Вы тут

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»


Наш асветнік Францыск Скарына, які здзейсніў выпуск першай для ўсходніх славян друкаванай Бібліі, сцвярджаў, што трэба любіць і шанаваць, як святыню, роднае слова, з якім нас літасцівы Бог на свет пусціў. З тых часоў шмат рупліўцаў працавала на тое, каб Свяшчэннае Пісанне гучала на роднай мове. У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову, сярод якіх — доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, вучоны сакратар Беларускай Біблійнай камісіі Іван Чарота. Сёння, калі для беларусаў так важна захаваць культурную самабытнасць і нацыянальную ідэнтычнасць, мы гутарым з Іванам Аляксеевічам пра гісторыю беларускіх біблейскіх перакладаў.


— Адкуль можна весці адлік гісторыі перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову?

— На беларускіх землях «кнігапісцаў», якія так ці інакш пры адаптацыі перакладаў кірыла-мяфодзіеўскай традыцыі выкарыстоўвалі мясцовыя варыянты кніжнай мовы, даволі шмат. Адпаведна, да ліку такіх помнікаў правамерна адносіць, напрыклад, цяпер шырока вядомыя Евангеллі — Тураўскае (ХІ стагоддзе), Полацкае (ХІІ стагоддзе) і Слуцкае (ХVІ стагоддзе), Псалтыры — Мсціслаўскі/Смаленскі (1395), Віцебскі (1492), Пінскі (1543). Існаваў названы пазней «беларускім» звод Бібліі, складзены Матфеем Дзясятым (1502—1507 гг. ) і дыяканам Фёдарам (1514), а ў ХVІ ст. на тэрыторыі ВКЛ меўся пераклад 11 кніг Старога Запавету — кім здзейснены, невядома; акрамя таго, захаваліся звесткі, што прыкладна ў той жа час перакладаў Біблію архімандрыт Супрасльскага манастыра Сергій Кімвар. Нельга забывацца таксама пра выключную значнасць выдадзенага ў Астрозе поўнага славянскага тэкста так званай Астрожскай Бібліі (1581) — з выпраўленнем раней вядомых рэдакцый.

Неабходна ўлічваць, безумоўна, тую акалічнасць, што на тэрыторыі цяперашняй Беларусі ў ХVІ-XVІІ стагоддзяў дзейнічала больш за дзясятак друкарань. Асобная тэма — дзейнасць Скарыны, які са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі выдаў Псалтыр і 22 кнігі Бібліі ў Празе (1517—1519), а затым, перабраўшыся ў Вільню, надрукаваў «Малую падарожную кніжку», што ўключала Псалтыр (1522) і «Апостал» (1525).

Пры ўсім гэтым адлік гісторыі перакладу Свяшчэннага Пісання на ўласна беларускую мову, сцверджаную ў якасці самастойнай, можна весці толькі з ХХ стагоддзя, калі мова займела ўнармаванне і ўсё, што з гэтым звязана, — граматыку, слоўнікі...

— Даводзіцца чуць думку, што ў Беларусі дасюль няма адзінага перакладу Бібліі, які б задавальняў усіх... Ці сапраўды? Чаму так склалася?

— Гэта сапраўды так. Уяўляеце, мы цяпер маем каля 20 перакладаў Новага Запавету і тры пераклады ўсёй Бібліі на сучасную беларускую мову, чаму маглі б зайздросціць нават носьбіты моў з самым высокім — міжнародным статусам! Маглі б, каб згаданыя пераклады адпавядалі сур'ёзным патрабаванням, галоўнае з якіх — прыдатнасць іх для богаслужэнняў. Аднак тое, што мелася, з розных прычын у богаслужэбны ўжытак увайсці ніяк не магло. Агульнапрынятага перакладу мы не маем і, відаць, няхутка дачакаемся.

