таму. Спантанна, можна сказаць, з першага дотыку. Настаўніца вельмі любіць гуляць па лесе. Неяк раз спынілася каля бярозкі. Глядзіць, кавалачак кары адслаіўся.

— Пакруціла я тую кару ў руках, стала на стужачкі дзяліць. І так яна лёгка дзеліцца, — згадвае Галіна Тушкіна. — А на дотык бяроста якая прыемная! «Ой, Пеця (звяртаюся да мужа), паглядзі, які цуд! Дык гэта ж выдатны матэрыял для творчасці! Нездарма ж нашы дзяды і прадзеды цанілі бяросту: рабілі з яе лапці, корабы для ягад, посуд...». Муж у той момант не далучыўся да майго захаплення... Цяпер жа дапамагае нарыхтоўваць бяросту. Ужо ведае, якая мне больш падыдзе. У лесе пастаянна чую ад яго: «Ой, Галя, толькі глянь, якую я табе бярозку знайшоў! Падзівіся, якое цікавае адценне».

Кару сямейная пара пачынае зразаць толькі пасля таго, як бярозы адплакалі. Падчас сокавыдзялення гэта рабіць ні ў якім разе нельга, падкрэслівае мая гераіня. Бо можна нашкодзіць дрэву, і яно захварэе. Шмат бяросты для сваіх карцін Галіна Віктараўна наогул знаходзіць літаральна пад нагамі. Гуляючы па лесе, не праходзіць міма валежніку. Ужо дома прынесеную кару сартуе па колерах. Захоўвае ў хлеўчуку ў кардонных скрынках. Кажа, што гэта вельмі зручна.

— Задумала я, напрыклад, зрабіць зімовы пейзаж, нясу дадому скрынкі з карой белых і ружаватых адценняў, — тлумачыць Галіна Віктараўна. — Для восеньскага ж краявіду падыдзе жаўтаватая і карычневатая бяроста.

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсе бярозкі белыя. Насамрэч колер бяросты залежыць ад таго, дзе расце дрэва: у лесе або на балоце, на сонцы або ў цені.

— Я неяк вырашыла падлічыць адценні бяросты, — кажа мая суразмоўніца. — Дык налічыла ажно 72! І гэта, пераканана, яшчэ не мяжа. Неяк у Глыбокім у дэндрапарку пабачыла карэльскую бярозу. Гляджу, на ёй кавалачак кары адлупіўся. Мне дазволілі яго зняць і забраць сабе. Дык вось, толькі на тым невялікім лапіку я налічыла ажно 8 адценняў колеру: ад цёмна-карычневага да светла-карычневага. Я заўсёды паўтараю: бяроста — наш унікальны прыродны матэрыял. Як яе не любіць, не ведаю.

А яшчэ Галіна Тушкіна збірае званочкі з розных куточкаў свету. У яе калекцыі іх ужо больш за 1000. Пачалося ўсё са званочка, які сяброўка прывезла ў падарунак з Вялікіх Лукаў. Галіну Віктараўну зачараваў яго звон. З таго часу адусюль, дзе толькі не бывае, прывозіць званочкі. Большую ж палову калекцыі, кажа, падарыў муж Пётр. Менавіта ён і прыдумаў арыгінальны спосаб яе захоўвання: падвесіў пад столь на драўлянае кола ад цялегі. Дарэчы, у калекцыі Галіны Віктараўны багата бразготак ды званочкаў, якія даўней вешалі на шыю коням падчас вяселляў ды іншых свят.

Пра дзёгцевае мыла, бурштын ад сына і лідскі клей

Свае карціны мастачка піша дома ў цішыні, як правіла, па вечарах.

— Муж вельмі здзіўляецца, калі раптам пасля работы я вырашаю заняцца чымсьці іншым (смяецца). Калі кантактую з бяростай, стому як рукой здымае. Яна дае мне столькі жыццёвай энергіі, што магу гадзін да трох ночы рабіць пано. Заўважыла, калі працую з карой, рукі сябе вельмі добра адчуваюць. Не сакрэт, што бяроста валодае лекавымі ўласцівасцямі, нармалізуе ціск. Нават абдымеш бярозку, пастаіш побач з ёй — ужо лягчэй на душы робіцца. Я, дарэчы, даўно не мыюся шампунямі — толькі мылам, у якім ёсць бярозавы дзёгаць (ён атрымліваецца з бяросты пасля яе тамлення ў цяпле ў герметычнай ёмістасці). Гэта выдатны прыродны антысептык. Бяру дзёгцевае мыла з сабой і ў басейн. І мая скура адчувае сябе цудоўна нават пасля плавання ў хлараванай вадзе.

Для сваіх карцін Галіна Тушкіна выкарыстоўвае выключна бярозавую кару.

Людзі, якія ўпершыню бачаць карціны Галіны Віктараўны, не разумеюць, з чаго яны зроблены.

— Некаторыя, ведаю, дадаюць на свае пано з кары сушаныя лісцікі, кветачкі. Але ўсё гэта з часам выцвітае. А бяроста (як і саломка, што гадамі выстаўляецца ў музеях і не губляе свайго золата) даўгавечная. Таму не хачу ні з чым яе змешваць. Мой сярэдні сын жыве ў Калінінградзе. Калі прыязджае ў госці, заўсёды прывозіць бурштын, што збірае на моры. Часам магу прыклеіць да сваёй карціны некалькі дробных каменьчыкаў, якія нагадваюць лісточкі на бярозцы. Ці «кінуць» сонечны бурштынчык у ваду. Але гэта вельмі рэдка. Лічу, што бяроста самадастатковая.

