Вы тут

Адбылося адкрыцце ўчастка чыгункі Калінкавічы — Светлагорск — Жлобін


На Гомельшчыне рэгулярны рух электрацягнікоў звязаў Калінкавічы, Светлагорск і Жлобін. Урачыстая цырымонія адкрыцця электрыфікаванага ўчастка чыгункі адбылася на вакзале станцыі Калінкавічы.


Фота: БелТА

Тут прайшоў урачысты мітынг з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Сівака і міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі.

Са знакавай для рэгіёна і краіны ў цэлым падзеяй прысутных павіншаваў начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Як было адзначана, сімвалічна, што запуск рэгулярнага руху электрацягнікоў на ўчастку Гомельшчыны супаў з гадавінай адкрыцця рэгулярнага чыгуначнага руху на Беларусі. Так, паміж першым гудком паравоза на перагоне Гродна — Парэчча і цяперашняй падзеяй роўна 159 гадоў.

Як адзначыў Уладзімір Марозаў, нягледзячы на перамены, якія адбыліся крыху больш за паўтара стагоддзя, Беларуская чыгунка і ў XXI стагоддзі па-ранейшаму застаецца адной з галоўных транспартных камунікацый. Сёння ў краіне электрыфікавана больш за чвэрць магістраляў. Уладзімір Марозаў падзякаваў праекціроўшчыкам, будаўнікам, працоўным калектывам чыгуначных прадпрыемстваў і спецыялістам, якія займаліся ўстаноўкай і наладкай абсталявання, за неацэнны ўклад у будучыню беларускай магістралі.

— Вымяраць значэнне інвестпраекта нельга толькі матэрыяльна — за дзесяць гадоў электрыфікавана больш як 300 кіламетраў галоўных шляхоў, разгорнутая даўжыня — амаль 700 кіламетраў. У перспектыве таксама далейшая мадэрнізацыя інфраструктуры, — заўважыў начальнік Беларускай чыгункі.

Са знамянальнай падзеяй чыгуначнікаў і жыхароў рэгіёна павіншаваў Анатоль Сівак. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі нагадаў, што на працягу ўсіх гадоў станаўлення сваёй незалежнасці беларуская дзяржава самыя значныя ўкладанні рабіла менавіта ў эканоміку, у мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў прадпрыемстваў. І транспарт у гэтым выпадку не выключэнне. Паводле слоў Анатоля Сівака, больш за дзесяць гадоў таму асноўным напрамкам развіцця для Беларускай чыгункі была выбрана электрыфікацыя. Просты чалавек можа бачыць толькі магутныя апоры і кантактны провад над пуцямі. Але насамрэч была праведзена грандыёзная работа, якая істотна змяніла аблічча чыгункі, дзе на змену цеплавозам прыйшлі электравозы. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што Беларуская чыгунка развіваецца за кошт уласных сродкаў.

— Гэта вельмі важна. Жадаю, каб і ў далейшым былі рэсурсы для развіцця такога дастаткова складанага вытворчага арганізма, — падкрэсліў Анатоль Сівак.

На будынку вакзала станцыі Калінкавічы была адкрыта памятная дошка аб дні пуску першага цягніка на электрычнай цязе. Пасля гукавога сігналу на сімвалічным чорна-белым верставым слупе першы электрасастаў адправіўся ад перона. У першую паездку на новым электрацягніку ад станцыі Калінкавічы да станцыі Светлагорск адправіліся ветэраны і работнікі чыгункі, а таксама ўсе ахвотныя.

Дарэчы, рэгулярны рух электрацягнікоў не толькі звязаў Калінкавічы са Светлагорскам і Жлобінам, але і адкрыў прамы камфартабельны праезд з райцэнтра ў Мінск. Раней шлях ад Калінкавіч да сталіцы займаў да 6 гадзін, цяпер — тры з паловай.

Як было сказана, рэалізацыя праекта па выкарыстанні інавацыйнага рухомага саставу на электрыфікаваных участках накіравана на ўмацаванне транспартных сувязяў і актывізацыю Гомельскага, Магілёўскага і Мінскага рэгіёнаў, на павышэнне камфорту транспартных зносін, эфектыўнасць эканамічных сувязяў і мабільнасць насельніцтва.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.