У чым жа справа? Паспрабую назваць самыя значныя прычыны. Першая і асноўная з іх заключаецца ў тым, што беларуская мова — аб'ектыўна — застаецца ў статусе абмежаванага выкарыстання. Другая, таксама вызначальная, — рознаканфесійнасць. Паказальна, што многія беларускамоўныя пераклады Свяшчэннага Пісання прызначаліся для выкарыстання толькі ў межах сваёй канфесіі альбо нават вузейшай царкоўна-адміністрацыйнай структуры, а некаторыя ўвогуле рабіліся без канкрэтнага разліку на богаслужэбны ўжытак. Гэтым абумоўлены відавочныя хібы і пралікі. Скажам, адпаведныя «творчыя пошукі» і «вынаходніцтвы» паства ўспрымае як прафанацыю, нават кашчунства. А хіба можна рэагаваць інакш, калі ў Евангеллі сустракаеш імёны Хахіль (замест Тэафіл/Феафіл), Салома (замест Саламія), калі варыянт імені па бацьку, азначэння радаводу гучыць як мянушка: «Давід жа нарадзіў Салямона ад Урыхі», калі натыкаешся на такі выраз як «у вінішчу сваім фігу» замест «у садзе (вінаградніку) сваім смакоўніцу». Нельга пакідаць без увагі і яшчэ адну важную акалічнасць: у дадатак да таго, што беларускія перакладчыкі Свяшчэннага Пісання прадстаўляюць розныя канфесіі, шэраг перакладаў другой паловы ХХ стагоддзя выкананы прадстаўнікамі дыяспары, аддаленай як ад грунту нашай кніжнай мовы — царкоўнаславянскай, так і ад жывога асяроддзя сучаснай беларускай мовы. Нельга не адзначыць, што найбольшыя складанасці задае «канфесіянальнае двухмоўе». Што я маю на ўвазе? А тое, што свет не ведае статусных моў, дзе б адначасова ўжываліся цэлыя пласты такой лексікі, якая б відавочна сведчыла пра адрозную свядомасць (прычым — веравызнальную!) іх носьбітаў: царква — касцёл, манастыр — кляштар, літургія — імша, Гасподзь/Госпад — Пан/Спадар, Іісус/Ісус — Езус, ангел — анёл, Вялікдзень — Вельканоц, Благавешчанне — Звеставанне... Адпаведна, у перакладах, пра якія мы вядзём гаворку, неймаверная колькасць варыянтаў для абазначэння адных і тых жа паняццяў. Напрыклад, шасціварыянтнай з'яўляецца сама назва Благавесця/Дабравесця: Евагельле — Евангелле — Евангеле — Эвангеле — Эвангельле — Эванэлія.

— Я ведаю, што вы — з сям'і праваслаўных вернікаў. Калі вы самі ўпершыню сутыкнуліся з гучаннем Слова Божага на беларускай мове?

— Асабіста я з гэтым сутыкнуўся ужо ў сталыя гады. Варта ўлічваць, што людзі, якія своечасова былі ахрышчаны, з маленства наведвалі храмы і маліліся, не патрабавалі, каб ім перакладаліся і малітвы, і богаслужэбныя тэксты, і Пісанне. Яны працягвалі маліцца так, як памяталі з дзяцінства і як увесь час чуюць падчас богаслужэнняў; натуральна, што для іх такога кшталту патрабаванні сталі чымсьці «ад нячыстага». Між тым, з'явілася немалая колькасць тых, хто нібыта знайшоў «дарогу да храма», але не адразу мог зразумець у ім многае, уключаючы і богаслужэбную мову. Калі і адны, і другія рухаюцца да Бога, трэба дапамагаць найперш тым, каму цяжэй на гэтай дарозе. Вось адкуль патрэба ў сучасных перакладах малітваў, літургічных тэкстаў і Кнігі кніг. Тут, відаць, трэба звярнуць увагу на праблемы, звязаныя з (не)адэкватным разуменнем ролі нацыянальнай мовы ў Царкве наогул і перакладаў Свяшчэннага Пісання ў прыватнасці. Калі спыняцца на апошнім, варта згадаць прататып — славянскі Кірыла-Мяфодзіеўскі пераклад. Агульнавядома і неаспрэчна, што ён узнік перш за ўсё дзеля літургічнай і місійнай функцый (як першасных), набыўшы затым, заканамерна, усе астатнія — культурна-гістарычную, асветную, філалагічную і іншыя.

