Вы тут

Брыло: Нам пара навучыцца хваліць свае «пернікі», бо яны не горшыя, чым замежныя


Пра тое, што на ўнутраным рынку краіны дастаткова харчовай сыравіны і якасных прадуктаў, заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло падчас адкрытай канферэнцыі айчынных вытворцаў прадуктаў з прадстаўнікамі рытэйлу.


Як вядома, наша краіна з першых дзён гэтага года ў адказ на санкцыі ўвяла харчовае эмбарга на шэраг тавараў з дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі.

Першы намеснік міністра адзначыў, што ўведзенае эмбарга практычна ніяк не паўплывае на запаўненне айчыннага харчовага рынку. Ён заўважыў, што ў нас не толькі дастаткова сыравіны, у нас яго нашмат больш за ўнутранае спажыванне. «На сёння ў нас больш за 400 найменняў цвёрдых і паўцвёрдых сыроў. Краіна вырабляе за год каля 250 тысяч тон такіх сыроў, а за мінулы год мы імпартавалі іх 1,4 тысячы тон. Так што лічбы несупастаўныя, і нельга сказаць, што хто-небудзь з нашых спажыўцоў нешта страціў», — запэўніў Ігар Брыло.

Ён таксама закрануў тэму імпартазамяшчэння мясной прадукцыі. «Напэўна, выклікаюць цікавасць перш за ўсё рознага кшталту прадукты — хамон і іншыя. Па выніках мінулага года мы завезлі ў краіну ўсяго толькі 20 тон такога прадукту, а вырабілі каля 480 тон. Так што на сталах будзе беларуская мясная прадукцыя, якая не саступае імпартнай па якасці», — адзначыў першы намеснік міністра.

Асобна Ігар Брыло спыніўся на павелічэнні экспарту сельгаспрадукцыі за мінулы сезон. «Па выніках мінулага года мы экспартавалі прадукцыю АПК на рэкордную суму. Год закрыем з лічбай практычна ў 6,5 мільярда долараў. Атрымаецца амаль 700 мільёнаў долараў плюс да ўзроўню папярэдняга года», — сказаў Ігар Брыло. Паводле яго слоў, на 12 % вырас экспарт у краіны СНД (уключаючы Расію), на 42 % — у краіны далёкага замежжа.

Варта адзначыць, што ў 2020 годзе экспарт сельгаспрадукцыі склаў 5,8 мільярда долараў, а па выніках пяцігодкі плануецца дасягнуць лічбы ў 7 мільярдаў долараў.

Учора ў Мінску праходзіў Trade Dіalog (адкрытая канферэнцыя) айчынных вытворцаў прадуктаў з прадстаўнікамі рытэйлу і HoReCa (так званы сегмент гасціннасці, які аб'ядноўвае кафэ, рэстараны, турыстычны і гасцінічны бізнес). Галоўная тэма размовы — імпартазамяшчэнне. У праграме мерапрыемства адбылася прэзентацыя і бізнес-дэгустацыя айчынных сыроў, а таксама мясных далікатэсаў. Па выніках дэгустацыі прайшлі прамыя перагаворы вытворцаў з прадстаўнікамі рытэйлу і HoReCa. У гэты ж дзень на пляцоўцы прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Мінсельгасхарча, падчас якога вырашаліся тэхнічныя пытанні, каб паскорыць працэс імпартазамяшчэння.

У заключэнне Ігар Брыло агучыў асноўную мэту адкрытай канферэнцыі — сабраць рэстаранны і гасцінічны бізнес, які працаваў з імпартнай сыравінай, і паказаць, наколькі смачныя нашы сыры і мясныя далікатэсы, наколькі шырокі асартыментны пералік, які мы выпускаем. І праўда, нам пара навучыцца хваліць нашы «пернікі», бо яны не горшыя за замежныя.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.