Кару Галіна Віктараўна адмыслова не падфарбоўвае, лакам не пакрывае. Пакідае, як ёсць, натуральнай, прыроднай. Дарэчы, менавіта прырода — галоўная крыніца натхнення для мастачкі. Таму нядзіўна, што на большасці яе карцін — лес, рэчка, луг, жывёлы і птушкі...

— Неяк пабачыла, як ласі перабягалі дарогу — захацелася адлюстраваць гэта на карціне, — кажа настаўніца. — Заўважыла, як лебедзі ўзняліся над вадой перад адлётам у вырай — таксама накідала эскіз.

Галіна Віктараўна заўсёды пачынае з таго, што малюе эскіз. А толькі пасля аздабляе яго тонкімі шматочкамі бяросты. Толькі прыгледзьцеся, колькі там маленькіх кавалачкаў наклеена! Клеі, дарэчы, жанчына спрабавала розныя. У выніку спынілася на нашым, лідскім ПВА, бо ён не псуе бяросту — не пакідае ніякіх плям, не жаўцее.

Пра тэлефон-аўтамат, Росіцкі касцёл і маланкі ад куртак

— Самае складанае і адначасова цікавае — гэта падабраць кару па колеры, спалучыць розныя яе адценні, — дзеліцца Галіна Тушкіна. — У гэтым мне вельмі дапамагаюць веды, атрыманыя на мастацка-графічным факультэце.

Галіна Віктараўна ў свой час скончыла Віцебскі ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Хоць усё магло скласціся зусім інакш.

— Мая мама, настаўніца, пастаянна паўтарала: толькі не ідзі ў педагогіку. Яна марыла, каб дачка стала ўрачом. І вось я паехала падаваць дакументы ў медінстытут. У цягніку пазнаёмілася з дзяўчынай, яна з Латвіі ехала ў Віцебск падаваць дакументы на мастацка-графічны факультэт. Пытаецца ў мяне: «А ты малюеш?» Я дастала нататнік і паказала ёй свае малюнкі. У выніку мы разам падалі дакументы на мастацка-графічны факультэт. Маме я ні слова пра гэта не сказала. Першым экзаменам было чарчэнне. Званю з тэлефона-аўтамата і кажу: «Мама, я атрымала пяцёрку». — «Малайчынка, — чую радасны голас. — А па якім прадмеце?» — «Мама, ты лепш прысядзь. Па чарчэнні!» Так я прызналася, што не падавала дакументы ў медінстытут. І ні разу не пашкадавала аб гэтым. Бо па жыцці трэба займацца тым, да чаго горнецца душа.

Свае бяроставыя карціны Галіна Віктараўна не толькі выкарыстоўвае для ўпрыгожвання ўласнага дома, але і прадае. Некалькі работ настаўніцы дэлегацыя з райвыканкама вазіла ў якасці падарунка, у тым ліку і ў Расію. Сярод іх і выявы знакамітых храмаў Верхнядзвіншчыны — Сар'янскай царквы і Росіцкага касцёла.

— Каб зрабіць пейзаж, кару я звычайна проста рву — у выніку атрымліваюцца натуральныя, прыродныя лініі. Каб жа «пабудаваць» храм, патрэбна дакладнасць. Таму, каб выразаць роўныя дэталі, карыстаюся нажніцамі.

Падчас нашай размовы ў кабінет Галіны Віктараўны зайшла настаўніца, з якой яны сябруюць.

— Вось сяброўка падказвае, што я яшчэ брошкі арыгінальныя раблю. З маланак ад адзення. Нават не купляю іх, дару другое жыццё тым, што былі ў карыстанні. Знаёмая працуе швачкай, дык ёй людзі прыносяць курткі, каб памяняць старыя маланкі на новыя. Яна іх не выкідае, мне адкладае. Памыю іх і ператвараю ў брошкі. Ужо штук сто, напэўна, зрабіла.

Яшчэ адно з захапленняў настаўніцы — брошкі з маланак ад куртак.

Пачалося ж усё таксама спантанна. Неяк на выставу трэба было зрабіць калядны вянок. А чым яго ўпрыгожыць? Вось Галіна Віктараўна і згадала, што ў яе дома ляжыць цэлая скрынка маланак ад куртак. Збірала проста так — а раптам спатрэбяцца? Вось і спатрэбіліся. Нарабіла тады з іх цацак ды аздобіла калядны вянок.

З таго часу і робіць брошкі. Падбірае да кожнай сукенкі — сваю, непаўторную. Аздабляе іх цікавымі бусінамі ды гузікамі.

— Я і дзяцей у школе навучыла такія брошкі рабіць. Ім гэта даспадобы. А вось з бяростай вазіцца не вельмі падабаецца. Калі бачаць мае карціны, захапляюцца: «Ой, Галіна Віктараўна, як прыгожа!». Ну дык, кажу, давайце я вас навучу. Але іх надоўга не хапае. Сучасным дзецям трэба хутчэй канчатковы вынік. А пано з кары — карпатлівая праца.

На развітанне Галіна Віктараўна паказвае мне свой роспіс па тканіне з выявай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, брошкі, зробленыя са стужак... І дадае: «Чым толькі не займалася я ў сваім жыцці. І макрамэ, і ганчарствам, і аплікацыямі з саломкі... Мне ўсё гэта падабаецца. З задавальненнем асвойваю штосьці новае, эксперыментую. Але бяроста па-за канкурэнцыяй. Я ёй ніколі не здраджу. Гэта ўжо любоў на ўсё жыццё».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Верхнядзвінскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.