З гонарам адзначаю, што Праваслаўная Царква Беларусі гэта належным чынам улічвала, ствараючы Беларускую Біблійную камісію (ББК), дзейнасці і канкрэтнаму плёну якой свецкія СМІ, на жаль, не надавалі значэння.

— Улічваючы недастатковую інфармаванасць шырокай грамадскасці пра гэтую Камісію, пажадана, каб вы расказалі пра яе.

— ББК створана ў 1989 годзе па асабістай ініцыятыве светлай памяці Мітрапаліта Філарэта, які ад пачатку прыняў на сябе функцыі старшыні Камісіі, першую задачу ў адказ на запатрабаванні часу фармулюючы так: «...здзейсніць царкоўны пераклад, які павінен быць бласлаўлёны Царквою для ўжытку за богаслужэннем». Да ўдзелу ў рабоце тады запрашаліся ўсе, хто гэтую справу лічыў важнай, а статус галоўнага перакладчыка быў нададзены высокааўтарытэтнаму Васілю Сёмуху. І вось Камісія працягвае сваю дзейнасць ужо 33 гады, цяпер пад старшынствам мітрапаліта Веніяміна. Яе склад мяняўся, і цяперашні рабочы актыў натуральна спалучае святароў-багасловаў з навукоўцамі-філолагамі і прафесіянальнымі перакладчыкамі. А папярэднія змены складу абумоўліваліся найперш прычынамі суб'ектыўнымі — тым, што не ўсіх задавальняла праца саборная, заснаваная на сумоўі. Даводзіцца чуць папрокі, часам і здзеклівыя, што работа ідзе надта марудна. Але так здаецца тым, хто ацэньвае «з боку», прычым «здалёк».

Як увогуле ішла работа ББК? Няпроста, вядома ж. Так, у пераклад Евангелля ад Матфея, выкананы першым складам, мы ўнеслі больш за 1800 правак; у пераклад Евангелля ад Марка (ужо свой) — каля 800. А потым усё менш: Евангелля ад Лукі — недзе 300, Евангелля ад Іаана — пад 100... Пры гэтым ніколі не лічылі, што наша работа даведзена да ідэальнага стану. І цяпер так не лічым. Проста мы зрабілі тое, што маглі. А хто можа лепш, няхай удасканальвае далей.

Плёнам работы з'яўляецца чатырохмоўнае (на старагрэчаскай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай) з паралельнымі месцамі выданне Новага Запавету, богаслужэбныя Евангеллі, Псалтыр. Членамі ББК выконваюцца адначасова і сумежныя, калі можна так сказаць, справы: падрыхтаваны і выдадзены «Звод імёнаў святых» (1995), «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік» (1996).

— Ёсць меркаванне, што пераклад Пісання на нацыянальныя мовы ўтрымлівае шмат недакладнасцяў, бо шмат стагоддзяў ажыццяўляецца не з першакрыніц, і там ужо закладзеныя памылкі.

— Каб беспадстаўныя закіды такога кшталту не прывязваліся да нашай Камісіі, удакладню, што яна выконвала пераклад Новага Запавету з грэчаскай мовы. Непасрэдна браліся арыгіналы візантыйскага тэксту ў рэдакцыі 1861/1886 гадоў (так званы агульнапрыняты тэкст — Textus Receptus, які вядомы яшчэ пад назвай «Тэкста большасці»). Ён тысячагоддзі выкарыстоўваецца Праваслаўнай царквой, з яго рабіліся і славянскія пераклады, якія пазней увайшлі ў Генадзіеўскую Біблію. Камісія звярталася таксама да грэчаскамоўных варыянтаў навуковых выданняў пазнейшага часу, якія называюць яшчэ «крытычнымі выданнямі». Важнае значэнне меў для нас пераклад царкоўнаславянскі, замацаваны царкоўна-літургічнай традыцыяй ва ўжытку на працягу больш як тысячагоддзя. Абавязкова ўлічваўся таксама вопыт ператлумачэння Евангелля на розныя мовы свету, асабліва на сучасныя іншаславянскія, канкрэтна — рускую (чатыры варыянты, сярод якіх і высокааўтарытэтны сінадальны), украінскую (тры варыянты), польскую (тры варыянты), сербскую (два варыянты), балгарскую, чэшскую, славацкую. Бралася пад увагу і ўсё, што раней зроблена беларускімі перакладчыкамі — практычна ўсімі.

— Я ведаю, што спрэчкі часцей за ўсё ўзнікаюць вакол агульнаўжывальных тэрмінаў: Раство ці Ражджаство? Гроб Гасподзень — гучыць як русізм, Труна — ужо іншы сэнс...

— Калі ўзнікаюць такія непаразуменні, галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў, у тым ліку і пакуль што не забытых найбліжэйшых продкаў. Тады ўсё расставіцца па сваіх месцах. Праўда, і тут патрэбна разважлівасць, бо далёка не ўсё пачутае ад бацькоў ці дзядоў у сваіх мясцінах адпавядае ўласна царкоўнаму календару ці іменаслову. Згадваючы, напрыклад, назвы свят ці формы імёнаў, якія бытавалі на маёй Кобрыншчыне, я ні ў якім разе не магу іх навязваць у якасці агульнабеларускіх. Ну а каб не было ўражання, што я ўцёк ад пытання, то скажу, што, як і ўся ББК, я схільны да варыянта Ражджаство. Дарэчы, яго таксама афіцыйна падтрымаў у свой час Інстытут мовазнаўства. Для канкрэтных жа разваг прапаноўваю ўлічыць наступнае. З мэтай, каб было так, «як кажуць у народзе», раней уводзіліся словы Народзіны і Ражаство, а цяпер нашымі перакладчыкамі выкарыстоўваюцца Ражство, Раство. Ды наўрад ці іх можна лічыць больш удалымі. Па-першае, колькасць «народных» формаў назваў свята значна большая — на Брэстчыне і Беласточчыне, напрыклад, гавораць Руздво, — але яны ўжо страцілі выразнасць зыходнага значэння, празрыстасць этымалогіі. А па-другое, ад гэтых слоў немагчыма ўтварыць прыметнікі — хіба ражствянскі, раствянскі?

Зноў-такі, адзначым важны для нашых разваг факт, які чамусьці беларускімі публіцыстамі замоўчваецца, — тое, што РПЦ на тэрыторыі Расіі ў богаслужэннях цяпер, як і раней, карыстаецца мовай царкоўнаславянскай; толькі ў адзінкавых прыходах, у эксперыментальным парадку, выкарыстоўвалася сучасная руская мова; ды і гэты эксперымент вернікамі не прыняты.

— Як вы ацэньваеце работу па перакладзе Бібліі Уладзіслава Чарняўскага?

— З шаноўным ксяндзом Уладзіславам сустракаўся не адзін раз. У блізкім знаёмстве, праўда, не быў. Аднак ведаю яго як паслядоўнага прыхільніка выкарыстання беларускай мовы ў касцёле, пра што і пры жыцці яго хадзілі легенды. Ведаю таксама тое, што з ім кантактавалі многія праваслаўныя. Што ж да перакладу ксяндза Уладзіслава, то наша Камісія звярталася да яго ў сваёй рабоце. Аналагічна і з друкаваным выданнем перакладу двух Евангелляў, якім Камісія таксама карысталася і які высока цэніць.

— У 2019 годзе за пераклад Бібліі Прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» былі ўзнагароджаны калектывы Біблійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкай Царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі. Сярод узнагароджаных былі і вы. Якім накладам той пераклад выдадзены, наколькі запатрабаваны?

— Пераклад Новага Запавету, зроблены ББК, мае ажно два выданні — самой Беларускай Праваслаўнай Царквы і Біблійнага таварыства; тыражы ў абодвух выпадках па цяперашнім часе вялікія. Але хачу звярнуць увагу таксама на іншае: мы друкавалі неаднаразова «Царкоўнаславянска-беларускі слоўнік рэлігійных і багаслоўскіх тэрмінаў», падрыхтавалі і яго новае выданне, якое разлічана як на журналістаў, так і педагогаў, для якіх гэта патрэбна.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.